Істотны ўклад у развіццё французскай і ўсёй заходнееўрапейскай літаратуразнаўчай думкі эпохі Адраджэння ўнёс выдатны філосаф і пісьменнік Мішэль Мантэнь – стваральнік жанру эсэ («Вопыты»), у якім аб’ядноўваўся і сінтэзаваўся філасофскі, літаратурны і літаратурна-крытычны змест.
Літаратуразнаўчая думка Германіі і Нідэрландаў эпохі Адраджэння прадстаўлена працамі Рэйхліна, Ульрыха фон Гутэна, Бранта, Эразма Ратэрдамскага.
Іагану Рэйхліну (1455–1522) належыць адна з першых крытычных ацэнак лацінскага перакладу Бібліі, зробленага ў ІV ст. «бацькам царквы» Іеронімам і залічанага Ватыканам у разрад кананічных кніг. Наогул Рэйхлін стаяў ля вытокаў барацьбы еўрапейскіх гуманістаў з царкоўнымі цемрашаламі і дагматыкамі. Асабліва яскрава аб гэтым сведчыць яго кніга «Пісьмы знакамітых людзей» (1514), якая, дарэчы, паклала пачатак адной з першых у Еўропе літаратурных дыскусій.
Ульрых фон Гутэн разам са сваімі сябрамі-аднадумцамі К. Рубеанам і М. Руфам выдаў у 1517 г. антыклерыкальны сатырычны зборнік-пародыю «Пісьмы цёмных людзей». Дадзены зборнік стаў своеасаблівым працягам кнігі Рэйхліна, толькі ў крыху іншым, парадыйна-сатырычным плане.
Філалагічную крытыку старажытнагрэчаскіх і лацінскіх перакладаў Евангелля працягнуў буйнейшы гуманіст пачатку ХVІ ст. Эразм Ратэрдамскі. Асабліва моцна гуманістычная і ўласна філалагічная дзейнасць Э. Ратэрдамскага адлюстравалася ў працах «Пахвала дурноце» (1509), «Як пісаць пісьмы» (1522) і «Цыцэраніянец» (1528).
Літаратурна-крытычная думка Англіі эпохі Адраджэння сваё найвышэйшае развіццё атрымала ў працах П. Сідні і Ф. Бэкана.
Эстэтычны трактат Піліпа Сідні «Абарона паэзіі» (1583) – гэта добра аргументаваная абарона паэтычнага слова ў самых розных яго відах і жанрах.
Буйнейшы філосаф англійскага Адраджэння Фрэнсіс Бэкан шырока вядомы яшчэ і як аўтар каментарыяў да антычных міфаў. Гэта адлюстравалася ў кнізе «Мудрасць старажытных» (1609), дзе вучоны дае алегарычную інтэрпрэтацыю міфалогіі.
Дасягненні іспанскай літаратуразнаўчай думкі эпохі Адраджэння звязаны ў асноўным з дзейнасцю буйнейшых іспанскіх пісьменнікаў гэтага часу Лопэ дэ Вега і Сервантэса.
Трактат Лопэ дэ Вега «Новае кіраўніцтва да складання камедый» многія даследчыкі не без падстаў лічаць першым маніфестам рэнесанснага рэалізму.
Прыкметы і рысы рэнесанснага рэалізму атрымалі таксама сваё выражэнне і трактоўку ў выказваннях наконт прыроды паэтычнай творчасці бессмяротнага аўтара «Дон-Кіхота». Гэта было зроблена Сервантэсам у раннім рамане «Галатэя», напісаным у традыцыях пастаральнай літаратуры, а таксама ў створанай пісьменнікам за некалькі гадоў да смерці паэме «Падарожжа на Парнас».
1.4 Літаратуразнаўчая думка краін Заходняй Еўропы ў ХVІІ ст.
ХVІІ ст. у гісторыі заходнееўрапейскай эстэтычнай і тэарэтыка-літаратурнай думкі праходзіла пад моцным класіцыстычным ухілам. Разам з тым мелі месца і іншыя, у прыватнасці барочныя тэндэнцыі, а таксама ішло зараджэнне эстэтыкі асветніцкага рэалізму. Адзначаныя тэндэнцыі ў той альбо іншай ступені знайшлі сваё адлюстраванне ў літаратурнай тэорыі і крытыцы.
Самыя глыбокія вытокі класіцызму ляжаць у Італіі, у паэтыках Л. Кастэльвестра і Ю. Скалігера. Але найбольш моцна і поўна класіцызм выявіўся ў Францыі. Менавіта тут меліся асабліва спрыяльныя грамадскія і культурныя ўмовы для фарміравання гэтага накірунку як цэласнай мастацка-эстэтычнай сістэмы.
Адным з першых тэарэтыкаў і практыкаў класіцызму ў Францыі стаў Франсуа дэ Малерб (1555–1628). Ён займеў у краіне аўтарытэт і рэпутацыю рэфарматара французскай паэзіі, ідэолага новага палітычнага рэжыму, які паставіў літаратуру на службу сваім задачам. Малерб арганізаваў гурток паслядоўнікаў уласнай дактрыны, у якім ажыццяўляў крытычнае вывучэнне творчасці лепшых французскіх паэтаў таго часу – Рансара, Дзю Беле, Дэпорта. Мастацтва Малерб разумеў як прафесійнае валоданне майстэрствам. Ён заклікаў пісьменнікаў да выкарыстання строгай рацыяналістычнай формы. І наогул, на думку Малерба, павінны быць распрацаваны універсальныя правілы напісання твораў, адзіныя для ўсіх народаў, эпох, а таксама для ўсіх відаў і жанраў літаратуры. Ён быў прыхільнікам строгай жанравай іерархіі і на першае месца ў агульным відавым і жанравым радзе ставіў оду. Вельмі строга Малерб ставіўся да мовы мастацкіх твораў, увесь час абараняючы яе ад насычэння архаізмамі, жарганізмамі і правінцыялізмамі.
Абаронцам антычнай традыцыі ў французскім класіцызме выступіў тэарэтык і літаратурны крытык Жан Шаплен (1595–1674). Менавіта яму належыць знакамітае «Пісьмо аб правіле дваццаці чатырох гадзін» (1630) – своеасаблівая праграма тэатра класіцызму. Шаплен прымаў таксама даволі актыўны ўдзел у вядомай спрэчцы аб трагікамедыі Карнэля «Сід», рэкамендаваўшы аўтару ў «Думках французскай акадэміі наконт трагікамедыі «Сід» (1637) тое-сёе паправіць у творы, каб ён набыў класіцыстычную строгасць і выразнасць.
Бібліяй тэорыі драмы эпохі класіцызму называюць трактат «Практыка тэатра» (1657) абата Франсуа д’Абіньяка (1604–1676). Ідучы ўслед за Шапленам, ён выступае не столькі як каментатар Арыстоцеля, колькі як тэарэтык, які выкладае асноўныя законы тэатра.
Наступным этапам развіцця літаратурнай тэорыі і крытыкі французскага класіцызму становіцца драматургічная тэорыя буйнейшага прадстаўніка класіцысцкай трагедыі П’ера Карнэля (1606–1684). Яна атрымала выражэнне ў прадмовах і каментарыях драматурга да яго ўласных трагедый. Асаблівае месца сярод шматлікіх артыкулаў і трактатаў Карнэля займае разбор трагедыі «Нікамед», дзе раскрываюцца рысы трагедыйнай сістэмы пісьменніка, яго разуменне катэгорыі гераічнага.
Вяршыняй французскага і ўсяго еўрапейскага класіцызму ў плане яго эстэтычнай распрацоўкі лічыцца дзейнасць Нікаля Буало-Дэпрэо (1636–1711). Вершаваны трактат Н. Буало «Паэтычнае майстэрства» (1674) атрымаў у той час у Еўропе самае шырокае прызнанне. Адно з першых важных пытанняў, якое закранае тэарэтык у трактаце, – гэта ацэнка грамадскай функцыі і ролі літаратуры, а таксама адказнасць паэта перад грамадствам. У паэме-трактаце таксама дэкларуецца асноўнае правіла класіцызму – кіравацца розумам пры напісанні твораў. Гэта перш за ўсё выражаецца ў падначаленні формы зместу, у здольнасці пісьменніка думаць паслядоўна, лагічна і ясна. Буало выступае супраць залішняга арыгінальнічання ў лексіцы, рыфме, сінтаксісе – усяго таго, што зацямняе сэнс. Розуму, на яго думку, належыць асноўная роля ў пабудове кампазіцыі твора. Другім важным прынцыпам эстэтыкі і паэтыкі Буало з’яўляецца патрабаванне ісці ўслед за прыродай, як на тое ўказвае рацыяналістычная філасофія. Цэнтральнае месца ў паэтыцы павінны, па Буало, займаць жанры, у якіх грамадскія сувязі і этычныя перакананні чалавека раскрываюцца ў дзеянні. Да такіх жанраў пісьменнік адносіць трагедыю, эпапею і камедыю. Лірыцы тэарэтык адводзіць другараднае і падначаленае месца. Яшчэ адна праблема, на якой акцэнтуе ўвагу Буало, – гэта суаднесенасць у творы рэальнага факта і мастацкага вымыслу. Апошні таксама можа займаць у творы вялікае месца, калі адлюстраванае ў цэлым не супярэчыць звычайным законам логікі і здаровага сэнсу. Мэтай і задачамі літаратурнай крытыкі, па Буало, з’яўляецца выхаванне і развіццё густаў чытачоў на лепшых узорах антычнай і сучаснай французскай паэзіі. Ад крытыка тэарэтык патрабуе глыбокай дасведчанасці, разумнасці, а таксама надзвычай высокіх маральна-этычных якасцей.
У развіцці тэарэтычнай і літаратурна-крытычнай думкі французскага класіцызму значнае месца належыць таксама працам «Трактат аб узнікненні рамана» П’ера-Даніэля Юэ, «Аб характарах трагедыі» Сент-Эўрэмона, «Паралелі паміж старажытнымі і новымі» знакамітага французскага казачніка, паэта і літаратурнага крытыка Шарля Перо, «Пастаралі» Бернара Фантэнэля, «Слова аб Тэафрасце» Жана дэ Лайбруйера, «Пісьмо аб занятках Французскай акадэміі» Франсуа дэ Фенелона.
Адным з першых тэарэтыкаў і практыкаў англійскага класіцызму стаў вялікі стваральнік «Згубленага раю» Джон Мільтан (1608–1674). Найбольш моцна эстэтычная праграма Мільтана, а таксама яго тэорыя драматычнай паэзіі, былі выкладзены пісьменнікам у прадмове да драмы «Самсон-змагар» (1671), якая атрымала падзагаловак «Аб тым родзе драматычнай паэзіі, які называецца трагедыяй».
Самым актыўным тэарэтыкам класіцызму ў Англіі быў Джон Драйдэн (1631–1700). Наогул Драйдэна лічаць «бацькам» англійскай крытыкі. Ім было напісана мноства прадмоў і ўступных артыкулаў да п’ес. Пяру Драйдэна належыць таксама вялікі тэарэтычны трактат «Вопыт аб драматычнай паэзіі» (1668). У ім аўтар закрануў шэраг літаратуразнаўчых пытанняў. Сярод іх – мастацкая спецыфіка англійскай нацыянальнай драматургіі; асаблівасці сюжэтапабудовы драматычных твораў; сувязь мастацтва з грамадствам, яго станам і норавамі; і г. д. У эсэ «Аб гераічных п’есах» і «Драматычная паэзія мінулага стагоддзя» (1672) пісьменнік абгрунтоўвае створаны ім жанр гераічнай п’есы.
Сярод тэарэтыкаў класіцызму ў літаратурах іншых заходнееўрапейскіх краін неабходна перш за ўсё назваць нямецкага паэта Марціна Опіца (1597–1639), аўтара трактатаў «Арыстарх, ці Аб пагардзе да нямецкай мовы» (1618) і «Кніга аб нямецкай паэзіі» (1624). У першым трактаце аўтар выступіў супраць даволі распаўсюджанай у той час думкі аб непрыдатнасці нямецкай мовы для напісання літаратурных твораў. «Кніга аб нямецкай паэзіі» – гэта першая «паэтыка» на нямецкай мове. Опіц, абапіраючыся на аўтарытэт Гарацыя, Скалігера, Рансара, эстэтычныя традыцыі Рэнесанса, абгрунтоўвае тэорыю літаратурнага класіцызму.