Смекни!
smekni.com

Максім Іванавіч Гарэцкі (стр. 2 из 5)

Практычна на працягу чатырох гадоў М. Гарэцкі не меў надзейнага прытулку, вымушаны быў весці вандроўны лад жыцця. Аднак і ў самых неспрыяльных умовах ён не выпускаў з рук пяра. Нават у кароткія хвіліны зацішша паміж артналётам клаліся на паперу радкі будучай дакументальна-мастацкай кнігі «На імперыялістычнай вайне». Час службы ў Гжацку (кастрычнік – лістапад 1916) стаў часам незвычайнага творчага ўздыму: з-пад пяра празаіка выйшлі такія шэдэўры беларускага малога эпасу, як «Маці», «Хадзяка», «Генерал», «Амерыканец», «Прысяга», «Дзве сястры».

Суровая рэчаіснасць ваенных гадоў унесла істотныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне пісьменніка, які пачынаў усведамляць, што толькі прапагандай ведаў, заклікам да маральнага ўдасканальвання асобы немагчыма вырашыць сацыяльныя супярэчнасці, палепшыць бядотнае становішча працоўнага люду. Патрэбны іншыя, болей дзейсныя захады грамадска-палітычнага характару. Менавіта такі падыход і дамінуе ў апавяданнях 1915–1918 гг. Герой гэтых твораў паводле светаадчування і каштоўнасных установак прыкметна адрозніваецца ад героя ранняй пары. Апошні верыў у жыватворную сілу асветы, навукі, сілу чалавечага розуму, даволі часта выходзіў пераможцам над неспрыяльнымі жыццёвымі абставінамі, бачыў перспектыву («У лазні», «Роднае карэнне», «Рунь» і інш.), а няўдачы, драматычныя падзеі ўраўнаважваліся аўтарскім аптымізмам. У новых творах («Літоўскі хутарок», «Рускі» (абодва 1915), «Маці», «Хадзяка», «Генерал», «Прысяга», «На этапе» (усе 1916) і інш.) сюжэт, як правіла, мае трагічную развязку. Адпаведна пячаткай трагізму пазначаны і лёс дзейных асоб у гэтых творах – гаспадара хутара і яго дзяцей («Літоўскі хутарок»); салдата-беларуса, што пакутуе ад нервовай хваробы пасля забойства аўстрыяка («Рускі»); вясковай дзяўчыны, якая ў страху перад бацькамі загубіла пазашлюбнае дзіцё («Маці»); старога падарожнага, якога аднавяскоўцы не зажадалі прызнаць за тутэйшага жыхара («Хадзяка»). У шэрагу прыгаданых апавяданняў («Літоўскі хутарок», «Рускі», «На этапе», «Генерал») герой аказваецца непасрэднай ці ўскоснай ахвярай вайны. Выразная антымілітарысцкая скіраванасць твораў М. Гарэцкага – вялікая заслуга аўтара, які на аснове творчага ўспрымання лепшых дасягненняў класічнай літаратуры («Севастопольские рассказы» Л. Талстога і інш.) выпрацоўваў плённую традыцыю нацыянальнай мастацкай прозы, погляд на вайну як вялікую ўсенародную трагедыю.

У творах часоў імперыялістычнай вайны і рэвалюцый М. Гарэцкі робіць акцэнт на маральнай адказнасці асобы за здзейсненыя ўчынкі, што засведчыла пра болей высокі ўзровень разумення М. Гарэцкім прыроды чалавека і яго ўзаемасувязей з жыццём, якое менавіта ў гэты час відочна ўскладнілася, а супярэчнасці грамадскага характару выявілі сябе з асаблівай вастрынёй. Чуйны да змен у грамадскай псіхалогіі і зрухаў у сацыяльнай рэчаіснасці, пісьменнік не мог не зрэагаваць на іх.

Так, у эцюдах «Габрыелевы прысады», «Кіславодскія замалёўкі», «Знібее сэрца» (усе верасень 1917) М. Гарэцкі спрабуе знайсці адказ на балючыя пытанні, якія датычылі лёсу Бацькаўшчыны, будучыні беларускага народа, і адначасова задумваецца над мэтаю і сэнсам чалавечага жыцця, выказвае запаветную мару ўбачыць цэласнага, гарманічнага, разняволенага чалавека. Менавіта прадчуваннем непазбежнасці хуткіх сацыяльных перамен («Прыйшоў вялікі час, і вялікай працы чакае краіна»), усведамленнем асабістай мастакоўскай адказнасці за лёс роднага краю («мала я жыў, мала зрабіў…») і тлумачыцца зварот М. Гарэцкага да жанру публіцыстыкі. Публіцыстыка якраз і вызначыла творчае і грамадзянскае аблічча Гарэцкага ў першыя паслякастрычніцкія гады, а традыцыйныя жанры прыгожага пісьменства – апавяданне, драматычны абразок і г. д. – на пэўны час былі адсунуты на другі план. На працягу ўсяго 1917 г. з-пад пісьменніцкага пяра выйшлі тры згаданыя вышэй лірычна-філасофскія эцюды, завершана апавяданне «Зіма» і распачата праца над аповесцю «За што?» Яшчэ больш сціплым у творчым плане для празаіка аказаўся 1918 г. (апавяданне «Панская сучка», нарыс «Деревня»). Асноўная ж увага была засяроджана на вострапалемічных выступленнях у друку, галоўным чынам у «Известиях Смоленского совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». Дарэчы, многае з апублікаванага ў гэты складаны час М. Гарэцкі перагледзіць, на некаторыя моманты гляне іншымі вачыма, часам пад іншым ракурсам. Наогул погляды М. Гарэцкага на новую ўладу і яе палітыку былі няўстойлівымі. Гэта заканамерна, бо пісьменнік, па-першае, увесь час знаходзіўся ў пошуку; а па-другое, сама ўлада сваімі супярэчлівымі дзеяннямі застаўляла часта мяняць погляды.

Аб няўстойлівасці поглядаў М. Гарэцкага на новую ўладу і палітыку яе кіраўнікоў сведчыць, напрыклад, нарыс «Деревня» (надрукаваны ў лістападзе 1918 г. пад псеўданімам Ваш Амсціслаўскі). Тут хоць часам і прарываецца рэвалюцыйны пафас «непоколебимой веры в вождей коммунизма» и «в правоту их учения и дела», але рэальны змест твора агульную дэкларацыю не пацвярджае. Болей таго. Тут можна выявіць сімптомы псіхалагічнай гатоўнасці М. Гарэцкага перагледзець некаторыя са сваіх ранейшых аптымістычных прагнозаў.

Нарыс «Деревня» ў канцэптуальным плане можна разглядаць як подступы, як першапачатковы накід аповесці «За што?», аднаго з найбольш глыбокіх, па-мастацку дасканалых, унутрана цэласных твораў. Вытокі цэласнасці – у плённым прадаўжэнні М. Гарэцкім вопыту класічнай літаратуры і паслядоўнай арыентацыі на эстэтычныя прынцыпы рэалізму і народнасці. Перакладзеная з беларускай мовы аповесць з'явілася на старонках «Известий Смоленского совета» 1 мая 1918 г. пад псеўданімам Дзед Кузьма. Пазней яна дапрацоўвалася і выходзіла ў свет пад назвай адпаведна «Ціхія песні» (1926) і «Ціхая плынь» (1930). У цэнтры твора знаходзіцца лёс вясковага хлопца Хомкі і шырэй – лёс значнай часткі беларускай моладзі, якая невядома за чые інтарэсы гінула, так і не паспеўшы па-сапраўднаму ўвайсці ў жыццё.

Артыкулам «Няхай жыве Камуністычная Беларусь!» (4 студзеня 1919 г.) як бы падводзілася рыса пад творчай і ідэалагічнай пазіцыяй М. Гарэцкага другога перыяду дзейнасці.

Трэці перыяд храналагічна прыпадае на час знаходжання ў Вільні (пачатак 1919 – кастрычнік 1923), куды пісьменнік пераехаў разам з рэдакцыяй газеты «Звязда» і дзе вымушаны быў застацца ў сувязі з раптоўным захопам горада войскамі Пілсудскага. Гэты перыяд аказаўся асабліва плённым у творчых адносінах. Толькі ў 1921 г. з-пад пяра М. Гарэцкага выйшаў шэраг выдатных апавяданняў. Сярод іх – «Дурны настаўнік», «Трасца», «Смачны заяц», «Еду дамоў», «Страшная музыкава песня», «Скарб», «Сасна», «Фантазія», «Апостал», «У панскай кухні», «Руіны», «Стары прафесар», «Багатая пчэльня» і многія іншыя.

Гэтак жа актыўна выступае М. Гарэцкі і ў жанры публіцыстыкі. У тым жа 1921 г. ён друкуе вострапраблемныя артыкулы «Загадка маскоўскіх камуністаў», «Тугэйшае жыццё», «Свабода слова», «Аб беларускіх пісьменніках», «Любіце польскі народ», «Эндэцкія выкрутасы», «Беларускі касцёл» і шмат іншых змястоўных матэрыялаў, якія наглядна дэманстравалі шырыню творчых інтарэсаў пісьменніка і сведчылі пра яго імкненне быць у цэнтры грамадска-палітычнага і культурнага жыцця.

Адначасна М. Гарэцкі разгортвае інтэнсіўную навукова-асветную і выдавецкую дзейнасць: пачынае ствараць «Гісторыю беларускае літаратуры» (1920, 1921), рэдагуе газету «Наша думка» (снежань 1920 – красавік 1921), выступае ў якасці заснавальніка і выдаўца-рэдактара газеты «Беларускія ведамасці» (верасень 1921 – студзень 1922). Асабліва вялікае значэнне мела «Гісторыя беларускае літаратуры». Як фундаментальная для свайго часу праца яна ставіла вывучэнне беларускай паэзіі, прозы, драматургіі, крытыкі і літаратурна-грамадскага руху на трывалую навуковую глебу, паглыбляла метадалагічныя прынцыпы гістарызму, аб'ектыўнасці, прывучала глядзець на літаратуру як на мастацкую, эстэтычную з'яву, як на праяву духоўнай дзейнасці.

На актыўны творчы стан пісьменніка дабратворна паўплывалі перамены ў асабістым жыцці: у ліпені 1919 г. Максім Іванавіч пабраўся з настаўніцай першай Віленскай Беларускай гімназіі Леанілай Усцінаўнай Чарняўскай.

Галоўным жа імпульсам творчага нагхнення Гарэцкага-пісьменніка было пераадоленне ім уласных палітычных ілюзій смаленскай пары, што найболын яскрава праявілася ў аповесці «Дзве душы», якую ён па прыездзе ў Вільню даволі аператыўна вынес на суд чытачоў «Беларускай думкі» (чэрвень – ліпень 1919). На час друкавання аповесці пісьменнік, па ўсім відаць, зразумеў, што яго надзеі на бальшавіцкую ўладу як на рэальную палітычную сілу, якая дапаможа нацыянальна ўсвядомленай частцы беларускага грамадства стварыць суверэнную дзяржаву, дабіцца фактычнай нацыянальнай незалежнасці, марныя і што для бальшавіцкага кіраўніцтва размовы аб праве беларусаў на самавызначэнне – толькі тактычны ход у палітычнай гульні. I ў аповесці «Дзве душы» М. Гарэцкі зрабіў спробу даць мастацкае вытлумачэнне падзей рэвалюцыі і народжаных ёю працэсаў у грамадскім жыцці, раскрыць ролю нацыянальнай інтэлігенцыі як абаронцы гуманістычных ідэалаў.

«Дзве душы» – твор наскрозь палемічны, ён добра ўпісваецца ў атмасферу тагачасных палітычных дыскусій. Але публіцыстычны элемент у яго тэксце найчасцей прыхаваны, пададзены праз спрэчкі і сутыкненні дзейных асоб. Разам з тым гэта і вельмі асабісты твор. Паміж галоўным героем і аўтарам аповесці шмат агульнага, толькі агульнае, асабістае тут не прыватна-побытавага, а светапогляднага ўзроўню. Галоўны герой Ігнат Абдзіраловіч – сялянскі сын, які воляю лёсу быў падменены на панскае дзіцё, праходзіць складаны шлях духоўнага і светапогляднага станаўлення.

Глыбокая, бескампрамісна праўдзівая, мужная аповесць з'явілася значным крокам у светапоглядным развіцці М. Гарэцкага. Аповесць «Дзве душы» стала для пісьменніка моцным творча-псіхалагічным штуршком у далейшай выпрацоўцы і паглыбленні нацыянальна-адраджэнскай канцэпцыі, адной з канкрэтных задач якой было імкненне раскрыць вытокі негатыўных момантаў у нацыянальным характары беларуса – момантаў, якія абумовілі грамадзянскую пасіўнасць, палітычную індыферэнтнасць народных мас у барацьбе за пабудову самастойнай дзяржавы.