Смекни!
smekni.com

Раннія этапы ў развіцці літаратуразнаўчай думкі (стр. 4 из 4)

У працах Клода Андрыяна Гельвецыя (1715–1771) практычна ўпершыню ў еўрапейскай эстэтыцы вызначыўся гістарычны падыход да з’яў літаратуры і мастацтва. У знакамітай кнізе «Аб розуме» (1758) ён указвае на залежнасць мастацкага выяўлення ад асаблівасцей гістарычнага развіцця грамадства. Прычым, Гельвецый мае на ўвазе не толькі гістарычную змену эстэтычных густаў, але і эвалюцыю мастацкіх твораў.

У тэарэтычнай і літаратурна-крытычнай спадчыне французскіх асветнікаў важнае месца займаюць «Меркаванні аб мастацтвах і навуках» (1750) Жан-Жака Русо (1712–1778). Галоўным у мастацтве асветнік лічыць яго сацыяльную накіраванасць і адпаведны змест, а таксама здольнасць выхоўваць грамадзяніна. Асаблівыя магчымасці ў гэтым плане маюцца, на яго думку, у драматычнага мастацтва.

Нямецкае Асветніцтва, як і англійскае з французскім, таксама прадстаўлена шэрагам яркіх і таленавітых асоб, унёсшых істотны ўклад у развіццё эстэтыка-літаратурнай думкі кантынента і свету ў цэлым.

Погляды рэфарматара нямецкай мовы і літаратуры Іагана Крыстафа Готшэда (1700–1766) выкладзены ў трактаце «Вопыт крытычнай паэтыкі для немцаў» (1730), у якім аўтар рашуча выступае супраць засілля рэлігійных матываў у паэзіі, залішняга гіпербалізму, нагрувашчвання метафар, шэрагу іншых адмоўных элементаў і рыс.

Готхальда Эфраіма Лесінга (1729–1781) справядліва лічаць буйнейшым прадстаўніком нямецкага Асветніцтва, рэвалюцыянерам крытычнай думкі. Да найбольш значных тэарэтычных і літаратурна-крытычных прац, якія пакінуў пасля сябе Лесінг, адносяцца «Пісьмы аб навейшай літаратуры» (1759–1765), «Лаакаон, ці Аб межах жывапісу і паэзіі» (1766) і «Гамбургская драматургія» (1769). «Пісьмы аб навейшай літаратуры» ўзніклі на аснове штотыднёвых літаратурных аглядаў, якія рабіў Лесінг для аднаго з берлінскіх часопісаў. Ужо ў іх аўтар узняў і паспрабаваў вырашыць шэраг важных эстэтычных пытанняў, такіх, напрыклад, як традыцыі і пераемнасць, грамадскі змест і шляхі развіцця мастацтва. «Лаакаон, ці Аб межах жывапісу і паэзіі» – гэта першае буйное тэарэтычнае даследаванне Лесінга і разам з тым адзін з самых значных помнікаў эстэтычнай і літаратуразнаўчай думкі еўрапейскага Асветніцтва. Для тэорыі прыгожага пісьменства значэнне гэтага трактата ў тым, што ў ім вучоны адным з першых даў адказ на пытанне аб спецыфіцы прадмета, зместу і формы літаратуры як мастацтва слова. У зборніку рэцэнзій «Гамбургская драматургія» даследчык зрабіў вельмі шмат цікавых заўваг наконт спецыфікі драматычнага мастацтва, а таксама даў адмоўную ацэнку класіцыстычнаму тэатру.

Велізарны ўклад у развіццё еўрапейскай літаратурнай тэорыі і крытыкі ўнёс Іаган Готфрыд Гердэр (1744–1803). Пяру Гердэра належаць такія арыгінальныя працы, як «Фрагменты аб новай нямецкай літаратуры» (1768), «Крытычныя рыштаванні» (1769), «Вытрымкі з перапіскі аб Асіане і песнях старажытных народаў» (1773), «Шэкспір» (1773), «Аб падабенстве сярэдневяковай англійскай і нямецкай паэзіі» (1777). Галоўная заслуга Гердэра перад літаратурнай навукай у тым, што ён паспрабаваў на аснове гістарызму зразумець нацыянальную і культурную своеасаблівасць мастацкай творчасці, а таксама вызначыць месца «народнай паэзіі» ў гісторыка-літаратурным працэсе.

Да сярэдзіны ХVІІІ ст. адносіцца зараджэнне ўласнага рускага літаратуразнаўства, якое ў ХІХ ст. набярэ значную моц і выйдзе на еўрапейскі і сусветны ўзровень.

У ХVІІІ ст. пытаннямі літаратуразнаўчага характару займаюцца найперш вядомыя расійскія пісьменнікі В. Традзякоўскі («Новы і кароткі спосаб да складання расійскіх вершаў...»), М. Ламаносаў («Кароткае кіраўніцтва да красамоўства»), А. Сумарокаў («Эпістала аб вершатворстве»). Асноўная накіраванасць і пафас іх прац – прапаганда і ўвядзенне ва ўжытак больш прагрэсіўнай і больш падыходзячай да рускай паэзіі сілаба-танічнай сістэмы вершаскладання. А. Байбакоў у 1774 г. выдаў першы ў Расіі вучэбны дапаможнік па прыгожаму пісьменству «Правілы піітычныя ў карысць юнацтва», у якім былі выкарыстаны словы-тэрміны не замежнага, а расійскага паходжання («повествовательная поэзия», «смешанная поэзия» і інш.).

Акрамя названых вышэй аўтараў даволі прыкметны ўклад у станаўленне і развіццё рускай літаратурнай навукі ўнеслі С. Салаўёў («Прасодыя, альбо Кіраўніцтва да лацінскага верша для карысці расійскага юнацтва…», 1778), А. Сярэбранікаў («Кароткае кіраўніцтва да араторыі расійскай», 1778), І. Рыжскі («Вопыт рыторыкі», 1796), А. Канцемір («Анакрэонтава жыццё», 1736), «Жыціе Квінта Гарацыя Флака», 1742), М. Новікаў («Вопыт гістарычнага слоўніка аб расійскіх пісьменніках», 1772), М. Хераскаў («Развагі аб расійскім вершатворстве», 1772).

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Введение в литературоведение. Хрестоматия / Под ред. П.А. Николаева.– 3-е изд., испр. и доп.– М., 1997.

2. Возникновение русской науки о литературе / Под ред. П.А. Николаева.– М., 1975.

3. Нефёдов Н.Т. История зарубежной критики и литературоведения / Нефёдов Н.Т. – М., 1988.

4. Волков И.Ф. Теория литературы / Волков И.Ф. – М., 1995.

5. История эстетической мысли: В 6 т.– М., 1985.– Т. 2.

6. Гуляев Н.А. Теория литературы / Гуляев Н.А. – М., 1985.

7. Николаев П.А., Курилов А.С., Гришунин А.Л. История русского литературоведения.– М., 1980.

8. Курилов А.С. Литературоведение в России ХVІІІ века.– М., 1981.

9. Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Уводзіны ў літаратуразнаўства. - 2-е выд., дапр. і дап. – Мн., 1982.

10. Литературные манифесты западноевропейских классицистов – М., 1980.

11. Основы литературоведения / Под. ред. В.П. Мещерякова.– М., 2000.

12. Поспелов Г.Н. Теория литературы.– М., 1978.

13. Уводзіны ў літаратуразнаўства. Хрэстаматыя / Пад рэд. М.А. Лазарука - 2-е выд., дапр. і дап.– Мн., 1991.

14. Хрестоматия по теории литературы / Составитель Л.Н. Осьмакова.– М., 1982.