Смекни!
smekni.com

Раннія этапы ў развіцці літаратуразнаўчай думкі (стр. 1 из 4)

Раннія этапы ў развіцці літаратуразнаўчай думкі


Змест

1. Раннія этапы ў развіцці літаратуразнаўчай думкі

1.1 Самыя першыя крокі навукі аб літаратуры

1.2 Літаратуразнаўчая думка ў сярэднія вякі

1.3 Развіццё літаратурнай навукі ў эпоху Адраджэння

1.4 Літаратуразнаўчая думка краін Заходняй Еўропы ў ХVІІ ст.

1.5 Фарміраванне літаратуразнаўства як самастойнай навукі ў ХVІІІ ст.

Спіс выкарыстаных крыніц


1. Раннія этапы ў развіцці літаратуразнаўчай думкі

1.1 Самыя першыя крокі навукі аб літаратуры

Эстэтычныя, а ў іх межах і літаратуразнаўчыя паняцці і канцэпцыі пачалі ўзнікаць па меры разбурэння першабытнага сінкрэтызму ва ўяўленнях чалавека, а таксама ў сувязі з паступовым выдзяленнем мастацтва ў адметную і спецыфічную форму грамадскай свядомасці і галіну культурнай дзейнасці людзей. Заўважым, што першапачатковыя тэарэтыка-літаратурныя ўяўленні былі практычна неадлучнымі ад агульнаэстэтычных і філасофскіх меркаванняў.

Самыя першыя развагі аб літаратуры і мастацтве сустракаюцца ў найстаражытнейшых пісьмовых помніках: у індыйскіх ведах (Х–ІІ стст. да н.э.), у кітайскай «Кнізе паданняў» («Шуцзін», V–ІV стст. да н.э.), у грэчаскіх «Іліядзе» і «Адысеі» (VІІІ–VІІ стст. да н.э.), шэрагу іншых прац.

Першыя канцэпцыі мастацтва ў Еўропе былі распрацаваны антычнымі вучонымі. Так, Платон (V–ІV стст. да н.э.) разгледзеў у русле аб’ектыўнага ідэалізму шэраг эстэтычных праблем (у тым ліку і праблему прыгожага), паспрабаваў вывесці гнасеалагічную прыроду мастацтва, акрэсліць яго выхаваўчую функцыю. Ён даў таксама некаторыя важныя звесткі і па ўласна тэорыі літаратуры, у прыватнасці, правёў падзел яе на роды.

У Арыстоцеля (ІV ст. да н.э.) пры захаванні агульнаэстэтычнага падыходу да мастацтва мы бачым ужо фарміраванне ўласна літаратуразнаўчых дысцыплін – паэтыкі і стылістыкі. Праца Арыстоцеля «Аб мастацтве паэзіі» (другая яе, пазнейшая назва «Паэтыка») стала першым сістэматычным выкладам асноў паэтыкі. Акрамя таго, яна адкрыла шматвяковую традыцыю стварэння спецыяльных нарматыўных трактатаў па гэтай дысцыпліне.

Развіваецца ў антычны час і рыторыка, у рамках якой адбываецца фарміраванне і станаўленне тэорыі прозы і стылістыкі. У антычнасці ляжаць таксама вытокі еўрапейскай літаратурнай крытыкі: меркаванні ранніх філосафаў аб Гамеры, супастаўленне трагедый Эсхіла і Еўрыпіда ў камедыі Арыстафана «Жабкі» (405 да н.э.), крытыка тэксту з пункту гледжання яго адпаведнасці арыгіналу, і г. д. Зараджаюцца таксама біябібліяграфія («Табліцы» Калімаха як правобраз літаратурнай энцыклапедыі), тэксталогія (перапісванне і каменціраванне тэкстаў).

Асабліва моцны штуршок для развіцця старажытнагрэчаскай літаратуразнаўчай думкі дала эпоха элінізму (ІV–І стст. да н.э.). Аб гэтым сведчыць дзейнасць Арыстафана Візантыйскага (287–180 да н.э.), ажыццявіўшага выданні Гамера, Гесіёда, грэчаскіх лірыкаў. Вучань Арыстафана Арыстарх Самафракійскі (215–145 да н.э.) даследаваў гамераўскі эпас з пункту гледжання адпаведнасці некаторых адлюстраваных у ім момантаў жыццёвым рэаліям. Шэраг цікавых заўваг аб аратарскім майстэрстве зрабіў Дзіянісій Галікарнаскі (І ст. да н.э.).

Старажытнарымская літаратурная тэорыя і крытыка прадстаўлена ў першую чаргу працай Гарацыя «Навука паэзіі» (І ст. да н.э.). Аўтар даволі плённа працягнуў і развіў у ёй традыцыі Арыстоцеля, закладзеныя ва ўжо згаданай вышэй «Паэтыцы». «Навука паэзіі» Гарацыя стала праз шаснаццаць стагоддзяў тэарэтычнай асновай класіцызму.

Шэраг праблем літаратуразнаўчага характару закранаюцца ў трактатах «За Архія» Марка Тулія Цыцэрона (106–43 да н.э.) і «Аб прыродзе рэчаў» Ціта Лукрэцыя Кара (99–54 да н.э.).

Глыбокія канцэпцыі літаратуры і мастацтва складваюцца ў часы класічнай старажытнасці ў краінах Усходу. Так, у Кітаі ў русле канфуцыянства фарміруецца вучэнне аб сацыяльна-выхаваўчай функцыі мастацтва, а ў русле даасізму – эстэтычная тэорыя прыгожага на аснове універсальнага творчага пачатку «дао».

Распрацоўваюцца пытанні літаратуры і ў Індыі, аб чым, напрыклад, сведчыць трактат «Нацьяшастра», які прыпісваецца Бхараце і датуецца прыкладна ІV ст.

Заўважым, што ва ўсіх усходніх мастацка-эстэтычных канцэпцыях прысутнічае вельмі моцны лінгвістычны, а дакладней, лінгва-стылістычны аспект. У цэлым жа станаўленне і развіццё літаратуразнаўчай думкі ў краінах Усходу вызначалася перавагай агульнатэарэтычных і агульнаэстэтычных метадаў над даследаваннямі гістарычнага і эвалюцыйнага плану, якія ўвайшлі тут у сілу толькі ў ХІХ–ХХ стст.

1.2 Літаратуразнаўчая думка ў сярэднія вякі

мастацтво літаратуразнаўчая навука

Сувязнымі звеннямі паміж антычнай і новай навукай аб літаратуры сталі даследаванні візантыйскіх і заходнееўрапейскіх вучоных эпохі сярэднявечча.

Ранняя візантыйская літаратурна-крытычная і навукова-тэарэтычная думка прадстаўлена выказваннямі аб каштоўнасцях старажытнагрэчаскай літаратуры Флавія Клаўдзія Юліяна (332–363), трактатамі аб асаблівасцях вершаскладання паэта Ноны з горада Панопаліса (V ст.), вучэннем аб вобразах і сімвалах пад назвай «Арэапагітыкі» Псеўда-Дыянісія (канец V – пач. VІ стст.).

Прапагандыстам лепшых каштоўнасцей антычнасці стаў Фоцій (810–891). Яго традыцыі працягнуў буйнейшы візантыйскі філолаг Яўстафій Салунскі (1115–1195). Найбольшую вядомасць атрымалі каментарыі Яўстафія Салунскага да «Іліяды» і «Адысеі», да твораў Піндара, Арыстафана, шэрагу іншых старажытнагрэчаскіх літаратурных помнікаў.

У часы Палеолагаў шырокае прызнанне атрымала навуковая і літаратурная дзейнасць Феадора Метахіта (1261–1332) – аўтара цікавага і арыгінальнага зборніка эсэ на тэмы этыкі, палітыкі, класічнай антычнай літаратуры.

Да ранніх літаратурна-крытычных меркаванняў заходнееўрапейскага сярэднявечча можна аднесці некаторыя моманты з сачыненняў Аўрэлія Аўгусціна (345–430), і ў першую чаргу з яго трактата «Споведзь» (400), у якім назіраецца псіхалагічны падыход да твораў літаратуры і мастацтва, глыбока асабістая іх ацэнка, нягледзячы на тое, што аўтар быў надзелены царкоўным санам.

Нямала зрабіў для захавання і папулярызацыі спадчыны Платона, Арыстоцеля і шэрагу іншых старажытнагрэчаскіх аўтараў Аніцый Манлій Северын Баэцый (480–525). Ён быў перакладчыкам, крытыкам, каментатарам, прапагандыстам твораў славутых антычных аўтараў.

На самым пачатку т. зв. Каралінгскага адраджэння (ІХ–Х стст.) працякала дзейнасць выдатнага англасаксонскага вучонага і літаратара, кіраўніка славутай Акадэміі Карла Вялікага Флака Абіна Алодзіна (735–804). Ім было напісана некалькі падручнікаў, у якіх так ці інакш закраналіся і некаторыя пытанні тэорыі прыгожага пісьменства.

Фама Аквінскі (ХІІІ ст.), адзін з самых буйных і ўплывовых заходнееўрапейскіх мысліцеляў эпохі сярэднявечча, спрычыніўся таксама ў пэўнай ступені і да распрацоўкі эстэтыка-літаратурнай тэорыі, паспрабаваўшы даць адказ на пытанні аб прыродзе і сутнасці прыгожага ў русле панаваўшай тады хрысціянскай ідэалогіі.

У сярэдзіне ХІІІ ст. у Еўропе з’яўляюцца першыя пераклады антычных крыніц на нацыянальныя мовы, а таксама робяцца спробы стварэння нацыянальных рыторык і паэтык. У якасці прыкладу можна прывесці дзейнасць італьянскага пісьменніка Брунэта Лаціні (1220–1294), вядомага як настаўніка Дантэ. Лаціні пераклаў на італьянскую мову адзін з трактатаў Цыцэрона, а таксама склаў своеасаблівую энцыклапедыю сярэдневяковых ведаў пад назвай «Кніга скарбаў», у якой пэўнае месца адводзілася і мастацтву, у тым ліку і літаратуры. Французскім паэтам Эсташо Дэшанам (1346–1407) была напісана першая нацыянальная паэтыка «Мастацтва складаць і ствараць песні і балады» (1392).


1.3 Развіццё літаратурнай навукі ў эпоху Адраджэння

У эпоху Рэнесансу на хвалі нацыянальнага, і ў першую чаргу моўнага адраджэння заходнееўрапейскіх народаў, намнога вырасла цікавасць да літаратуры і да таго моўна-стылёвага матэрыялу, на аснове якога яна стваралася. Аб гэтым, у прыватнасці, сведчыць трактат «Аб народнай мове» Дантэ, у якім пісьменнік адстойвае права жывой італьянскай мовы на ўжытак у літаратуры.

Пачало сцвярджацца ў часы Рэнесансу і права літаратурнай навукі на разгляд і асэнсаванне сучасных ёй мастацкіх з’яў. Яскравы прыклад – лекцыі Бакачча аб «Боскай камедыі» Дантэ.

Адзінадумцам Бакачча з’яўляўся яго сучаснік Франчэска Петрарка, якога не без падстаў лічаць піянерам рэнесанснай філалогіі. Акрамя бессмяротных санетаў да Лауры ён пакінуў пасля сябе яшчэ і пісьмы да ўяўных адрасатаў – антычных пісьменнікаў. У гэтых пісьмах лірычная дзённікавая плынь цесна спалучана з літаратурна-крытычнымі ацэнкамі твораў пісьменнікаў, да якіх звяртаецца Петрарка.

У 1508 г. італьянскі філосаф, філолаг і гісторык Ларэнца Вала зрабіў другое адкрыццё «Паэтыкі» Арыстоцеля, выдаўшы яе на лацінскай і старажытнагрэчаскай мовах. Затым гэтую славутую працу пачалі перакладаць на тагачасную італьянскую мову і інтэрпрэтаваць многія, прычым, кожны па-свойму, у залежнасці ад злабадзённых літаратурных, ды і грамадскіх праблем сучаснасці. У якасці прыкладу можна назваць працы Джардана Бруна «Аб гераічным энтузіазме» (1585) і Франчэска Патрыцы «Паэтыка» (1586). Аўтар славутага «Вызваленага Іерусаліма» Тарквата Таса напісаў і выдаў у 1594 г. трактат «Разважанні аб гераічнай паэме», у якім абгрунтоўваў заканамернасць узнікнення новага змешанага жанру, што ўбіраў у сябе прыкметы антычнай эпапеі і рыцарскай паэмы.

Французская літаратуразнаўчая думка эпохі Адраджэння прадстаўлена ў першую чаргу працамі Ю. Скалігера, Ж. Дзю Беле, П. дэ Рансара і М. Мантэня.

Так, Юліем Скалігерам напісаны трактат «Паэтыка» (1561), заснаваны ў многім на традыцыях Арыстоцелевай «Паэтыкі», але ўжо з ярка выражанымі класіцыстычнымі прыкметамі. Менавіта ад гэтай працы ў першую чаргу будуць адштурхоўвацца ў ХVІІ ст. у Францыі распрацоўшчыкі класіцыстычнай тэорыі.

Маніфестам славутай «Плеяды» стаў трактат Жаакіна Дзю Беле «Абарона і праслаўленне французскай мовы» (1549), напісаны пры падтрымцы сябра, буйнейшага французскага паэта ХVІ ст. П’ера дэ Рансара. Дадзены трактат быў накіраваны супраць сляпога падражання старажытным і сярэдневяковым лацінскім узорам. Аўтар заклікаў у ім набліжаць паэзію да народнай творчасці. Асноўная ідэя трактата – думка аб стварэнні вялікай французскай паэзіі на нацыянальнай мове, але, заўважым, у антычным духу.