Смекни!
smekni.com

Літаратурная навука ў ХІХ стагоддзі (стр. 4 из 7)

У беларускім літаратуразнаўстве параўнальна-гістарычны метад бярэ свой пачатак у працах М. Багдановіча, у савецкі перыяд - у даследаваннях І. Замоціна, М. Ларчанкі, Ю. Пшыркова. Цікавыя меркаванні аб асаблівасцях узаемадзеяння беларускай літаратуры са славянскімі літаратурамі, а таксама з некаторымі літаратурамі Захаду выказалі ў даваенны перыяд Я. Колас, Я. Купала, К. Крапіва, К. Чорны і некаторыя іншыя беларускія пісьменнікі.

У пасляваенны час, і асабліва з канца 1950-х гг., да параўнальна-гістарычнага вывучэння літаратуры пачынаюць звяртацца практычна ўсе буйныя беларускія вучоныя. Можна адзначыць такія працы, як "Горкі і беларуская літаратура пачатку ХХ ст." В. Івашына, "Сувязі беларускай літаратуры з літаратурамі суседніх славянскіх народаў у другой палове ХІХ ст." М. Ларчанкі, "Славянская супольнасць" П. Ахрыменкі, "Фальклорна-літаратурныя сувязі ўкраінскага і беларускага народаў" і "Адам Міцкевіч і беларуская літаратура" А. Лойкі, "Беларуска-балгарскія літаратурныя сувязі" Л. Цімашковай, "Здалёк і зблізку" А. Адамовіча, "Удзячнасць і абавязак" Н. Гілевіча, "Рамантычны пошук" У. Казбярука, "Творчае пабрацімства" А. Мальдзіса. Самым значным дасягненнем беларускіх літаратуразнаўцаў у сэнсе плённага выкарыстання параўнальна-гістарычнага метаду з’яўляюцца чатырохтомныя "Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей" (1993-1995).

Усталяванне прынцыпаў параўнальнага аналізу, ідэйна-тэматычныя аналогіі істотна ўзбагацілі беларускую літаратурную навуку, адкрылі перад ёй новыя шляхі вывучэння заканамернасцей літаратурнага працэсу, паспрыялі больш глыбокаму высвятленню нацыянальных своеасаблівасцей беларускай літаратуры.

1.6. Псіхалагічная школа

Псіхалагічная школа ў літаратуразнаўстве склалася ў апошняй трэці ХІХ ст., адлюстраваўшы тым самым агульны паварот сацыялогіі, філасофіі і эстэтыкі да псіхалагізму. У ёй атрымалі далейшае развіццё некаторыя ідэі культурна-гістарычнай і біяграфічнай школ. Праіснавала псіхалагічная школа да 20-х гг. ХХ ст., саступіўшы месца псіхааналітычнаму і інтуітывісцкаму накірункам у літаратурнай навуцы і крытыцы.

Псіхалагічная школа была генетычна звязана з культурна-гістарычнай. Пэўная абмежаванасць культурна-гістарычнай школы заставіла шукаць новыя шляхі ў літаратуразнаўстве. Імкненне ўлічваць пры літаратуразнаўчым аналізе не толькі ўплыў "асяроддзя" і іншых знешніх фактараў, але і спецыфічныя ўласцівасці мастака, яго творчую індывідуальнасць, асаблівасці яго псіхічнага складу, знаходзіла рэальную падтрымку ў сувязі са значнымі поспехамі фізіялогіі і псіхалогіі ў другой палове ХІХ ст.

Асноўным прадметам вывучэння ў прадстаўнікоў псіхалагічнай школы з’яўляўся ўнутраны бок мастацкай творчасці - матывы душы аўтара, што спрыяюць нараджэнню новага твора, а таксама працэсы, што адбываюцца ў свядомасці чытача падчас знаёмства з творам. Псіхалагічная школа хоць і грунтуецца на агульнай пазітывісцкай глебе, але ў ёй ёсць шэраг адгалінаванняў, якія практычна не звязаны паміж сабой.

Псіхалагічная школа працягвала ідэі культурна-гістарычнай школы ў плане сувязяў літаратуры з матэрыяльным і духоўным развіццём грамадства альбо асяроддзя. Прадстаўнікі псіхалагічнай школы на першае месца ў мастацкай творчасці ставілі індывідуальны аўтарскі пачатак. Мастацкі твор яны трактавалі з пэўным суб’ектывісцкім ухілам, а менавіта як адлюстраванне пераважна ўнутранага свету пісьменніка, яго індывідуальных псіхалагічных уласцівасцей, узаемнай працы розуму і сэрца. Творчы працэс, паводле канцэпцыі псіхалагічнай школы, - акт самавыяўлення мастака, вызвалення яго ад маральнага цяжару, ад непатрэбных думак і пачуццяў; сакрэты творчасці схаваны ў таямніцах аўтарскага "я", ва ўсім складаным інтэлектуальна-душэўным комплексе творцы. Грамадская абумоўленасць мастацкай творчасці была для прадстаўнікоў псіхалагічнай школы другарадным фактарам. Яны лічылі, што жыццё ўплывае на мастака ў залежнасці ад канкрэтных носьбітаў гэтага ўплыву.

Роданачальнікамі псіхалагічнай школы звычайна называюць В. Вундта і А. Патэбню - сучаснікаў, якія самастойна і практычна адначасова распрацавалі важнейшыя канцэпцыі школы.

Нямецкі філосаф, псіхолаг і фалькларыст Вільгельм Вундт (1832-1920) ажыццявіў шырокую эксперыментальную распрацоўку праблем псіхалогіі. Яго вопыты садзейнічалі раскрыццю элементарных псіхічных працэсаў, але не растлумачвалі складаныя праявы псіхічнага жыцця (мова, мысленне). Вундт сабраў велізарны матэрыял па гісторыі мовы, міфаў і звычаяў, якія абагульніў у десяцітомнай "Псіхалогіі народаў" (1900-1920).

Вундт і яго вучні, аднадумцы, паслядоўнікі (В. Вец, І. Фолькельт, Э. Эльстэр, С. Жырардэн, Э. Бертрам і інш.) мелі вялікую схільнасць да псіхафізіялагічнага вытлумачэння з’яў літаратуры і мастацтва, а таксама перабольшвалі ролю біяграфічных фактараў у эстэтычнай дзейнасці чалавека. Разам з тым дадзенымі вучонымі грунтоўна, на ўзроўні навукова-пазітыўнага пазнання вывучалася псіхалогія творчасці; значнае месца ў творчым працэсе адводзілася інтуіцыі, падсвядомасці. Гэта ў значнай ступені паўплывала ў далейшым на фарміраванне тэорыі псіхааналізу З. Фрэйда.

Праблемай спалучэння псіхалагічнага аналізу з эстэтычным у літаратуры і мастацтве займаўся французскі крытык Эміль Энэкен (1858-1888), аўтар кнігі "Вопыт пабудовы навуковай крытыкі". Ім быў уведзены ў навуковы ўжытак тэрмін "эстапсіхалогія", які абазначаў разнавіднасць мастацкай крытыкі. Апошняя, па Энэкену, павінна вытлумачваць асаблівасці таго альбо іншага твора ў адпаведнасці з вядомымі прынцыпамі эстэтыкі, з асобай аўтара, грамадскім ладам, ва ўмовах якога складваўся твор. У якасці важнейшай задачы даследчыка літаратуры выступае, на думку Энэкена, выяўленне асаблівасцей эмоцый, што вызываюцца творам, яго мастацкімі сродкамі і структурнымі кампанентамі (мовай, персанажамі, сюжэтам, кампазіцыяй), а таксама вывучэнне ўласцівасцей псіхікі мастака і яе сувязей з грамадствам.

Вельмі шмат зрабіў для распрацоўкі псіхалагічнага метаду ў літаратуразнаўстве нямецкі псіхолаг Р. Мюлер-Фрэйенфельс (1882-?), аўтар фундаментальнага даследавання "Псіхалогія мастацтва" (1923). Уплыў узрастаючай папулярнасці фрэйдызму сказаўся на яго ўяўленнях аб мастацкім творы, які, на думку Мюлера-Фрэйенфельса, з’ява, вельмі блізкая і роднасная сну. Мюлер-Фрэйенфельс імкнуўся высветліць характар псіхалагічнага ўздзеяння розных літаратурных жанраў на чытача і гледача. У паэзіі, на думку вучонага, яно заснавана на музычнай манеры чытання; трагедыя захапляе афектамі, барацьбой розных памкненняў герояў; раман уздзейнічае на асобнага, адзінкавага чытача.

Даволі моцна выявілася псіхалагічная школа ў рускім літаратуразнаўстве. Тут яе прадстаўлялі А. Патэбня і яго вучні Дз. Аўсяніка-Кулікоўскі, А. Папоў, А. Горнфельд, В. Харцыеў, Б. Лезін, А. Ветухоў, Т. Райнаў, М. Грыгор’еў і інш. Амаль усе яны групаваліся вакол неперыядычнага харкаўскага часопіса "Вопросы теории и психологии творчества", які выходзіў у перыяд з 1899 па 1923 гг.

Аляксандр Патэбня (1835-1891), роданачальнік рускай псіхалагічнай школы, апублікаваў у 1862 г. у "Журнале Министерства народного просвещения" сваю знакамітую працу "Думка і мова", у якой даволі поўна выклаў уласныя філасофскія і лінгвістычныя погляды. Галоўная ж праца А. Патэбні "З нататак па гісторыі славеснасці" засталася незавершанай і дайшла да нас у канспектыўным запісе слухачоў яго лекцый, якія вучоны чытаў у Харкаўскім універсітэце.А. Патэбня не займаўся канкрэтным псіхалагічным даследаваннем у дачыненні да літаратуры і мастацтва, а выпрацоўваў яго метадалогію. Заслуга А. Патэбні ў тым, што вучоны звярнуў увагу на праблему ўспрымання і тлумачэння мастацкага твора, даўшы ёй сваю філасофскую трактоўку.

Асабліва цікавымі для сучаснай літаратурнай навукі з’яўляюцца думкі і высновы аднаго з самых буйных прадстаўнікоў рускай псіхалагічнай школы ў літаратуразнаўстве акадэміка Дзмітрыя Аўсяніка-Кулікоўскага (1853-1920). Як і А. Патэбня, Дз. Аўсяніка-Кулікоўскі быў прафесарам Харкаўскага універсітэта, літаратуразнаўцам і лінгвістам. Асаблівасць метадалогіі Дз. Аўсяніка-Кулікоўскага ў тым, што вучоны спалучаў псіхалагічны метад з сацыялагічным. Ён выдзяляў два тыпы творчасці: назіральны, які прадугледжвае рознабаковае, даволі дакладнае і праўдападобнае адлюстраванне, і эксперыментальны, адлюстраванне ў якім аднастайнае і больш умоўнае. Акрамя таго, творчасць, па Дз. Аўсяніка-Кулікоўскаму, можа быць "аб’ектыўнай" (яна стварае характары, адносна далёкія ад асобы аўтара) і "суб’ектыўнай" (характары, створаныя ёю, унутрана вельмі блізкія ці нават тоесныя аўтару). Дз. Аўсяніка-Кулікоўскі расчляняў літаратуру на вобразную, да якой адносіў эпас і драму, і ўласна лірычную. Заўважым таксама, што лірыку ён тлумачыў як асобны тып творчасці, што аперыруе ў першую чаргу не вобразамі, а непасрэднымі эмоцыямі, якія ствараюцца рытмам гукавога і пачуццёвага характару.

У беларускім літаратуразнаўстве ідэі псіхалагічнай школы ў многім раздзялялі такія вядомыя даследчыкі і крытыкі, як А. Бабарэка, М. Піятуховіч, І. Замоцін, М. Каспяровіч і некат. інш. Так, А. Бабарэка, абгрунтоўваючы ў артыкулах "З далін на ўзвышшы" і "Аб разуменні мастацкай творчасці і некаторых пытаннях у вывучэнні мастацкай літаратуры" эстэтычную сутнасць літаратуры, навуковыя асновы крытыкі, падкрэсліваў значэнне суб’ектыўна-псіхалагічнага фактару, ролю аўтарскага ўяўлення, фантазіі ў літаратурнай творчасці.І. Замоціным ідэі псіхалагічнай школы прымаліся як элемент сінтэзу яго літаратуразнаўчай тэорыі. У "Нарысах гісторыі беларускай літаратуры" М. Піятуховіча ёсць моманты выкарыстання некаторых элементаў метадалогіі псіхалагічнай школы. На шэраг метадалагічных прыёмаў псіхалагічнай школы абапіраўся і М. Каспяровіч, аб чым, у прыватнасці, сведчыць яго праца "Матывы барацьбы ў творчасці М. Багдановіча".