Смекни!
smekni.com

Літаратурныя роды, віды, жанры (стр. 4 из 5)

Трагедыя – драматычны твор, сюжэт якога засноўваецца на канфлікце незвычайнай вастрыні і напружанасці. Падзеі ў трагедыі заканчваюцца ці смерцю галоўнага героя (герояў), ці непапраўнымі стратамі ў яго жыцці. У змесце трагедыі заўсёды прысутнічае элемент узвышанага, гераічнага. На падзейным полі п’есы-трагедыі сутыкаюцца моцныя характары, асобы выключныя, высакародныя, у душах якіх даволі часта ідзе складаная ўнутраная барацьба паміж страсцю і доўгам, памкненнямі сэрца і розумам. У трагедыях ставяцца, як правіла, пытанні агульначалавечага значэння, насычаныя глыбокім філасофскім сэнсам. Вытокі еўрапейскай і сусветнай трагедыі знаходзяцца ў літаратуры Старажытнай Грэцыі (п’есы Эсхіла, Сафокла, Еўрыпіда). Значны ўклад у развіццё жанру трагедыі ўнеслі У. Шэкспір, П. Карнель, Ж. Расін, В. Гюго, А. Пушкін. Трагедыйныя элементы і матывы прысутнічаюць у такіх творах беларускіх драматургаў, як «Раскіданае гняздо» Я. Купалы, «Блуднікі» і «Пакрыўджаныя» Л. Родзевіча, «Антон» М. Гарэцкага, «Брэсцкая крэпасць» К. Губарэвіча, «Маці Урагану» У. Караткевіча і некат. інш.

Драма – трэцяя відавая група ў драматычным родзе. Спецыфіка драмы як віду і жанру ў тым, што аб’ектам адлюстравання ў ёй становяцца тыя з’явы, падзеі і асобы, якія не валодаюць нейкай незвычайнасцю, выключнасцю, але разам з тым пэўным чынам вылучаюцца з агульнай будзённай жыццёвай плыні. Як самастойны від і жанр драма склалася ў ХVІІІ ст. у творчасці еўрапейскіх пісьменнікаў-асветнікаў (мяшчанская драма). Асаблівы ўклад у развіццё драмы ўнеслі М. Астроўскі, А. Чэхаў, М. Горкі, Г. Ібсан, а на Беларусі – Я. Купала, К. Каганец, Л. Родзевіч, У. Галубок, М. Грамыка, Е. Міровіч, К. Крапіва, А. Петрашкевіч, А. Дзялендзік, І. Чыгрынаў, А. Дудараў. Жанравая палітра драмы даволі разнастайная: вылучаюцца драмы сацыяльна-бытавыя, псіхалагічныя, гістарычныя, палітычныя, гераічныя, філасофскія і інш. Цікавай і своеасаблівай разнавіднасцю драмы з’яўляецца меладрама – твор, які характарызуецца павышанай эмацыянальнасцю ў падачы і асэнсаванні матэрыялу, узбуйненасцю і рэзкім супрацьпастаўленнем дабра і зла, гіпербалізаваным паказам страсцей, адкрытай маральна-дыдактычнай тэндэнцыйнасцю.

На памежжы трагедыі і камедыі ўзнікла трагікамедыя – твор, заснаваны на трагічных калізіях, але з наяўнасцю выразнага камізму ў іх мастацкім асэнсаванні. «Трагікамедыя не прымае максімалісцкіх этычных пастулатаў трагедыі, адрозніваючыся разам з тым ад камедыі большай строгасцю маральных вывадаў, маштабнасцю ідэйных абагульненняў». Адным з першых у еўрапейскай літаратуры да жанру трагікамедыі звярнуўся Лопе дэ Вега («Авечая крыніца» і інш.). Можна з упэўненасцю гаварыць аб вытоках уласнабеларускай трагікамедыі ў такіх творах, як «Тутэйшыя» Я. Купалы і «Жартаўлівы Пісарэвіч» М. Гарэцкага. Надзвычай вялікі ўклад у распрацоўку жанру трагікамедыі ўнёс А. Макаёнак («Трыбунал», «Зацюканы апостал», «Пагарэльцы» і інш.).

Драматычны род літаратуры (як, дарэчы, і астатнія два роды – эпас і лірыка) утрымлівае ў сваім складзе надзвычай вялікую колькасць твораў малой формы. Разам з тым малая драматычная форма валодае, у параўнанні з такімі ж формамі ў іншых родах літаратуры, цэлым шэрагам адметных рысаў. Па-першае, яна надзвычай разгалінаваная і прадстаўлена цэлым кангламератам відаў і жанраў. Так, яе ўтвараюць нацыянальна-эпахальныя жанры, якія ўзніклі ў пэўны гістарычны (як правіла, ранні) перыяд у асобных нацыянальных літаратурах і культурах. Сюды можна аднесці старажытнагрэчаскі мім, старажытнарымскую атэлану, іспанскі і партугальскі аўта і пасас, французскі саці і міракль, нямецкі фастнахтшпіль, англійскую інтэрлюдыю, японскія кёгэн, індыйскую эканкі, беларускія жарт і абразок, а таксама цэлы шэраг іншых жанраў у літаратурах і культурах свету. Другую групу складаюць міжнародныя ці інтэрнацыянальныя жанры, да якіх адносяцца інтэрмедыя, вадэвіль (ёсць нямала і шматактовых вадэвіляў, аднак усё-такі пераважная большасць іх грунтуецца на выкарыстанні малой формы), фарс, скетч. Трэцяя група твораў малой формы ў драматургіі ўтворана не ўласна жанрамі ў іх строгім значэнні, а відамі. Многія (у тым ліку і вядомыя, слынныя) пісьменнікі-драматургі свету даволі часта звярталіся і працягваюць звяртацца ў сваёй творчасці да напісання малых камедый, трагедый, уласна драм, трагікамедый і г. д., прычым на самую розную праблематыку і ў самым розным жанрава-стылістычным накірунку (лірычным, гераічным, філасофскім, сатырычным і г. д.). Унутраная, фармальная спецыфіка малой драматычнай формы заключаецца ў надзвычайнай лаканічнасці і сцісласці сюжэта, а таксама ў гранічнай скандэнсаванасці выяўленчых сродкаў. Да малой драматычнай формы звярталіся ў сваёй творчасці многія слынныя майстры літаратуры: П. Кальдэрон, Лопэ дэ Вега, К. Гальдоні, Б. Шоу, О. Уальд, Д. Галсуорсі, Ш. О’Кэйсі, П. Мэрымэ, Э. Скрыб, Э. Заля, Гі дэ Мапасан, С. Цвэйг, М. Метэрлінк, І. Вайновіч, А. Фрэдра, Б. Харышчандра, Б. Брэхт, Ш. Дэскон, Х. Лавінэску, Ю. О’Ніл, А. Пушкін, М. Гогаль, Л. Талстой, І. Тургенеў, М. Някрасаў, А. Чэхаў, Л. Андрэеў, А. Блок, В. Брусаў, М. Горкі, А. Купрын, І. Франко, Л. Украінка і інш. Многія творы малой драматычнай формы сталі беларускай нацыянальнай класікай («Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча, «Модны шляхцюк» К. Каганца, «Прымакі» Я. Купалы», «Суд» і «Пісаравы імяніны» У. Галубка, «Збянтэжаны Саўка», «Пасланец» і «Конскі партрэт» Л. Родзевіча, «Чорт і баба» Ф. Аляхновіча, «Жартаўлівы Пісарэвіч» М. Гарэцкага і інш.). У прынцыпе на грунце малой формы вырасла беларуская драматургія, як, дарэчы, і нацыянальнае тэатральна-сцэнічнае мастацтва.


4. Лірыка (лірычны род). Сістэма лірычных відаў і жанраў

У лірыцы (ад ст.-грэч. liricós – той, хто спявае пад гукі ліры; музычны, хвалюючы) на першы план выступае ўнутраны свет чалавека, стан яго свядомасці: эмацыянальна афарбаваныя развагі, разумовыя імпульсы, душэўныя памкненні, перажыванні, пачуцці. Калі ў лірычным творы і абазначаецца які-небудзь падзейны рад, дык надзвычай скупа, без дэталізацыі. Прадмет адлюстравання ў лірыцы – суб’ектыўнае. Разам з тым яно заўсёды мае якасць згустку, квінтэсенцыі душэўнага вопыту чалавека. Вельмі важная прыкмета лірыкі, ва ўсякім разе, пераважнай большасці яе твораў – экспрэсіўнасць, якая выяўляецца і праз падбор слоў, і праз сінтаксічныя канструкцыі, іншасказанні, і, галоўнае, праз фанетыка-рытмічную пабудову тэксту. Экспрэсіўнасць лірыкі надзвычай моцна працуе на такую яшчэ адну яе якасць, як сугестыўнасць, што ўказвае на наяўнасць у творах максімальнай унушаючай, заражаючай сілы, здольнай заставіць чытача пранікнуцца ўсім тым, чым жыве аўтар, адчуць і яшчэ раз перажыць гэта як нешта сваё, уласнае, глыбока асабістае.

Носьбіта перажывання, выражанага ў лірычным творы, прынята, з лёгкай рукі Ю. Тынянава, імянаваць лірычным героем. У залежнасці ад ступені праецыравання адлюстраванага ў творы на духоўна-біяграфічны вопыт аўтара лірыку дзеляць на аўтапсіхалагічную і ролевую. Наогул жа неабходна памятаць, што поўнасцю атаясамліваць аўтара і лірычнага героя не трэба. Па-першае, не трэба забываць аб творчым вымысле (фантазіі) як абавязковым складніку мастацкай творчасці. Па-другое, лірыка не проста ўзнаўляе пачуцці аўтара, яна іх трансфармуе, узбагачае, узвышае.

Відавая і жанравая сістэма лірыкі надзвычай разгалінаваная. Хоць і бытуе ў літаратуры жанр лірычнай паэмы, які ўзнаўляе перажыванні ў іх шматпланавасці («Яна і я» Я. Купалы, «Паэма без героя» Г. Ахматавай і інш.), лірыка выяўляе сябе ўсё-такі галоўным чынам у малой форме. Самымі распаўсюджанымі відамі лірыкі, у тым ліку і сучаснай, з’яўляюцца верш і песня, вытокі якіх ляжаць у фальклоры. Еўрапейская літаратурная традыцыя, з адштурхоўваннем яшчэ ад антычнасці, выпрацавала таксама такія віды і жанры лірычных твораў, як гімн, ода, элегія, эпіграма, эпітафія, эпіталама, раманс, мадрыгал, пасланне, санет, тэрцыны, рандо, рандэль, трыялет, актава і інш. Апошнія шэсць з прыведзеных намі жанраў лірыкі адносяцца да разраду ўстойлівых альбо цвёрдых форм. Многія з класічных лірычных жанраў да сённяшняга часу ўжываюцца ў паэтычнай творчасці.

Аналізаваць і рабіць спробы класіфікацыі і сістэматызацыі лірыкі пры такой яе надзвычай моцнай відавай і жанравай размаітасці даволі складана. Таму ў апошні час даследчыкі літаратуры усё больш і больш звяртаюцца ў дадзеным плане да тэматычнага прынцыпу. У залежнасці ад канкрэтнага зместу твораў адрозніваюць лірыку грамадзянскую (патрыятычная выступае пры гэтым як адна з яе разнавіднасцей), філасофскую (не зусім тоесная ёй, але надзвычай блізкая да філасофскай лірыка роздуму альбо медытатыўная лірыка), інтымную альбо любоўную, пейзажную і і некат. інш.


5. Ліра-эпас як адно з буйнейшых міжродавых утварэнняў, сістэма ліра-эпічных відаў і жанраў

Спецыфіка ліра-эпасу ў тым, што ён спалучае і сінтэзуе ў творах адзнакі і прыкметы лірыкі і эпасу. Сюжэтнае апавяданне аб падзеях у такіх творах спалучаецца з эмацыянальна-медытатыўнымі выказваннямі апавядальніка, якія ствараюць вобраз лірычнага «я» альбо лірычнага героя.

Самымі распаўсюджанымі і характэрнымі відамі і жанрамі ліра-эпасу з’яўляюцца паэма і балада.

Паэма (гаворка ідзе менавіта аб класічнай паэме) уяўляе сабой даволі вялікі (аб’ёмны) вершаваны твор, у якім закранаюцца і адлюстроўваюцца важныя праблемы рэчаіснасці, пададзеныя, як правіла, на значным сацыяльна-гістарычным фоне. У адрозненне ад вершаваных рамана і аповесці ў паэме адсутнічаюць падрабязныя апісанні; яе аўтары стараюцца ўзняцца над паўсядзённасцю і адшукаць у жыцці ўзвышана-гераічнае. Акрамя таго, паэма выяўляе імкненне да філасофска-гістарычнага асэнсавання падзей. Адпаведна, што гэта накладвае адбітак на сюжэтна-кампазіцыйныя і стылёвыя адзнакі твора. Самыя глыбокія вытокі паэмы ляжаць у фальклоры, а таксама ў не надта далёка адышоўшых ад яго творах народна-гераічнага эпасу. Еўрапейская літаратурная паэма вядзе свой адлік з антычнасці («Энеіда» Вергілія). Найвышэйшы ўздым паэма як жанр перажыла ў ХІХ ст., у эпоху рамантызму, калі тварылі Дж. Байран, А. Пушкін, М. Лермантаў, А. Міцкевіч і цэлы шэраг інш. паэтаў. Пераважная большасць даследчыкаў правамоцна ўказвае на «Песню пра зубра» М. Гусоўскага як на твор, які паклаў пачатак развіццю жанру паэмы на Беларусі. У новай беларускай літаратуры на пачатковым этапе яе развіцця выдатныя ўзоры паэмы пакінулі пасля сябе аўтары «Энеіды навыварат» і «Тараса на Парнасе», а таксама Я. Купала, Я. Колас. Іх традыцыі плённа працягнулі і ўзбагацілі крыху пазней П. Трус, М. Чарот, У. Дубоўка, А. Куляшоў, М. Танк, П. Панчанка, П. Броўка, Н. Гілевіч, Л. Геніюш і цэлы шэраг інш. паэтаў.