Смекни!
smekni.com

Максім Іванавіч Гарэцкі (стр. 3 из 5)

Апавяданні, напісаныя М. Гарэцкім у час знаходжання ў Вільні, склалі кнігу «Досвіткі». Пасіўнымі ахвярамі цемнаты, забабоннасці, панскага самадурства паўстаюць героі гэтых твораў. Так, Якуб Кубраковіч («Дурны настаўнік») прагнуў разгадаць таямніцу «вечнага пачатку», але сутыкнуўся з варожым асяроддзем, якое абвясціла яго «дурнем». Сацыяльная няроўнасць выхоўвае лёкайскую псіхалогію, спажывецкую, паразітычную мараль («У панскай кухні»). Нізкі ўзровень духоўных запатрабаванняў дваровага люду, атмасфера «панскай кухні» якраз і прывялі да трагедыі («Рыпіну забіў мужык. Забіў плашкаю. Два разы ўдарыў пасярод хаты, па галаве, і ніхто не бараніў яе»). Герой апавядання «Смачны заяц» правініўся перад князем і, баючыся пакарання, гатовы на самагубства. Калі ж «злачынства» – падмена зайца на ката – не раскрылася, радасны кухар заяўляе: «…на тое ж мы слугі панскія, каб нас секлі». Слуга змірыўся са сваёй доляй, у яго не ўзнікае думка пра абарону ўласнай годнасці. Прадстаўнік новага пакалення – унук спрачаецца з дзедам, ад імя якога ідзе апавяданне, пратэстуе «супраць незразумелай для яго пакоры панскіх падданых», прапаноўваючы свае сродкі барацьбы: «Узяў бы я добры кол», «Узяў бы карабочак сернікаў і добры пук саломы…» Але ўмудроны жыццёвым вопытам стары ведае, што стыхійная помста, крывавы бунт, гвалтоўніцтва не прыводзілі да жаданай мэты, заканчваліся трагічна. За гэтай маральнай высновай угадваецца і пазіцыя М. Гарэцкага. Толькі ў працэсе выхавання сацыяльнай і нацыянальнай свядомасці, толькі праз духоўнае адраджэнне чалавека можна ажыццявіць высокія гуманістычныя ідэалы – менавіта такую абагульнена-філасофскую думку нясуць «Досвіткі». Заканамерна, што кніга атрымалася тэматычна цэласнай, бо ўключаныя ў яе творы аб'яднаны адзінствам мастацкай задумы. Гэта своеасаблівы «антыпрыгонніцкі», «антыпанскі» і «антыбунтаўнічы» цыкл, адрасаваны сучасніку. Назвай кнігі падкрэслівалася, што для беларускага сялянства празмерна доўга цягнуліся яго гістарычныя «досвіткі», а світанак яшчэ наперадзе, і абуджэнне не настане само па сабе, новы дзень трэба набліжаць актыўнай дзейнасцю.

Што датычыць іншых апавяданняў, напісаных у той жа час, але не ўключаных у кнігу, дык сваім зместам і стылявой скіраванасцю яны бліжэй да «Дзвюх душаў». Гэта апавяданні «У 1920 годзе», «Апостал», «Незадача», «Усебеларускі з'езд 1917 года», якія паглыбляюць узнятую ў аповесці тэму рэвалюцыі і новай улады, канкрэтызуюць яе з улікам змен, што адбываліся ў Беларусі пасля публікацыі «Дзвюх душаў». З выразна акрэсленых гуманістычных пазіцый М. Гарэцкі малюе абыякавыя адносіны рэвалюцыйнай улады да сялянства, раскрывае нізкі маральны ўзровень тых, хто ўзяў на сябе адказнасць будаваць новае жыццё. Створаныя пісьменнікам вобразы камуніста Курапы («Апостал»), камісара Батрачонкава («Незадача») накрэслівалі вельмі плённы кірунак асэнсавання тэмы рэвалюцыі, бо ў аснове гэтага кірунку ляжалі прынцыпы народнасці і рэалізму, вера ў багатыя, але яшчэ нявыяўленыя сілы працоўнага люду.

У віленскі перыяд М. Гарэцкім напісана большасць драматычных абразкоў, сярод якіх – «Мутэрка» (1920), «Салдат і яго жонка», «Свецкі чалавек», «Не адной веры», «Чырвоныя ружы», «Каменацёс», «Жалобная камедыя» і пачатак «Жартаўлівага Пісарэвіча» (усе 1922). Спынімся на драматычных абразках М. Гарэцкага (не толькі дзвінскага цыклу, а наогул на ўсіх п'есах) больш падрабязна.

Самы ранні, яшчэ дарэвалюцыйнага часу, драматычны абразок М. Гарэцкага – аднаактоўка «Атрута», якая мае ярка выражаную антыалкагольную накіраванасць.

У «сцэнках з натуры» (аўтарскае вызначэнне) «Гапон і Любачка» М. Гарэцкі, гэты, паводле трапнага вызначэння А. Навіны, «ідэолаг народнай інтэлігенцыі», закрануў вельмі важную праблему, якая прайшла «чырвонай ніткай» праз усю творчасць пісьменніка. Значная частка духоўнага патэнцыялу нацыі, а менавіта настаўніцтва, якое, як ніякая іншая грамадская група, павінна быць носьбітам нацыянальнай свядомасці, узорам адукаванасці, выхаванасці, маральнасці, кідаецца ў распусту (Гапон), выяўляе не надта высокую культуру паводзін, прафесійную некампетэнтнасць і элементарную бязграматнасць (Любачка).

«Родным братам» Гапона Гапонавіча N. з’яўляецца Даніла Пахомавіч Мутэрка – галоўны персанаж наступнай малой п’есы М. Гарэцкага, названай па прозвішчу героя ці, больш правільна, «антыгероя» (Ф. Дастаеўскі). «Абразок з натуры» «Мутэрка» (па форме гэты твор блізкі да звычайнай аднаактоўкі) быў напісаны ў 1920 г. Дзеянне ў п’есе адбываецца «ў 1919–1920 годзе, узімку, пад польскай акупацыяй» (Гарэцкі М. Мутэрка. Абразок з натуры // Гарэцкі М. Зб. тв.: У 4 т. Т. 2. С. 283.). Былы загадчык царскай двухкласнай школы, выхадзец з вёскі (сын мужыка, як зазначае аўтар) Даніла Мутэрка перабраўся ў мястэчка і ўладкаваўся хатнім настаўнікам у заможнай местачковай удавы Блюмы Ліпскай. Мутэрка не проста вучыць дачку Ліпскай Соню, г. зн. прыходзіць і дае ёй урокі. Ён жыве ў доме гаспадыні і заводзіць з ёю даволі блізкія адносіны. Калі ж Ліпская надакучыла (не апошнюю ролю тут адыграла «без пары развіўшыся, па матцы сытная і пухлая, даволі гожанькая, з даўгімі косамі» Соня, на якую настаўнік пачаў заглядацца), Мутэрка вырашае парваць са старэючай удавою. У час высвятлення адносін з Ліпскай, якая не можа зразумець перамены ў паводзінах свайго каханка (а Ліпская на самой справе кахае Мутэрку), раскрываецца сапраўдны твар былога загадчыка двухкласнай школы, высвечваецца яго маральны воблік, чалавечая і грамадзянская сутнасць.

«Чыстай», прычым яскрава выражанай сатырычнай камедыяй з’яўляецца аднаактоўка «Свецкі чалавек». У гэтым творы М. Гарэцкі жорстка ганьбуе тых, хто, пажыўшы крыху ў горадзе, навукі і культуры асаблівай не прыдбаў, але ўжо пагарджае ўсім вясковым, нават бацькамі. Менавіта такім тыпам з’яўляецца цэнтральны персанаж камедыі – Мікола Муха (Мікалай Хведаравіч Мухін, як ён сам сябе велічае і, заўважым, патрабуе, каб так да яго звярталася нават родная маці), які прыехаў у родную вёску з Масквы, каб «выбраць пашпарт». Ён не толькі не дапамагае старым бацькам па гаспадарцы (а гэта быў час жніва), але і наогул паводзіць сябе надзвычай непрыгожа, нават нахабна, дэманструючы тым самым «здзіўляючую маральную глухату, душэўную чэрствасць, дух ваяўнічага, наступальнага мяшчанства» (Мушынскі М.І., Голуб Т.С., Кенька М.П. Каментарыі // Гарэцкі М. Зб. тв.: У 4 т. Т. 2. С. 369.).

Абразок «Жалобная камедыя» – таксама вострасатырычны твор. Разам з тым можна весці гаворку і аб пэўным выяўленні ў ім трагікамічных матываў. У гэтым глыбока праблемным абразку М. Гарэцкі «па-майстэрску малюе партрэты рознага роду палітычных дэмагогаў і прыстасаванцаў, раскрывае іх маральнае банкруцтва» (Там жа).

Самым буйным сярод малафарматных твораў дзвінскага цыклу з’яўляецца «Жартаўлівы Пісарэвіч» (яго М. Гарэцкі толькі пачаў у Дзвінску, а закончыў пазней). Тут аўтар засяродзіў увагу на праблеме бежанства, якая для нашага народа заўсёды была актуальнай. Апошняя, Чарнобыльская бяда – яскравае гэтаму пацвярджэнне. Перажыванні, пакуты, нягоды і злыбеды, якія прыйшлося вынесці ў бежанстве нашым землякам, і ў прыватнасці, аднаму з беларускіх інтэлігентаў Алесю Пісарэвічу разам з сям’ёй, якраз і склалі сюжэтную і калізійна-канфліктную аснову «Жартаўлівага Пісарэвіча». Нельга не пагадзіцца з М. Мушынскім, які піша, што «ў абразку «Жартаўлівы Пісарэвіч» пісьменнік стварыў вельмі яскравы, непаўторны і псіхалагічна пераканальны вобраз цярплівага пакутніка-беларуса, які дае не толькі сваім сучаснікам, але і іх болей шчаслівым нашчадкам урок сапраўднай маральнасці, высакародства і велічы духу. Пісарэвіч – гэта сапраўдны герой гісторыі, гэта нацыянальны тып, які насуперак злому лёсу і чэрствым людзям сцвярджае высокую чалавечую годнасць, душэўную сілу і самапавагу. Жартаўлівага Пісарэвіча мы з поўным правам можам паставіць побач з героямі «Віленскіх камунараў» і «Камароўскай хронікі», з гераічнымі вобразамі Янкі Купалы, з манументальнымі героямі «Новай зямлі», з велічнымі героямі ваенных раманаў Кузьмы Чорнага» (Мушынскі М. На пераломе эпох // Гарэцкі М. Творы: Дзве душы: Аповесць. Апавяданні. Жартаўлівы Пісарэвіч: П’еса. Літаратурная крытыка і публіцыстыка. Лісты. С. 481–482.). У дачыненні да «Жартаўлівага Пісарэвіча» таксама можна весці гаворку як аб п’есе, у якой маюць месца трагікамічныя матывы. Агульная танальнасць камічнага, яго пэўная сцішанасць, а таксама малафарматнасць твора (тут, відаць, спрацоўваюць агульнапрынятыя трафарэтныя ўяўленні аб разгортванні трагічнага толькі на вялікай мастацкай плошчы) неяк не дазваляюць поўнасцю і безапеляцыйна адносіць дадзеную п’есу да жанру трагікамедыі. Але ж трагікамічнае ў творы адназначна прысутнічае.

У абразку «Салдат і яго жонка» аўтар надзвычай тонка і псіхалагічна дакладна перадае душэўную драму былога салдата і яго жонкі. Не можа Цімох дараваць сваёй Агаце тое, што яна ў час знаходжання мужа на вайне прыдбала дзіця. І крыўда, і жаль, і спачуванне, і злосць з нянавісцю, і адчай – усё пераплялося ў душы Салдата. Нават фізічныя пабоі, якія Цімох наносіць жонцы, выліваючы ў іх разам са злосцю свае душэўныя пакуты (на гэта Агата рэагуе досыць спакойна і прымае як зразумелае), не прыносяць заспакаення. Цімох нават падштурховае жонку пайсці на злачынства, каб пазбавіцца дзіцяці, а з ім і душэўных пакут. Хто ж вінаваты ва ўсёй гэтай драме? Амаль што цалкам на пастаўленае пытанне адказваюць самі героі абразка, у прыватнасці, Агата, якая аднойчы, калі Цімох чарговы раз ускліквае, за што ён павінен пераносіць такія пакуты, прамаўляе: «За беднасць нашу». І сапраўды, беднасць, галеча, несправядлівасць, абцяжараныя вайной, з’яўляюцца асноўнымі віноўнікамі адлюстраванай у п’есе «Салдат і яго жонка» чалавечай драмы.