Найбольш яскравыя прадстаўнiкi газеты «Наша Ніва»
«Наша Ніва» — беларуская газэта, найстарэйшая газэта на беларускай мове. Газэта «Наша Ніва» была ўтвораная ў 1906 годзе, і спачатку была органам Беларускае Сацыялістычнае грамады. Выходзіла на працягу 9 гадоў – да 1915 году. «Наша Ніва» стварыла магутны літаратурны рух. Яна стала цэнтрам усіх беларускіх пісьменьнікаў. Сярод іх найбольшую ролю адыгралі: Янка Купала, Максім Багдановіч, Зьмітрок Бядуля, Алесь Гарун, Францішак Аляхновіч, Цішка Гартны i iнш.
Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) нарадзіўся 25.6 (7.7).1882 г. у сям'і беззямельнага арандатара. Бацькі Я. Купалы (Дамінік Ануфрыевіч Луцэвіч і Бянігна Іванаўна Валасевіч) паходзілі са шляхты, аднак у выніку збяднення па эканамічнаму становішчу і спосабу жыцця з'яўляліся звычайнымі сялянамі-арандатарамі. У пошуках зямлі і працы бацькі Я.Купалы вымушаны былі пераязджаць з месца на месца. Вандроўнае жыццё перашкаджала будучаму паэту атрымаць сістэматычную адукацыю, таму малы Янка вучыўся ў вандроўных настаўнікаў, няні, Сенніцкім двухкласным народным вучылішчы (адну зіму), у прыватнай падрыхтоўчай школе ў Мінску (каля пяці месяцаў), Бяларуцкім двухкласным народным вучылішчы, якое скончыў у 1898 г. Вялікі ўплыў на светапогляд паэта аказала знаёмства з памешчыкам З. Чаховічам, паплечнікам К.Каліноўскага. Я.Купала карыстаўся яго багатай бібліятэкай. У 1902 г. памёр бацька Я.Купалы, і, як старэйшы з семярых дзяцей, Ясь застаўся за гаспадара. Праз паўгода памёр малодшы брат Казік, а яшчэ праз тыдзень — сёстры Гэля і Сабіна. У пошуках заробкаў будучы паэт пайшоў «у людзі»: працаваў вандроўным настаўнікам, пісарам у судовага следчага, у канторы маёнтка Беліца Сенненскага пав. Магілёўскай губ. У сувязі з хваробай маці пакінуў службу і вярнуўся ў Селішча, дзе зноў працаваў на гаспадарцы. З 1905 па 1907 гг. Купала працаваў на вінакурных заводах (броварах) у якасці чорнарабочага. Восенню 1908 г. Я.Купала паехаў у Вільню, дзе ўладкаваўся на працу бібліятэкарам у прыватнай бібліятэцы «Веды» Б.Даніловіча і супрацоўнічаў у беларускай газеце «Наша ніва». Гэта быў перыяд самаадукацыі і творчага станаўлення паэта, пошуку духоўных арыенціраў, выпрацоўкі эстэтычных прынцыпаў і выспявання нацыянальна-адраджэнцкага светапогляду. Віленскі перыяд жыцця і дзейнасці Я.Купалы (1908—1909) скончыўся тым, што неспрыяльныя ўмовы, якія склаліся для яго ў рэдакцыі «Нашай нівы», прымусілі паэта пакінуць гэтае месца работы. Я.Купала прагнуў вучыцца далей і ў пачатку снежня 1909 г. з рэкамендацыйным лістом У.Самойлы да Б.Эпімах-Шыпілы паехаў у Пецярбург. З 1909 г. на працягу 4 гадоў, выязджаючы ўлетку да маці ў Акопы, Купала жыў у Пецярбургу, вучыўся там на агульнаадукацыйных курсах А.Чарняева, адчуваючы заўсёдную маральную і матэрыяльную апеку Б.Эпімах-Шыпілы. Вучоба на курсах дапамагла сістэматызаваць і папоўніць веды, атрыманыя шляхам самаадукацыі. Сваёй творчасцю пецярбургскага перыяду (1910—13) Я.Купала ўводзіў беларускую літаратуру ў еўрапейскі культурны кантэкст. У Пецярбургу ён прымаў удзел у рабоце навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага універсітэта, пазнаёміўся са стваральнікам першага беларускага тэатра І.Буйніцкім, з многімі рускімі пісьменнікамі. Гэтыя гады былі для паэта часам напружанай вучобы, работы над сабой і, канешне ж, творчасці. Пасля заканчэння вучобы ў Пецярубргу (1913) Я.Купала вярнуўся ў Вільню і пачаў працаваць сакратаром у «Беларускім выдавецкім таварыстве», затым перайшоў у рэдакцыю газеты «Наша ніва». З сакавіка 1914 г. газета пачала выходзіць за подпісам Я. Купалы як адказнага рэдактара (фактычна абавязкі рэдактара ён пачаў выконваць значна раней). У студзені 1915 г. камітэт па справах друку ў Вільні ўзбудзіў супраць яго як рэдактара «Нашай нівы» судовую справу за надрукаванне артыкула «Думкі». У сувязі з набліжэннем лініі фронта Першай сусветнай вайны 8 жніўня 1915 г. Я.Купала эвакуіраваўся з Вільні. Ён наведаў у Акопах маці, па запрашэнні свайго знаёмага С.Жывапісцава выехаў ў Арол, а потым у Маскву, дзе паступіў у народны універсітэт імя А.Шаняўскага на гісторыка-філасофскі факультэт. 23 студзеня 1916 г. у Маскве Я.Купала ажаніўся з Уладзіславай Францаўнай Станкевіч. Неўзабаве яго прызвалі ў армію: некалькі месяцаў служыў у Мінску старшым рабочым у дарожна-будаўнічым атрадзе, а затым у Полацку і Смаленску. З ліпеня 1918 г. Купала працаваў агентам па забеспячэнні харчамі Заходняй вобласці, разам з М.Гарэцкім быў слухачом факультэта гісторыі мастацтваў Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстьпута. У 1919 г., пасля абвяшчэння БССР, Я.Купала пераехаў на сталае жыхарства ў Мінск. Тут ён працаваў загадчыкам бібліятэкі пры Беларускай хатцы, рэдагаваў часопісы «Рунь» (1920) і «Вольны сцяг» (1920—1922). У гэты час цяжка хварэў, аднак, акрыяўшы, зноў вярнуўся да актыўнай грамадскай і літаратурнай дзейнасці. З пачатку 1921 г. Я. Купала працаваў намеснікам загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Народнага камісарыята асветы БССР, уваходзіў у склад Акадэмічнай каміссіі Акадэмічнага цэнтра Наркамасветы БССР па ўкладанню і апрацоўцы беларускай тэрміналогіі. З'яўляўся членам навукова-літаратурнай (а пасля навукова-рэдакцыйнай) калегіі Наркамасветы БССР. У 1921 г. адбыўся інцыдэнт з уладамі: на паэта быў накладзены хатні арышт і канфіскаваны рукапісы. Я.Купала быў сярод ініцыятараў стварэння Беларускага драматычнага тэатра (1920), Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1921), Інстытута беларускай культуры (1922, абраны яго правадзейным членам). Прымаў удзел у Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). Разам з Я.Коласам, Ц.Гартным, А.Гурло, М.Чаротам і іншымі пісьменнікамі быў адным з ініцыятараў стварэння літаратурнага аб'яднання беларускіх пісьменнікаў «Полымя». У 1925 г. Янку Купалу першаму сярод беларускіх літаратараў было прысвоена званне Народны паэт Беларусі. Аднак ужо набліжаліся злавесныя 30-я гады, калі ўсё нацыянальна значнае ў мастацтве абвяшчалася класава варожым і шкодным. Творы Я.Купалы (зборнікі «Жалейка», «Гусляр») падвяргаліся значнай цэнзурнай праўцы. Летам 1930 г. у друку з'явіўся артыкул Л.Бэндэ «Шлях паэта», у якім паэт абвяшчаўся «ідэолагам буржуазнага нацыянал-адраджанізму». У 1930 г. у Акопах былі раскулачаны маці і сястра паэта і прызначаны да высылкі ў Котлас. Актывізацыя сталінскага тэрору, барацьба з так званай «нацдэмаўшчынай» прывяла ўлетку 1930 г. да шматлікіх арыштаў сярод пісьменнікаў, дзеячаў навукі, асветы, культуры. Я.Купалы тады не трапіў за краты, але яго рэгулярна выклікалі на допыты ў ДПУ, дзе патрабавалі паказанняў аб «контррэвалюцыйнай» арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі», лідэрам якой ён нібыта быў. Узвесці такі паклёп на сябе і на іншых паэт не мог, на допытах праяўляў мужнасць і высакароднасць, што было адзначана і ягонымі следчымі. 27 лістапада 1930 г. Я.Купала зрабіў спробу самагубства. Аднак яго жыццё ўдалося выратаваць. У 1930-я гг. вонкава стварылася ўражанне, нібыта Купала сапраўды быў у гушчы літаратурнага і грамадскага жыцця: ён удзельнічаў у розных камітэтах і камісіях па ўшанаванні памяці і правядзенні юбілеяў класікаў рускай і нацыянальных літаратур, быў дэлегатам тагачасных урачыстых літаратурных форумаў і з'ездаў. Аднак гэта ўсё было толькі знешне, своеасаблівым пампезным камуфляжам, за якім правіў баль тэрор. У 1934 г. Я.Купала, дзякуючы спецыяльным загадам М.Горкага і рэдактара «Известий» І.Гронскага, якія ратавалі яго ад рэпрэсій, удзельнічаў у рабоце 1-га з'езда Савецкіх пісьменнікаў БССР, выбраны членам Праўлення і дэлегатам на 1-ы з'езд ССП СССР з правам рашаючага галасу. У 1937 г. Я.Купала зноў аказаўся ў спісе чарговых ахвяраў рэпрэсій сярод тых нешматлікіх пісьменнікаў, хто яшчэ заставаўся на свабодзе. Аднак расправу над паэтам удалося адцягнуць яшчэ на пяць гадоў. Ён быў нават выбраны ў склад новага бюро секцьіі паэзіі ССП БССР (1937), у склад прэзідыума Праўлення ССП СССР (1939), дэпутатам Мінскага гарадскога Савета. У 1939 г. разам з брыгадай беларускіх пісьменнікаў удзельнічаў у рабоце Народнага сходу Заходняй Беларусі, які прыняў Дэкларацыю аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад БССР. У першыя ж дні вайны ў Мінску ад варожых бомбаў згарэла хата паэта з яго вялікім архівам і бібліятэкай. У ліпені агнём нямецкай артылерыі знішчана дача паэта ў Ляўках. 30 чэрвеня Купала выехаў з Ляўкоў у Маскву. З лістапада 1941 г. да сярэдзіны чэрвеня 1942 г. жыў каля Казані — у пасёлку Пячышчы. З самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны паэт сваім словам уключыўся ў барацьбу з фашысцкімі захопнікамі: быў абраны членам прэзідыума Усеславянскага антыфашысцкага камітэта, выступаў на антыфашысцкім мітынгу, разам з А.Талстым, А.Карнейчуком, В.Васілеўскай, З.Неедлым і іншымі ўдзельнікамі мітынгу падпісаў адозву да братоў-славян з заклікам узняцца на вызваленчую барацьбу супраць фашызму. 18 чэрвеня 1942 г. Я.Купала прыехаў у Маскву, а 28 чэрвеня ў гасцініцы «Масква» ён трагічна загінуў — упаў у лесвічны пралёт з 10-га паверха. Існуюць тры версіі гібелі паэта: няшчасны выпадак, самагубства, забойства. Афіцыйна доўгі час падтрымлівалася першая версія. У эмігранцкім беларускім друку смерць паэта звязвалася з самагубствам. Публікацыі канца 1980-х гг. (Б.Сачанка, Г.Колас і інш.), у якіх супастаўляюцца факты, аналізуюцца сведчанні відавочцаў і меркаванні блізкіх людзей, даюць падставу лічыць, што Я. Купала быў забіты агентамі дзяржбяспекі. Матэрыялы камісіі, якая займалася высвятленнем абставін яго гібелі, да гэтага часу засакрэчаныя, таму дакументальнага пацверджання пакуль што ніводная з версій не мае. 1 ліпеня 1942 г. пасля крэмацыі Я.Купала быў пахаваны ў Маскве. У 1962 г. урна з прахам Купалы перавезена ў Мінск і пахавана на Вайсковых могілках.
Памяць пра Янку Купалу свята ўшаноўваецца беларускім народам. Яго імя прысвоена Беларускаму Дзяржаўнаму акадэмічнаму тэатру ў Мінску, Інстытуту літаратуры АН Беларусі, Гродзенскаму дзяржаўнаму універсітэту. У Мінску створаны Літаратурны музей Янкі Купалы, арганізатарам і першым дырэктарам якога была ўдава паэта У.Ф.Луцэвіч (1891—1960). На радзіме Я.Купалы, у Вязынцы, адкрыты філіял Літаратурнага музея, створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», дзе штогод у 1-ю дэкаду ліпеня праводзяцца купалаўскія святы пазіі. Помнікі Янку Купалу ўзвышаюцца ў Мінску (у парку імя Янкі Купалы і на Вайсковых могілках на магіле паэта). Помнікі-бюсты Купалы ўстаноўлены ў многіх населеных пунктах Беларусі, а таксама за мяжой (у прыватнасці, у Араў-парку ў ЗША). Імем Купалы названы многія вуліцы, а таксама шматлікія ўстановы (школы, калгасы, бібліятэкі і г. д.), прычым не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі (напрыклад, імя Купалы ў 1932 г. прысвоена бібліятэцы-чытальні пры аб'яднанні «Асвета» у г. Порту-Алегра ў Бразіліі). Пастановай Савета Міністраў БССР у 1959 г. устаноўлена Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы (з 1965 г. Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы).