Нямала зрабіў для развіцця беларускага літаратуразнаўства прафесар Іван Замоцін. Ён даў грунтоўную, у цэлым аб’ектыўную ацэнку спадчыны М. Багдановіча ("М. Багдановіч. Крытыка-біяграфічны нарыс", 1927), драматургіі Я. Купалы ("Беларуская драматургія", 1927), Ц. Гартнага ("Драматычныя творы Цішкі Гартнага", 1928), ліра-эпасу Я. Коласа ("Пуціны беларускай літаратуры. Якуб Колас. "Новая зямля", 1924; "Паэма Якуба Коласа "Сымон-музыка" як аўтахарактарыстыка", 1926). Прыкметнай з’явай у беларускім літаратуразнаўстве сталі спробы І. Замоціна стварыць самастойны кірунак даследавання на аснове т. зв. "тэорыі чатырох сінтэзаў" (спалучэнне пры аналізе генетычнага, фармальна-мастацкага, сацыялагічнага і ідэалагічнага падыходаў).І. Замоцін слушна крытыкаваў многае ў тагачасных модных фрэйдысцкіх і інтуітывісцкіх канцэпцыях, фармалістычных трактоўках мастацтва і суб’ектыўна-ідэалістычных прынцыпах яго вывучэння.
Шмат цікавых назіранняў над творчасцю М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа зрабіў Аляксандр Вазнясенскі. Асабліва неабходна вылучыць яго працу "Паэтыка М. Багдановіча" (1926), якая была адной з этапных з’яў у распрацоўцы пытанняў тэорыі літаратуры і метадалогіі. На жаль, А. Вазнясенскі даволі доўгі час знаходзіўся ў палоне фармальнага метаду, што перашкодзіла яму сапраўды аб’ектыўна ацаніць многія з’явы ў беларускім прыгожым пісьменстве.
Этапнымі ў распрацоўцы шэрагу пытанняў тэорыі літаратуры і метадалогіі ў беларускім літаратуразнаўстве сталі таксама працы Яўгена Барычэўскага "Паэтыка літаратурных жанраў" (1927) і "Тэорыя санета" (1927). Даследчык арганічна спалучаў у літаратуразнаўчым аналізе гісторыю развіцця і тэорыю жанравых форм лірыкі, эпасу, драмы. Гэтым вучоны замацоўваў плённую традыцыю адзінства гістарычнага і тэарэтычнага падыходу да мастацтва.
Даволі значнай фігурай у беларускім літаратуразнаўстве 1920-1930-х гг. быў Мікола Піятуховіч. Але, на жаль, яго літаратуразнаўчая канцэпцыя мела вельмі моцны сацыялагізатарскі ўхіл. Яскрава гэта выявілася і ў адной з самых буйных прац даследчыка - "Нарысах гісторыі беларускай літаратуры" (1928). У аснову перыядызацыі літаратуры М. Піятуховіч паклаў этапы эканамічнага развіцця грамадства. Спрошчана разумеючы ўзаемасувязь грамадзянскай гісторыі і літаратуры, выводзячы ўзровень развіцця прыгожага пісьменства непасрэдна з узроўню эканомікі, Піятуховіч не здолеў глыбока выявіць вядучыя тэндэнцыі літаратурнага працэсу, аб’ектыўна ацаніць творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, Цёткі.
На станаўленне і далейшае развіццё маладой беларускай літаратурнай навукі ў 1920-я - пачатку 1930-х гг. аказвала плённае ўздзеянне літаратурная крытыка, як правіла, пісьменніцкая. Найбольш значныя дасягненні беларускай літаратурнай крытыкі гэтага перыяду звязаны з дзейнасцю літаратурных арганізацый "Маладняк", "Узвышша", "Полымя" і іх аднайменных перыядычных выданняў, якія абгрунтоўвалі і праводзілі ў жыццё ідэйна-эстэтычныя праграмы дадзеных аб’яднанняў. У распрацоўцы тэарэтычных асноў беларускай крытыкі, павышэнні яе прафесійнага ўзроўню вялікая заслуга належыць А. Бабарэку, У. Дубоўку, К. Чорнаму, Я. Пушчу, Ф. Купцэвічу.
Зборнікамі "Якуб Колас у літаратурнай крытыцы" (1926), "Творчасць К.М. Міцкевіча (Якуба Коласа)" (1926), "Янка Купала ў літаратурнай крытыцы" (1928) і "Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы" (1928) закладзены асновы мэтанакіраванага вывучэння творчасці старэйшых беларускіх майстроў слова.
У канцы 1920-х гг. распачалася сур’ёзная тэксталагічная праца, звязаная з падрыхтоўкай да выдання двухтомніка М. Багдановіча, а таксама збораў твораў Я. Купалы і Я. Коласа.
Развіццё беларускага літаратуразнаўства ў 1930-я гг. адбывалася ў надзвычай складаных умовах: грубейшыя парушэнні законнасці, што мелі месца ў гэты час, істотна запаволілі далейшы рост літаратурнай навукі і крытычнай думкі; акрамя таго, палітычныя абставіны ўнутры краіны паўплывалі на ўзмацненне вульгарнага сацыялагізму і дагматызму ў крытычных ацэнках.
У 1930-я гг. вывучэнне літаратуры было сканцэнтравана пераважна ў Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР. Першачарговай задачай з’яўлялася падрыхтоўка навуковай "Гісторыі беларускай літаратуры". У 1932-1934 гг. калектыў у складзе І. Замоціна, М. Аляхновіча, М. Піятуховіча, М. Ларчанкі і некаторых іншых вучоных напісаў шэраг раздзелаў для гэтай працы. Але, на вялікі жаль, завяршыць яе паспяхова не ўдалося. Аўтары не пераадолелі цяжкасцей, звязаных з тэарэтычнай распрацоўкай прынцыпаў пабудовы "Гісторыі беларускай літаратуры" як абагульняючай працы і ўстанаўленнем заканамернасцей літаратурнага развіцця. Адмоўны ўплыў на даследчыкаў зрабіла таксама назвычай узмацніўшая к таму часу сваю дзейнасць т. зв. "аглабельная" крытыка ў асобах Л. Бэндэ, А. Кучара, В. Вольскага і некат. інш.
беларускае літаратуразнаўства дасягненне навука
Як ужо адзначалася вышэй, стан беларускага літаратуразнаўства к другой палове 1930-х гг. вельмі моцна пагоршыўся. "І толькі напрыканцы 30-х - пачатку 40-х гадоў, - зазначае М. Мушынскі, - з’явіліся прыкметныя сімптомы таго, што крытыка і навуковая думка пры спрыяльных умовах з цягам часу могуць адрадзіцца".
Пацвярджаючы свае высновы, даследчык называе з’яўленне ў тагачасным друку артыкулаў Я. Коласа пра Т. Шаўчэнку, К. Чорнага - пра Я. Купалу, М. Гогаля, П. Труса. Заслугоўваюць, на думку вядучага беларускага тэкстолага і гісторыка літаратуразнаўства і крытыкі, быць адзначанымі і артыкулы М. Ларчанкі, у якіх рабілася смелая для свайго часу спроба перагледзець вульгарызатарскія ацэнкі паэм Я. Коласа "Новая зямля", "Сымон-музыка" і спадчыны М. Багдановіча.
У самым канцы 1930-х - пачатку 1940-х гг. прайшлі цікавыя літаратурныя дыскусіі аб крытыцы (1939), паэзіі (1940), прозе (пач. 1941), выдадзены зборнік выяўленых у архівах тэкстаў па беларускай літаратуры XIX стагоддзя (1940), пачаў друкавацца "Нарыс гісторыі старажытнай беларускай літаратуры" М. Дабрыніна (асобнай кнігай ён убачыў свет толькі ў 1952 г.). У 1941 г. быў падрыхтаваны да выдання падручнік для педагагічных і настаўніцкіх інстытутаў "Беларуская літаратура", выдаць які, на жаль, перашкодзіла вайна.
Гаварыць аб развіцці беларускага літаратуразнаўства (менавіта, так бы мовіць, "чыстага" літаратуразнаўства, а не ў повязі з крытыкай, хоць, дарэчы іх разарваць часам даволі цяжка) у часы Айчыннай вайны не прыходзіцца па зразумелых прычынах.
Літаральна адразу ж пасля заканчэння вайны беларускія вучоныя-літаратуразнаўцы прыступілі да актыўнай распрацоўкі пытанняў развіцця нацыянальнага прыгожага пісьменства. У перыёдыцы з’яўляюцца артыкулы, прысвечаныя Я. Купалу (аўтары - М. Ларчанка, С. Майхровіч, Ю. Пшыркоў, М. Лынькоў), Я. Коласу (У. Агіевіч, Ю. Пшыркоў), М. Багдановічу (Н. Перкін, С. Майхровіч, В. Барысенка), К. Каганцу (Р. Шкраба, Л. Фіглоўская), З. Бядулю (М. Смолкін), А. Гаруну (М. Ларчанка). Іх адметнасць - у спробе па-новаму, без спрашчэння, схематызму, вульгарызатарства паглядзець на творчую спадчыну класікаў.
"Нельга не сказаць і пра смелую для таго часу спробу ўвесці ў літаратурны ўжытак паасобныя забароненыя пісьменніцкія імёны і каштоўныя даследчыя працы рэпрэсаваных аўтараў. Маецца на ўвазе артыкул М. Ларчанкі пра А. Гаруна і ацэнкі, запазычаныя ім з "Гісторыі беларускае літаратуры" М. Гарэцкага".
У шэрагу артыкулаў тагачаснага старшыні Праўлення СП БССР, кіраўніка Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР, вядомага беларускага празаіка М. Лынькова ("Літаратура народа", "Адвечная песня") праглядаліся падыходы да выпрацоўкі новай канцэпцыі гісторыка-літаратурнага працэсу і своеасаблівыя заклікі да распачынання працы над новай "Гісторыяй беларускай літаратуры". Пэўны і даволі ўдалы разбег, які ўзяло беларускае літаратуразнаўства адразу ж у першыя пасляваенныя гады, быў перапынены ідэалагічнымі кампаніямі (барацьба з "касмапалітызмам" і "буржуазным нацыяналізмам"). Да ўсяго яшчэ ўладарыла "тэорыя бескафліктнасці". Па гэтай прычыне намаганні беларускіх літаратуразнаўцаў пачалі скіроўвацца не на стварэнне буйных праблемных прац і абагульняючых гісторыка-літаратурных даследаванняў, а на напісанне крытыка-біяграфічных нарысаў па творчасці асобных пісьменнікаў, а таксама на падрыхтоўку вучэбна-метадычнай літаратуры, праграм, хрэстаматый і дапаможнікаў для сярэдняй і вышэйшай школ. Яны таксама былі патрэбныя, але ж магістральны накірунак развіцця літаратуразнаўства пры гэтым губляўся. Дадзены момант яскрава засведчылі падрыхтаваныя Інстытутам літаратуры АН БССР к сярэдзіне 1950-х гг., у многім наперакор неблагапрыемнаму часу, кнігі "Нарыс беларускай савецкай літаратуры" (1954, на рус. мове) і "Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры" (1956), у якіх побач з шэрагам станоўчых момантаў было таксама і шмат сур’ёзных тэарэтыка-метадалагічных хібаў і пралікаў.
У канцы 1950-х - пачатку 1960-х гг. быў зроблены своеасаблівы прарыў у стварэнні цэласнай карціны развіцця нашай літаратуры ад яе зараджэння і да пачатку 60-х гг. ХХ ст. Гэта выявілася ў першую чаргу ў напісанні і выданні чатырохтомнай гісторыі беларускай літаратуры (Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. Т.1-2. - Мн., 1965-1966; Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т.1-2. - Мн., 1968-1969).
З’яўленне дадзенага даследавання, якое, калі меркаваць з пазіцый сённяшняга дня, не пазбаўлена недахопаў, стала вельмі важнай падзеяй у беларускай літаратурнай навуцы. Упершыню нацыянальны гісторыка-літаратурны працэс быў раскрыты даволі поўна і ўсебакова, у самых галоўных і вызначальных праявах разгледжана творчасць буйнейшых беларускіх пісьменнікаў.