Смекни!
smekni.com

Сутнасць і спецыфіка мастацтва (стр. 1 из 6)

Сутнасць і спецыфіка мастацтва

Змест

1. Сутнасць і спецыфіка мастацтва

1.1 Азначэнне мастацтва

1.2 Творчы характар мастацтва. Мастацтва як з’ява эстэтычная

1.3 Мастацкі вобраз

1.4 Віды мастацтва. Некаторыя асаблівасці класіфікацыі і сістэматызацыі відаў мастацтва

1.5 Пазнавальны аспект мастацтва

1.6 Аўтарскі пачатак у мастацтве

1.7 Аксіялагічны аспект мастацтва

1.8 Мастацтва ў суаднесенасці з іншымі формамі грамадскай свядомасці, культуры і галінамі творчай дзейнасці людзей

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Сутнасць і спецыфіка мастацтва

1.1 Азначэнне мастацтва

Слова "мастацтва" шматзначнае. У асноўным ім імянуюцца вынікі і прадукты спецыфічнай дзейнасці, накіраванай на стварэнне каштоўнасцей, якія ўздзейнічаюць у першую чаргу на пачуцці чалавека. Сюды ўключаюць часам і сам працэс стварэння мастацкіх каштоўнасцей.

Пад мастацтвам разумеюць спецыфічную грамадскую з’яву, складаную сістэму якасцей і каштоўнасцей, у якой арганічна ўзаемазвязаны наступныя моманты: адлюстраванне і стварэнне рэчаіснасці, ці, дакладней, яе перастварэнне, а таксама пазнанне і ацэнка.

Дадзенай дэфініцыяй акрэслена практычна самае сутнаснае і вызначальнае ў мастацтве, а менавіта тое, што яно, па-першае, не проста адлюстроўвае рэчаіснасць, а перарабляе, перастварае яе, надаючы ёй нейкія новыя якасці і рысы; па-другое, і, па-трэцяе, побач з пазнаннем рэчаіснасці падчас яе новага ўзнаўлення абавязкова мае месца аўтарская ацэнка гэтай рэчаіснасці.

Менавіта так, як пададзена вышэй, ацэньвае самую асноўную сутнасць і спецыфіку мастацтва пераважная большасць сучасных айчынных эстэтыкаў, мастацтвазнаўцаў і літаратуразнаўцаў. Адзінай жа і агульнапрынятай канцэпцыі мастацтва на сённяшні дзень ні ў нашай айчыннай навуцы, ні ў замежнай пакуль што не выпрацавана.

Каб лепш зразумець сутнасць праблемы, бегла пройдземся па гісторыі ўзнікнення і станаўлення поглядаў на мастацтва, на яго прыроду, спецыфіку, эвалюцыйныя змены ў складзе гэтай галіны дзейнасці людзей і формы грамадскай свядомасці.

Так, яшчэ ў старажытнасці ў Грэцыі ўзнікла тэорыя мімезісу, г. зн. падражання, наследавання мастацтва прыродзе. У афіцыйнай эстэтыцы хрысціянскага сярэднявечча мастацтва ўспрымалася як "боскае адкрыццё", а ў эпоху Адраджэння - як віртуозная імітацыя натуры чалавека. Тэарэтыкі класіцызму трактавалі сутнасць мастацтва як увасабленне "зграбнага" ў мастацкіх вобразах. Мастацтва, паводле І. Канта, - гэта "мэтазгодная дзейнасць без мэты". Гегель глядзеў на мастацтва як на з’яву, у якой увасабляецца ў адэкватнай пачуццёвай форме яго славутая "абсалютная ідэя" ("абсалютны дух").Л. Талстой разумеў мастацтва як "заражэнне" маральнымі ідэямі і думкамі, якое ажыццяўляецца праз пачуцці.

Сутнасць мастацтва па-рознаму, нават часам самым процілеглым чынам, трактуецца шматлікімі плынямі замежнай эстэтыкі ХХ ст. Суб’ектывісцкія школы інтуітывісцка-ірацыянальнага накірунку (заснавальнікі Б. Крочэ, А. Бергсан і інш.) пад мастацтвам разумеюць "стыхійнае, неўсвядомленае самавыяўленне мастака"; у эстэтыцы неатамізму (Марытэн) мастацтва лічыцца ўвасабленнем боскай "духоўнай субстанцыі"; экзістэнцыялізм (Сартр) інтэрпрэтуе мастацтва як выяўленне мастацкімі сродкамі сутнасці індывіда ў "пагранічнай сітуацыі" паміж "быццём і небыццём"; фрэйдысцкая эстэтыка разглядае мастацтва як своеасаблівае выяўленне (альбо хаванне) у мастацка-пачуццёвай форме сексуальных памкненняў асобы; фенаменалогія трактуе мастацтва як феномен, які раскрываецца ў працэсе суб’ектыўнага перажывання.

Прыведзеныя вышэй, а таксама некаторыя іншыя канцэпцыі мастацтва і мастацкай творчасці аўтар аднаго з новых расійскіх падручнікаў па тэорыі літаратуры І. Волкаў дзеліць на тры асноўныя групы:

1) канцэпцыі сутнасці мастацтва як падражання жыццю (канцэпцыі Арыстоцеля, "бацькі царквы" Аўгусціна Блажэннага, французскага і еўрапейскага класіцызму і Асветніцтва);

2) канцэпцыі сутнасці мастацтва як суб’ектыўнай творчай здольнасці (канцэпцыі І. Канта, А. Шапэнгаўэра, прадстаўнікоў псіхалагічнай школы, З. Фрэйда, А. Бергсана, Б. Крочэ, еўрапейскіх фенаменолагаў, экзістэнцыялістаў, "неакрытыкаў", структуралістаў, прадстаўнікоў фармальнай школы);

3) аб’ектыўна-гістарычныя канцэпцыі мастацтва (канцэпцыі Гегеля, М. Чарнышэўскага, М. Дабралюбава, прадстаўнікоў культурна-гістарычнай школы, параўнальна-гістарычнага метаду альбо кампаратывістыкі, К. Маркса, Ф. Энгельса і іх паслядоўнікаў). Крытычна адштурхоўваючыся ад распаўсюджанай сярод айчынных вучоных у 1930-1950-я гг. тэорыі "вобразнай сутнасці мастацтва", І. Волкаў разглядае тут жа (таксама пад пэўным крытычным "прыцэлам") дзве сучасныя канцэпцыі мастацтва, А. Бурава і Г. Паспелава, якія, калі так можна сказаць, бліжэй стаяць да спасціжэння ісціны ў сутнасці мастацтва і мастацкай творчасці. Асноўная думка, якую праводзіць І. Волкаў услед за гэтымі вучонымі, і асабліва ўслед за Г. Паспелавым, - гэта наяўнасць у мастацтва свайго спецыфічнага прадмета пазнання і ідэйна-эмацыянальнай ацэнкі: "Мастак, з пункту гледжання Паспелава, пазнае грамадскую характэрнасць жыцця дзеля таго, каб выразіць да яе свае грамадска-зацікаўленыя, ідэалагічныя адносіны. Але не ў сэнсе тэарэтычных форм ідэалогіі (філасофіі, палітычных дактрын і г. д.), а ў тым сэнсе, як гэта людзі робяць у паўсядзённым жыцці, - непасрэдна. Таму ў цэлым ён бачыць сутнасць мастацтва ў непасрэдным ідэалагічным пазнанні сацыяльнай характэрнасці чалавечага жыцця і звязанай з ёй звычайнай прыроды".

Зазначым, што І. Волкаву хоць і імпануе канцэпцыя мастацтва і мастацкай творчасці Г. Паспелава, аднак яе вучоны таксама лічыць не зусім дасканалай.

У сваім падручніку "Тэорыя літаратуры" І. Волкаў прыводзіць і даволі крытычна ацэньвае яшчэ адну сучасную айчынную канцэпцыю мастацтва і мастацкай творчасці, якая склалася ў значнай ступені пад уплывам фармальнай школы 1920-х гг., а таксама пад уплывам сучаснага фармальна-структурнага літаратуразнаўства, - канцэпцыю Ю. Лотмана, выкладзеную ім у кнізе "Аналіз паэтычнага тэксту". Сутнасць мастацкага твора разглядаецца тут як заключаная ў самім тэксце і толькі ў тэксце. Пры гэтым тэкст бярэцца як поўнасцю замкнёная ў сабе сістэма маўленчых знакаў, значэнне якіх самакаштоўнае і не выходзіць за рамкі дадзенага тэксту. Вучоны прама піша, што абстрагуецца ад іншых аспектаў (бакоў) мастацкага твора: "Праблемы сацыяльнага функцыянавання тэксту, псіхалагічнага ўспрымання, пры ўсёй іх яўнай важнасці, намі з разгляду выключаюцца; не разглядаем мы і пытанні стварэння і гістарычнага функцыянавання тэксту. Прадметам нашай увагі будзе паэтычны тэкст, узяты як асобнае, ужо закончанае і ўнутрана самастойнае цэлае".

Канцэпцыі сутнасці мастацтва Г. Паспелава і Ю. Лотмана недаацэньваюць, па І. Волкаву, "прамежкавае звяно паміж зыходным пазнавальна-ацэначным зместам і гатовым мастацкім тэкстам, г. зн. уласна творчы працэс, той самы працэс, які <. > пакладзены ў аснову "суб’ектыўна-творчых" канцэпцый мастацтва. Але апошнія абсалютызуюць значэнне гэтага звяна ў мастацкай творчасці, разглядаюць мастацтва як праяўленне чыста суб’ектыўнай творчай здольнасці мастака і на гэтай аснове адрываюць мастацтва ад рэчаіснасці і супрацьпастаўляюць ёй.

Таму, задача сучаснай тэорыі літаратуры заключаецца ў тым, - лічыць вучоны, - каб пераадолець усе гэтыя аднабаковасці і даць цэласнае ўяўленне аб сутнасці мастацкай творчасці, прасачыць, як з рэальнага аб’ектыўнага і суб’ектыўнага жыццёвага зместу творыцца ўласна мастацкі змест. Як ён набывае адпаведную форму і ператвараецца ў тэкст, як функцыянуе ўжо гатовы твор у рэальнай рэчаіснасці, у жыцці асобнага чалавека і ўсяго грамадства".

1.2 Творчы характар мастацтва. Мастацтва як з’ява эстэтычная

Пытанне сутнасці, прыроды мастацтва, яго спецыфікі хоць і застаецца па сённяшні дзень адкрытым, аднак у тэорыі мастацтва, поглядах на яго ёсць і бясспрэчныя моманты - свайго роду аксіёмы.

Па-першае, мастацтва мае творчы характар. Творчасць - гэта ініцыятыўная адухоўленая дзейнасць людзей дзеля захавання, перадачы і ўзбагачэння напрацаваных народамі і чалавецтвам у цэлым каштоўнасцей. Свет творчасці даволі багаты і шматпланавы. Творчы пачатак (у большай ці меншай ступені) прысутнічае ці не ва ўсіх формах дзейнасці людзей, уключаючы і самыя звычайныя - аж да паўсядзённых зносін і прыватных роздумаў, перажыванняў і г. д. Але найбольш поўна творчыя імпульсы і здольнасці людзей рэалізуюцца ў грамадскі важных сферах дзейнасці: навуковай, вытворча-тэхнічнай, дзяржаўна-палітычнай, філасофскай і, канешне ж, мастацкай. Нездарма мастацтва імянуюць менавіта мастацкай творчасцю.

Па-другое, мастацтва адносіцца да эстэтычных з’яў, г. зн. выклікае такія эмоцыі і перажыванні, якія ў першую чаргу ўздзейнічаюць на пачуцці чалавека, а ўжо потым асэнсоўваюцца ім разумова. Сфера эстэтычнага надзвычай шырокая. Эстэтычнае прысутнічае ў прыродзе, асабовых і грамадскіх адносінах, але не як абавязковае. Калі ж яно і ёсць, то не выступае ў якасці галоўнага і вызначальнага. У мастацтве ж эстэтычнае выходзіць на першы план, становіцца дамінуючым, набывае сваю сапраўдную паўнату і глыбіню.

Сувязі мастацтва са сферай эстэтычнага шматпланавыя. Па-першае, прадметам пазнання і ўзнаўлення ў мастацкіх творах становіцца жыццё ў яго эстэтычных якасцях і ўласцівасцях: усё тое ў рэальнасці, што "адрасавана" чалавечаму зроку і слыху. Па-другое, сам матэрыял мастацкіх вобразаў (гук у музычным творы, трохмерныя візуальна ўспрымальныя формы ў скульптуры, словы з іх фанетычным воблікам у літаратуры і г. д.) мае пачуццёвы характар і апелюе менавіта да эстэтычнага ўспрымання. І, нарэшце, эстэтычнае не толькі праламляецца ў творах мастацтва, але (і гэта ці не самае галоўнае) ствараецца ў выніку творчага акта. Мастацкія творы, што не ўспрымаюцца як эстэтычныя каштоўнасці, не выконваюць важнейшую і галоўнейшую з сваіх функцый.