Смекни!
smekni.com

Найбольш яскравыя прадстаўнiкi газеты "Наша Ніва" (стр. 2 из 11)

Вобраз Янкі Купалы заняў годнае месца ў літаратуры і мастацтве. Яму прысвечаны вершы і п'есы, музычныя і кінематаграфічныя, жывапісныя і графічныя творы. Сюжэты твораў самога Я. Купалы служаць крыніцай для іншых відаў мастацтва (музыкі, эстрады, балета і г. д.).

Найбольш моцна талент Я. Купалы выявіўся ў паэзіі. Прычым вобразна-выяўленчая, стылёвая і жанравая палітра паэзіі Я. Купалы вельмі шырокая: ён і ўласна лірык (пераважна рамантык), і аўтар шэрагу паэм, у тым ліку і драматычных.

Свой першы літаратурны твор Я.Купала напісаў у 1903 г. у в. Селішчы: гэта быў верш, прысвечаны сястры Леакадзіі ў дзень яе нараджэння. Пачынаў пісаць па-польску (некалькі вершаў былі надрукаваны ў польскім часоцісе «Ziarno» («Зерне»). Па сведчанні паэта, «Дудка беларуская» Ф.Багушэвіча і «Гапон» В.Дуніна-Марцінкевіча канчаткова пераканалі яго, што менавіта родным словам, а не рускай або польскай мовай ён зможа выказаць у вершах душу і запаветныя думкі беларускага народа. На выбар мовы творчасці Я. Купалы аказалі таксама моцны ўплыў Ядвігін Ш. і У. Самойла (вядомы беларускі публіцыст і літаратурны крытык).

Першы беларускі верш Я.Купалы «Мужык» быў апублікаваны ў мінскай газеце «Северо-Западный край» 15 мая 1905 г. З 1907 г. вершы паэта сістэматычна друкаваліся ў газеце «Наша ніва». Іх тэматыка — прыгнечанае бяспраўнае жыццё беларускага селяніна, краса роднага краю, прыгажосць стваральнай працы чалавека. Ужо ў ранніх творах Купалы акрэсліваецца ідэя свабоды — нацыянальнага, сацыяльнага і духоўнага разнявольвання чалавека — як вызначальная ідэя ўсёй яго творчасці. У 1908 г. у Пецярбургу выйшла першая кніга паэзіі Я.Купалы «Жалейка», якая двойчы канфіскоўвалася: першы раз па распараджэнні Пецярбургскага камітэта па справах друку, другі — па прадпісанні віленскай адміністрацыі. Другі зборнік вершаў Я.Купалы «Гусляр» выдадзены лацінкай (Пецярбург, 1910). У адрозненне ад «Жалейкі» з яе элегічнасцю, плачам над адвечнай нядоляй селяніна, у «Гусляры» выразна праяўляецца рамантычнае светаадчуванне аўтара, акрэсліваецца філасофская, экспрэсіянісцкая плынь яго лірыкі. Са шматлікіх вершаў «Гусляра» паўстае рамантычны вобраз паэта як «сына міра», прарока, што сам спазнаў таямніцы свету і жадае адчыніць іх людзям. Моцным акордам гучыць эсхаталагічная тэма, матыў самотнасці і разгубленасці лірычнага героя, які гатовы праклясці ўвесь свет і забыцца ў вечным сне. Менавіта ў «Гусляры» — выданні часоў, калі грамадства перажывала перыяд рэакцыі, — найбольш выразна адбілася рамантычнае раздваенне душы лірычнага героя, у якой суіснуюць адчуванні далучанасці да Сусвету, пачуццё абранасці і высокай наканаванасці чалавека, а з другога боку, бяссілле і адчай пры сутыкненні з чужой і варожай рэчаіснасцю. Гэтыя матывы гучалі не толькі ў філасофскай медытатыўнай лірыцы, але і ў творах баладнага жанру («Памяці С.Палуяна»), драматычнай паэме «Адвечная песня».

Творча плённым, узлётным для Я.Купалы быў перыяд 1910—1913 гг., калі ён вучыўся ў Пецярбургу, а ўлетку жыў у Акопах, дзе напісаны буйнейшыя творы гэтай пары. Трэці паэтычны зборнік Я.Купалы «Шляхам жыцця» (1913) быў фактычна вяршынным дасягненнем тагачаснай беларускай літаратуры, а яго аўтар стаў бясспрэчным яе лідэрам. У вершах і іншых па жанру творах гэтага зборніка выразна адбіўся патрыятызм і глыбінны гістарызм паэта, найбольш яскрава ўвасобілася ідэя свабоды і абуджэння нацыянальнай свядомасці беларускага народа. Купала імкнуўся абудзіць у чытача пачуццё гордасці і ўдзячнасці да продкаў, якія былі здольныя захоўваць сваю дзяржаўнасць і незалежнасць, бараніць зямлю ад ворагаў, развіваць адметную культуру («Над Нёманам», «На куццю», «На дзяды» і інш.): многія з твораў, дзе развіваліся такія матывы, былі ў пазнейшы час забароненымі, не ўваходзілі ў зборы твораў і не перадрукоўваліся да канца 1980-х гг. Адраджэнцкі, нацыянальны характар творчасці Я.Купалы праяўляўся і ў вершах рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, у якіх паэт апяваў набліжэнне светлых перамен у жыцці, услаўляў будучыню, прадвесцем якой для яго быў створаны паэтычным уяўленнем вобраз Маладой Беларусі, абуджанай да гістарычнага самасцвярджэння (вершы «Маладая Беларусь» («Вольны вецер напеў...»), «Бацькаўшчына», «Выйдзі» і інш). У вобразе Прарока (Званара, Гусляра), які прымаў аблічча Падарожнага, Незнаёмага, паэт прадракаў Вялікі Сход, дзе будзе вырашаны нацыянальны лёс народаў і сацыяльны лёс працоўных. У 1914—1915 гг. з'яўляецца цыкл яго вершаў «Песні вайны», шэдэўры любоўнай лірыкі («Таей даўгажданай», «Сыйду», «На вуліцы», «Мусіць трэба было», «А яна...»). На працягу трох наступных гадоў Купала, перажываючы разам з народам цяжкі перыяд нацыянальнай гісторыі, вершаў не пісаў, зноў пачаў тварыць толькі ў канцы 1918 г. Яго вершы той пары «Званы», «Буралом», «Спадчына», «Рунь», «Першы снег», «Паязжане» і інш. — гэта роздум аб гістарычных шляхах Бацькаўшчыны, вынашаны ў трохгадовым маўчанні, прасякнуты ўласцівай паэту філасофскай глыбінёй. Гэтыя вершы ўвайшлі ў чацвёртую паэтычную кнігу Купалы «Спадчына» (1922). Зборнік выклікаў пэўнае расчараванне тагачаснай крытыкі, якая чакала ад паэта новых тэм і матываў — услаўлення Кастрычніка і прынесеных ім жыццёвых перамен. Купала ж заставаўся песняром Бацькаўшчыны, палітычнае становішча якой у гэты перыяд было вельмі складаным. Мастацкі позірк паэта імкнуўся вылучыць сутнасць падзей, іх суаднесенасць з каштоўнасцю кожнага асобнага чалавека. Ён бачыў і адчуваў, як у рэвалюцыйнай віхуры нішчацца і руйнуюцца лёсы, як родныя людзі становяцца па розныя бакі барыкад, як пошукі выйсця абарочваюцца бездарожжам. Таму ў яго лірыцы па-ранейшаму гучалі драматычныя і трагічныя ноты, жаданым заставаўся ідэал свабоднай Бацькаўшчыны. Другую паслярэвалюцыйную кнігу Я.Купалы «Безназоўнае» (1925) склалі вершы, пераважна створаныя ў 1919 і 1921 гг., а таксама аднайменная паэма, напісаная ў 1924 г. Многім даследчыкам у кнізе бачылася адлюстраванне ранейшых нацыянальна-адраджэнцкіх поглядаў аўтара і тлумачылася як негатыўная з'ява. Для Купалы ж вершы ў кнізе і паэма «Безназоўнае» былі арганічным, паслядоўным выяўленнем яго творчага «я». Паэт не адступаў ад сваёй канцэпцыі чалавека, апірышчам духоўнасці для якога і ў перайначаным пралетарскай рэвалюцыяй свеце заставаліся «сны аб Беларусі».

У 30-я гады, калі творчае самавыяўленне станавілася немагчымым, Купала ўсё ж імкнуўся асэнсаваць плынь жыцця, каб стварыць адэкватны мастацкі вобраз. Аднак дыктат рэчаіснасці над воляй мастака непазбежна прыводзіў да таго, што шлях творчай эвалюцыі Купалы ў гэтыя гады — гэта шлях ад адраджэнцкага рамантызму з яго культам духоўна разняволенай асобы і нацыянальнай незалежнасці да твораў рэпартажнага характару, мастацкі ракурс якіх быў прадвызначаны пануючай ідэалогіяй (паэма «Над ракой Арэсай»). Хаця ў некаторых яго вершах Ляўкоўскага цыклу («Алеся», «Лён», "Хлопчык і лётчык") творчае самавыяўленне аўтара дасягнула пэўнай вышыні. У 1940 г. выйшла кніга паэзіі «Ад сэрца», куды былі ўключаны вершы 1937—1939 гг. і паэма «Тарасова доля».

Як у дарэвалюцыйны, так і ў савецкі час Я. Купала разважаў над прызначэннем мастака-творцы, яго месца і ролі ў грамадскім жыцці народа, нацыі. Гэта адлюстравалася ў такіх вершах паэта, як «Я не для вас...», «За ўсё», «З кутка жаданняў», «З маіх песень», «Песня мая», «Мая навука».

Пераважна як трагічныя, абумоўленыя разарванасцю адзінага народа на дзве часткі, гучалі ў лірыцы Я. Купалы 1920—1930-х гг. заходнебеларускія матывы («У Вісле плавае тапелец», «Па Даўгінаўскім гасцінцы», «На паграніччы» і інш.)

У час Вялікай Айчыннай вайны Я. Купала сваім палымяным словам заклікаў да абароны Радзімы, да змагання супраць фашыстаў («Беларускім партызанам», «Грабежнік», «Дзевяць асінавых колляў», «Зноў будзем шчасце мець і волю»).

Я. Купала ўнёс велізарны ўклад у развіццё і станаўленне жанру паэмы ў беларускай літаратуры. Усяго (разам з незакончанай "Гарыславай") яго пяру належыць 20 паэм.

Умоўна паэмы Я. Купалы можна падзяліць на г. зв. дакастрычніцкія і савецкага часу. Прычым гэты падзел не поўнасцю абумоўлены сацыялогіяй, важную ролю адыгрываюць тут і ўласна творчыя моманты і фактары.

У межах дакастрычніцкіх паэм вылучаюць раннія паэмы перыяду 1905—1907 гг. ("Зімою", "Нікому", "Калека", "Адплата кахання"). Гэтыя творы, а таксама напісаныя крыху пазней "У піліпаўку" і "За што?" шэраг даследчыкаў лічыць не ўласна паэмамі, а вершаванымі апавяданнямі або аповесцямі. Названыя творы ў многім вучнёўскія. Дадзеная акалічнасць абумовіла такія іх якасці і рысы, як перавага аповеду над абагульняючым паэмным асэнсаваннем падзей, а таксама меладраматызм зместу.

Другая група дакастрычніцкіх паэм Я. Купалы — г. зв. фальклорна-рамантычныя (або фальклорна-гераічныя ці, урэшце, героіка-рамантычныя). Яе складаюць такія творы, як "Курган" (1910), "Бандароўна" і "Магіла льва" (абедзве — 1913). У дадзеных творах выводзіцца на авансцэну і паэтызуецца моцная, нават можна сказаць, гераічная асоба (Гусляр, Бандароўна, Машэка). Іншая і стылістыка гэтых паэм у параўнанні з раннімі. Тут ужо Купала паўстае ўласна паэтам-рамантыкам (неарамантыкам), думка якога лунае над усім светам, дасягаючы незвычайнай экспрэсіўнасці і моцы.