Смекни!
smekni.com

Асноўныя этапы і шляхі развіцця беларускага літаратуразнаўства (стр. 3 из 3)

Дадзеная, ды і пазнейшыя працы абагульняючага характару, аб якіх будзе сказана крыху ніжэй, не маглі ўзнікнуць на пустым месцы. Адпаведная база, даволі трывалы падмурак для вырашэння гэтай, без сумнення, звышзадачы былі закладзены паспяховым прымяненнем новых форм і метадаў даследавання, вывучэннем асобных галін і раздзелаў літаратуры, яе родаў, відаў, жанраў і г. д.

З канца 1950-х гг. беларуская літаратура пачала разглядацца ў параўнальным і тыпалагічным планах, што знайшло адлюстраванне ў працах В. Івашына, Р. Ларчанкі, А. Лойкі, С. Александровіча, А. Мальдзіса, П. Ахрыменкі, Н. Перкіна, Э. Мартынавай, У. Казбярука, В. Гапавай і шэрагу іншых вучоных. Нацыянальнае прыгожае пісьменства смела ўводзіцца ва ўсесаюзны, славянскі, еўрапейскі, а часам і сусветны літаратурны кантэкст. Асабліва многа ў гэтым накірунку зрабіў А. Адамовіч.

Яшчэ адным таленавітым вучоным і крытыкам В. Каваленкам было даволі заканамерна і своечасова пастаўлена пытанне аб літаратурных узаемасувязях і ўплывах ва ўмовах паскоранага развіцця нашай літаратуры ў ХІХ - пач. ХХ стст.

К пачатку 1960-х гг. у беларускім літаратуразнаўстве склаўся і пачаў даволі паспяхова развівацца і ўдасканальвацца такі даследчыцкі жанр, як гісторыя станаўлення і развіцця пэўных родаў, відаў і жанраў. Пра гэта сведчаць калектыўныя працы "Беларуская савецкая проза: Апавяданне і нарыс" (1971) і "Беларуская савецкая проза: раман і аповесць" (1971), манаграфіі "Беларускі раман: станаўленне жанру" (1961) А. Адамовіча, "Беларускі раман: гады 70-я" (1981) П. Дзюбайлы, "Станаўленне беларускай паэмы" (1968) і "Беларуская паэма ў другой палавіне ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя" (1970) М. Лазарука, "Беларуская камедыя" (1979) Я. Усікава, "Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд)" (1961) і "Беларуская савецкая драматургія. 1917-1932" (1968) А. Семяновіча і інш. Развіццё беларускай паэзіі ХХ ст. грунтоўна даследуецца ў шэрагу прац У. Гніламёдава, прозы - В. Каваленкі. Старажытная беларуская літаратура ў асноўных яе накірунках і праявах разглядаецца ў працах А. Коршунава і В. Чамярыцкага. У многім па-новаму заставіў паглядзець на нашую нацыянальную літаратуру ХVІІ-ХVІІІ стст.А. Мальдзіс, а на беларускую драматургію ХХ ст. - С. Лаўшук.

Даволі паспяхова вывучаецца нашым літаратуразнаўствам і шэраг тэарэтычных праблем. Аб гэтым сведчаць кнігі "Традыцыі і наватарства" (1972) У. Гніламёдава, "Шляхі беларускага вершаскладання" (1973) М. Грынчыка, "Структура твора: рух сюжэтна-кампазіцыйных форм" (1978) В. Жураўлёва, "Беларускі свабодны верш" (1984) А. Кабаковіч, "Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры" (1981) В. Каваленкі, "Мастацкая дэталь у літаратурным творы" (1977) Э. Мартынавай, "Сюжэт, кампазіцыя, характар: аб прозе Кузьмы Чорнага" (1981) А. Пяткевіча, "Характар, стыль, дэталь" (1965) Р. Шкрабы і шэраг іншых.

Практычна па кожнаму больш-менш значнаму пісьменніку нашай літаратуры ёсць спецыяльнае навуковае ці навукова-папулярнае даследаванне. У асобныя галіны нацыянальнага літаратуразнаўства аформіліся скарыназнаўства, купалазнаўства, коласазнаўства, багдановічазнаўства.

Новым для беларускага літаратуразнаўства стала даследаванне сувязей нацыянальнага прыгожага пісьменства з іншымі формамі грамадскай свядомасці і відамі мастацкай творчасці. У якасці прыкладаў можна прывесці манаграфіі Л. Гараніна "Философские искания в белорусской литературе" (1984) і С. Лаўшука "На драматургічных скрыжаваннях" (1990).

Неабходна адзначыць прыкметна ўзросшы ўзровень беларускай тэксталогіі. Аб гэтым сведчыць выданне ўжо трэццяга, больш поўнага ў параўнанні з папярэднімі, збору твораў Я. Купалы. Двойчы выдаваліся зборы твораў Я. Коласа і М. Багдановіча. Сёння мы маем таксама зборы твораў М. Гарэцкага, К. Чорнага, К. Крапівы, І. Мележа, М. Лынькова, П. Броўкі, М. Танка, В. Быкава, А. Макаёнка, а таксама цэлага шэрагу іншых беларускіх пісьменнікаў.

Робяцца спробы тэарэтычнага абагульнення вопыту практычнай дзейнасці тэкстолагаў, аб чым сведчыць зборнік "Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры" (1982). Вельмі шмат для развіцця беларускай тэксталогіі, вывядзення яе на якасна новы ўзровень зрабіў сектар тэксталогіі Інстытута літаратуры імя Я. Купалы НАН Беларусі на чале з вядомым вучоным, членам-карэспандэнтам НАН Беларусі М. Мушынскім. Практычна ўсе з названых вышэй збораў твораў пісьменнікаў былі падрыхтаваны супрацоўнікамі гэтага сектара.

Здабытак калектыўнай працы беларускіх філолагаў і мастацтвазнаўцаў, кніга, без якой сёння нельга ўявіць нацыянальную навуку, культуру і асвету, - пяцітомная "Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі" (1984-1988).

Вельмі шмат карпатлівай пошукавай і сістэматызуючай працы прароблена беларускімі літаратуразнаўцамі падчас падрыхтоўкі да выдання шасцітомнага "Біябібліяграфічнага слоўніка беларускіх пісьменнікаў" (1992-1995) - кнігі надзвычай патрэбнай і карыснай усім, хто даследуе літаратуру Беларусі альбо сур’ёзна цікавіцца ёю.

У падрыхтоўцы да выдання "Біябібліяграфічнага слоўніка беларускіх пісьменнікаў" (і не толькі, заўважым, гэтай, а і шэрагу іншых фундаментальных прац) прымалі ўдзел не толькі прадстаўнікі акадэмічнай навукі, а і даволі шматлікі атрад літаратуразнаўцаў вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі. Сярод іх, акрамя ўжо некаторых названых вышэй, хацелася б адзначыць Дз. Бугаёва, Н. Гілевіча, У. Калесніка, Л. Корань, В. Рагойшу, А. Рагулю, І. Штэйнера і інш.

Плённа даследуюцца сувязі беларускай літаратуры з прыгожым пісьменствам іншых народаў, у першую чаргу суседніх, славянскіх. Пэўны ўклад у распрацоўку гэтай праблематыкі ўнеслі П. Ахрыменка, А. Лойка, Н. Гілевіч. Самым жа значным даследаваннем у дадзеным накірунку з’яўляюцца чатырохтомныя "Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей" (1993-1995), падрыхтаваныя супрацоўнікамі Інстытута літаратуры імя Я. Купалы НАН Беларусі.

Літаральна на рубяжы тысячагоддзяў убачыла свет чатырохтомная "Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя" - самае грунтоўнае на сённяшні дзень даследаванне па гісторыі развіцця нацыянальнага прыгожага пісьменства. Яно яшчэ раз засведчыла сталасць і значны навуковы патэнцыял беларускага літаратуразнаўства.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства.40-я - першая палова 60-х гадоў. - Мн., 1985.

2. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т. - Мн., 1984-1988. - Т.1-5.

3. Гніламёдаў У. Ці ёсць будучыня ў літаратуразнаўства? // Полымя. - 1997. - №1.

4. Мушынскі М. Крытыка і літаратуразнаўства // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. - Мн., 2001. - Т.3.

5. Уводзіны ў літаратуразнаўства. Хрэстаматыя / Пад рэд. М.А. Лазарука. - 2-е выд., дапр. і дап. - Мн., 1991.

6. Яцухна В.І. Тэорыя літаратуры / Яцухна В.І. - г. Гомель, 2002.

7. Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. - М., 1972.

8. Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала ХХ в. - Мн., 1985.

9. Запрудскі І. Ля вытокаў беларускага літаратуразнаўства: Адам Кіркор як гісторык беларускай літаратуры // Роднае слова. - 2000. - №4.