Смекни!
smekni.com

Сутнасць і спецыфіка мастацтва (стр. 3 из 6)

У аснове мастацкай творчасці ў любым выпадку ляжыць рэальная жыццёвая характэрнасць. І абагульненне ў мастацтве абавязкова мае на мэце ўзвядзенне гэтай характэрнасці ў ранг яе ўсеагульнай значнасці, што дасягаецца шляхам адбору, канцэнтрацыі і творчага "дадумвання" рэальнай характэрнасці ва ўяўленні мастака, г. зн. шляхам тыпізацыі. <. >

Іншая справа, што неабходна адрозніваць розныя прынцыпы тыпізацыі, якія адпавядаюць розным творчым метадам, у тым ліку і рэалізму. Рэалістычная тыпізацыя прадугледжвае праўдзівае мастацкае ўзнаўленне характараў і абставін, што гістарычна склаліся. Але, апроч такога, рэалістычнага прынцыпу тыпізацыі, заснаванага на гістарызме, сусветнае мастацтва ведае і іншыя прынцыпы тыпізацыі, якія таксама далі выдатныя ўзоры мастацкай творчасці. Напрыклад, характэрны для ранніх этапаў мастацкага развіцця - ад старажытнасці да ХVІІІ стагоддзя - прынцып мастацкай канцэнтрацыі рэальных жыццёвых характэрнасцей як убіраючых у сябе сутнасць жыцця ўсяго чалавечага роду, незалежна ні ад часу, ні ад сацыяльнага асяроддзя, г. зн. як тыповых для чалавецтва ў цэлым".

Такім чынам, мы ўшчыльную падыйшлі да азначэння мастацкага вобраза, якое даецца пераважнай большасцю сучасных айчынных эстэтыкаў, мастацтвазнаўцаў і літаратуразнаўцаў.

Мастацкі вобраз - гэта створаная пры дапамозе творчай фантазіі (вымыслу) і маючая эстэтычнае значэнне карціна рэчаіснасці ці духоўнага стану чалавека, у якой абагульненае, характэрнае, тыповае перадаецца праз індывідуальнае, адметнае, непаўторнае.

Стварацца і "апрадмечвацца" мастацкі вобраз можа па-рознаму, дакладней, з самага рознага "матэрыялу" ў залежнасці ад віду мастацтва, дзе гэта робіцца: напрыклад, колеровай і светла-ценевай гамы ў жывапісе, слоў і іх спалучэнняў у літаратуры, гукавой гамы ў музыцы і г. д. Такім чынам, мы пераходзім да відавай дыферэнцыяцыі мастацтва.

1.4 Віды мастацтва. Некаторыя асаблівасці класіфікацыі і сістэматызацыі відаў мастацтва

Відаў мастацтва альбо асобных, прыватных мастацтваў шмат. Гэта абумоўлена не толькі разнастайнасцю сродкаў і прыёмаў стварэння і пабудовы мастацкага вобраза, але і эстэтычнай шматграннасцю свету, а таксама разнастайнасцю эстэтычных запатрабаванняў чалавека.

Гегель вылучыў у свой час і ахарактарызаваў пяць т. зв. "вялікіх" мастацтваў. Гэта архітэктура, скульптура, жывапіс, музыка і паэзія. Сучасная эстэтычная і мастацтвазнаўчая думка вылучае каля паўтара дзесятка асобных відаў мастацтва. Найбольш вядомыя і шырока распаўсюджаныя сярод іх - гэта літаратура, архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, скульптура, жывапіс, графіка, музыка, харэаграфія, тэатр, кіно.

Такая шматстайная галерэя асобных відаў мастацтва, якія, зразумела, знаходзяцца ў цесных узаемасувязях і ўзаемадачыненнях паміж сабой, патрабуе пэўнай упарадкаванасці ўнутры іх і сістэматызацыі.

Найбольш распаўсюджанае і практычна агульнапрынятае размежаване відаў мастацтва адбываецца на аснове элементарных, знешніх, фармальных прыкмет твораў. Яшчэ Арыстоцель адзначаў, што віды мастацтва адрозніваюцца сродкамі падражання. Прыкладна гэтак жа на дадзеную праблему глядзелі Лесінг і Гегель. Большасць сучасных мастацтвазнаўцаў лічыць, што межы паміж відамі мастацтва вызначаюцца формамі, спосабамі мастацкага выражэння (у слове, бачных выявах, у гуках і г. д.). Такім чынам, за аснову бярэцца свой, уласны, асаблівы і спецыфічны для кожнага з відаў мастацтва матэрыяльны носьбіт вобразнасці.

Побач з прыведзенай існуе і іншая, т. зв. "катэгарыяльная" трактоўка відаў мастацтва. Яна ідзе ад эпохі рамантызму. У гэтай трактоўцы не надаецца асаблівай увагі носьбітам вобразнасці, а на першы план выходзяць такія агульнабыційныя і агульнамастацкія катэгорыі, як паэтычнасць, музычнасць, жывапіснасць, якія, як лічыцца, прысутнічаюць у любых формах мастацтва.

Наогул жа, з улікам і першай, і другой канцэпцый, а таксама на аснове некаторых іншых адзнак і прыкмет, вылучаюць мастацтвы выяўленчыя і экспрэсіўныя; прасторавыя і часавыя, а таксама прасторава-часавыя; слыхавыя і зрокавыя; выканаўчыя і невыканаўчыя; простыя (альбо аднасастаўныя) і сінкрэтычныя (альбо шматсастаўныя); відовішчныя (ігравыя); прыкладныя (працоўныя) і г. д.

Як бачна, зыходных момантаў, на якіх грунтуецца класіфікацыйнае азначэнне, шмат. Адпаведна і шмат схем-класіфікацый відаў мастацтва. Толькі ў нашай айчыннай навуцы іх каля дзесятка. Для прыкладу прывядзём дзве з іх: класіфікацыю аднасастаўных мастацтваў вядомага вучонага Г. Паспелава, прыведзеную ў яго кнізе "Искусство и эстетика. - М., 1984"; і, так бы мовіць, "універсальную" класіфікацыю мастацтваў з падручніка "Марксистско-ленинская эстетика. - М., 1983".

Схема класіфікацыі аднасастаўных мастацтваў

з кнігі Г. Паспелава "Искусство и эстетика"

Мастацтвы Выяўленчыя Экспрэсіўныя
Часавыя Эпічнаяславеснасць Лірычная славеснасцьМузыка
Прасторава-часавыя Пантаміма Танец
Прасторавыя ЖывапісСкульптура Архітэктура

Схема класіфікацыі відаў мастацтва

з падручніка "Марксистско-ленинская эстетика"

Прыкладныя(працоўныя)мастацтвы АрхітэктураДэкаратыўна-прыкладноемастацтва Прасторавыямастацтвы
Выяўленчыямастацтвы СкульптураЖывапісГрафікаМастацкаяфатаграфія
Мастацтва словаМастацтва гука ЛітаратураМузыка Часавыямастацтвы
Відовішчныя("ігравыя")мастацтвы ХарэаграфіяКіноТэлебачаннеЭстрадаЦырк Прасторава-часавыямастацтвы

Унутры відаў мастацтва (практычна ў кожным з іх) ёсць свая пэўная, часам даволі шматступянёвая і складаная, дыферэнцыяцыя.

1.5 Пазнавальны аспект мастацтва

Пазнанне праз творы мастацтва пазамастацкай рэальнасці (прыроды, акаляючага асяроддзя, унутранага свету чалавека, грамадскіх адносін) - адна з немалаважных функцый мастацтва.

Пазнавальны аспект мастацтва быў намі часткова закрануты пры разглядзе спецыфікі і структуры мастацкага вобраза. Зараз жа на самых значных момантах гэтага боку мастацтва мы спынімся больш падрабязна.

Пазнавальны аспект мастацтва выяўляецца непасрэдна ў тэматыцы, якая складае неад’емны і пры гэтым фундаментальны пачатак мастацкіх твораў.

Па паходжанню слова "тэма" ("тэматыка") старажытнагрэчаскае (thema) і абазначае літаральна "тое, што пакладзена ў аснову". У мастацтвазнаўстве і літаратуразнаўстве яно выкарыстоўваецца ў розных значэннях. Аднак сярод іх можна вылучыць два асноўныя.

Па-першае, тэмамі імянуюць найбольш істотныя кампаненты мастацкай структуры, аспекты формы, апорныя прыёмы. У літаратуры - гэта значэнне ключавых слоў, тое, што імі фіксуецца. Так, напрыклад, для рамантыкаў характэрна выкарыстанне слоў "воля", "свабода", "барацьба" і г. д. Музыказнаўства таксама выкарыстоўвае тэрмін "тэма" менавіта ў такім значэнні: гэта найбольш яркі музычны фрагмент, які дае характарыстыку ўсяму твору. У дадзенай тэрміналагічнай традыцыі тэма збліжаецца (калі не атаясамліваецца) з матывам.

Другое значэнне тэрміна "тэма", найбольш традыцыйнае, якое ідзе ад тэарэтычных вопытаў мінулага стагоддзя, абазначае непасрэдна ўсё тое, што стала прадметам аўтарскага адлюстравання, асэнсавання і ацэнкі. І менавіта ў такім значэнні мы будзем яго ўжываць далей.

Мастацкая тэматыка надзвычай складаная і шматпланавая. Ідучы ўслед за В. Халізевым, мы будзем разглядаць яе "як сукупнасць трох пачаткаў. Гэта, па-першае, анталагічныя і антрапалагічныя універсаліі, па-другое - лакальныя (часам даволі маштабныя) культурна-гістарычныя з’явы, па-трэццяе - феномены індывідуальнага жыцця (перш за ўсё - аўтарскага) у іх самакаштоўнасці".

У мастацкіх творах увесь час адлюстроўваюцца (хоча таго аўтар ці не) т. зв. канстанты быцця, яго фундаментальныя ўласцівасці. Гэта перш за ўсё такія важнейшыя быційныя і прыродныя пачаткі (універсаліі), як хаос і космас, рух і нерухомасць, жыццё і смерць, свет і цемень, агонь і вада, і г. д. Усё пералічанае складае комплекс т. зв. "анталагічных" тэм мастацтва.

Шматстайны таксама і антрапалагічны аспект мастацкай тэматыкі. Ён уключае ў сябе, па-першае, уласна духоўныя пачаткі чалавечага быцця з іх антыноміямі (адчужанасць і прыналежнасць, гордасць і пакорлівасць, жаданне ствараць ці разбураць, грахоўнасць і праведнасць, і г. д.); па-другое, сферу інстынктаў, звязаных з душэўна-цялеснымі памкненнямі чалавека, куды адносяць лібіда, імкненне да ўлады, матэрыяльных благ, прэстыжных рэчаў, камфорту і г. д.; па-трэццяе, тое ў людзях, што вызначаецца іх палавой прыналежнасцю (мужнасць, жаноцкасць) і ўзростам (дзяцінства, юнацтва, сталасць, старасць); і, нарэшце, па-чацвёртае, гэта надэпахальныя сітуацыі чалавечага жыцця, гістарычна ўстойлівыя формы існавання людзей (праца і адпачынак, будні і святы, канфліктныя і гарманічныя пачаткі рэальнасці, мірнае жыццё і войны ці рэвалюцыі, жыццё ў сваёй краіне ці на чужыне, і г. д.). Падобныя сітуацыі складаюць сферу дзеянняў і намаганняў, нярэдка - пошукаў і прыгод, імкненняў чалавека ажыццявіць свае мэты.

Пералічаныя, а таксама некаторыя іншыя быційныя пачаткі, прыходзячы ў мастацтва, складаюць багаты і шматпланавы комплекс т. зв. "вечных тэм", многія з якіх "архетыпічныя" і бяруць свае пачаткі ў міфалагічнай архаіцы. Гэтая грань мастацкай творчасці з’яўляецца здабыткам усіх краін і эпох. Яна выступае альбо ў якасці яўнага цэнтру твора, альбо прысутнічае ў ім падспудна. А можа нават і не ўсведамляцца аўтарам (т. зв. міфалагічны падтэкст).