Памёр З. Бядуля за межамі Беларусі, якой ён аддаў увесь свой непаўторны і шчодры талент. Гэта сталася 3 лістапада 1941 г., пад г. Уральскам, куды пісьменнік эвакуіраваўся. Пахаваны З. Бядуля ў самім Уральску.
Алесь Гарун — найбольш вядомы псеўданім пісьменніка, сапраўднае прозвішча якога Прушынскі Аляксандр Уладзіміравіч. Нарадзіўся ён 27 лютага 1887 г. (ёсць і іншыя меркаванні аб дакладнай даце нараджэння пісьменніка: 11 сакавіка) у Мінску ў беднай сям'і выхадцаў з вёскі Падстарынь Стваловіцкай воласці Навагрудскага павета (сёння гэта Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). Малы Алесь на працягу трох гадоў вучыўся ў Мінску ў царкоўна-прыходскай школе, а потым — таксама тры гады — на дрэваапрацоўчым аддзяленні рамесніцкага вучылішча. Стаў кваліфікаваным сталяром і пачынаючы з 1902 г. працаваў у розных майстэрнях і на мэблевай фабрыцы ў Мінску. Алесь Гарун з маладых гадоў ступіў на шлях рэвалюцыйнай барацьбы. Яшчэ ў 1904 г. ён стаў членам партыі эсэраў, разгарнуўшы шырокую прапагандысцкую дзейнасць. Гэта мела для яго драматычныя вынікі: 4 сакавіка 1907 г. Гаруна арыштавалі ў падпольнай друкарні ў Мінску. Судзілі Алеся Гаруна (разам з кампаньёнам) двойчы. 10 ліпеня 1908 г. суд прыняў канчатковае рашэнне адправіць абодвух падсудных на пасяленне ў Сібір. Максім Гарэцкі ў «Гісторыі беларускае літаратуры» паведамляў, што Алесь Гарун адбываў ссылку ў Кірэнскім павеце Іркуцкай губерні — спачатку ў сяле Макараўскім над Ленай, затым у вёсцы Крывая Лука. Займаўся там сталярскімі і цяслярскімі работамі. У 1914 г. пачаў працаваць на Лене вадалівам, а ў наступным перабраўся на прыіскі ў Бадайбо. Тут ён сустрэў Лютаўскую рэвалюцыю. У верасні 1917 г. Гарун вярнуўся ў Мінск, дзе адразу ж уключыўся ў грамадска-палітычную барацьбу. Тут жа шырока разгарнулася яго літаратурная і публіцыстычная творчасць. У кастрычніку 1917 г. на III з'ездзе Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) Алесь Гарун выбіраецца адным з дванаццаці членаў Цэнтральнага Камітэта партыі. Разам з ім былі выбраны такія дзеячы, як Змітро Жылуновіч (Цішка Гартны), Браніслаў Тарашкевіч, Язэп Дыла, Аркадзь Смоліч, Сымон Рак-Міхайлоўскі. У снежні таго ж года Алесь Гарун стаў адным з кіраўнікоў I Усебеларускага кангрэса, на які сабраліся прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі, розных беларускіх арганізацый, раскіданых па Расіі. Ён увайшоў у склад Выканаўчага камітэта, выбранага з'ездам, і адказваў там за справы працы. Пасля распаду БСГ Алесь Гарун стаў членам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. На заключным этапе грамадзянскай вайны найбольш выдатныя беларускія дзеячы, у тым ліку і Алесь Гарун, звязвалі свае надзеі з сацыялізмам, хоць па прынцыповых пытаннях іх праграма кардынальна адрознівалася ад праграмы бальшавікоў. У 1918 г., у час нямецкай акупацыі, Гарун рэдагаваў газету «Беларускі шлях». У жніўні 1919 г. узначаліў Часовы беларускі нацыянальны камітэт, які ўключаў радных Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, прадстаўнікоў Культурна-асветнага таварыства, Хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці, Першага таварыства драмы і камедыі, Вучыцельскага беларускага хаўрусу і інш. Восенню 1919 г. Алесь Гарун стаў членам так званай Беларускай вайсковай камісіі, якая павінна была — пры дапамозе польскіх улад — арганізаваць беларускую нацыянальную армію. Аднак ніякае войска, нягледзячы на шматмесячную — знешне вельмі актыўную — дзейнасць і на шматлікія спрыяльныя абставіны, так і не было створана, бо польскія ўлады маглі б дазволіць толькі стварыць узброеныя сілы для барацьбы з бальшавікамі, а не для абароны інтарэсаў беларускага народа. У перыяд грамадзянскай вайны Алесь Гарун часта друкуе мастацкія і публіцыстычныя творы ў розных перыядычных выданнях і калектыўных зборніках. З Сібіры Алесь Гарун вярнуўся хворы на сухоты. Хвароба ўсё больш і больш абяссільвала пісьменніка. У ліпені 1920 г. Гаруна на насілках унеслі ў санітарны цягнік, які завёз яго ў Кракаў. У гэтым жа месяцы Гарун і памёр, пражыўшы ўсяго толькі 33 гады. Пахаваны на вайсковых Ракавіцкіх могілках у Кракаве. I толькі амаль праз 70 гадоў пасля смерці, 24 верасня 1988 г., на яго магіле быў адкрыты помнік стараннямі актывістаў Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы.
Пісаць вершы Алесь Гарун пачаў змалку: спачатку, як сведчыць Максім Гарэцкі, на рускай мове, затым — на беларускай. Раннія яго творы, аднак, да нас не дайшлі. 1905 годам датуецца яго паэма «Мае коляды», апублікаваная ў Вільні ў 1920 г. пад псеўданімам А. Сумны. У цэнтры яе — гісторыя нечаканага абуджэння нацыянальнай свядомасці ў беларускага вясковага хлопчыка, які прыехаў да свайго школьнага сябра і правёў свята ў асяроддзі паноў.
Першы друкаваны верш «Маці-Беларусі» пабачыў свет у 1907 г. у 28-м нумары газеты «Наша Ніва». У 1908 г. з'явіліся два вершы: «Януку Купале» (паэтычны водгук на зборнік «Жалейка») і «Начныя думкі» — лірычны ўсхваляваны ўспамін аб родных мясцінах, ад якіх аўтар быў адарваны, знаходзячыся ў астрозе. Заслугоўвае ўвагі вобразная асаблівасць твора: тут ява ўвесь час пераплятаецца са сном, а рэальная рэчаіснасць — з казкай. Гэтыя вершы сведчаць аб тым, што Алесь Гарун у астрозе не паў духам, не зламаўся маральна. Ён падтрымліваў цесную сувязь са знешнім светам, жыў яго клопатамі, займаўся літаратурнай творчасцю і знаходзіў магчымасць перадаваць вершы на волю. Больш стала літаратурнай творчасцю паэт заняўся ў Сібіры, адкуль пасылаў на радзіму вершы, апавяданні і, вядома, лісты.
Паэтычная спадчына Алеся Гаруна ўключае ў сябе зборнік «Матчын дар», напісаны да пачатку першай сусветнай вайны, і вершы, апублікаваныя ў розных выданнях пад псеўданімамі А. Гарун, А. Сумны, а таксама Сальвэсь.
Зборнік «Матчын дар» можна паставіць побач з такімі кнігамі, як «Шляхам жыцця» і «Вянок». Ён з'яўляецца адным з найвыдатнейшых паэтычных дасягненняў нашай літаратуры пачатку XX ст.
У беларускай паззіі той эпохі шмат праграмных вершаў, або «песень аб песнях». Аўтары ставяць у іх канкрэтныя задачы перад сабою, перад нацыянальнай літаратурай у цэлым, палемізуюць з ідэйнымі праціўнікамі, раскрываюць свой эстэтычны ідэал. Такія творы ёсць і ў Алеся Гаруна. У нейкім сэнсе блізкім да праграмных можна лічыць верш «Людзям», якім адкрываецца зборнік і ў якім аўтар непасрэдна звяртаецца да чытачоў. Гэта — свайго роду прадмова, ці можа нават споведзь з выяўленнем асабістых перажыванняў.
Вершы паэта, напісаныя ў Сібіры, — гэта водгулле пакуты і сімвал веры, споведзь і скарга выгнанніка, а таксама сведчанне нязломнай, непахіснай вытрымкі. I разам з тым шчымлівае, неадольнае пачуццё духоўнае сувязі з роднаю зямлёю, з усім тым, што на ёй адбываецца, а галоўнае — з тымі пераменамі, якія там наспяваюць, набіраюць сілы, з'яўляюцца вестунамі адраджэння дарагой сэрцу Беларусі:
Што мне багацтва? Без грошы, без золата
Быў бы магнат я, кароль, багатыр
Там, дзе пад націскам роднага молата
Жыцце куецца углыб і ушыр.
Жыцце куецца, і сонца ўздымаецца,
Свету праменні льець з гарыні,
З доўгага сну дзе народ прачыхаецца,
Побыту шчаснага свецяць агні.
(«Думы ў чужыне»)
Багата ў Алеся Гаруна песняў жальбы, сумных настрояў, плачу. Але сум яго не так ідзе ад драмы ўласнага жыцця, колькі ад таго, што ён больш за ўсё баяўся страціць духоўную повязь з Бацькаўшчынай. Агнём у душы паэта гарыць пачуццё болю з тае нагоды, што ён не можа зрабіць для свае зямлі і свайго народа ўсяго, што хацеў бы, што трэба было б. Ён ні на хвіліну не дапускае думкі пра тое, што мог бы шукаць у жыцці лепшага, больш спакойнага лёсу.
Ёсць у Алеся Гаруна алегарычныя творы з глыбокім філасофскім роздумам над кардынальнымі пытаннямі чалавечага быцця і грамадскіх працэсаў. Лірычнаму герою верша «Nokturno» (Nokturno (ад лац. nokturnus — начны) — невялікі музычны твор, пераважна лірычнага, сентыментальнага характару, звязаны з настроем ночы, змроку; быў модны ў XIX ст.) Нядоля адкрывае вочы на глабальныя заканамернасці нашай рэчаіснасці: на бессмяротнасць жыцця, на непазбежнасць абнаўлення яго форм, на вечны, нястрымны рух у прыродзе і грамадстве. Хоць лес восенню і замірае, але вясною ён заўсёды адраджаецца. Так пакуты людзей падрыхтоўваюць непазбежныя перамены і абнаўленне жыцця грамадства.