Смекни!
smekni.com

Развiцце беларускай лiтаратуры ў 1930-я г. (стр. 5 из 7)

Раман «Трэцяе пакаленне» (1935), дзе Чорным даследаваўся і крытыкаваўся свет уласніцтва, сёння выклікае спрэчкі. Разам з тым, аналізуючы яго, трэба мець на ўвазе, што раман меў некалькі рэдакцый, прычым кожная наступная пад націскам вульгарызатараў убірала ў сябе ўсё больш і больш нездаровую атмасферу эпохі, якая, так бы мовіць, і на дух не пераносіла ўласніцтва.

Пераважна з-за творчых прычын (хоць эпоха таксама наклала адбітак менавіта на такі зыход справы) засталіся незавершанымі раманы «Мядзведзічы» (1932) К. Крапівы (адлюстравана вёска на пачатковым этапе калектывізацыі) і «На чырвоных лядах» (1934) М. Лынькова (у цэнтры твора – дарэвалюцыйнае мястэчка з яго жыхарамі-тыпамі).

Паэтыка сацыялістычнага рэалізму, які сцвярджаў сябе ў 30-я гады, на пярэдні план вылучала раман, у якім, аднак, бачыўся эпас, але не прыватнага, а грамадскага жыцця. Асабістае ў характары героя ацэньвалася як праява агульнага, у выніку псіхалогія падмянялася сацыялогіяй. На шырокім гістарычным фоне жывуць і дзейнічаюць героі рамана П. Галавача «Праз гады» (1934–1935), у якім асобнае месца займае паказ грамадства з класавага пункту погляду. Імкненне да манументальнасці выявілася ў індывідуальным стылі празаіка, вонкава аб'ектыўным, нават бясстрасна-рацыянальным, амаль пазбаўленым ад аўтарскай ацэначнасці, што ў сваю чаргу вяло да прыкметнай аднастайнасці малюнка, празмернай замаруджанасці дзеяння, лішняй дэталізацыі. Намаляваная П. Галавачом панарама падзей уражвае сваімі маштабамі: дзеянне адбываецца ў Пецярбурзе, у Сібіры, у вёсцы. Гэта шматгеройны твор, але ў цэнтры сюжэта – прафесійны рэвалюцыянер Павел Буднік, якому ўласцівы не толькі ясны позірк на свет, але і разуменне селяніна, высокая культура адносін з людзьмі. У сваіх учынках ён кіруецца паняццямі класавасці, у адпаведнасці з якімі ацэньвае кожнага чалавека: студэнта Кулікоўскага, які «пратэстуе сваёй смерцю» супраць сацыяльнай несправяддівасці, прафесара Пілацеева, які за інтэлігенцкай фразеалогіяй хавае свае шавіністычныя погляды, прафесара Галынскага, які «ўсё чагосьці шукае, як бы ў тумане ходзіць», прыстасаванца і кар'ерыста Ягуплу, паказнога рэвалюцыянера Лейку. Сімпатыі Будніка на баку такіх працаўнікоў, як Тарэнта Шкробат, жыццёвы лёс якога як бы ілюструе драму народа, што век не меў сваёй зямлі. Пры ўсіх станоўчых момантах твора ідэалагізацыя асабістых дачыненняў герояў рамана прыкметна збядняла іх чалавечую сутнасць, духоўны свет, спрашчала карціну падзей.

М. Гарэцкі сваёй творчасцю прыўнёс у беларускі раман пафас сацыяльна-гістарычнага і псіхалагічна-міфалагічнага даследавання. Гэта выявілася праз раманы «Віленскія камунары» (1931–1932) і «Камароўская хроніка» (1932–1937).

Велізарныя эстэтычныя магчымасці беларускай гісторыі прадэманстраваны М. Гарэцкім у рамане «Віленскія камунары» на адным толькі эпізодзе рэальнага жыцця і подзвігу віленскіх рэвалюцыянераў у часы грамадзянскай вайны. Асаблівую шчырасць і непаўторную паэтычную афарбоўку надае твору мастацкае апавяданне ад імя першай асобы. Мацей Мышка, вачыма якога ўбачаны падзеі, прамы нашчадак беларускіх паўстанцаў, носьбіт нацыянальнай ідэі. Ён добра ўпісваецца ў шэрагі абаронцаў Віленскай гарадской рады (тарыбы), дзе поруч былі беларусы і літоўцы, палякі і рускія, эсэры, бундаўцы, меншавікі, бальшавікі, нацыяналісты і інтэрнацыяналісты, – усе, каго яднала ідэя свабоды. У шматгалоссе ідэйных дыскусій, узноўленых аўтарам, Мацей уносіць голас здаровага сялянскага розуму, які не паддаецца настроям, і вопыт прафесійнага змагара, які за вонкавым бачыць сутнасць. Мацей умее ўзняцца над акалічнасцямі, над уласным самалюбствам, у чым яму дапамагае такая сямейная рыса, як іронія. Іронія героя універсальная, звернугая на ўсе сферы жыцця, без выключэння. Гэта, нарэшце, іронія самога аўтара, які добра ведаў выказванне Гегеля і Маркса пра «іронію гісторыі», калі трагедыя паўтараецца праз пэўны час ў выглядзе фарсу. Мацей пасмейваецца з сябе, бацькі, дзеда, якіх лёс кідае з агню ды ў полымя, іранізуе над прэтэнзіямі эфемерных партый і партыек на ісціну ў апошняй інстанцыі. Толькі ў адным выпадку іронія героя саступае месца гераічнай пафаснасці, калі ён у якасці апошняга сведкі апавядае пра пагібель сяброў-камунараў.

Раман-эпапея «Камароўская хроніка» апавядае пра лёс беларусаў на працягу XIX – пачатку XX стст. Сюжэт яе хранікальна-біяфафічны: усе вялікія і малыя падзеі вясковага жыцця Камароўкі ўзнаўляюцца падрабязна, грунтоўна, з адчуваннем значнасці кожнай дэталі і факта эпохі, якая знікае на вачах сучасніка. Камароўка, як Баркулабава ў славутым летапісе, увасабляе гісторыю нацыі, якая развітваецца са сваім вясковым мінулым. Аўтар узгадвае ўсё, што ведае, чуў пра Камароўку і яе жыхароў. Падзеі сучаснасці, відарыс якіх М. Гарэцкі дае ў апошнім раздзеле твора, праецыруюцца на ўсё, што адбывалася раней, надаючы мастацкаму апавяданню своеасаблівы ўнутраны драматызм і ўздымаючы асобныя эпізоды (смерць Марынкі) да ўзроўню трагедыі. На жаль, М. Гарэцкаму не ўдалося завяршыць раман.

Беларускі раман, не дасягнуўшы свайго творчага ўзлёту, перажываў у 30-я гады крызісны стан, што тлумачылася імкненнем прозы да сацыялістычнага рэалізму, які па сваёй сутнасці адмаўляў асабовае ў чалавеку, свабоду самавыяўлення. Гэта з'ява яскрава нагадвае пра сябе ў гісторыі напісання рамана З. Бядулі «Язэп Крушынскі» (1929–1932): празаіку давялося ўносіць змены ў першапачатковую задуму, уводзіць дадатковы матэрыял, новых герояў, якія павінны былі стаць «супрацьвагай» галоўнаму герою, выкарыстоўваць мала ўласцівыя творчай манеры З. Бядулі шарж і гратэск. Раман нясе на сабе сляды творчага эксперыменту, што выявілася ў выкарыстанні мадэрнісцкіх прыёмаў, у той час як вульгарызатарская крытыка вымагала ад пісьменніка светапогляднай адназначнасці і традыцыйнага рэалізму з дамешкамі сацыялагізму. Загадка галоўнага героя рамана Язэпа Крушынскага, авантурыста, тып якога глыбока распрацаваны сусветнай літаратурай, ляжыць менавіта ў дваістасці аўтарскіх адносін да яго: захапленне мяжуе з асуджэннем, а ідэалізацыя, у якой папракалі пісьменніка крытыкі, перакрыжоўваецца з выкрыццём. У натуры Крушынскага прыкметны мефістофельскі пачатак, які ўсё ператварае ў сваю супрацьлегласць, высокае зніжае, а нізкае ўзвышае, руйнуе (крушыць) усё навокал.

Сцвярджэнне ў жанры рамана надасабовых, дзяржаўных ідэалаў азначала, што пісьменнікі ўсё часцей здраджвалі мастацкай прыродзе творчасці на карысць ідэалагічнай прапагандзе сацыялістычных ідэй. Раманы, апублікаваныя ў другой палове 1930-х гадоў, па многіх сваіх змястоўных і фармальных прыкметах належаць да літаратуры новага тыпу, літаратуры сацыялістычнага рэалізму. Вонкава яны капіравалі класічныя ўзоры, у прыватнасці, актыўна пераймалі творчы вопыт Л. Талстога, аўтара эпапеі «Вайна і мір», але, па сутнасці, выкарыстоўвалі наватарскія адкрыцці папярэднікаў, каб паказаць маштабы рэвалюцыйных пераўтварэнняў, якія сацыяльна змянялі аблічча свету. Талстоўская «думка народная» трансфармавалася ў думку аб вядучай ролі камуністычнай партыі ў арганізацыі «народнай стыхіі» і фарміраванні сацыялістычнага калектыву. Адсюль аднастайнасць сюжэтнай схемы: раман М. Зарэцкага «Вязьмо» (1932) шмат у чым пераклікаецца з раманам М. Шолахава «Узнятая цаліна», а раман Б. Мікуліча «Дужасць» (1934) – з раманам М. Горкага «Маці». Адсюль падабенства вобраза «станоўчага героя» – змагара, будаўніка, кіраўніка, з дапамогай якога празаік дэманструе сваю веру ў канчатковую перамогу камуністычных ідэй.

У самым канцы дзесяцігоддзя з'явіўся раман Р. Мурашкі «Салаўі святога Палікара» (1939). У ім ўзнаўляецца атмасфера даносчыцтва, падазронасці і нецярпімасці, тыповая для 30-х гадоў, якія апісваюцца ў творы. У рамках пануючай ідэалогіі, схільнай усе недахопы залічваць на кошт класавага ворага, аўтар усё ж змог выказаць свае адносіны да падзей і адкрыта заявіць аб тым, што новае жыццё ў калектыве павінна будавацца на аснове прынцыпаў народаўладдзя, роўнасці, справядлівасці, чалавечнасці. Сацыяльны канфлікт паміж староннікамі і праціўнікамі будаўніцтва «новага свету» ў рамане напаўняецца інтэлектуальным сэнсам, перарастае ў сутыкненне дзвюх супрацьлеглых філасофскіх канцэпцый. Аўтар у гэтай дыскусіі на баку тых, хто кіруецца здаровым сялянскім розумам і імкнецца рацыянальна распланаваць свет. Паказваючы сваіх герояў, ён выкарыстоўвае багатую палітру фарбаў, асвоеных да таго часу беларускай прозай, што было асабліва прыкметным на фоне стылявой беднасці і аднастайнасці тагачаснай літаратуры. Раман «Салаўі святога Палікара» – узор поліфанічнай прозы, адзіны ў сваім родзе ў літаратуры 30-х гадоў.

александровіч паэма проза драматургія

3. Драматургія 1930-х гадоў

Стан развіцця беларускай драматургіі на пачатку 30-х гадоў тагачасная крытыка ацэньвала ў цэлым станоўча. Як прынцыпова творчая перамога пракламавалася з'яўленне п'ес з індустрыяльнай тэматыкай. Хваліліся творы за распрацоўку ў іх праблем сацыялістычнага спаборніцтва, разгортвання рацыяналізатарства на вытворчасці і, вядома ж, за адлюстраванне змагання за інтэрнацыяналізм супраць «нацыянал-шавінізму». На ўсіх тэатральных нарадах у ліку прынцыповых дасягненняў беларускай драматургіі называліся п'есы «Мост» Я. Рамановіча, «Гута» Р. Кобеца, «Напор» А. Александровіча, «Качагары» I. Гурскага – творы менавіта на вытворча-індустрыяльную праблематыку з абавязковым наборам у сюжэце пэўных штампаў (сацспаборніцтва, класавая пільнасць, шкодніцтва і г. д.).