Рэальнасць з яе супярэчнасцямі і негатыўнымі момантамі, мастацкі асэнсаваная ў свеце вышэйшых каштоўнасцей, здольная часам да акумулявання ў сабе нейкай прасвятляючай, гарманізуючай энергіі. Ачышчэнне, прымірэнне, суцяшэнне, якія нясе мастацтва, Арыстоцель назваў у сваёй "Паэтыцы" катарсісам. Ён прысутнічае ў самых розных жанрах. Аднак катарсіс аслаблены альбо зусім адсутнічае ў тых творах, дзе гаспадарнічаюць скепсіс і татальная іронія. Асабліва шмат такіх твораў парадзіла мастацтва мадэрнізму (некаторыя апавяданні і аповесці Ф. Кафкі, "Млоснасць" Ж. - П. Сартра, п’есы тэатра абсурду і інш.).
Часам у мастацкіх творах, асабліва ў ХХ ст., побач з катарсічным пачаткам прысутнічае другі, супрацьлегла накіраваны, запалохваючы: у крызісных сітуацыях у людзей мастацтва з’яўляецца патрэба вызваліць хаос, даць яму волю. Пры гэтым само мастацтва палохае, як палохае складаная і непрадказальная рэчаіснасць. Заканамерна ўзнікае пытанне: дзе спыніцца і атрымаць хоць нейкую перадышку? Гэта адно з кардынальных і хваравіта напружаных пытанняў сучаснай мастацкай культуры. Зазначым у сувязі з гэтым, што ў творах мастацтва, якія сталі вечнымі спадарожнікамі чалавецтва, катарсічны пачатак заўсёды прысутнічае.
"Катарсіс, - лічыць В. Халізеў, - правамоцна ахарактарызаваць як увасабленне веры мастака ў вечную захаванасць і незнішчальнасць каштоўнасцей, перш за ўсё маральных".
Мастацтва як адна з форм сацыяльнай свядомасці і галін творчай дзейнасці людзей знаходзіцца ў цесных узаемасувязях з іншымі падобнымі з’явамі ў грамадстве - філасофіяй, навукай, этыкай і мараллю, рэлігіяй.
Цесныя ўзаемадачыненні ў мастацтва з філасофіяй. Яны судакранаюцца на працягу ўсяго гістарычнага шляху развіцця мастацтва. Філасофская праблема сэнсу жыцця стала галоўным матывам вялікай колькасці твораў мастацтва, і асабліва твораў літаратуры. У многім філасофская праблема ўзаемаадносін асобы і грамадства, вырашэння сацыяльных супярэчнасцей - таксама вечная тэма сусветнага мастацтва. Шэраг твораў старажытнай філасофскай думкі (такія, напрыклад, як "Пір", "Іон", "Гіпій Большы" Платона), будучы філасофскімі трактатамі, у якіх абмяркоўваюцца важнейшыя праблемы быцця, пазнання, творчасці, маралі, па сваёй пластычнасці, выразнасці, вобразнасці выкладання з’яўляюцца вельмі блізкімі да твораў мастацтва.
Часта мастацкія творы выступаюць у якасці важнейшых дакументаў для навуковага аналізу і абагульненняў. Так, напрыклад, "Іліяда" і "Адысея" выкарыстоўваюцца навукай у якасці крыніцы для вывучэння надзвычай аддаленага ад нас па часе антычнага грамадства. Творы вялікага французскага пісьменніка Бальзака нясуць у сабе багаты матэрыял для вывучэння эканомікі, палітычных і прававых адносін Францыі першай паловы ХІХ ст. Творчасць Л. Талстога У. Ленін назваў "люстэркам" рускай рэвалюцыі.
Яркія і змястоўна насычаныя рэлігійныя (як правіла, біблейскія) сюжэты сталі тэматычнай аснова многіх твораў выяўленчага мастацтва, літаратуры, музыкі і г. д.
Цесныя сувязі і кантакты мастацтва з навукай, філасофіяй, этыкай і мараллю, рэлігіяй - гэта толькі адзін з аспектаў праблемы яго ўзаемадачыненняў з формамі грамадскай свядомасці і галінамі культурнай дзейнасці людзей.
Месца, роля, значэнне мастацтва ў розных сацыяльна-гістарычных сітуацыях разумеліся па-рознаму. Неаднойчы атрымліваў распаўсюджанне погляд, згодна з якім мастацтва - гэта з’ява залежная, падначаленая, службовая: у адносінах да дзяржавы (эстэтыка Платона), да рэлігіі і маралі (сярэднявечча), да данасці розуму (рацыяналізм класіцызму і Асветніцтва), да навуковага пазнання (пазітывісцкая эстэтыка), да афіцыйнай палітычнай ідэалогіі (што мела месца ў СССР, і асабліва моцна ў 1930-1950-я гг.). Наўрад ці ёсць неабходнасць даказваць аднабаковасць і гістарычную вычарпанасць падобных уяўленняў, якія зараз успрымаюцца як дагматычна вузкія і варожыя мастацкай культуры. З цягам часу станавілася ўсё ясней, што мастацтва валодае незалежнасцю (няхай сабе і адноснай) ад іншых з’яў грамадскага і асабовага жыцця, што яно мае сваё, асаблівае прызначэнне, што яго свабода патрабуе абароны ад знешніх замахаў.
Унікальнасць, самакаштоўнасць і свабода мастацтва былі дэклараваны нямецкай эстэтыкай рубяжа ХVІІІ-ХІХ стст. (Кант, іенскія рамантыкі), якая аказала значны ўплыў на далейшую мастацкую культуру Еўропы, ды і ўсяго свету. Філосафы і мастакі эпохі рамантызму падкрэслівалі, што мастацтва валодае велізарнай і ў аснове сваёй станоўчай сілай уздзеяння на духоўнае жыццё асобы, грамадства, чалавецтва. Жывапісцы, музыканты, паэты бачыліся людзям таго часу правадырамі, настаўнікамі, нават прамымі заканадаўцамі чалавецтва. Лічылася, што яны здольныя істотна паўплываць на працэс развіцця грамадства, на жыццё народаў.
Безумоўна, абарона і абгрунтаванне самастойнасці мастацтва склалі велізарную заслугу рамантыкаў перад гэтай важнай галіной культуры і творчай дзейнасці людзей. Разам з тым філосафы і мастакі рамантычнай арыентацыі часам пераўвялічвалі магчымасці і грамадскую ролю мастацкай дзейнасці, ставячы мастацтва над іншымі формамі культуры, грамадскай думкі і свядомасці. Яны нават аддаліся летуценням наконт усталявання мастакамі раю на зямлі, дэкларуючы свайго роду ўтопію - міф аб усемагутнасці мастацтва і яго поўным прыярытэце і перавазе над іншымі формамі культуры, над жыццём у цэлым. Гэты міф аказаўся жывучым. Ён працягваў існаваць і ў паслярамантычныя эпохі, у прыватнасці ў сімвалісцкай эстэтыцы. Абарона самастойнасці мастацтва, як бачна, неаднаразова абарочвалася яго аднабаковай апалогіяй, часам нават агрэсіўнай. Іерархічнае ўзвелічэнне мастацтва над усім і ўся абазначаецца тэрмінам "мастацтвацэнтрызм", які так ці інакш роднасны з эстэтызмам - канцэпцыяй, згодна з якой эстэтычныя каштоўнасці ставяцца над усімі астатнімі.
Крытыка "мастацтвацэнтрызму" (адначасова і мастацкай творчасці як самакаштоўнай і непараўнальнай з ніякімі іншымі заняткамі чалавека і формамі яго жыццядзейнасці) прысутнічае ўжо ў рамантычнай эстэтыцы (Шэлінг, Вакенродэр, Жукоўскі і інш.). У ХХ ст. думкі-перасцярогі наконт залішняй апалогіі мастацтва і мастацкай дзейнасці, іх быццам бы надзвычайнага месца ў жыцці асобы і ўсяго грамадства выказвалі Л. Талстой, М. Цвятаева, А. Камю, В. Астаф’еў і многія іншыя мастакі.
Мастацтву (пры ўсім тым, што яго значэнне для чалавецтва з’яўляецца важным і унікальным) не патрабуецца іерархічнае ўзвышэнне над іншымі формамі чалавечай жыццядзейнасці. Яно знаходзіцца ў шэрагу раўнапраўных галін (навукі, філасофіі, маралі, палітыкі, асабістых зносін, навыкаў працоўнай дзейнасці і г. д.), займаючы там сваё адпаведнае месца. Пры гэтым усе названыя галіны паміж сабой узаемазвязаны, у іх ёсць моманты і зоны сыходжанняў і ўзаемаўплываў. Для мастацкай творчасці з’яўляецца надта нязручнай і зусім непатрэбнай устаноўка на яе аўтаномію (лозунг "чыстага мастацтва"), на ізаляцыю ад жыццёвай рэальнасці.
Чалавек фарміруецца і самавызначаецца на шляхах творчага далучэння да культуры ў цэлым, наследуючы яе традыцыі і засвойваючы каштоўнасці самага рознага роду. І мастацтва ў яго высокіх праявах - у цесным і моцным саюзе з іншымі формамі культуры - садзейнічае "актыўнаму духоўнаму самавызначэнню асобы". Яно дае чалавеку магчымасць востра адчуць і напружана перажыць асабістую свабоду і адначасова - сваю прыналежнасць быццю як цэламу, сваё адзінства са светам і яго каштоўнасцямі, сталымі і вечнымі. Такое сапраўднае прызначэнне мастацкай творчасці.
1. Аверинцев С.С., Андреев М.Л., Гаспаров М.Л., Гринцер П.А., Михайлов А.В. Категории поэтики в смене литературных эпох // Историческая поэтика. Литературные эпохи и типы художественного сознания. - М., 1994.
2. Введение в литературоведение.2-е изд., доп. - М., 1983.
3. Литературный энциклопедический словарь. - М., 1987.
4. Введение в литературоведение. Литературное произведение: Основные понятия и термины / Под ред. Л.В. Чернец. - М., 2000.
5. Волков И.Ф. Теория литературы / Волков И.Ф. - М., 1995.
6. Поспелов Г.Н. Теория литературы / Поспелов Г.Н. - М., 1978.
7. Горанов К. Художественный образ и его историческая жизнь / Горанов К. - М., 1970.
8. Хализев В.Е. Теория литературы / Хализев В.Е. - 2-е изд. - М., 2000.
9. Яцухна В.І. Тэорыя літаратуры / Яцухна В.І. - г. Гомель, 2002.
10. Дмитриева Н.А. Изображение и слово / Дмитриева Н.А. - М., 1962.
11. Каган М.С. Морфология искусства / Каган М.С. - М., 1972.
12. Кожинов В. Виды искусства. - М., 1960.
13. Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Уводзіны ў літаратуразнаўства. - 2-е выд., дапр. і дап. - Мн., 1982.
14. Бесклубенко С.Д. Природа искусства / Бесклубенко С.Д. - М., 1982.
15. Буров А.И. Эстетическая сущность искусства / Буров А.И. - М., 1956.
16. Гачев Г.Д. Жизнь художественного сознания. Очерки по истории образа. - М., 1972.
17. Ванслов В.В. Эстетика романтизма / Ванслов В.В. - М., 1966.