Смекни!
smekni.com

Максім Іванавіч Гарэцкі (стр. 5 из 5)

Кніга «На імперыялістычнай вайне» знаменавала далейшае ўзыходжанне пісьменніка на вышыні эпічнай творчасці. Гэты быў і яшчэ адзін крок у асваенні буйной формы, якой павінна была стаць «Камароўская хроніка» – галоўная кніга М. Гарэцкага. Як засведчыў брат пісьменніка, «Максім настолькі захапляўся збіраннем матэрыялу да «Камароўскай хронікі», што зрабіў у 1926 годзе адмысловае падарожжа ў Сібір, бо туды вялі жыццёвыя шляхі некаторых герояў» (Гарэцкі М. Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984. С. 13.). Вынікам даволі працяглай вандроўкі (чэрвень – ліпень) ад Масквы да Благавешчанска сталі «Сібірскія абразкі», якія можна ацэньваць і як самастойны цыкл, цікавы шмат у якіх адносінах. У прыватнасці, сюжэт большасці «абразкоў» пабудаваны на падзеях і з'явах паслякастрычніцкай пары: а гэта дае магчымасць прасачыць, як адбывалася фарміраванне светапогляду пісьменніка і якім было ўспрыманне новай, савецкай рэчаіснасці. Галоўная тэма «Сібірскіх абразкоў» – лёс беларусаў-перасяленцаў, якія пакінулі родны край у пошуках лепшай долі.

М. Гарэцкі працягваў таксама творчую працу над цыклам кароткіх апавяданняў пад назвай «Люстрадзён». Творы цыкла падпісаны псеўданімам Мізэрыус Монус. Сваім зместам і агульнай скіраванасцю «Люстрадзён» крыху адрозніваецца ад «Сібірскіх абразкоў». Так, у асобных апавяданнях («Пагранічны інцыдэнт на Амуры», «Асляпёны конь») мела месца пісьменніцкая ўступка ідэалагічным патрабаванням часу. Яе можна бачыць у тэндэнцыйнай абмалёўцы дзейных асоб, у спрошчаным падыходзе да раскрыцця псіхалогіі чалавека і вытлумачэнні яго паводзін. I ўсё ж уступкі М. Гарэцкага палітыцы мелі абмежаваны характар, яны не закраналі сутнасных асноў творчасці.

Працу над «Люстрадзёнам» М. Гарэцкі, аднак, не паспеў закончыць, бо 18 ліпеня 1930 г. ён быў арыштаваны органамі АДПУ, і большасць апавяданняў цыкла засталася ў рукапісах. М. Гарэцкаму інкрымінавалі знаходжанне з 1924 г. у літаратурнай групе контррэвалюцыйнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі». Сфабрыкаваныя абвінавачванні пісьменнік адмёў і вінаватым сябе не прызнаў. Тым не менш ён быў асуджаны да пяцігадовай высылкі ў Вятку. Амаль адначасова з Максімам Гарэцкім быў арыштаваны і яго брат Гаўрыла Гарэцкі, які праходзіў, аднак, па іншай справе – па справе «працоўнай Сялянскай партыі» – і быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання, замененай пазней на дзесяць гадоў канцлагеру.

Са дня арышту да 10 красавіка 1931 г. М. Гарэцкі знаходзіўся за кратамі, а да 25 чэрвеня – у перасылцы з Мінскай турмы. Умовы жыцця палітычнага ссыльнага ў Вятцы былі надзвычай складанымі. Цяжка было знайсці жытло і сталую працу. М. Гарэцкі рабіў спробы ўладкавацца карэктарам у газеце «Вятская правда», чарцёжнікам у Земтрэсце, рахункаводам падгароднай гаспадаркі, грузчыкам на прыстані. Нарэшце ўдалося паступіць на фабрыку вучэбных дапаможнікаў чарцёжнікам.

У 1932 г. яго прызначылі тэхнікам-каштарыснікам завода Вучпалітэхабсталявання, потым тэхнікам-калькулятарам у Вяткабудзе. Доўгі час жыў на вышках, «на другім, недабудаваным, паверсе дома», а затым пашчасціла зняць прахадны пакойчык, у якім «дваім ледзь павярнуцца». Драматычныя перыпетыі жыцця ў Вятцы М. Гарэцкі адлюстраваў у лістах да жонкі. Перапіска з Леанілай Усцінаўнай – гэта эпісталярны нарыс, які з'яўляецца дакументальным абвінаваўчым актам супраць бесчалавечнай палітычнай сістэмы. За скупымі, лаканічнымі паведамленнямі са старонак нарыса паўстае трагедыя беларускай інтэлігенцыі, кінутай па волі абаронцаў таталітарнага ладу на здзек і фізічнае вынішчэнне. Лісты яскрава паказваюць, якія тытанічныя намаганні спатрэбіліся М. Гарэцкаму, каб не ачарсцвець душою, не расчаравацца ў жыцці, не страціць веру ў людзей. А прычын для скрухі і адчаю было багата. Перш за ўсё – недарэчныя абвінавачванні, несправядлівы прысуд, крыўда на тых, хто паверыў паклёпнікам, пазбавіў магчымасці займацца творчай працай. Несціханым болем заставаўся для палітссыльнага лёс жонкі і малых дзяцей, якія на доўгі час апынуліся ў прыгнечаным маральным становішчы, без падтрымкі і сродкаў існавання. I ўсё ж неадольная прага тварэння жыла ў сэрцы М. Гарэцкага. У літаратурнай працы ён спадзяваўся знайсці паратунак, забыцца пра нанесеныя крыўды, сцвердзіць сваю чалавечую існасць, споўніць доўг мастака-грамадзяніна.

Па-першае, пісьменнікам быў завершаны раман «Віленскія камунары», які належыць да буйных здабыткаў беларускай раманістыкі, усёй нацыянальнай прозы. Адзначым, што ранейшыя ацэнкі твора патрабуюць істотнага перагляду. Так, ролю і значэнне рамана трэба бачыць не ў тым, што яго аўтар нібыта сцвердзіў у вобразнай форме ідэю непазбежнасці выхаду працоўных мас на гістарычную арэну і паказаў, як народ з ахвяраў гісторыі становіцца яе творцам, рухаючай сілай. I адносіны пісьменніка да вопыту віленскіх камунараў, якія са зброяй у руках выступілі на абарону савецкай улады, у сапраўднасці не такія апалагетычныя, як вынікае з ранейшых даследчых прац. Гэта ж трэба сказаць і адносна пісьменніцкай канцэпцыі рэвалюцыі. Непрадузяты аналіз рамана паказвае, што ў сваіх поглядах на Кастрычнік М. Гарэцкі застаўся, па сутнасці, на тых жа ідэйных пазіцыях, што і ў аповесці «Дзве душы». Толькі выяўлены погляды не адкрыта, а апасродкавана, логікай сюжэтнага развіцця, праз выбар формы апавядання, якое вядзецца ад імя галоўнага героя. Такая форма абумоўлена імкненнем М. Гарэцкага замаскіраваць ад пільнага цэнзарскага вока сваё разуменне сацыялістычнай рэвалюцыі, схавацца за героя-апавядальніка. Гэтае разуменне найбольш выразна выяўлена М. Гарэцкім у заключных частках рамана-хронікі, дзе «віленскія камунары» аказваюцца пераможанымі. Пісьменніцкая ўвага якраз і засяроджваецца на высвятленні прычын паражэння. Прычынаю ж было тое, што камунары аказаліся заложнікамі ідэі ўзброенай барацьбы як нібыта адзінага, універсальнага сродку вырашэння сацыяльных супярэчнасцей. У рамане пераканальна паказана, што партыйныя кіраўнікі мелі цьмянае ўяўленне аб настроях, якія панавалі ў вёсцы і ў горадзе.

М. Гарэцкі падае разважанні аднаго з рабочых-актывістаў аб тым, што нібыта «вёска настроена для нас надта добра, сяляне спачуваюць бальшавікам, чакаюць загадаў». Але жаданае тут выдавалася за існае: калі пачалося паўстанне, на дапамогу камунарам ніхто не прыйшоў! Вось так у пісьменніцкім асвятленні выглядала на практыцы так званая ўсенародная падтрымка рэвалюцыі, якую спрабавалі ажыццявіць «віленскія камунары». Як вынікае са зместу твора, авантурызм кіраўнікоў Рэўваенсавета, іх адарванасць ад народа, уласцівы ім дух сектанцтва, фанатызм і прывялі да паражэнкя.

Па-другое, М. Гарэцкі прадоўжыў працу над «Камароўскай хронікай», якую з поўным правам можна расцэньваць як унікальную з'яву ў гісторыі беларускай літаратуры. Гэта – галоўная кніга мастака, справа ўсяго творчага жыцця. Тут знайшлі сваё ўвасабленне працяглыя маральна-філасофскія пошукі М. Гарэцкага, яго роздум над кардынальнымі праблемамі чалавечага існавання. Разам з тым «Камароўская хроніка» – гэта шмат у якіх адносінах твор будучых часоў, літаратуры XXI ст.

Невыпадкова М. Гарэцкі з такой апантанасцю працаваў над ім і так палка марыў убачыць твор завершаным. «Ну, нічога. Усё нічога. Усё добра будзе. Каб толькі мне напісаць гэтую сваю «Хроніку». Гэта была б рэч, што на працягу пэўнага часу нейкую цану мае».

Відавочна, што ва ўмовах высылкі М. Гарэцкі быў пазбаўлены магчымасці не толькі дапоўніць ранейшыя запісы, але і апрацаваць іх належным чынам дзеля паўнейшага ўвасаблення маштабнай мастацкай задумы – даць шырокую панараму жыцця беларускага народа на вялікім гістарычным адрэзку – ад эпохі прыгоннага права і да канца 30-х гадоў XX ст. I хоць твор застаўся незавершаным, недапрацаваным, М. Гарэцкі здолеў дакументальна-мастацкімі сродкамі намаляваць у ім яскравы эпічны вобраз эпохі, выявіць праз лёсы герояў змястоўную філасофскую канцэпцыю жыцця.

Неспрыяльныя абставіны жыцця ў Вятцы, а затым і гвалтоўная смерць перашкодзілі М. Гарэцкаму завяршыць не толькі «Камароўскую хроніку», але і шэраг іншых твораў, у прыватнасці «Лявоніус Задумекус», «Скарбы жыцця» і «Кіпарысы». Пісаліся яны ў розны час: «Задумекус» у другой палове 1931 – пачатку 1932 г., «Скарбы» – у 1932–1935, а магчыма і ў 1937 г. «Кіпарысы» – гэта апрацаваныя на высылцы дзённікавыя занатоўкі 1928 г. (Полымя. 1993. №2. С. 116–121.).

Творы гэтыя ўпершыню пабачылі свет больш чым праз паўстагоддзе пасля забойства пісьменніка. Першыя два з іх у новым святле раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака і разам з адпаведнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» кладуць пачатак эстэтычнаму асваенню беларускай літаратурай тэмы сацыялістычнага ГУЛАГа.

У лістападзе 1937 г. Максім Гарэцкі быў зноў арыштаваны і пастановай тройкі НКУС Смаленскай вобласці прысуджаны да расстрэлу. Прысуд выкананы 10 лютага 1938 г. Трагічная смерць заўчасна абарвала жыццё выдатнага пісьменніка, творчасць якога ўяўляе адну з найбольш змястоўных старонак гісторыі беларускай літаратуры і ўвогуле нацыянальнай культуры.


Спіс выкарыстаных крыніц

гарэцкі беларуский літаратурный дзеяч

1. Мушынскі М.І. Максім Гарэцкі // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 1. Мн., 1999. С. 381–426.

2. Яцухна В.І. Беларуская малафарматная драматургія ХVІ – першай паловы ХХ стст. – Гомель, 2004.

3. Гарэцкі М. Зб. тв.: У 4 т. Мн., 1984–1986. Т. 1–4.

4. Гарэцкі М. Творы: Дзве душы: Аповесць. Апавяданні. Жартаўлівы Пісарэвіч: П’еса. Літаратурная крытыка і публіцыстыка. Лісты. Мн., 1990.

5. Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры / Уклад. і падрыхт. тэксту Т.С. Голуб. Мн., 1992.

6. Мушынскі М. На пераломе эпох // Гарэцкі М. Творы: Дзве душы: Аповесць. Апавяданні. Жартаўлівы Пісарэвіч: П’еса. Літаратурная крытыка і публіцыстыка. Лісты. С. 481–482.