Смекни!
smekni.com

Развiцце беларускай лiтаратуры ў 1930-я г. (стр. 2 из 7)

Далёка не ўсе з паэтаў запалонена паддаліся стылю ідэалізацыі нялёгкай рэчаіснасці. Рамантычная вера, якая захапіла паэзію 20-х гадоў, патрохі прыцьмявалася, суправаджалася падчас роздумам, смуткам, цяжкім уздыхам. Нават ледзь улоўнай іроніяй, як гэта ўгадваецца ў «культаўскіх» вершах Купалы. Дый у такога песняра «рэвалюцыйнага рання», «сонечнага паходу» ў будучыню, як М. Чарот, сям-там праступае як бы разарванасць ці «дваенне» душы, якая ўглядаецца ў «потнае акно» (!) мройнай будучыні. Што там, «схаваныя ў магілах гурбы цел»? Яны вырастуць, «калі там лягу я», – з прарочай гаркотай прамаўляе аўтар.

У. Хадыка, аднагодак П. Броўкі і П. Глебкі, са значна большым, чым яны, даверам адносіўся да сумленнай працы свайго самабытнага лірычнага дару, да схільнасці вобразнага выяўлення ўнутранага суперажывання і спавядання – ускосных сродках асэнсавання складанасцей свайго часу. Паэту імпанавала вытанчаная метафарычнасць Пастарнака і шырокі духоўны склад і лад такіх нацыянальных велічынь, як Купала і Дубоўка. Свежы вобразны лад вершаў У. Хадыкі («На ўзбярэжжы дзён», 1930) не страчвае самастойнасці дыхання, калі за радкамі ўгадваецца нярэдка роднасная блізкасць да Купалы «з яго напружанасцю лірычнай гаворкі, з яго смелай, уздымнай, часам нават фантастычнай вобразнасцю» (М. Стральцоў). Да таго ж патрэбна ўнутраная адвага, каб у 30-я гады метафарычна занатаваць свае нялёгкія трывогі-прадчуванні: «Ўзнімае ноч свой чорны вэлюм перад вянком маіх трывог» (Хадыка У. На ўзвеях дзён. Мн., 1986. С. 106.).

Не падуладны быў таксама афіцыёзным устанаўленням і нарматыўнай маралі З. Астапенка. Невыпадкова на рукапісу яго кнігі «Як шум дажджу» (1933), знятай з выдавецкага плана, красуецца размашысты прысуд: «Забраковано». Відаць, стыль выяўлення самапачуванняў не ўпісваўся ў адыёзнасць культаўскіх ідылій і кан'юнктурнай нарматыўнасці. У рамантычнасць яшчэ не аціхлых парыванняў і мройнай веры ўсё часцей урываецца, нібы з нетраў самой прыроды, сумота, нейкае адчуванне дзікай адзіноты («Я зусім адзін, адзін ад адчаю», «Увесь повен сад глухога плачу», «Самота нялюдская скрозь») (Астапенка З. Пад шум дажджу. Мн., 1991. С. 88, 91.). Позірк углыб – самакрытычны, з цвярозым самадакорам: «Калісьці я сам давяраўся хімеры» (Там жа. С. 103, 105.). I тая ж непадданая іншым і няздрадная сабе гатоўнасць заставацца на службе сумлення, голасам часу, чаго б гэта ні каштавала, адмятаючы нападкі: «Мне, прызнацца, каяцца дарэмна з даўняе пары ўжо абрыдла», і таму з мужчынскай сталасцю і суровым спакоем з'яўляецца яснасць усведамлення: «Калі б трэба – у твар звычайнай смерці я б зірнуў спакойнымі вачыма» (Там жа. С. 98.). Усё гэта ў сваіх прадчуваннях, як і ў Хадыкі, як і ў Чарота, пацверджана ўласным лёсам, трагічна паламаным расправамі рэпрэсій.

Шчодры, метафарычна імпульсіўны дар Сяргея Астрэйкі, расстралянага, калі яму было 25 гадоў, быў таксама непакорны, з рызыкоўнай мужнасцю наследавання ўжо рэпрэсіраванаму У. Дубоўку, духоўна-творчаму настаўніку. Толькі нядаўна ўбачыла свет яго таленавітая паэма «Смарагды кроз» (1931) (Шляхам гадоў. Гісторыка-літаратурны зборнік. Мн., 1990. С. 130–150.), свядома зарыентаваная на пераклічку і як бы працяг размовы, шырока распачатай У. Дубоўкам у драматычнай форме паэм «Кругі», «I пурпуровых ветразей узвівы», «Штурмуйце будучыні аванпосты». Спрэчка аб праблемах нацыянальнай спадчыннай культуры і сацыяльных зломаў атрымалася неўтаймаванай, няўступнай у вобразных персаніфікацыях, на ўзроўні запавяданых урокаў настаўніка (у Дубоўкі: постаці Лірыка і Матэматыка, у Астрэйкі – Знябыціча і Прышлевіча).

Аркадзь Куляшоў – таленавіты, творча дапытлівы, апантаны ў бясконцых пошуках паэт (а к сярэдзіне 1930-х гг. Куляшоў быў ужо прызнаным паэтам, аўтарам некалькіх паэм – «Крыўда» (1931), «Аманал» (1932), «Антон Шандабыла» (1934)) на працягу 30-х гадоў вельмі цяжка ішоў да сталасці і на гэтым шляху рана пачаў усведамляць тупіковасць свайго становішча. Штосьці не дазваляла вялікім задаткам таленту на працягу цэлага перыяду ўзняцца да эстэтычна значнага ўвасаблення часу. Дапамагла тут, як прызнаваўся пазней сам паэт, арыентацыя на творчыя здабыткі і вопыт выдатнага рускага паэта, у прынцыпе земляка А. Куляшова (Магілёўшчына і Смаленшчына знаходзяцца побач) А. Твардоўскага і найперш на яго «Краіну Муравію», на стварэнне якой, у сваю чаргу, моцна паўплываў, паводле прызнанняў самога Твардоўскага, ліра-эпас Я. Коласа і найперш яго славутая «Новая зямля». Аднак А. Куляшоў перш за ўсё вырастаў з самога сябе – нават у той час, калі ён востра адчуў уласны крызісны стан творчасці. З'яўленне «Краіны Муравіі» толькі прыспешыла развіццё тых якасцей, якім у куляшоўскіх вершах і паэмах не пагражала крызіснасць (умоўнае разгортванне дзеяння, рамантызавана-казачная паэтызацыя). Пэўны зрух засведчыла паэма «У зялёнай дуброве» (1939), а яшчэ больш наступная паэма «Хлопцы апошняй вайны», якая пісалася тады, калі на Захадзе ўжо грымела другая сусветная вайна. Менавіта з гэтых твораў пазней вырасла славутая ваенная паэма А. Куляшова «Сцяг брыгады».

Незваротнасць страт у 30-я гады не магла не адкладвацца негатыўна на патэнцыяле мужнага роздуму і духу многіх наступных пакаленняў. I ўсё ж родная зямля не хацела скупіцца з нараджэннем новых талентаў. У паэзію 30-х гадоў прыходзілі новыя імёны – П. Панчанка, А. Русецкі, К. Кірэенка, М. Калачынскі, М. Аўрамчык, А. Вялюгін і інш. – тыя, каму неўзабаве суджана было праз агонь і новыя выпрабаванні несці місію паэтаў франтавога пакалення.

2. Проза 1930-х гадоў

Самай асноўнай асаблівасцю развіцця малой эпічнай формы ў 1930-я гг. з'яўлялася тое, што яна, у параўнанні з папярэднім перыядам, стваралася ў іншых грамадскіх умовах, якія стымулявалі пісьменнікаў да палітычнай дзейнасці, але мала спрыялі сапраўднаму творчаму пошуку. Прыкметна палітызавалася пісьменніцкая пазіцыя, ідэалагізаваўся змест твораў. Гэта не магло не адбівацца на мастацкіх вартасцях апавяданняў.

Адным з самых значных празаікаў 1920-х гг., які шмат працаваў у галіне малой формы, з'яўляецца К. Чорны. У яго творчасці пачатку 30-х гадоў узнікла цікавая для беларускай прозы разнавіднасць апавядальнага жанру. Апавяданні «Сям'я Юрыя Гарэйкі» (1930) і «Семнаццаць год» (1932) адчулі на сабе ўплыў эпічнай задумы празаіка, што выявілася ва ўзмацненні раманнага пачатку. Сюжэт гэтых твораў будуецца на лёсе асобнага чалавека, разгорнутага ў часе і прасторы. Гэта сапраўдны эпас «прыватнага жыцця», у якім выявіла сябе «эпоха войнаў і рэвалюцый». Іншыя ж апавяданні К. Чорнага, асабліва са зборніка «Брыгадзіравы апавяданні» (1932), не валодаюць дадзенай якасцю і характарызуюцца мастацкай слабасцю ў выніку палітыка-ідэалагічнай зададзенасці.

Многа апавяданняў у 1930-я гг. стварыў М. Лынькоў. Неблагія яго творы «Квартармайстар Бадай» (1932) і «Саўка-агіцірнік» (1932). Аднак ужо ў апавяданнях «Крот» і «Сінія галіфэ» (1933) узнёслая інтанацыя, змякчаная цёплым гумарам, што была адметнай рысай творчай манеры М. Лынькова, падмяняецца выкрывальным пафасам. Сатырычны вобраз дэзерціра Івана Гнёта свядома утрыруецца і зніжаецца пры дапамозе натуралістычных падрабязнасцей: здраджваючы сябрам па зброі, герой квапіцца на сінія галіфэ, якія засталіся пасля забітага камандзіра Ермальчука. Класавы падыход, партыйныя лозунгі (аб чым, у прыватнасці, сведчыць назва аднаго з артыкулаў М. Лынькова пачатку 30-х гадоў «За ваяўнічую партыйнасць у пралетарскай літаратуры і мастацтве, за стварэнне сапраўднага вобраза бальшавіка» (Літ. і мастацтва. 1932. 26 лют.)) прыкметна ўплывалі на пісьменніцкую пазіцыю і звужалі магчымасці вобразнага даследавання рэчаіснасці. У апавяданні М. Лынькова з характэрнай, падкрэслена палемічнай назвай «Аб чалавечым сэрцы» (1935) ужо свядома супрацьстаўляюцца хрысціянскі гуманізм і гуманізм «пралетарскі», «сацыялістычны».

М. Тычына звяртае ўвагу на такую якасць і асаблівасць апавядання 1930-х гг., як драматызацыя жанру, прычым не ў лепшым накірунку. Гэта адбывалася за кошт спрашчэння складанай карціны рэальнага жыцця, свядомага абвастрэння супярэчнасцей паміж героямі, носьбітамі супрацьлеглых грамадскіх ідэй, паказу сацыяльных жанфліктаў, за якімі часта знікалі жывое жыццё сучасніка і сапраўдныя праблемы, асабістыя трагедыі людзей. У апавяданні 30-х гадоў прыкметна скараціўся рэестр мастацкіх ідэй, знікла зусім «ідэя асобы», якая цікавіла празаікаў у папярэдняе дзесяцігоддзе, бяднейшай стала тэматыка твораў, нягледзячы на тое, што з'явіліся «вытворчы нарыс» і тэма змагання з «ворагамі народа». Фармальнае абнаўленне тэматыкі не магло кампенсаваць прыкметнае абмяленне гуманістычнага зместу «малой прозы». Многія з хібаў апавядання гэтага часу тлумачыліся тым, што беларускія празаікі працавалі над эпічнымі задумамі. Аднак не ўсе. Нават такія таленавітыя празаікі, як Я. Колас, З. Бядуля, Ц. Гартны, К. Чорны, М. Лынькоў, В. Каваль, Б. Мікуліч, Р. Мурашка, Я. Скрыган, не асмельваліся выходзіць за межы журналісцкага фактаграфізму і павярхоўнай публіцыстыкі. Напрыклад, апавяданне «Адзін» (1930) Я. Коласа друкавалася з уводнай заўвагай аўтара: «Гэты расказ запісаны са слоў самога героя, т. Т-га, з якім аўтару давялося сустрэцца ў паездцы на Асінбуд вясною 1929 г. Пятрусь Клімко – прозвішча выдуманае, Яворскі – перайначанае» (Колас Я. Зб. тв. Т. 5. С. 609.). З такой жа заўвагай маглі б публікавацца і іншыя апавяданні празаіка гэтага часу, такія, як «Не з таго канца» і «Арыніна перамога» (1931), у якіх пераважае бытаапісальніцтва і газетная публіцыстыка.