Жанр з’яўляецца, як правіла, утварэннем гістарычна ўстойлівым, «цвёрдым», замацаваным у шматвяковай практыцы. «Кожны з іх – гэта не выпадковая сукупнасць рысаў, а прасякнутая дастаткова пэўным і багатым мастацкім сэнсам сістэма кампанентаў формы. Гэта форма, якая ўжо «апрадмеціла» ў сваёй архітэктоніцы, фактуры, каларыце больш ці менш канкрэтны мастацкі сэнс».
Даволі складанай з’яўляецца праблема гістарычнага развіцця жанру. З аднаго боку, жанр увесь час змяняецца, абнаўляецца, набываючы ў творчасці кожнага таленавітага пісьменніка нейкія новыя якасці і рысы. З другога боку, жанр бывае часам надзвычай устойлівым і жывучым, бо літаратура, як правіла, рэдка грэбуе ўжо выпрацаванымі і апрабаванымі формамі. Многа выпадкаў адраджэння жанру ў абноўленым выглядзе, як то, напрыклад, трагедыі ў часы класіцызму і рамантызму, навелы ў першай трэці ХІХ і ў сярэдзіне ХХ стст., і г. д.
У сувязі з развіццём жанравых форм, магчымасцю іх відазмянення і трансфармацыі В. Халізеў вылучае жанры кананічныя, «гатовыя, завершаныя, цвёрдыя формы <...>, нязменна роўныя самім сабе (яркі прыклад такога жанравага ўтварэння – санет, жывы і сёння)», і жанры неканананічныя, «гнуткія, адкрытыя ўсялякім трансфармацыям, перабудовам, абнаўленням, якія, да прыкладу, элегіі ці навелы ў літаратуры Новага часу».
Разглядаючы жанры як усеагульныя формы літаратурных твораў, што надзвычай моцна вызначаюць творчасць любога пісьменніка, не трэба таксама забываць і аб індывідуальнай жанравай своеасаблівасці кожнага канкрэтнага твора. Пры аналізе творчасці любога буйнога мастака абавязкова будзе паўставаць пытанне аб спецыфіцы яго жанравых форм. Менавіта ў творчасці такіх пісьменнікаў ажыццяўляецца развіццё, якое змяняе пэўныя тыповыя рысы ўсіх жанравых форм, не даючы ім застыць, акасцянець. Адбываецца неабходны і заканамерны працэс унутранага жанравага абнаўлення.
Для кожнай літаратурнай эпохі, напрамку, нават плыні з’яўляюцца характэрнымі свае пэўныя жанры. Так, напрыклад, для класіцызму ў якасці тыповых паўстаюць трагедыя, камедыя, ода, эпічная паэма; для Асветніцтва – мяшчанская драма, сатыра, філасофская аповесць; для рамантызму – лірычная паэма, драма, элегія, балада, псіхалагічны і гістарычны раманы; і г. д. Прычым з кожнай новай эпохай у літаратуру ўключаецца ўсё больш і больш жанраў, самых розных паводле зместу, агульнай танальнасці, структурна-кампазіцыйных, моўна-выяўленчых і інш. асаблівасцей.
У працэсе свайго функцыянавання ў тую альбо іншую эпоху, гістарычны перыяд жанры могуць кананізавацца, г. зн. набываць значнасць і аўтарытэт у асяроддзі крытыкаў і чытацкай публікі, займаць самае высокае месца ў жанравай іерархіі. Кананізацыя літаратурных жанраў пачалася яшчэ ў антычнасці (меркаванні Арыстоцеля аб трагедыі і эпапеі, іх значэнні і месцы ў жыцці антычнага грамадства), затым была працягнута класіцыстамі («высокія» і «нізкія» жанры), рамантыкамі, а таксама наступнымі пакаленнямі чытацкай публікі, крытыкаў і наогул людзей, якія маюць пэўнае дачыненне да літаратуры і мастацтва. Так, В. Халізеў аб недалёкім для нас ХХ ст. піша як аб часе, калі «прадпрымаліся спробы (у рознай меры паспяховыя) кананізацыі містэрыяльнай драматургіі (канцэпцыя сімвалізму), пародыі (фармальная школа), рамана-эпапеі (эстэтыка сацыялістычнага рэалізму 1930–1940-х гадоў), а таксама раманаў Ф.М. Дастаеўскага як паліфанічных (1960–1970-я гады); у заходнееўрапейскім літаратурным жыцці – рамана «плыні свядомасці» і абсурдысцкай драматургіі трагікамічнага гучання. Даволі высокі зараз аўтарытэт міфалагічнага пачатку ў складзе раманнай прозы».
Вывучэннем эвалюцыі відаў, жанраў і іх сістэм на працягу значных гістарычных адрэзкаў часу альбо за ўвесь перыяд існавання і функцыянавання ў пэўнай нацыянальнай літаратуры ці наогул у сусветным прыгожым пісьменстве займаецца гістарычная паэтыка. Яны, г. зн. віды і жанры ў эвалюцыйным развіцці і зменах – «галоўная праблема гістарычнай паэтыкі».
2. Эпас (эпічны род). Сістэма эпічных відаў і жанраў
У эпічным (ад ст.-грэч. epos – слова, роспавесць) родзе літаратуры арганізоўваючым пачаткам твора з’яўляецца апавяданне (аповед – В. Рагойша) аб персанажах, іх лёсах, учынках, нейкіх разумовых памкненнях. Аснову эпасу складаюць падзеі, якія ўтвараюць сюжэт. Сюжэтнасць – вельмі важная асаблівасць і прыкмета эпічнага роду літаратуры. Эпічны твор уяўляе сабой ланцуг слоўных паведамленняў ці, прасцей кажучы, расповед аб тым, што адбылося раней. Апавяданне вядзецца збоку і, як правіла, мае граматычную форму мінулага часу. Для апавядальніка (апаведача – В. Рагойша) з’яўляецца характэрнай пазіцыя чалавека, які ўспамінае аб тым, што мела месца раней. Дыстанцыя паміж часам дзеяння, што адлюстроўваецца, і расповеду аб ім складае ці не самую істотную рысу эпічнай формы.
У эпічных творах апавяданне падключае да сябе і як бы «абвалаквае» выказванні дзеючых асоб – іх дыялогі і маналогі, у тым ліку і ўнутраныя. Паміж гэтымі моўнымі пластамі ідзе несупынны працэс актыўнага ўзаемадзеяння: тлумачэння, дапаўнення і карэкціроўкі.
Творы эпічнага роду спаўна выкарыстоўваюць арсенал мастацка-выяўленчых сродкаў, даступных літаратуры, нязмушана і свабодна адлюстроўваючы рэальнасць у часе і прасторы. Пры гэтым яны практычна не ведаюць абмежаванняў у аб’ёме тэксту. Эпічны род уключае ў сябе як кароткія апавяданні, так і шматтомныя раманы-эпапеі.
Эпічны твор можа «ўвабраць» у сябе такую колькасць характараў, абставін, падзей, лёсаў, дэталей, якая з’яўляецца недаступнай не толькі творам двух астатніх літаратурных родаў (лірыцы і драме), але і наогул якому-небудзь іншаму віду мастацтва. Пры гэтым апавядальная форма садзейнічае найглыбейшаму пранікненню ва ўнутраны свет чалавека. З яе дапамогай усебакова абмалёўваюцца характары складаныя, шматсастаўныя, незавершаныя і супярэчлівыя, якія знаходзяцца ў руху, станаўленні і развіцці. Зразумела, што каласальныя магчымасці мастацкага ўзнаўлення жыцця эпасам выкарыстоўваюцца не заўсёды, аднак са словам «эпас» звязана ўяўленне аб адлюстраванні рэчаіснасці і ўнутранага свету чалавека ва ўсебаковасці, цэласнасці і паўнаце.
Эпас валодае разнастайнымі спосабамі моўна-мастацкага выяўлення (апісанне, маналог, дыялог, аўтарская мова і мова персанажаў, няўласна-простая мова), а таксама шматлікімі сродкамі стварэння вобраза (учынкі і дзеянні персанажа, прамая аўтарская характарыстыка, раскрыццё характараў праз мову, гаворачыя імёны і прозвішчы, партрэт, пейзаж, інтэр’ер і інш.).
Эпічныя творы пішуцца, як правіла, прозай, але сустракаюцца таксама і вершаваныя эпічныя рэчы (старажытныя эпічныя паэмы, літаратурныя казкі і інш.).
Эпас выпрацаваў сваю сістэму відавых і жанравых форм, найбольш распаўсюджанымі ў якой з’яўляюцца раман, аповесць і апавяданне. Акрамя таго, да эпічнага роду адносяць навелу, нарыс, памфлет, гумарэску (усе іх В. Рагойша лічыць жанравымі разнавіднасцямі апавядання), а таксама празаічны абразок, фельетон, казку (вядома, літаратурную, а не фальклорную; як, дарэчы, і ўсе наступныя жанры, што прыводзяцца намі ў якасці эпічных), анекдот, легенду, паданне і некат. інш.
Раман (франц. roman – твор, напісаны на раманскіх мовах) – самы буйны від літаратурнага эпасу. У ім «шырока ахоплены істотныя жыццёвыя з’явы пэўнага сацыяльнага асяроддзя, нацыі і эпохі, паказаны шматлікія характары ў іх развіцці, псіхалагічнай напоўненасці, створаны разнастайныя бытавыя малюнкі. Шматлікасць галоўных і пабочных сюжэтных ліній, якія існуюць паралельна і перакрыжоўваюцца, неабмежаванасць у часе і прасторы, вялікая колькасць дзейных асоб рознага кшталту (станоўчых і адмоўных), наяўнасць пазасюжэтных элементаў (аўтарскія адступленні, устаўныя эпізоды, пейзажы, інтэр’еры, абрамленні) – усё гэта дае магчымасць раману стаць самым ёмістым, сінтэтычным відам сучаснай літаратуры, эпасам нашага часу. Па здабытках рамана можна меркаваць пра ўзровень развіцця нацыянальнай літаратуры ўвогуле». Раман мае даволі працяглую і багатую гісторыю свайго станаўлення і развіцця ў сусветнай літаратуры: яго вытокі ляжаць яшчэ ў антычнасці, у І ст. да н. э. («Дафніс і Хлоя» Лонга, «Залаты асёл» Апулея); затым раман праходзіць цэлы шэраг этапаў, вяршынным сярод якіх з’яўляецца, несумненна, перыяд росквіту рэалістычнай яго разнавіднасці ў ХІХ ст. (творы А. Стэндаля, А. Бальзака, Ч. Дзікенса, Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага і інш. пісьменнікаў). Немалыя здабыткі раманнай прозы і ў беларускай літаратуры (творы М. Гарэцкага, М. Зарэцкага, К. Чорнага, Я. Брыля, І. Мележа, І. Шамякіна, І. Навуменкі, У. Караткевіча, І. Чыгрынава і цэлага шэрагу інш. аўтараў). Надзвычай шырокая ўласна жанравая палітра рамана (сацыяльна-бытавы, сацыяльна-псіхалагічны, гістарычны, прыгодніцкі, палітычны, сатырычны, фантастычны, раман-утопія і г. д.). На аснове рамана ўзнікла эпапея (раман-эпапея) – твор, у якім на шырокім фоне ўзнаўляюцца і асэнсоўваюцца надзвычай важныя, лёсавызначальныя падзеі для жыцця пэўнага народа, нацыі, краіны (класічнымі прыкладамі рамана-эпапеі з’яўляюцца «Вайна і мір» Л. Талстога, «Ціхі Дон» М. Шолахава; у беларускай літаратуры эпапейны характар мае ў многіх сваіх момантах «Палеская хроніка» І. Мележа»). Аб’яднаныя агульнымі героямі і адзінай думкай, раманы могуць утвараць цэлыя цыклы (шматтомная эпапея «Ругон-Макары» Э. Заля, тэтралогія на тэму заходнебеларускага жыцця В. Адамчыка, ваенна-партызанская пенталогія І. Чыгрынава і інш.).
Аповесць прадстаўляе сярэднюю форму ў эпічным родзе літаратуры. У ёй звычайна прысутнічае адна сюжэтная лінія, у выніку чаго, у параўнанні з раманам, мае месца значна меншы ахоп жыццёвых падзей, сітуацый. Як і раман, аповесць надзвычай разгалінаваная ў сваіх канкрэтных жанравых выяўленнях. Аповесцей надзвычай шмат у сусветнай літаратуры, бо яны, як правіла, абавязковыя ў творчасці любога больш-менш значнага пісьменніка-празаіка. На Беларусі аповесці (як свае, уласныя, так і запазычаныя, перакладныя) з’явіліся вельмі даўно (нагадаем летапісную «Аповесць мінулых часоў», агіяграфічную «Жыціе Ефрасінні Полацкай», сацыяльна-бытавую «Аповесць пра Баву», рыцарскую «Александрыя» і інш.). Новая беларуская літаратурная аповесць вядзе свой адлік з пачатку ХХ ст. («Бацькава воля» Ц. Гартнага, «Антон» М. Гарэцкага, «У палескай глушы» і «У глыбі Палесся» Я. Коласа, «Лявон Бушмар» К. Чорнага і інш.). Найбольш значны ўклад у развіццё беларускай аповесці другой паловы ХХ ст. унеслі такія пісьменнікі, як Я. Брыль, В. Быкаў, І. Пташнікаў, І. Шамякін, І. Мележ, І. Навуменка, У. Караткевіч, А. Асіпенка, А. Васілевіч, А. Кудравец, А. Жук, Г. Далідовіч, В. Казько, В. Іпатава і цэлы шэраг інш. аўтараў.