Гэй, схамяніцеся ад сну –
Пара, пара нам уставаць!
Ад ворага ліхога след,
След помсты просіць нас.
Дык хто устаў, аружжа ладзь
І будзь гатоў на кліч, на збор!
Мы, як арлы тых груганоў,
Разгонім ворагаў сваіх.
Дакажам ім, навучым іх,
Што грозны і бяссмертны мы,
Што моц – магучы волат ёсць
З нас кожным целам і душой!»
Песня-покліч на гэтым не скончылася. Мы спецыяльна перапынілі яе, каб з'акцэнтаваць увагу на двух апошніх слупках, якія праясняюць сутнасць асноўнай праблематыкі твора і яго канфлікту:
А ты, гультай, забаўку кінь!
Знайшоў калі і дзе іграць.
Жыццё – змаганне, дык за край
І за жыццё у бітву йдзём!
Адняць трэ гуслі у яго
І даць атручаныя стрэлы,
Лук пругкі…
Якія актуальныя гэтыя радкі па свайму змястоўна-праблемнаму напаўненню для нас, беларусаў! Як пераклікаюцца яны з усёй сумна-трагічнай гісторыяй адносін нашага народа да сваіх мастакоў, творцаў, да сваёй нацыянальна свядомай інтэлігенцыі! Вядома, гэта не віна нашага народа, а яго бяда…
«Сказ аб гуслях», нягледзячы на сціплыя памеры, з'яўляецца творам шматпраблемным і шматаспектным. Наогул вартае здзіўлення і захаплення ўменне Л. Родзевіча вельмі ўдала, па-майстэрску звязваць, сплятаць у адзін непарыўны вузел у адносна невялікім творы цэлы шэраг надзвычай важных праблем, якія не трацяць з цягам часу сваю актуальнасць!
Некаторымі момантамі сваёй праблематыкі пераклікаюцца са «Сказам аб гуслях» драматычныя сцэны «Досвіткі». «Міру, міру», – просяць, заклікаюць, патрабуюць знясіленыя вайной і разбурэннямі беларускія сяляне. Тым болей, што да гэтай вайны яны не маюць ніякага дачынення. «Вось я думаю сабе, – кажа адзін з мужыкоў, – туляюся па ямах, як забойца, кінуў гаспадарку, сям'ю, і за што, і нашто?» Рознамасныя захопнікі, якія наваднілі Беларусь, вядуць, па словах тых жа сялян, вайну не столькі паміж сабою, колькі з іх курамі ды парасятамі. А яны, мясцовыя жыхары, хочуць проста і спакойна жыць на сваёй зямлі, абрабляць яе, гадаваць дзяцей, радавацца сонцу. Дзе ж і якія шляхі да гэтага мірнага і спакойнага жыцця? Вакол дадзенага пытання якраз і разгортваецца асноўны канфлікт п'есы «Досвіткі». Ён тут унутраны, глыбока псіхалагічны, пралягае праз душы і розумы герояў. Сялянская маса (Грамада) выступае ў творы неаднароднай. Некаторыя з сялян (а іх большасць) з прычыны ўласнай неадукаванасці, забітасці моўчкі пераносяць пакуты ці сцішана наракаюць на лёс. Іншыя спрабуюць задумацца над сваім становішчам і прычынамі, якія прывялі да гэтага: «Хто нам вораг? Каб жа мы зналі, мо гуртам, грамадой далі б яму рады, але кожны думае па-свойму, у кожнага іншы вораг, кожны сам сабе і ўсім вораг». На жаль, такіх адзінкі, але і яны таксама нейкія інертныя, нерашучыя. І толькі Маладзіца з суседняй, спаленай акупантамі вёскі заклікае сялян да змагання, да барацьбы з захопнікамі, усяляк сарамаціць землякоў за баязлівасць і нерашучасць. І, трэба сказаць, дабіваецца пэўных зрухаў у іх свядомасці. Даволі цікавым у плане закладзенай аўтарам ідэйна-сэнсавай нагрузкі з'яўляецца ў «Досвітках» вобраз Вучыцеля. Ён – нястомны і апантаны працаўнік на ніве нацыянальнага Адраджэння. Свае веды, а таксама веру ў тое, што Беларусь нарэшце ўваскрэсне, а яе народ даб'ецца росквіту матэрыяльнай і духоўнай культуры, настаўнік перадае дзецям і дарослым. Сяляне шануюць і паважаюць Вучыцеля, асабліва за тое, што не кінуў іх у гадзіну ліхалецця. Аўтар сімпатызуе гэтаму вобразу, але разам з тым развенчвае ілюзорнасць поглядаў Вучыцеля (ён адвяргае узброенную барацьбу) наконт шляхоў набыцця народам Беларусі сапраўднай волі і незалежнасці.
Камедыйныя жанры ў «малой» драматургіі Л. Родзевіча прадстаўлены такімі творамі, як «Збянтэжаны Саўка», «Конскі партрэт», «Пасланец», «Стараста», «Драбніца жыцця», «На Каляды», «П.С.X.», «Багаты і бедны», «Падласая красуня».
Сярод камедый Л. Родзевіча найбольшую вядомасць набыў вадэвіль «Збянтэжаны Саўка», які стаў сапраўды народным творам. Мабыць, няма такога кутка на Беларусі, дзе б ён не ставіўся мясцовымі прафесійнымі і аматарскімі калектывамі. Сакрэт папулярнасці «Збянтэжанага Саўкі» ў тым, што аўтар, узяўшы за аснову вядомы фальклорны сюжэт, вельмі ўдала апрацаваў яго. Зрабіўшы акцэнтацыю на выяўленні чыста сітуацыйнага, знешняга камізму, драматург паклапаціўся таксама і аб даволі глыбокіх індывідуальных характарыстыках персанажаў, і ў першую чаргу з дапамогай мовы. Саўка і Магрэта то перакідваюцца трапнымі рэплікамі, то высвятляюць паміж сабой адносіны з дапамогай крыху даўгаватых, але ні ў якім разе не нудных дыялогаў, насычаных сакавітымі бытавымі словамі і выразамі. Спецыфічны беларускі гумар, што пранізвае ўсю п'есу, у спалучэнні са шматлікімі, удала падабранымі камічнымі сітуацыямі робіць твор надзвычай цікавым і прыцягальным.
Вялікую прыхільнасць сярод аматараў тэатральнага мастацтва, і асабліва сярод заходнебеларускіх, мела п'еса Л. Родзевіча «Конскі партрэт». Камедыйная палітра гэтага твора надзвычай шырокая: гумар тут цесна суседнічае з іроніяй, сатырай і нават гратэскам, маюць месца таксама фарсавыя элементы.
Сапраўды майстэрскай апрацоўкай сюжэта вядомай казкі пра зламаны сцізорык вызначаецца вадэвіль Л. Родзевіча «Пасланец». Дасціпны і ўвішны Пасланец з бляскам спраўляецца з ускладзенай на яго місіяй (па загаду пані ён на 1 красавіка павінен «павесяліць» мужа гаспадыні, які жыве ў суседнім маёнтку) і шчасліва вяртаецца назад.
Аднаактоўка Л. Родзевіча «П.С.X.» з шэрагу яго камедыйных твораў (ды і, заўважым, не толькі камедыйных) вылучаецца сваёй тэматыкай і праблематыкай. Галоўныя героі гэтага твора – селянін (гаспадар) і яго жонка (гаспадыня). Гаспадар, «камуністы» і «арацер», як іранічна называе яго жонка, бегаючы па сходках, зусім запусціў уласную гаспадарку, адбіўся ад сям'і, а хату ператварыў у нейкі клуб. «Усе суседзі жывуць, як людзі, а мы, як на папасе, – проста рукі ападаюць, – гаворыць гаспадыня, наракаючы на мужа. – Ох, няма ў цябе нічога святога. Поўзаеш ты, як крот, точышся, куды не трэба, як жук. Ты толькі падумай: ці ж мы на тое будавалі гэтую хатачку, каб у ёй панаваў безлад і папасвалася розная нечысць. Верабей, і той будуе сабе гняздзечка, бароніцца і дзетак гадуе, а тут… сэрца толькі крывёй абліваецца». Аўтар іранізуе над сваім героем. Іншы раз гэтая іронія набывае адценні, блізкія да саркастычных. Побач з іроніяй і сарказмам выкарыстоўваецца часам і гратэскавае завастрэнне. Мае месца і буфанада. Гэта характэрна для мізансцэн з Чырвонаармейцам і Кітайцам у цэнтры. Бабнік і гуляка Чырвоаармеец, які размаўляе ў творы па-руску (гэта зроблена Л. Родзевічам спецыяльна, дзеля найбольшага прыбліжэння да рэальнасці), ніякага ўяўлення не мае аб тым, што ёсць такі народ – беларусы – са сваёй уласнай мовай, гісторыяй, культурай, звычаямі. Разам з Кітайцам, які ў яго на пабягушках, Чырвонаармеец ледзь не кожнага прымае за буржуя і тут жа чыніць над ім самасуд, прыгаворваючы да расстрэлу. Менавіта за вобразы Чырвонаармейца і Кітайца, а таксама за вобраз нягеглага і маладукаванага вясковага камуніста – «арацера» п’еса «П.С.Х.» была заключана на доўгія гады ў спецхран. Цікава, што пастаноўка дадзенага твора была забаронена і польскімі ўладамі.
Творчыя набыткі Л. Родзевіча ў паэзіі і прозе больш сціплыя ў параўнанні з драматургічнымі. Разам з тым і тут пісьменнік зарэкамендаваў сябе таленавітым і арыгінальным мастаком, аўтарам са сваёй індывідуальнай, непаўторнай манерай пісьма. Л. Родзевічам былі ўнесены пэўныя навацыі ў жанрава-стылёвую палітру беларускай паэзіі і прозы, у сістэму вобразаў-персанажаў і лірычных герояў. Ім таксама істотна пашыраны ідэйна-тэматычны дыяпазон нацыянальнага прыгожага пісьменства. Вядома, на гэтым шляху мелі месца і пэўныя выдаткі, творчыя пралікі, недапрацоўкі. Асабліва яскрава гэта наглядаецца ў другой палове 20-х – пачатку 30-х гг., калі з-пад пяра аўтара пачалі выходзіць схематычныя, засацыялагізаваныя апавяданні і вершы з гіпертрафаваным рэвалюцыйным пафасам. Але ці адзін толькі Л. Родзевіч грашыў гэтым у той надзвычай складаны і своеасаблівы час?!
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Яцухна В.І. Беларуская малафарматная драматургія ХVІ – першай паловы ХХ стст. – Гомель, 2004.
2. Ліс А. Малазнаёмы твор добра знаёмага драматурга // Тэатральная Беларусь. 1993. №4. С. 15.
3. Родзевіч Л. Беларускі нацыянал-фашызм. Яго вытокі, тэорыя і практыка. – Мн., 1930. С. 41.
4. Семяновіч А.А. Гісторыя беларускай драматургіі: XIX – пач. XX ст. Мн., 1985. С. 155.
5. Родзевіч Л. Збянтэжаны Саўка. Жарт. Мн., 1964 (У рэпертуар мастацкай самадзейнасці).
6. Родзевіч Л. Блуднікі; Пакрыўджаныя; Марцовы снег // Беларуская дакастрычніцкая драматургія / Укладанне, падрыхтоўка тэкстаў, уступны артыкул і каментарыі С.С. Лаўшука. Мн., 1978.
7. Родзевіч Л. У кавалёвай хаце // Тэатральная Беларусь. 1993. №4.
8. Родзевіч Л.П.С.Х. // Тэатральная Беларусь. 1995. №3.
9. Родзевіч Л.П.С.Х. // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі: У 3 т. / Уклад., рэд. тэкстаў, уступ. арт. і камент. А.В. Сабалеўскага. – 2-е выд., пашыран. і ўдаклад. Мн., 1998. Т. 2.
10. Яцухна В.І. Талент і жыццё, аддадзеныя людзям: Да 100-годдзя з дня нараджэння Леапольда Родзевіча // Тэатральная Беларусь. 1995. №3.