Смекни!
smekni.com

Развiцце беларускай лiтаратуры ў 1930-я г. (стр. 7 из 7)

У 1935 г. В. Шашалевіч напісаў драму «Сімфонія гневу». Да гэтага ж часу сам драматург паспеў пабываць у берыеўска-берманаўскіх засценках, таму яго аб'ектыўна-светапогляднае непрыняцце таталітарызму ўзмацнілася яшчэ і асабістымі рахункамі. Як п'есу-папярэджанне ўспрыняла літаратурная грамадскасць «Сімфонію гневу», разглядаючы яе ў шэрагу такіх вядомых у свеце твораў, як «Міхаэль Кнобэ, або Дзірка на твары» Э. Велька, «Крутагаловыя і вострагаловыя» Б. Брэхта, «На Захадзе бой» Ус. Вішнеўскага, «Алькадар» Г. Мдзівані, «Маці» К. Чапэка, «Салют, Іспанія» А. Афінагенава. У гісторыі беларускай драматургіі «Сімфоніі гневу» належыць важнае месца дзякуючы глыбіні ў распрацоўцы праблемы ўзаемаадносін мастака і тыранічнай улады. Галоўны герой кампазітар Раман Сальк сцвярджаў, што ніхто – ні дзяржава, ні ўрад, ні прыватны чалавек – не павінен дыктаваць вольнаму духу мастака, што ні адзін найвялікшы твор мастацтва не быў напісаны па чыімсьці загаду. Мастак сам знаходзіць свае тэмы, ён прыслухоўваецца толькі да свайго сумлення. Кіруецца ўласнымі перакананнямі, якія даюць яму сілы тварыць. Жыццё ўнясе пэўныя карэктывы ў гэтыя погляды кампазітара, і ён згодзіцца напісаць сімфонію па заказу, але гэта будзе заказ не ўладароў, а прыгнечанага народа.

У шэрагу антыфашысцкіх п'ес своеасаблівае месца належыць драме Б. Мікуліча «Рот фронт» (1933). Сюжэт п'есы мае нязвыклую структуру: твор атрымаў форму драматычнай аповесці без разбіўкі на дзеі, акты, сцэны, але з вылучэннем некалькіх падзейна-тэматычных блокаў. Адсутнасць у п'есе прывычнага для драматургіі арганізацыі канфлікту пісьменнік спрабаваў кампенсаваць багаццем жыццёвых фактаў. Кожным сваім радком «Рот фронт» быў скіраваны супраць традыцыйнай паэтыкі ў драматургіі, супраць таго яе напрамку, які звязваўся з творчасцю К. Крапівы і К. Чорнага. Амаль адначасова з п'есай «Рот фронт» малады пісьменнік піша палемічны артыкул «Дыскусійныя нататкі», у якім зусім пэўна выклаў свае погляды на праблему: «У апошні час на літаратурным і тэатральным фронце зноў актывізуецца зацікаўленасць вакол праблемы наватарства. Гэта праблема датычыцца ўсіх відаў мастацтва. Некаторыя з літаратараў лічаць усялякае наватарства фармалізмам, г. зн. выяўленнем ідэалогіі загніваючай буржуазіі, абвяшчаюць фармальны эксперымент з'явай рэакцыйнай… Усё настойлівей і настойлівей гучаць галасы за аднаўленне «класічнай» драмы (тры дзеі, пяць удзельнікаў і г. д.). На змену індустрыяльнай, масавай п'есы зноў прыходзіць «псіхалагічная» драма («Канец дружбы»). Хіба можа тэатр сацыялістычны абмяжоўвацца паказам чалавека ў «чатырох сценках» павільёна, у «сямейнай», «інтымнай» абстаноўцы? Не, не можа» (Драматургія. С. 130–131.).

Між тым псіхалагічная драма ніколі не абмяжоўвалася паказам чалавека толькі ў сямейна-інтымных, камерных рамках. Антыфашысцкія п'есы, як правіла, не вызначаліся вышынёй мастацкага спасціжэння рэчаіснасці, аднак яны цікавыя былі антываенным пафасам («Сяржант Дроб» (1935) Э. Самуйлёнка, «Велікадушнасць» (1935) В. Галаўчынера).

Умацаванне Гітлера ў Германіі, Мусаліні ў Італіі, перамога франкістаў у Іспаніі паставіла чалавецтва на грань бездані. Ні для каго не было сакрэтам у канцы 30-х гадоў, што тая вайна блізка. Менавіта таму сталі ўспамінаць, што існуе патрыятызм, што без яго нават самая моцная армія Айчыну не абароніць. Былі зняты табу на многія тэмы і праблемы. Не абышлося тут і без кур'ёзаў. Галоўны суддзя-інквізітар над фальклорна-этнаграфічным пластам у беларускай драматургіі В. Вольскі сам напісаў п'есу «Цудоўная дудка» (1939) менавіта на фальклорным матэрыяле. Такі ж матэрыял лёг у аснову камедыі «Несцерка» (1940) (публікацыі апошняга часу, у якіх аспрэчваецца ў В. Вольскага аўтарства «Несцеркі» на карысць У. Галубка, не з'яўляюцца цалкам бясспрэчнымі, толькі камп'ютэрна-лексічны аналіз расставіць кропкі над «і»), якая праславіла не толькі аўтара, але і тэатр імя Я. Коласа, у рэпертуары якога спектакль на гэтай п'есе вось ужо звыш паўстагоддзя ззяе яркай зоркай.

Большай актыўнасці можна было б чакаць ад беларускіх драматургаў у асваенні гістарычнага матэрыялу, балазе іх рускія і ўкраінскія калегі ў гэтым сэнсе давалі добры прыклад, літаральна навадніўшы рэпертуар п'есамі з гісторыі сваіх народаў. У тым ліку і гісторыка-біяграфічнымі драмамі. Беларусы ж да таго часу яшчэ не здолелі разабрацца са сваімі знакамітымі прашчурамі, да многіх з іх па-ранейшаму заставаліся варожыя адносіны, драматургі альбо не рызыкавалі заглядваць у мінулае глыбей 1917 г. («Перад світаннем» (1930) М. Зорава, «Агні Палесся» (1931) М. Блісцінава), альбо выбіралі ў старадаўнасці «неканкрэтных» герояў («Салавей» (1930) З. Бядулі, «Кацярына Жарнасек» (1937) М. Клімковіча). У драме «Салавей», напісанай паводле аднайменнай аповесці, дзея аднесена да пачатку XVIII ст., аднак гістарычным гэты твор можна лічыць з вялікай доляй умоўнасці з-за адсутнасці ўласна гістарычнай канкрэтыкі. У драме «Кацярына Жарнасек» такой канкрэтыкі значна больш. I гістарычны матэрыял, пакладзены ў яе аснову – перыпетыі антыпрыгонніцкага руху на Беларусі ў сярэдзіне XVI ст., – вельмі ўдзячны для стварэння драматычнай хронікі. На жаль, аўтар не здолеў на добрым мастацкім узроўні распарадзіцца гэтым матэрыялам, не могучы выбавіцца з цянётаў кан'юнктуршчыны. Палітык у яго душы перамог мастака.

У гісторыі беларускай драматургіі другая палова 30-х гадоў паўстае ў змрачнаватым святле. I сапраўды, былі рэпрэсіраваны У. Галубок, М. Зарэцкі, В. Шашалевіч, Л. Родзевіч, В. Сташэўскі і многія іншыя. Надламаўся, адышоў у іншыя сферы творчасці Е. Міровіч. Нягледзячы ні на што, і ў другой палове 30-х гадоў працягваліся творчыя пошукі. Менавіта на гэты час прыпадае росквіт драматургічнага таленту Кандрата Крапівы: сатырычная п'еса «Хто смяецца апошнім» (1939) увайшла ў элітны фонд сусветнай камедыяграфіі. Наглядаўся пэўны прыток свежых сіл у драматургію: М. Паслядовіч – «Гонар» (1934), «Шалёная рысь» (1939), Ф. Альшэўская – «На чыім баку» (1935), Б. Гузарэвіч – «Не спяшайся, доктар, спаткнешся», «Памылка» (усе 1938), Х. Шынклер – «Пачэсны рэйс» (1939), Я. Маўр – «Хата з краю» (1939), «Памылка» (1940), А. Якімовіч – «Чалавек-невідзімка» (1939) і інш.

Напрыканцы 30-х гадоў у беларускай драматургіі на поўны голас загучала тэма жыцця ў прыграніччы: «Базылевічава сям'я» (1938) К. Чорнага, «Пагібель воўка» (1939) Э. Самуйлёнка, «На варце» (1938) I. Гурскага, «Гарачае чэрца» (1938) і «Шалёная рысь» (1939) М. Паслядовіча, «Хата з краю» Я. Маўра, «Каля лісяй нары» (1939) Ф. Альшэўскай.

Завяршаліся 30-я гады для беларускай драматургіі ў прынцыпе на мажорнай ноце. Два творы «Хто смяецца апошнім» К. Крапівы і «Пагібель воўка» Э. Самуйлёнка ў пастаноўцы БДТ-1 былі на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве (1940), дзе яны атрымалі вельмі высокую ацэнку савецкіх і зарубежных спецыялістаў.


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Арочка М.М. Паэзія 30-х гадоў // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. Мн., 1999. С. 46–61.

2. Гніламёдаў У.В. Ад даўніны да сучаснасці: Нарыс пра беларускую паэзію. Мн., 2001.

3. Анталогія беларускай паэзіі: У 3 т. Мн., 1993. Т. 1–2.

4. Тычына М.А. Проза // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. Мн., 1999. С. 102–133.

5. Лаўшук С.С. Драматургія // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. Мн., 1999. С. 153–166.