Смекни!
smekni.com

Беларуская проза 1920-х гадоў (стр. 4 из 4)

Асобныя творы, як, напрыклад, раман Р. Мурашкі «Сын» (1929), былі папулярнымі ў канцы 20-х гадоў у чытача, аднак у гісторыі станаўлення беларускай прозы не адыгралі асабліва значнай ролі. Названы раман Р. Мурашкі быў цікавы найперш навізной праблематыкі, як адна з першых спроб засвоіць гісторыка-рэвлюцыйную тэму, узнавіць бурныя падзеі нядаўняга мінулага, рэальны маштаб класавых сутычак. Героі гэтага твора, уключаючы і Ігнася, былога пастушка і будучага свядомага змагара за рэвалюцыйныя ідэалы, галоўнага героя рамана, з'яўляюцца носьбітамі класавай псіхалогіі і слаба прадстаўлены як канкрэтныя жывыя індывідуальнасці.

Раман Р. Мурашкі поруч з раманам Я. Нёманскага «Драпежнікі» (1928–1930) пазначыў паварот літаратуры да сацыяльнасці і гістарызму, якія ў прозе 30-х гадоў прыкметна пацяснілі тэндэнцыі да псіхалагізму. Уласцівая апавяданням Я. Нёманскага шматпланавасць і разгалінаванасць сюжэта, грунтоўная няспешлівасць мастацкага апавядання, увага да падрабязнасцей у поўнай меры выявіліся і ў яго эпічнай задуме паказаць пярэдадзень рэвалюцыі. Пісьменніка зацікавіў сацыяльна-палітычны відарыс беларускай рэчаіснасці на пачатку XX ст., калі класавае размежаванне і партыйныя сімпатыі вызначыліся з гранічнай яснасцю і выразнасцю. Імкненне паказаць антаганізм класавых інтарэсаў у мастацкім плане вылілася ў шырокім ужыванні прыёму кантрасту: з аднаго боку, гэта «драпежнікі», а з другога – працоўны люд. Асабліва выразна намаляваны вобразы «драпежнікаў»: патомнага шляхціча і ўдачлівага гандляра Стася Ляскоўскага, радавітага вяльможы Зігмунта Друцкага, спекулянта Майсея Ліўшыца, губернатара Курлова. Раман наогул населены персанажамі, як бы «выхапленымі» з дарэвалюцыйнага перыяду беларускай гісторыі, некаторыя з іх глыбока «прапісаны» з псіхалагічнага боку: падпольшчык Росяк-Зыкаў, настаўнік Пятрусь Мікалаевіч, Зося, селянін Кавальчык. Нягледзячы на сваю незавершанасць (адсутнічала некалькі апошніх раздзелаў), раман Я. Нёманскага «Драпежнікі» сведчыў аб прыкметным паглыбленні гістарызму ў беларускай прозе і з'явіўся прадвесцем нараджэння беларускага гістарычнага рамана.

Рысы «меніпавай сатыры» імкнуўся «прышчапіць» эпасу А. Мрый, аўтар рамана «Запіскі Самсона Самасуя» (1929). Аўтар задумаў «паказаць тыповага выскачку Самасуя, што з мяшчанскіх нізоў прабіраецца да вяршыні савецкай улады» (Мрый А. Творы. Мн., 1993. С. 18.). Апублікаваны былі толькі першыя дзве часткі рамана з трох напісаных: маладнякоўская крытыка ў асобе А. Вольнага, А. Дудара, А. Гародні аб'явіла твор «паклёпніцкім», і друкаванне апошняй часткі яго ў часопісе «Узвышша» было спынена. Устаноўка на парадыйнасць, свядомае змешванне смешнага з сур'ёзным, стварэнне фантастычнай карціны беларускай паслярэвалюцыйнай рэчаіснасці заўважаецца з першых радкоў рамана. У цэнтры сюжэта радавы выканаўца сацыяльных «пражэктаў» перабудовы свету, выхадзец з «мужыкоў» Самсон Самасуй, які пакідае бацькоўскую хату дзеля кар'еры «саўслужачага». У творы шмат камічных сітуацый, свая займальнасць, даецца шэраг малюнкаў правінцыйнага жыцця. Крыніцай смеху з'яўляецца гратэскнае спалучэнне ў адным выказванні розных моўных стыхій: бытавой, звязанай з «карнавальна-цялесным нізам» (М. Бахцін) і «высокай», што выяўляе клішэ афіцыйнага навамоўя, казённай словатворчасці. Намаганні героя «арганізаваць» з дапамогай лозунгаў шматмерны свет ствараюць камедыйную сітуацыю, майстрам якой быў А. Мрый. Аўтар далучае чытача да манеры дэфармаванага мыслення «новага чалавека», які эксперыментуе ва ўсіх сферах жыцця – ад эканомікі да мовы. У сваім бюракратычным старанні Самасуй натхняецца лепшымі намерамі, але яго «донкіхоцтва» завяршаецца дыскрэдытацыяй «высокіх» ідэй. Смех А. Мрыя набывае універсальны характар, у «новым грамадстве» не застаецца нічога з таго, што не варта асмяяння.

бядулі апавідання рэвалюцыянербеларуская


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Тычына М.А. Проза // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. Мн., 1999. С. 62–102.

2. Гартны Ц. Трэскі на хвалях / Гартны Ц. – Мн., 1924. С. 123.

3. Адамовіч А. Маштабнасць прозы / Адамовіч А. – Мн., 1972. С. 65.

4. Багдановіч І.Э. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя / Багдановіч І.Э. – Мн., 1999. С. 8–45.

5. Гартны Ц. Прысады / Гартны Ц. – Мн., 1928. С. 11.