Праца увесь свет ускарміла,
Праца нам шчасце дала. («Касьба»)
Высока ацаніў «Песні» Я. Купала. Ён пісаў: «Цішка не «майструе вершаў», а пяе, пяе ўсёй сваёй набалелай душой, усім сваім сэрцам, гарачым, кіпучым. Нойдзеце тут і галубіныя песні кахання, і сумныя жальбы, і смелыя жаданні, і ва ўсім чуваць песняра праўдзівага, вынасіўшага кожнае слова ў сваіх набалелых грудзях» (Купала Я. Зб. тв.: У 7 т. Т. 7. Мн., 1976. С. 202.)
У паэме «Паэт, маці і муза» (1915) Ц. Гартны вызначыў сваё паэтычнае крэда, назваў сваю музу «музай змагання», падкрэсліўшы тым самым сілу паэзіі, яе непарыўную сувязь з жыццём і барацьбой народа.
Паэтычны зборнік Ц. Гартнага, які выйшаў у Берліне ў 1922 г., меў назву «Песні працы і змагання». Ён тэматычна працягваў матывы першага зборніка «Песні» (раздзел «Песні працы»). Змест двух другіх раздзелаў «Чырвоны золак» і «Змаганне» складаюць вершы, у якіх паэт вітае заваёвы рэвалюцыі («Работніцкая і сялянская рэвалюцыя»), («Гадавіна 25 кастрычніка»), пагражае яе ворагам («Далакопам рэвалюцыі»), пяе гімны яе абаронцам («Чырвонаармейцы»), аплаквае яе ахвяры («Сцешся»), заклікае да стваральнай працы («К працы»).
Зборнік «Урачыстасць» (1925) успрымаецца як лагічны працяг дзвюх папярэдніх паэтычных кніг Ц. Гартнага. Лепшыя вершы гэтай кнігі — «Мая душа», «Я жыць хачу», «Я жыву», «Сімфонія», «Белым матылёчкам». I калі асобныя вершы цыкла «Урачыстасць рэвалюцыі» не пазбаўлены плакатнасці і схематызму, то ў вершах, аб'яднаных у цыкле «Урачыстасць жыцця», Ц. Гартны раскрываецца як тонкі лірык з багатым светаўспрыманнем, здольнасцю адчуваць прыгажосць навакольнага свету. Цікава нагадаць у сувязі з гэтым, што, выступаючы ў ролі літаратурнага крытыка, Ц. Гартны будзе адмаўляць «эстэтычную» сутнасць паэзіі, выступаць супраць «чыстага мастацтва». У артыкуле «Этапы развіцця беларускае літаратуры», напрыклад, разглядаючы творчасць М. Багдановіча, ён палічыць вялікай заганай ухіл паэта ад «грамадскіх напеваў», яго захапленне «лёгкімі матывамі аб лесавікох ды русалках, аб гнедых жывёлах, што плывуць па небу» (Жылуновіч Зм. Узгоркі і нізіны. Мн., 1928. С. 28.). Але гэта будзе крыху пазней. Пакуль жа сам Ц. Гартны ў захапленні ад «зачараванага царства прыроды», населенага чарадзеямі, лесунамі, духамі, німфамі, ведзьмамі, вадзянікамі.
Гартны выступаў і ў жанры сатырычнага верша, байкі, фельетона. У гэтай сферы яго літаратурная дзейнасць, паводле вызначэння М. Гарэцкага, была багата «аўтарскай арыгінальнасці і творчай жывасці» (Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1926. С. 227.). Пад псеўданімам «Авадзён» у перыядычным друку з'явіліся вершы Ц. Гартнага «Пан, якіх многа», «Папоўскія гадкі», «Сымон-пан», «Бог памагае» і інш. Такім чынам, у паэтычнай творчасці Ц. Гартнага знайшлі ўвасабленне самыя розныя матывы і тэмы.
Ях ідэолаг пралетарыяту, бальшавік Гартны-пісьменнік цесна знітаваны са сваімі палітычнымі поглядамі. Яго творчасці ўласцівы класавы падыход да падзей і з'яў рэчаіснасці, але адначасова ў ёй выразна акрэслена і гуманістычная тэндэнцыя. Кірунак гэтай тэндэнцыі быў вызначаны яшчэ ў нашаніўскі перыяд, калі пісьменнік знаходзіўся пад жыватворным уплывам паэзіі Я. Купалы і Я. Коласа, разам з якімі, паводле слоў Л. Клейнбарта, Ц. Гартны паднімаў на свае плечы «цяжкі цяжар «беларускага адраджанізму» (Клейнбарт Л. Творчасць Ц. Гартнага // Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы. Мн., 1928. С. 41.)
Як празаік Ц. Гартны спрабаваў свае сілы ў розных формах эпічнага жанру: пісаў нататкі, нарысы, абразкі, апавяданні, аповесці, раманы.
Апавяданні Ц. Гартнага 1920-х гг. аб'яднаны ў зборнікі «Трэскі на хвалях» (1923) і «Прысады» (1927).
У творах зборніка «Трэскі на хвалях», прысвечаных адлюстраванню дарэвалюцыйнай рэчаіснасці, празаік паказвае абумоўленасць учынкаў сваіх герояў сацыяльна-эканамічнымі абставінамі, жорсткую залежнасць ад іх. Каб пракарміць сям'ю, рабочы Анупрэй («Штрэйкбрэхер») насуперак свайму сумленню, рабочай годнасці парушае працоўную салідарнасць, становіцца штрэйкбрэхерам, бо не можа дапусціць, каб яго дзеці галадалі. Цяжкае матэрыяльнае становішча вясковай жанчыны Палуты («Лайдак») прыглушае ў ёй святое мацярынскае пачуццё жалю і спагады да свайго сына, які, не вытрымаўшы маральных і фізічных здзекаў, што чыніў над ім пан, у якога ён служыў, вярнуўся дахаты. Грабар Антось («Велікодная каробка») дзеля сваіх дзяцей, праз ваганні і пакуты сумлення, становіцца злодзеем. Не можа ён растлумачыць сыну і дачцэ, што гаспадар не выплаціў яму грошай, а таму на святы яны застануцца без падарункаў. Маладая жанчына Аўдоцця («Распусніца») — маці траіх дзяцей. Пакінутая мужам, яна без сродкаў для існавання вымушана прадаваць сябе. Рэвалюцыя, грамадзянская вайна, выпрабаванні і пакуты людзей у час акупацыі — такія тэмы знаходзяць асвятленне ў большасці апавяданняў зборніка «Трэскі на хвалях». Хісткае становішча чалавека ў грамадстве пад час грозных сацыяльных катаклізмаў адпавядае сімвалічнай назве кнігі. Пісьменнік спрабуе асэнсаваць драматычныя з'явы рэчаіснасці, выяўляе заклапочанасць лёсам сваіх герояў. У апавяданнях «Дойдзем, сынок» (1920), «На руінах» (1923) праўдзіва паказаны жудасныя рэаліі разбурэння, тыя маральныя і фізічныя пакуты, якія давялося перажыць людзям у час грамадзянскай вайны і акупацыі Беларусі белапалякамі. Нягледзячы на выпрабаванні, героі гартнаўскіх апавяданняў захавалі ў сабе лепшыя чалавечыя якасці, вялікую прагу да жыцця і стваральнай працы. Пэўнай мастацкай арыгінальнасцю пазначаны таксама апавяданні «Спатканне» (1920), «Чырвонаармеец Панкел Ліпа» (1920), «Больш за ўсіх» (1923) і некаторыя іншыя.
У зборніку «Прысады» адлюстраваны пераважна падзеі мірнага жыцця, народжаныя новай рэчаіснасцю: выхаванне ў людзей творчых адносін да працы, беражлівага стаўлення да дзяржаўнай маёмасці, фарміравання актыўнай жыццёвай пазіцыі («Свае блінцы»), раскрыццё багатага духоўнага свету будаўнікоў новага жыцця («Прысады»), паказ складаных узаемаадносін у сям'і («Дыягназ»), самаахвярнасці кахання («Ядзя-Жучок»). Героямі апавяданняў з'яўляюцца чырвонаармейцы, сяляне, адказныя работнікі савецкай улады, сельскія актывісты, працаўнікі народнай асветы.
У адзначаных творах пісьменніка выразна праглядваецца класавы падыход да з'яў рэчаіснасці, які панаваў у тагачасным грамадстве, што, безумоўна, зрабіла адмоўны ўплыў на іх эстэтычную значнасць. Аднак, заўважым, гэта яшчэ не тая заідэалагізаваная і надзвычай схематычная проза, якой яна стане (і не толькі ў Ц. Гартнага!) у 1930-я гг.
Найбольш значным творам Ц. Гартнага з'яўляецца раман «Сокі цаліны», над якім пісьменнік працаваў з 1914 па 1929 гг. Твор складаецца з чатырох частак (квадраў): «Бацькава воля», «На перагібе», «Крыжовыя дарогі», «Чырвоныя зарніцы». Па сутнасці — гэта першы закончаны беларускі раман. Пісьменнік паставіў перад сабой мэту стварыць вобраз станоўчага героя свайго часу. У беларускай літаратуры праблема новага героя — актыўнай у духоўных і грамадскіх адносін асобы — непазбежна была звязана з асваеннем тэмы рабочага класа. Менавіта ў рабочым-рэвалюцыянеры пісьменнікі перш за ўсё бачылі новага героя часу. Ц. Гартны выявіў сябе наватарам, калі ўзяўся за напісанне рамана, прысвечанага рабочаму класу. Зварот пісьменніка да жанру рамана адпавядаў унутранай патрэбе развіцця беларускай літаратуры, якая яшчэ ў дарэвалюцыйны час шукала подступы да эпічнага асэнсавання нацыянальнай рэчаіснасці. Ствараючы вобраз рабочага-рэвалюцыянера Рыгора Нязвычнага, Ц. Гартны ў нейкай ступені апераджаў час, пракладваў дарогу новаму сацыяльна-псіхалагічнаму тыпу. Задума пісьменніка з улікам таго, што ён прадстаўляў літаратуру, якая не мела традыцый эпічнай прозы і паказу рабочага-рэвалюцыянера, была глабальнай. У «Соках цаліны» прасочваецца шлях мастацкага асэнсавання чалавека рэвалюцыі пісьменнікам-наватарам. Аўтар узняў надзвычай важныя грамадска-палітычныя, сацыяльна-бытавыя, маральна-этычныя праблемы тагачаснага жыцця, прасачыў працэс фарміравання рэвалюцыйнай свядомасці ў рабочым і сялянскім асяроддзі, калі «багатая сокамі цаліна агромнай краіны расціла маладыя пасынкі» (Гартны Ц. Сокі цаліны: У 4 т. Т. 1. Мн., 1957. С. 257.). Агульнапрызнана, што найбольш удалай у мастацкіх адносінах з'яўляецца першая частка рамана «Бацькава воля», пабудаваная на сацыяльна-побытавым матэрыяле. У ёй аўтар намаляваў аб'ектыўную панараму жыцця мястэчка Сілцы, раскрыў сацыяльную дыферэнцыяцыю яго жыхароў, паказаў іх норавы, звычаі, побыт, выявіў псіхалагічнае майстэрства ў стварэнні яркіх запамінальных характараў, апаэтызаваў сялянскую працу, даў цудоўныя пейзажныя замалёўкі. Адчуваецца, што аўтар пісаў аб тым, што добра ведаў і любіў, акрамя таго, ён абапіраўся на традыцыі нацыянальнай прозы ў адлюстраванні вясковага жыцця. У такім жа рэчышчы напісаны лепшыя старонкі другой часткі твора «На перагібе» (аб гэтым сведчаць сцэны касавіцы, жніва, каларытныя малюнкі ўладзін і вяселля Зосі Прыдатнай і Васіля Берага), хоць тут ужо пісьменнік аддае перавагу паказу горада, рабочага асяроддзя — сферы мала асвоенай тагачаснай беларускай прозай. У «Соках цаліны» адбіўся супярэчлівы погляд пісьменніка на ролю сялянства і пралетарыяту ў грамадскім працэсе. Дз. Бугаёў адзначыў, што Ц. Гартны падзяляў такую «догму марксісцкай ідэалогіі, як недаацэнка сялянства, — сцверджанні пра яго непаўнацэннасць у параўнанні з рабочымі» (Бугаёў Дз. Дасягнутае і страчанае // Полымя. 1992. № 3. С. 225.). Аб гэтым сведчаць выказванні Рыгора Нязвычнага і іншых герояў твора. Разам з тым, як ужо адзначалася вышэй, у ім прысутнічае паэтызацыя сялянскай працы, паказваецца любоў селяніна да зямлі, яго моцнае жаданне быць на ёй гаспадаром (лейтматыў большасці твораў беларускай літаратуры таго перыяду). Асабліва яскрава раскрываецца гэта ў вобразе Сёмкі, сябра Рыгора Нязвычнага, які, нягледзячы на вялікую павагу да Рыгора, захапленне яго разумовымі і арганізатарскімі здольнасцямі, адхіляе прапанову ехаць у горад, бо бачыць сваё прызначэнне ў працы на зямлі. У працэсе работы над раманам «Сокі цаліны» (з 1914 па 1929 г.) мяняўся погляд пісьменніка на героя, таму што змяняўся і ўзбагачаўся пісьменніцкі вопыт Ц. Гартнага, змяняўся сам час. У заключных раздзелах рамана ён спрабуе ўбачыць і адлюстраваць складанасці жыцця, больш тонка падысці да раскрыцця ўнутранага свету персанажа, пазбегнуць адналінейнасці ў раскрыцці характару. Асабліва гэта адчуваецца ў паказе сферы інтымнага жыцця Рыгора Нязвычнага. У першых частках рамана Нязвычны катэгарычна адмаўляе асабістае жыццё, каханне, лічачы, што гэта перашкаджае рэвалюцыйнай барацьбе. Пазней погляды яго на гэтае пытанне мяняюцца. У заключных раздзелах рамана пісьменнік адкрывае ў сваім героі новую грань характару: Рыгор прыходзіць да думкі, што без кахання, сямейнага жыцця нельга абысціся і рэвалюцыянеру. Такія прызнанні героя робяць яго характар больш жывым, праўдзівым і чалавечным. У дадзеным выпадку эвалюцыя героя была і эвалюцыяй самога пісьменніка, які зрабіў прыкметны крок уперад на шляху пераадолення схематычнага погляду на праблемы суаднесенасці асабістага і грамадскага.