паэзія пралетарскы фальклорны лірызм
Паэзія 1920-х гадоў, у параўнанні з нашаніўскай, стылёва больш мазаічная, спектр яе матываў і ідэйна-вобразная палітра больш шырокія. Асноўная тэматыка і праблематыка паэзіі 1920-х гг., як у прынцыпе і ўсяго нацыянальнага прыгожага пісьменства гэтага часу, «круцілася» вакол ідэі Беларускага Шляху, з якой пачалося для Беларусі XX ст.
Паэзію 1920-х гадоў тварылі некалькі пакаленняў: старэйшыя паэты – класікі, стваральнікі «нашаніўскага» адраджэння: Я. Купала, Я. Колас, Зм. Бядуля; тыя, хто пачаў фарміравацца да рэвалюцыі пад дабратворным уплывам «Нашай нівы», – Ц. Гартны, А. Гурло, Я. Журба, М. Хведаровіч; маладыя паэты, чыя творчая і грамадзянская свядомасць усталёўвалася на скрыжаванні дзвюх вялікіх ідэй – нацыянальнага адраджэння і рэвалюцыйнага пераўтварэння свету. Гэта была лідэрская група паэтаў, заснавальнікаў «Маладняка», пазней «Узвышша».
У агульных рысах развіццё паэзіі ў 20-я гады адбывалася ў дзвюх асноўных ідэйна-мастацкіх плынях, кожная з якіх адрознівалася сваімі стылёвымі парадыгмамі (традыцыйнай і авангардысцкай) і тэматычнымі дамінантамі: нацыянальна-адраджэнскай і пралетарска-рэвалюцыйнай. Абедзве плыні грунтаваліся на адпаведных грамадскіх ідэалагемах, кожная з якіх па-свойму прадвызначала сутнасныя мадэлі Беларускага Шляху, то судакранаючыся, то рэзка палемізуючы паміж сабой. Калі канон пралеткультаўскай дактрыны рэвалюцыйнага канцэптуалізму адлюстроўваў афіцыйную ідэалогію партыйнага кіраўніцтва, то нацыянальна-адраджэнская стылёвая мадэль захоўвала арыенцір на нашаніўскую традыцыю, спавядала ідэю Беларускага Інтэгральнага Рэнесансу (тэрмін Г. Гарэцкага) і адчувала сябе пераемніцай яшчэ больш ранніх нацыянальных традыцый, звязаных з культам Айчыны, вольнасці і «краёвага» патрыятызму.
Значная (калі не пераважаючая) частка паэтычных твораў 1920-х гг. была пазначана відавочнымі рысамі афіцыёзнага авангардызму, звязанага найперш з устаноўкай на стварэнне новага мастацтва пад уплывам рэвалюцыйна-пралетарскага светабачання і класавай ідэалогіі. Культ рэвалюцыйных перамен, аптымістычны жыццесцвярджальны пафас, матыў індустрыяльнага горада, гімн маладосці, якая будуе і для якой будуецца новае жыццё, класавы матыў, выражаны ў сімвалічнай перамозе «сярпа і молата», супрацьпастаўленне «мінулых чорных дзён» і новай «светлай раніцы волі» і пры гэтым адсутнасць рэфлексіі, смутку, сумненняў – вось асноўны спектр матываў і настрояў, якія ўласцівы авангардысцкай плыні, паіменаванай І. Багдановіч «рэвалюцыйным канцэптуалізмам». Тут не цаніліся нюансы лірычных пачуццяў і перажыванняў, тут важна было стварыць літаратурны міф аб рэвалюцыйнай перамозе пралетарыяту.
Асэнсаванню Беларускага Шляху – лёсу маці-Беларусі ў новых гістарычных умовах – прысвечана шмат купалаўскіх вершаў на працягу ўсяго аналізуемага дзесяцігоддзя. Так, напрыклад, у 1922 г. Купала піша знамянальны, жорсткі ў сваёй праўдзівасці верш «Перад будучыняй», у якім дае сваё тагачаснае разуменне Беларускага Шляху. Яно трагічнае і абсалютна непадобнае на аптымістычныя прароцтвы паэтычных апалагетаў рэвалюцыі і пралетарскай дыктатуры. Дзве сілы, паміж якімі шукае сябе Беларусь, – дылему паміж нацыянальным шляхам і рэвалюцыйна-пралетарскім – Купала абазначае ў наступных радках:
Там чутна: Беларусь! Там – Незалежнасць!
А там – «Паўстань пракляццем»… Ну а мы?
Мы ў страху… дум крутня… разбежнасць…
Без толку крыллем хлопаем, як цьмы.
О так, як цьмы, як спуджаны вароны!.
І слухаем, і нюхаем тут, там:
Які павеяў вецер на загоны, –
Заходні, ўсходні, й ці ад нас, ці к нам?
Аграбленыя з гонару й кашулі,
З снайго прыпынку выгнаныя вон,
Мы дзякуем, што торбы апранулі
На нас ды з нашых нітак-валакон.
Не дзіўна таму, што творчасць Купалы і яго зборнік «Спадчына» (1922) не прымаліся, крытыкаваліся адэптамі новага пралеткультаўскага мастацтва, у яго адрас даносіліся абвінавачванні ў неразуменні гістарычнай ролі рэвалюцыі для Беларусі. Для Купалы ж гэта былі відавочна несумяшчальныя ідэалы: вольная і незалежная Беларусь і гвалт рэвалюцыйнай дыктатуры. Ён празрыста акрэсліў гэтую несумяшчальнасць у паэме «Безназоўнае», стварыўшы алегарычны вобраз заручын «вясельніцы засмучанай з вясёлым жаніхом».
Я. Колас у 20-я гады ўвасобіў свой боль па айчыне, спрадвечным аплотам якой была сядзіба з уласнай зямлёй, у закончанай тады паэме-эпапеі «Новая зямля». Відавочным убачыўся вялікаму паэту вынік пошукаў Міхалам сваёй «новай зямлі». У гэтай алегарычнай метафары, якая падразумявала і пошукі «новай айчыны» (або Беларускага Шляху) Коласам была скарыстана біблейская сімволіка. Новая зямля – гэта біблейскі сімвал новага раю – Новага Ерусаліма, які застаўся для Міхала няздзейсненай марай, перапыненай смерцю. Пошукі «новай зямлі» – новай Беларусі для героя Я. Коласа – засталіся такімі ж «снамі аб Беларусі», якія «сніў» адпаведны гістарычнаму часу лірычны герой Я. Купалы. Як і Купала, Я. Колас у 1922 г. выдаў зборнік вершаў «Водгулле», у якім апрача ранейшых дарэвалюцыйных твораў была нізка, напісаная ў 1921 г.: вершы «Водгулле», «Родныя малюнкі», «У палёх Беларусі», «Звон шыбаў», «Покліч», «Беларускаму люду». Ствараючы жывыя пластычныя карціны беларускай прыроды – гэтай вечнай неўміручай каштоўнасці нацыянальнага быцця, Колас дае мастацкі водгук на тагачаснае грамадскае жыццё, якое бачыцца яму неўладкаваным.
Яшчэ адзін нашанівец Змітрок Бядуля як паэт эвалюцыяніраваў к сярэдзіне 1920-х гг. у бок рэвалюцыйнага канцэптуалізму, выдаўшы ў 1924 г. кніжку выбраных вершаў «Буралом». Папярэдні ж зборнік «Пад родным небам» выдадзены, як і кнігі Я. Купалы «Спадчына» і Я. Коласа «Водгулле» у 1922 г., быў пазначаны рысамі традыцыйнай адраджэнскай паэзіі з уласцівымі Бядулю містычнымі біблейскімі, гістарычнымі матывамі. Аб гэтым сведчаць вершы «Беларусь», «Паходні» і некат. інш. У зборніку ж «Буралом» адзначыўся пераход на авангардны стыль, які адпаведна выклікаў новую тэматыку і паэтыку. Вершы пазбаўляюцца лірычнай глыбіні і вобразнай маляўнічасці, з'яўляюцца ілюстрацыямі да новых рэалій («Маладая гвардыя», «Крылатыя машыны»). Асаблівай ангажаванай ілюстрацыйнасцю пазначаны цыкл «Чырвоны каляндар», дзе паэт імкнецца стварыць новыя «чырвоныя лісткі» ў піку ранейшаму разуменню знамянальных дзён года, якія вызначаліся па царкоўным каляндары. Вядучае месца ў новым «чырвоным календары» Бядулі, бясспрэчна, займаў Кастрычнік, які «старому свету яму вырыў, у міг адзін стварыў стагоддзі». Паэма «Беларусь», змешчаная ў гэтым жа зборніку, ужо нічым не нагадвала ранейшы «Зачарованы край». Застаўшыся верным выкарыстанню ў сваёй паэтыцы народных легендарных і казачных вобразаў, Бядуля ў паэме пра сучасную Беларусь – «бязбожніцу» і «будаўніцу» – міфапаэтызуе і адухаўляе Кастрычнік (Акцябр), які «прымчаў», як «чаканы госць», як новы асілак-вызваліцель.
Апяванне «казкі прышлага часу» – шчаслівай будучыні, якую прынесла перамога Кастрычніцкай рэвалюцыі, супрацьпастаўленне гэтага светлага ўрачыстага абнаўлення мінуламу «зморчнаму», цяжкаму паднявольнаму жыццю нарадзіла ў беларускай паэзіі таго часу шэраг устойлівых вобразных асацыяцый. Гэта быў адзін з вызначальных матываў рэвалюцыйнага канцэптуалізму, які, як лакмусавая паперка, вызначаў грамадска-палітычныя арыенціры аўтараў. Сярод паэтаў старэйшага пакалення гэты матыў у ранейшых адраджэнскіх вобразах-сімвалах Зімы і Вясны ўвасабляў Янка Журба (верш «Вольная Беларусь»). Ён бачыць Беларусь у «святочным уборы», ёй «свеціць доля… залатая», да яе «прыйшла воля святая!». Гэтымі ж настроямі прасякнуты яго вершы «Васкрос край», «Годзе плакаць», «Гімн працы», «Будаўніком новага жыцця», «Хто мы?»
Цэнтральнай жа фігурай у пралетарска-рэвалюцыйным тэматычным накірунку ў асяроддзі старэйшых паэтаў быў былы «капыльскі гарбар» Цішкі Гартнага, які выдаў дзве кнігі сваіх твораў: «Песні працы і змагання» (1922) і «Урачыстасць: 1. Рэвалюцыі, 2. Жыцця» (1925), куды часткова ўвайшлі яго ранейшыя вершы. Творы, з якімі Гартны ўступаў у новае дзесяцігоддзе, з'яўляліся ў пераважнай большасці паэтычнымі фармулёўкамі рэвалюцыйных камуністычных ідэалаў, з якімі для паэта і актыўнага грамадска-палітычнага дзеяча звязвалася светлая будучыня Беларускага Шляху. Так, у вершы «Айчына» (1921) ён апявае бунт працоўных, сцвярджаючы, што «айчына і воля – непадзельны, і іх ахоў чырвоны меч». У вершы «Камунар» (1921) створаны вобраз нязломнага барацьбіта, які «за волю ў бойках без спагады істоту выліў». Верш «Панства працы» замацоўвае ідэйна-вобразны канцэпт падзелу свету на ранейшы, нешчаслівы, поўны прыгнёту, і вольны пасля рэвалюцыі.
Сярод маладых паэтаў тонкім і майстравітым апалагетам рэвалюцыйнага паэтычнага авангардызму быў Міхась Чарот, талент якога ярка бліснуў ужо на пачатку 20-х гадоў. Яго першы паэтычны зборнік «Завіруха» (1922), паэмы «Босыя на вогнішчы» (1922), «Беларусь лапцюжная» (1924), «Чырвонакрылы вяшчун» (1924) сталі ў поўным сэнсе «класікай авангарду», з усімі таленавіта ўвасобленымі пастулатамі пралетарска-рэвалюцыйнай дактрыны ў мастацтве – з яе апраўданнем тэрору («Хто не наш – таго даві!»), адмаўленнем культурна-гістарычнай спадчыны («Годзе плакаць і вам над Рагнедаю…»), сімволікай класавай барацьбы ў выглядзе паядынку двух волатаў – «рацей» («змагаюцца праца з багаццем»), з яўным усходнім вектарам палітычных сімпатый (вобраз «чырвонага крыжа» з Усходу, на якім напісана слова «Воля», у паэме «Босыя на вогнішчы», а таксама рыцараў на чырвоным і на белым конях, з якіх пераможцам аказваецца Чырвоны ў паэме «Беларусь лапцюжная»). Апраўдальны вобраз дыму-пажару становіцца адным з найважнейшых стылеўтваральных канцэптаў авангардысцкай парадыгмы:
Свет стары мы палім – гэта наша справа,
Хто з людзей пасмее кінуць нам папрок?
Будавалі ўсё мы – нішчыць маем права.
Хай усё затопіць нашай працы сок.
Алегорыю паэтычнага наватарства, якога вымагае новая эпоха, стварыў М. Грамыка ў «нібы-паэме» «Гвалт над формай». Яна была спачатку апублікавала ў першым нумары часопіса «Полымя» (1922), а потым пад назвай «Пералом» увайшла ў зборнік яго вершаў «Плынь» (1927). Публікацыі ў «Полымі» папярэднічаў канцэптуальны артыкул самога М. Грамыкі, дзе ён абгрунтоўваў прынцыпы новага мастацтва.