Як паэт выразнага грамадзянскага складу Полацкі, натуральна, не мог не звярнуцца да сатырычных і філасофскіх матываў. Найбольш раннія ўзоры гэтага цыкла: "Виншоване... Кржыжановскому" (1661), "Rоsкоsz" і інш. Ва ўсіх гэтых творах паэт выявіў сябе палымяным прапаведнікам хрысціянскага аскетызму і добрасумленнасці. Асуджэнне адмоўных бытавых ці маральных з'яў у вершах Полацкага носіць зазвычай абстрактны, не звязаны з канкрэтным сацыяльным асяроддзем характар.
Iтолькі ў віншаванні (вядома, у двухкоссі) уніяцкаму епіскапу Амфінагену Кржыжаноўскаму выкрывальны пафас набывае больш адкрыты і мэтанакіраваны характар. Гэтая сатырычная плынь сваё далейшае паглыбленне знаходзіць у вершах маскоўскага перыяду ("Купецтво", "Стихи утешнии к лицу единому", "Монах", "Пьянство", "Клеветнік"). Крытыка адмоўных маральных з'яў — сквапнасці, кар'ерызму, разбэшчанасці і падману — падаецца тут з пазіцый гуманізму, павагі да чалавека і яго высокага жыццёвага прызвання.
Маральныя заганы паэт нярэдка звязвае з каставым становішчам чалавека і яго сацыяльнай псіхалогіяй:
Чин купецкий без греха едва может быти,
На многи бо я злобы враг обыче летити;
Изряднее лакомство в купцех обитает,
Еже в многия грехи оны убеждает.
Асаблівай сілы крытычны пафас Полацкага дасягае ў вершах, дзе выкрываецца разлажэнне духавенства, манахаў, закліканых стаяць на ахове маральнасці. У адпаведнасці з гэтым істотна ўзбагачаецца вобразная фактура верша, многія яго радкі набываюць саркастычнае адценне:
В одеждах овчих волци хищнии бывают,
чреву работающце, духом погибают.
Узриши еше в ризы красны облеченны,
иже в убожество полное стрижены.
Варта адзначыць, што, нягледзячы на адрозневні зыходных пазіцый, многія вершы беларускага паэта па сваёй накіраванасці, багацці дэталей і жыццёвай пераканаўчасці даволі выразна пераклікаюцца з сатырычнымі навеламі славутага "Дэкамерона". I ў гэтым яшчэ адно сведчанне ўплыву рэнесансавых традыцый на светапогляд Полацкага.
Сувязь з традыцыямі Адраджэння, а праз яго і з антычнасцю выразна адчуваецца ў многіх вершах філасофска-пазнавальнага цыкла, напісаных яшчэ да пераезду ў Маскву. Сюды адносяцца "Widok zywota ludskiego", "Siedm nauk wyzwolonych", "Nobilitas rara" і інш. У гэтых вершах Полацкі значна адыходзіць ад рэлігійнай тэматыкі, імкнучыся наблізіцца да жыццёвых клопатаў і хваляванняў свайго сучасніка. Так, у вершы "Агляд чалавечага жыцця" розныя ўзроставыя перыяды параўноўваюцца з сутачным сонцазваротам — усходам, поўднем, вечарам і ноччу. Сэнс чалавечага жыцця цесна звязаны тут са штодзённымі заняткамі чалавека, з яго клопатамі аб дабрабыце, імкненнем да асабістага шчасця. Гэты гуманістычны, чыста свецкі матыў развіваецца ў вершах пазнаваўчага цыкла. Раскрываючы ролю навукі ("Сем свабодных навук"), паэт імкнецца звязаць яе з агульным грамадскім і культурным прагрэсам чалавецтва на працягу многіх стагоддзяў ("8 цудаў свету", "Новаадкрытыя рэчы"), што найбольш красамоўна выявіўся ў вялікіх навуковых адкрыццях і вынаходніцтвах (Хрыстафор Калумб, Амерыга Веспучы і інш.).
Значную пазнавальную цікавасць уяўляюць творы Сімяона Полацкага, звязаныя з падзеямі шведскай вайны ў Польшчы. Аўтар адмоўна ставіўся да захопніцкіх планаў Густава Адольфа. Пазіцыя Полацкага акрэслена ў загалоўках многіх вершаў, а асобовыя маналогі разгубленага шведскага караля набываюць сатырычна-парадыйнае гучанне. Усё гэта сведчыла аб цеснай сувязі Полацкага з актуальнымі сацыяльна-гістарычнымі і грамадскімі працэсамі свайго бурлівага часу, аб глыбокім усведамленні асабістай адказнасці за лёс усіх славянскіх народаў.
Асобны цыкл у паэтычнай спадчыне Сімяона Полацкага на раннім этапе складаюць алегарычныя вершы дыдактычна-філасофскага зместу ("Nasladowanie", "Пагарда да славы", "Орон истинный" і інш.). Вершы гэтыя, бадай, найбольш паказальныя ў сэнсе выяўлення гуманістычнага светапогляду і эстэтыкі С. Полацкага на пачатковым этапе яго паэтычнай дзейнасці. У алегорыях аўтар выступае не традыцыйным схаластам-затворнікам, абмежаваным чыста кніжнымі ці палемічнымі інтарэсамі, а чалавекам, поўным унутранай сілы і энергіі, які любіць жыццё, зведаў усе яго радасці і пакуты, не страціўшы высокіх душэўных ідэалаў. Відавочна, што ў сваім разуменні цноты, справядлівасці, добрасумленнасці (алегорыі "Камень", "Хлеб" і інш.) паэт зыходзіў з хрысціянска-рэлігійнай маралі. Аднак ва ўмовах жорсткага феадальнага ўціску ідэі Полацкага аб'ектыўна набывалі дэмакратычны, прагрэсіўны характар — яны былі скіраваны на паляпшэнне сацыяльных умоў шляхам маральнага ўдасканалення. I ў гэтым, бясспрэчна, можна ўстанавіць пераемнасць гуманістычных традыцый Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага і іншых асветнікаў XVI ст. Гуманізм паэта выявіўся ў рэзкім асуджэнні багацця і каставай іерархіі, якія нараджаюць адмоўныя маральныя рысы ў чалавеку, прыводзяць да сацыяльнай няроўнасці, душэўнай чэрствасці і эгаізму. З'яўляючыся паслядоўным прыхільнікам "асвечанага абсалютызму", ён разам з тым асуджаў жорсткасць манархічнай тыраніі ("Пагарда да славы"). Апіраючыся на хрысціянскую і антычную міфалогію, шырока выкарыстоўваючы адпаведныя аналогіі з рэчаіснасці, Полацкі выкрывае несправядлівасць прававых адносін у феадальным грамадстве, асуджае "суд нечестивый", імкнецца сцвердзіць непазбежнасць перамогі дабра над злом ("Орон истинный"). Зразумела, сама катэгорыя дабра і зла трактуецца ім у духу хрысціянскага маральнага кодэксу. Тым не менш прагрэсіўнасць такой пазіцыі відавочная. Культ дабра і справядлівасці пераносіцца Полацкім і ў сферу ацэнкі асобы чалавека, яго суадносін з жыццём і грамадствам. У вершы "Незвычайная слава" гэтая гуманістычная ідэя, калі ацэньваць яе гістарычна, набывае раптоўна палемічны сэнс:
Уласная цнота — сумленнасць чалавека,
Шляхэтны, хто ёй служыць ад веку да веку.
Лямпа патухла, вуголле не свеціць.
Нічога нельга ў цемры прыкмеціць.
Так цноты продкаў бясследна знікаюць,
Калі патомкі ўласных не маюць.
(Пераклад У. Караткевіча)
У вершы па сутнасці аспрэчваецца адзін з зыходных ідэйных матываў беларускай эпікграмы XVIст., дзе заслугі продкаў непасрэдна пераносіліся на іх спадчыннікаў па родзе і маёмасці (напрыклад, вершы А. Рымшы ў гонар гербаў Л. Сапегі, А. Валовіча, Т. Скуміна і інш.). Адмаўленне каставых заслуг і прывілей сведчыла аб дэмакратызме эстэтыкі Полацкага, які выхоўваўся на традыцыях еўрапейскага гуманізму, хоць і не падзяляў яго найбольш радыкальныя погляды на рэлігію і грамадства ў цэлым (С. Будны, М. Лютэр, Т. Мюнцэр і інш.). Аднак такая супярэчлівасць абумоўлена не столькі кансерватызмам Полацкага, колькі тымі сацыяльна-гістарычнымі і культурнымі абставінамі, у якіх рос і выхоўваўся паэт. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што ў сярэдзіне XVII ст. наступіў выразны крызіс еўрапейскага гуманізму — яго ўплыў на беларускіх землях прыкметна слабее, што не магло не адбіцца і на паэтычнай дзейнасці Полацкага.
Прафесійная сталасць Полацкага супадае з гадамі знаходжання ў Маскве (1664—1680), дзе склаліся даволі спрыяльныя ўмовы для літаратурнай і грамадскай дзейнасці пісьменніка. У гэты перыяд ён стварыў дзве п'есы дыдактычнага зместу.
Першая з іх — "Комедия притчи о блудном сыне" — прысвечана праблеме выхавання маладога пакалення, яго адносін да старэйшых, жыццёвых паводзін і г. д. У аснове сюжэта п'есы ляжыць вядомы евангельскі матыў аб блудным сыне, гісторыя яго пакут і паступовага выпраўлення — "раскаяння". Аднак Полацкі імкнецца асучасніць твор, наблізіць яго змест да рэальных падзей тагачаснага жыцця: ён уводзіць вобразы тыпова мясцовага паходжання — купца, прыказчыка, зярноўшчыка і інш. Усё гэта некалькі ажыўляла дзеянне ў п'есе, хоць і не магло знізіць яе агульнай схематычнасці і рытарызму.
Другая п'еса — "Трагедия о Навуходоносоре царе, о теле злате и о триех отроцех, в пещи не сожженных" — таксама грунтуецца на вядомым біблейскім сюжэце аб тыранічным і жорсткім валадару старажытнай дзяржавы, які няшчадна знішчаў іншадумцаў. Аднак пад уплывам цудоўнага выратавання трох юнакоў Седраха, Місаха і Аўдэнага цар Навухаданосар становіцца больш гуманным і высакародным. Як і ў многіх ранніх дэкламацыях і віншаваннях, асноўнай ідэяй твора з'яўляецца ўслаўленне асвечанага і гуманнага манарха.
У структурных адносінах абедзве п'есы даволі паслядоўныя, у іх захаваны ўсе асноўныя кампаненты жанру (пралог, завастрэнне дзеяння ў кульмінацыйных сцэнах, эпілог). Вось чаму, нягледзячы на дыдактычную накіраванасць, рытарызм і дэкларацыйнасць, п'есы Полацкага з'явіліся асновай далейшага развіцця драматургіі ў старажытнай літаратуры трох усходнеславянскіх народаў.
Аднак найбольш плённай у маскоўскі перыяд становіцца дзейнасць Сімяона Полацкага ў галіне развіцця паэтычных жанраў. Яго вядомыя зборнікі "Псалтырь рифмотворная...", "Вертоград многоцветный" і "Рифмологион" з'яўляюцца выдатным дасягненнем старажытнай культуры ўсіх славянскіх народаў.
Асаблівую значнасць у гэты перыяд набывае грамадска-палітычная праблематыка ("Любовь к подданым", "Образ", "Славолюбие", "Правда бессмертия" і многа іншых), звязаная з ідэалізацыяй цара як абаронцы радзімы; паэт даволі смела, часта завуаліравана, выкарыстоўваючы перакладныя крыніцы, выкрываў заганы самаўладства і феадальных адносін.
Прыкметна ўзмацнілася на гэтым этапе сатырычная плынь у паэзіі Полацкага. Ад агульнадыдактычных ("Клятва", "Месть", "Неблагодарствие" і інш.) ён паступова пераходзіць да распрацоўкі сямейна-бытавых або звычаёвых тэм ("Пособие", "Жена", "Старость", "Казнь сыну за отца", "Чадам богатство не отдаяти" і інш.).