Сярод буйных беларускіх вучоных-літаратуразнаўцаў і крытыкаў не было яўных прыхільнікаў фармальнага метаду. Разам з тым некаторыя прадстаўнікі Пралеткульта на Беларусі, а таксама "Беларускай літаратурна-мастацкай камуны", шэрагу іншых творчых аб’яднанняў, часам спрабавалі "ўзняць на шчыт" палажэнні фармалістычных канцэпцый і ўстановак.
Сацыялагічны метад у літаратуразнаўстве - гэта метадалагічныя і ўласна метадычныя прынцыпы даследавання літаратуры як сацыяльна абумоўленай з’явы, якія характарызуюць адзін з накірункаў у літаратурнай навуцы другой паловы ХІХ - пачатку ХХ стст. Сёння ж, згодна з меркаваннямі большасці айчынных і замежных вучоных-літаратуразнаўцаў, сацыялагічны метад не з’яўляецца самастойным літаратуразнаўчым метадам, а толькі адным з аспектаў разгляду літаратуры. Яго нельга, напрыклад, паставіць побач з гісторыка-тыпалагічным, гісторыка-функцыянальным, сістэмным і іншымі сінтэтычнымі метадамі сучаснага літаратуразнаўства, бо ён як элемент, як састаўная частка прысутнічае ў кожным з іх.
Разам з тым у гісторыі эстэтычнай і тэарэтыка-літаратурнай думкі былі моманты, калі сацыялагічны падыход да літаратуры і мастацтва прэваляваў пры разглядзе і ацэнцы мастацкіх з’яў, як, напрыклад, у марксісцкай эстэтыцы практычна на ўсіх этапах яе развіцця. Сацыялагічнаму падыходу да літаратуры аддало (па зразумелых прычынах) даніну павагі і савецкае літаратуразнаўства. Адзначым таксама, што ў савецкай эстэтычнай думцы і адпаведна ў літаратурнай навуцы мелі месца і моманты надта моцнага перабольшвання ўплыву сацыялагічных фактараў на развіццё мастацкай творчасці, пра што сведчыць т. зв. "вульгарны сацыялагізм".
Сёння ж комплексным даследаваннем шматбаковых сувязей і ўзаемаадносін літаратуры з грамадствам займаецца сацыялогія літаратуры. Гэта пагранічная вобласць літаратуразнаўства і ўласна сацыялогіі.
Нягледзячы на тое, што праблема ўзаемадзеяння літаратуры і мастацтва з грамадствам была пастаўлена яшчэ ў антычныя часы (працы Платона і Арыстоцеля, у якіх ужо ёсць спробы вызначыць некалькі тыпаў публікі, паразважаць аб асаблівасцях уздзеяння мастацтва на асобнага чалавека і грамадства ў цэлым), пытанне аб сацыяльнай прыродзе літаратуры, а таксама аб адпаведных метадах яе вывучэння, акрэслілася толькі к сярэдзіне ХІХ ст., услед за ўсведамленнем самастойнасці самога прадмета навукі сацыялогіі. Тады ж І. Тэнам былі вызначаны асноўныя рысы сацыялагічнага падыходу да літаратуры, атрымаўшага назву "культурна-гістарычнага". Падзяляючы філасофскія і метадалагічныя пасылкі пазітывізму, І. Тэн будаваў свой метад па аналогіі з методыкай прыродазнаўчых навук. Пытанне аб спецыфіцы літаратуры і мастацтва ў цэлым ім не ставілася. І хоць ідэя дэтэрмінаванасці развіцця мастацтва мае ў І. Тэна толькі пачатковы характар, яна і цесна звязанае з ёю паняцце метаду як інструмента аб’ектыўна-навуковага пазнання мастацтва неслі ў сабе значны пазітыўны змест.
У Расіі адным з першых папулярызатараў сацыялагічнага падыходу да літаратуры на аснове культурна-гістарычнай метадалогіі стаў А. Пыпін.
У другой палове ХІХ ст. аформілася і атрымала значны рэзананс марксісцкая сацыялогія.К. Маркс і Ф. Энгельс закранулі наступныя пытанні сацыялогіі літаратуры і мастацтва: агульныя асаблівасці ўзаемадзеяння літаратуры і грамадства; літаратура як спецыфічная галіна класавай ідэалогіі; месца і палажэнне мастака ў грамадстве, падзеленым на пэўныя грамадскія групы; рэалізм як мастацкі метад, яго спецыфіка; сутнасць т. зв. "сацыялістычнай літаратуры"; агульначалавечы змест твораў мастацтва.
Паслядоўнікамі і далейшымі распрацоўшчыкамі марксісцкай метадалогіі ў дачыненні да літаратуры і мастацтва выступілі такія заходнееўрапейскія крытыкі, грамадскія і палітычныя дзеячы, як Ф. Мерынг, П. Лафарг, Р. Люксембург, К. Лібкнехт, К. Цэткін.
У Расіі на рубяжы ХІХ-ХХ стст. вельмі многа зрабіў для сацыялогіі літаратуры і мастацтва, адштурхоўваючыся ў цэлым ад марксісцкай метадалогіі, Г. Пляханаў. Адна з лепшых прац яго ў гэтым накірунку - "Французская драматычная літаратура і французскі жывапіс ХVІІІ ст. з пункту гледжання сацыялогіі" (1905).
Наступны этап у распрацоўцы пытанняў сацыялогіі літаратуры і мастацтва з марксісцкіх пазіцый звязаны з дзейнасцю У. Леніна. Класічнымі ўзорамі прымянення Леніным сацыялагічнага метаду ў дадзеным русле сталі артыкулы аб А. Герцэне і Л. Талстым.
Услед за Леніным (і побач з ім) сацыялагічны падыход да літаратуры і мастацтва на марксісцкай глебе культывавалі ў Расіі В. Вароўскі, М. Альмінскі, А. Луначарскі і інш.
Савецкае літаратуразнаўства (па зразумелых прычынах) адводзіла сацыялагічнаму метаду вельмі важную ролю. Таму менавіта ў СССР асабліва шырокае распаўсюджанне атрымаў т. зв. "вульгарны сацыялагізм". Найбольш поўна ён выявіўся ў працах В. Фрычэ, В. Келтуялы, В. Пераверзева, у большасці тэарэтыкаў Пралеткульта і ЛЕФ, у выступленнях крытыкаў часопісаў "На посту" і "На литературном посту". Асноўнай хібай вульгарных сацыёлагаў было тое, што яны надзвычай дагматычна трактавалі марксісцкае палажэнне аб класавай абумоўленасці ідэалогіі. Гэта вяло ў сваю чаргу да істотнага спрашчэння і схематызацыі гісторыка-літаратурнага працэсу. Вульгарныя сацыёлагі лічылі, што літаратурная творчасць ва ўсіх яе праявах, аж да індывідуальнага стылю пісьменніка, самым непасрэдным чынам залежыць ад эканамічных адносін у грамадстве, а таксама ад класавай прыналежнасці пісьменніка. Яны атаясамлівалі змест і мэты мастацкай літаратуры са зместам і мэтамі грамадскіх навук, ператвараючы тым самым прыгожае пісьменства ў "вобразную ілюстрацыю" да сацыялогіі.
Барацьба з вульгарным сацыялагізмам была распачата ў савецкім літаратуразнаўстве адразу ж пасля яго ўзнікнення і пэўнага замацавання. Аднак яна з’яўлялася малаэфектыўнай у сувязі з усталяваннем культу асобы Сталіна. Поўнасцю вульгарны сацыялагізм быў пераадолены савецкай літаратурнай навукай толькі дзесьці к сярэдзіне 1960-х гг.
У замежнай літаратурнай навуцы ХХ ст. сацыялагічны метад і адпаведныя прыёмы даследавання таксама атрымалі сваё пэўнае развіццё.
Так, у Германіі ў 1920-я гг. даследчыкам Л. Шукінгам распрацоўвалася т. зв. "сацыялогія літаратурнага густу". Яшчэ адзін нямецкі вучоны В. Гаўзенштэйн паспрабаваў стварыць сацыялогію мастацтва, вельмі блізкую да метадалогіі савецкага вульгарнага сацыялагізму.
У сярэдзіне - другой палове ХХ ст. найбольш шырокае распаўсюджанне на Захадзе атрымалі тры сацыялагічныя накірункі: вучэнне франкфуртскай школы; канцэпцыя "замкнёных" цывілізацый; англійская сацыяльна-філасофская школа крытыкі і літаратуразнаўства.
Найбольш значныя прадстаўнікі франкфуртскай школы Т. Адарно, Г. Маркузе і Э. Фром імкнуцца пры падыходзе да літаратурных з’яў спалучыць гегелеўскую дыялектыку, асобныя палажэнні марксізму і фрэйдысцкі псіхааналіз.
Тэадор Адарно (1903-1969) у сваіх працах па тэорыі літаратуры і музыкі ставіць мэтай даследаваць не ўплыў знешніх грамадскіх умоў на мастацкую творчасць, а адпаведнасць знешніх іманентных структур твораў пэўным тыпам грамадскіх адносін. Ён лічыць, што змест і форма мастацкіх твораў аўтаматычна выражаюць сацыяльны антаганізм. Лірыка, на думку Адарно, з’яўляецца літаратурнай формай выражэння абстрактнага бунту супраць існуючага ладу. Мэта сучаснага мастацтва вызначаецца тэарэтыкамі франкфуртскай школы як выражэнне супярэчнасцей недасканалага свету ў мастацтве дысанансаў, бессэнсоўнасці і шокавага дзеяння.
Нямецка-амерыканскі філосаф і сацыёлаг Герберт Маркузе ў даследаванні "Эрас і цывілізацыя" (1955) і філасофскім рамане "Аднамерны чалавек" (1964) разглядае такія мадэрнісцкія плыні, як дадаізм і сюррэалізм. Ён лічыць гэтыя плыні галоўнымі парушальнікамі "буржуазнай пачуццёвасці". Маркузе аб’яўляе своеасаблівую "партызанскую вайну" літаратуры і мастацтву, абгрунтоўваючы анархічную ідэю барацьбы за "сексуальна-палітычнае" пераўтварэнне грамадства, за поўнае растварэнне літаратуры і мастацтва ў жыцці.
Канцэпцыя "замкнёных" цывілізацый сваю метадалагічную распрацоўку атрымала ў шматтомнай працы "Даследаванне гісторыі" англійскага гісторыка і сацыёлага Арнольда Тойнбі (1852-1883). Галоўная пасылка Тойнбі - гэта адмаўленне пэўнага адзінства сусветна-гістарычнага працэсу і наяўнасці агульных заканамернасцей у развіцці культуры розных народаў.
Ва ўласна літаратурнай навуцы дадзеная канцэпцыя найбольш поўна праявілася ў працах нямецкага даследчыка Эрнэста Курцыуса "Еўрапейская літаратура і лацінскае сярэднявечча" (1948) і "Крытычныя эсэ па еўрапейскай літаратуры" (1950). Вучоны выдзяляе і разглядае ў іх не літаратуру асобных еўрапейскіх дзяржаў ці народаў, а літаратуру той альбо іншай цывілізацыі. Адной з "замкнёных" цывілізацый Курцыус лічыць "еўрапейскую", заснаваную на ўстойлівых "першасных элементах грэка-лацінскіх традыцый". Пры гэтым вучоным не ўлічваюцца нацыянальныя асаблівасці еўрапейскіх літаратур, а іх складаны шлях развіцця зводзіцца да выяўлення нязменных фармальных элементаў ("топасаў"), тыпалагічных схем, сюжэтаў, вобразаў. Курцыус сцвярджае выключнае значэнне рэлігійнай агульнасці як кансалідуючай сілы ў развіцці еўрапейскай цывілізацыі. Для еўрапейскай культуры - сярэдневяковай і Новага часу - такой сілай з’яўляецца хрысціянства. Рускую культуру на ўсім працягу яе развіцця Курцыус звязвае выключна з візантыйскай традыцыяй.