Смекни!
smekni.com

Найбольш яскравыя прадстаўнiкi газеты "Наша Ніва" (стр. 11 из 11)

У канцы 1920 — пачатку 1930-х гадоў Ц. Гартны напісаў шэраг твораў, прысвечаных рабочаму класу. Яны ўвайшлі ў зборнікі «Гоман зарніц» і «Наступ на горны» (1932). Не ўсе творы вызначаюцца мастацкай дасканаласцю. Тэма вёскі адлюстравана ў апавяданні «Пахучы зяб» (1930), аповесці «Зялёны шум» (1931), рамане «Перагуды» (1935). Асэнсоўваючы перамены ў вёсцы, Ц. Гартны не здолеў паказаць калектывізацыю як складаны драматычны працэс, як ломку традыцыйнага сялянскага ўкладу жыцця. Падзеі «вялікага пералому» паказаны ў творах павярхоўна, згодна з устаноўкамі вульгарна-сацыялагічнай крытыкі. Персанажы пазбаўлены псіхалагічнай заглыбленасці, у большасці сваёй яны плакатныя, ілюстрацыйныя. Творы будуюцца па прывычнай, агульнавядомай схеме. Так, у аповесці «Зялёны шум» Юстын Плот — былы вясковец, цяпер прадстаўнік рабочага калектыву — прыехаў у родную вёску, каб правесці землеўпарадкаванне, растлумачыць аднавяскоўцам перавагі калектыўнага спосабу гаспадарання. Яго падтрымліваюць бяднейшыя сяляне, а вакол заможнага гаспадара Ацася Папелкі гуртуюцца тыя, хто не хоча ісці ў калгас. Кулакі робяць спробу забойства актывіста, але гэта ім не ўдаецца. Твор заканчваецца поўнай перамогай прыхільнікаў новага жыцця. Прыкладна па такой жа схеме пабудаваны і сюжэт рамана «Перагуды», які таксама не вызначаецца высокім мастацкім узроўнем.

Цікавай сферай творчай дзейнасці Ц. Гартнага з'яўляецца яго праца ў галіне літаратурнай крытыкі. Як М. Багдановіч, Ант. Навіна, М. Гарэцкі, ён стаяў ля вытокаў нацыянальнай крытыкі. Ц. Гартны з'яўляецца аўтарам артыкулаў «Аб крытыцы «Босыя на вогнішчы» і яшчэ аб саміх «Босых на вогнішчы» М. Чарота» (1922), «Беларуская літаратура. Нарысы і агляды» (1923), «Беларускае пісьменства: (Гістарычны нарыс)» (1924), «У надзеях над прасторамі: Жыццё і творчасць А. Гурло» (1924), «Літаратурныя падзеі ў 1926 г.» (1927), «Янка Купала — пясняр вызвалення», «Рэвалюцыйным шляхам: (Да дзесяцігоддзя творчасці М. Чарота)» (1928) і інш. Толькі частка з іх уключана ў зборнік крытычных нарысаў «Узгоркі і нізіны» (Мн., 1928). У залежнасці ад погляду на мэты і задачы літаратурнай творчасці былі прыхільнікі сацыялагічнай і эстэтычнай крытыкі. Зм. Жылуновіч – прадстаўнік сацыялагічнай крытыкі, паколькі ён бачыў у літаратурным творы «фактар уплыву на масы з мэтай абуджэння ў апошніх нацыянальнае і сацыяльнае свядомасці». Класавы падыход да ацэнкі вартасці літаратурных твораў без уліку спецыфікі мастацтва як эстэтычнай з'явы збедніў Гартнага як пісьменніка, а яго пазіцыю літаратурнага крытыка зрабіў спрошчанай і абмежаванай. Гэта выяўляецца ў артыкулах «Этапы развіцця беларускае літаратуры», «Літаратурныя падзеі ў 1926 г., «Шкоднае ў літаратуры» і інш. Асабліва яскрава пазіцыя Зм. Жылуновіча акрэслена ў яго рэцэнзіі (за подпісам Дорндорф) на «Гісторыю беларускае літаратуры» М. Гарэцкага. Аўтар рэцэнзіі, палемізуючы з гісторыкам літаратуры адносна ацэнкі творчасці Зм. Бядулі і М. Багдановіча, заяўляў: «Дзіву даешся, як можна высоўваць за аснову творчасці спакойную думу, правышаць творчасць з агульналюдскімі элементамі над творчасцю з класавымі адзнакамі». Менавіта па гэтай прычыне (перавага класавага над агульначалавечым) многае ў творчай спадчыне Ц. Гартнага не ўспрымаецца сучасным чытачом. Тыя ж творы, дзе перамагае гуманістычная тэндэнцыя, вытрымалі праверку часам.

Ц. Гартны спрабаваў свае сілы ў драматургіі (ён аўтар п'ес «Хваля жыцця», «Сацыялістка», «На стыку», «Дзве сілы»), займаўся мастацкім перакладам (у яго перакладзе на беларускую мову выйшла першая кніга А. Фадзеева «Апошні з удэгэ». Мн., 1932), пісаў літаратуразнаўчыя артыкулы пра творчасць А. Пушкіна, А. Міцкевіча, Л. Талстога, В. Брусава, А. Блока.

ніва беларуская гезэта


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Сабалеўскі А. Драма жыцця // Аляхновіч Ф. Выбраныя творы. Мн., 2005. С. 5-20.

2. Ковель У.А. Францішак Аляхновіч // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 1. Мн., 1999. С. 335-357.

3. Яцухна В.І. Беларуская малафарматная драматургія ХVІ — першай паловы ХХ стст. Гомель, 2004.

4. Навуменка І.Я. Змітрок Бядуля // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 1. Мн., 1999. С. 237-264.

5. Семяновіч А.А. Бядуля Змітрок // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік: У 6 т. Т. 1. Мн., 1992. С. 451-452.

6. Казбярук У.М. Алесь Гарун // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 1. Мн., 1999. С. 319-334.

7. Янка Купала: Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1986.

8. Багдановіч І.Э., Дапкюнас Ж.К. Купала Янка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік: У 6 т. Т. 3. Мн., 1994.

9. Навуменка І.Я. Янка Купала // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 1. Мн., 1999. С. 121-175.

10. Васючэнка П.В. Драматычная спадчына Янкі Купалы: Вопыт сучаснага прачытання. Мн., 1994.

11. Гніламёдаў У.В. Янка Купала: Новы погляд. Мн., 1995.

12. Дасаева Т.М. Цішка Гартны // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 1. Мн., 1999. С. 358-380.