Смекни!
smekni.com

Творчасць Леапольда Іванавіча Родзевіча (стр. 1 из 3)

родзевіч драматургія гумар пісьменнік

Леапольд Іванавіч Родзевіч (1895–1938), адзін з вядомых пісьменнікаў-нашаніўцаў, нарадзіўся 12 чэрвеня 1895 г. у фальварку Кур'янаўшчына Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер Лагойскі раён Мінскай вобласці) у сям'і збяднелага шляхціца, якая к гэтаму часу практычна асялянілася.

Сям'я была каталіцкая, мела шмат польскіх кніг, але разам з тым не цуралася і беларускай мовы, а таксама сваёй роднай культуры. Леапольд, як падай са слоў старэйшай сястры пісьменніка Яніны вядомая польская даследчыца беларускай і польскай палітычнай гісторыі А. Бергман, меў з дзяцінства скрытны характар, любіў адзіноту і па гэтай прычыне часта хаваўся ад сям'і, каб пабыць сам-насам. З задавальненнем чытаў, добра маляваў, любіў забаўляць малых дзетак і мог гадзінамі слухаць песні, казкі, розныя гісторыі, што спявалі і расказвалі маці з бабуляй. Леапольд вельмі любіў сваю маму і, заўважым, быў на яе вельмі падобны з выгляду. Надзвычай пяшчотныя адносіны да маці выліліся ў факт прысвячэння ёй першага паэтычнага зборніка пісьменніка «Беларусь».

Першай сур'ёзнай жыццёвай прыступкай стала для Л. Родзевіча паспяховае сканчэнне пачатковай школы ў мястэчку Крайск (адсюль, відаць, і адзін са шматлікіх псеўданімаў Леапольда Іванавіча – Крайскі). Затым будучы пісьменнік і актыўны дзеяч заходнебеларускага нацыянальна-вызваленчага руху падаўся ў Вілейку, дзе працягваў сваю вучобу ў гарадскім вучылішчы, а затым з-за матэрыяльных нястач вымушаны быў пайсці працаваць (спачатку рабочым на цукеркавай фабрыцы, затым чарцёжнікам пры зямельнай камісіі Сялянскага банка). Праз некаторы час здаў экзамены на атэстат сталасці. Віленскае грамадска-культурнае жыццё адразу ж захапіла маладога Л. Родзевіча. Яго самога (ці разам з братам Чэславам) часта можна было сустрэць у рэдакцыі «Нашай Нівы» (у гэтай газеце ён з 1911 г. пачаў рэгулярна змяшчаць свае допісы і творы), у таварыстве 6еларускіх культурнікаў і літаратараў, на вечарынах-прадстаўленнях і іншых мерапрыемствах, што ладзіліся нацыянальна свядомай беларускай інтэлігенцыяй. Як піша П. Мядзёлка ў сваіх успамінах, Л. Родзевіча ў кампаніі М. Гарэцкага і З. Бядулі можна было часта бачыць у цукерні «Зялёны Штраль», якая была адным з месцаў сустрэчы і гутарак беларускай творчай інтэлігенцыі. Усе трое Родзевічаў – Чэслаў, Яніна і Леапольд – становяцца членамі калектыву I. Буйніцкага.

Несумненна, што ўражанні ад першых беларускіх вечарын-прадстаўленняў, у якіх Л. Родзевіч браў самы актыўны ўдзел, развілі ў ім цікавасць да тэатра, пэўным чынам падштурхнулі да напісання сцэнічных твораў. Першай ластаўкай стала п'еса «Блуднікі» (1912), якая засведчыла, што ў літаратуру прыйшоў таленавіты пісьменнік-драматург, які, заўважым, толькі-толькі дасягнуў к гэтаму часу свайго паўналецця.

Наступная поўнаметражная драма Л. Родзевіча (у 1914 г. у «Нашай ніве» быў змешчаны аднаактовы абразок-замалёўка пісьменніка «Марцовы снег») «Пакрыўджаныя» (1916) – твор, цікавы паводле сваёй праблематыкі і своеасаблівы ў плане выкарыстання вобразна-выяўленчых сродкаў, агульнай танальнасці (у гэтай п’есе шмат сімвалаў, манера пісьма аўтара наскрозь рамантычная) – пацвердзіла, што аўтар яе валодае самабытным драматургічным талентам.

Удзелу ў першай сусветнай вайне Л. Родзевіч не прымаў па прычыне хваробы. Яму аперыравалі стрававод і з мэтай далейшага лячэння Леапольд напярэдадні (ці адразу пасля) кастрычніцкіх падзей выехаў на Паўночны Каўказ, у Георгіеўск, дзе жыла сястра Яніна. Працаваў некаторы час у кандытарскім кааператыве. З прыходам белых быў мабілізаваны ў іх войска, адкуль неўзабаве ўцёк і накіраваўся ў Мінск. Там у гэты час гаспадарылі жаўнеры Пілсудскага. Месяцы з два Л. Родзевіч працаваў пісарам у Беларускай вайсковай камісіі (уваходзіла ў склад акупацыйнай арміі), рэшту часу – у гарадской бібліятэцы. Актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці не прымаў. Але многа пісаў. У газеце «Беларусь» і некаторых іншых перыядычных выданнях 1919–1920 гг., у альманахах і зборніках гэтага часу было змешчана каля паўтара дзесятка драматычных твораў Л. Родзевіча. Гэта класічныя беларускія жарты-вадэвілі «Збянтэжаны Саўка», «Пасланец», «Конскі партрэт», аднаактовыя п’есы і драматургічныя абразкі «У кавалёвай хаце», «Калыханка», «На шляху да сонца», «Сказ аб гуслях», «Стараста», драматызаваныя апавяданні «Разбітая ваза», «На рацэ зімой», «Змярканне», «Беларуская казка». Амаль усе з названых твораў з'явіліся непасрэдным водгукам аўтара на драматычныя падзеі 1919–1920 гг. на Беларусі, калі ў пэўнай ступені вырашалася яе будучыня. Вядома, пісаліся ў гэты складаны і неспакойны час і вершы, увайшоўшыя пазней у зборнік «Беларусь».

1921-шы год у жыцці Л. Родзевіча з'явіўся ў пэўным сэнсе пераломным. Пасля ўсталявання савецкай улады ў Мінску ён прыязджае ў родныя мясціны і некаторы час працуе там настаўнікам мясцовай сямігодкі. Як толькі быў заключаны Рыжскі мір, Л. Родзевіч з родных мясцін, якія засталіся пад Саветамі, накіроўваецца ў Вільню, дзе адразу ж актыўна ўключаецца ў беларускае грамадска-палітычнае і культурнае жыццё. Зроблены Л. Родзевічам выбар не на карысць савецкага Мінска, дзе, заўважым, застаўся старэйшы брат Чэслаў, быў абумоўлены хутчэй за ўсё тым, што Леапольд, балесна ўлюбёны ў Беларусь, не прымаў савецка-польскай дамовы, варожа адносіўся да абодвух «гістарычных» прэтэндэнтаў на беларускія землі. Менавіта такую пазіцыю адразу пасля свайго ўтварэння (крыху пазней дадзеная пазіцыя перацернпіць істотныя змены) заняла Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, адным з духоўных айцоў якой якраз і стаў Л. Родзевіч. Крыху забягаючы наперад, адзначым, што з цягам часу ў негатыўных ці, скажам так, не надта прыязных адносінах Л. Родзевіча да бальшавікоў (а што яны мелі месца, у гэтым не прыходзіцца сумнявацца; дадзены факт канстатуе не толькі грамадска-палітычная дзейнасць пісьменніка, але і яго мастацкая творчасць, хоць бы тая ж камедыя «П.С.Х.») адбылося істотнае «пацяпленне», і асабліва пасля тага, як у БССР была распачата беларусізацыя. А затым Л. Родзевіч і зусім пяройдзе на бальшавіцкія пазіцыя. Але, заўважым, артадаксальным бальшавіком ніколі не будзе.

У Вільні Л. Родзевіч далучаецца да рэдагавання і выдання газет «Беларускі звон», «Наша будучыня», «Наш сцяг», удзельнічае ў закладанні БРА (Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі), працуе ў так званай «драматычнай майстэрні», прымае самы актыўны ўдзел у мерапрыемствах, звязаных з выбарамі ў польскі сейм у 1922 г., наладзіўшы пры гэтым сувязь з віленскім камуністычным падполлем, якое крыху пазней, у канцы 1923 г., дапаможа яму з прычыны пастаянных паліцэйскіх праследаванняў пакінуць Вільню і перабрацца ў Мінск.

Другі віленскі перыяд, нягледзячы на шэраг не надта прыемных момантаў, звязаных з матэрыяльнымі нястачамі, пэўнымі неладамі са здароўем, агульнай жыццёвай неўладкаванасцю, пастаяннымі паліцэйскімі праследаваннямі (у пачатку 1922 г. пісьменнік за нейкі «крамольны» газетны матэрыял нават адседзеў некалькі тыдняў у Лукішках), быў для Л. Родзевіча ў цэлым даволі плённым. За гэты час ён вырас як палітычны дзеяч, а ранейшую літаратурную рэпутацыю яшчэ больш памножыў і стала замацаваў за сабой. Л. Родзевіч стаў вядомым і ўплывовым беларускім літаратарам, вакол якога пачалі гуртавацца лепшыя пісьменніцкія сілы. Ён, можна сказаць, замяніў сабою М. Гарэцкага, якога польскія ўлады выслалі з Вільні ў пачатку 1922 г. Драматычныя творы пісьменніка, яго вершы, апавяданні, публіцыстычныя артыкулы рэгулярна з'яўляюцца на старонках заходнебеларускай перыёдыкі. У 1922 г. у Вільні пабачыў свет першы паэтычны зборнік Л. Родзевіча пад назвай «Беларусь». Годам раней былі надрукаваны ў Мінску «Пакрыўджаныя». Асобным выданнем выйшла аднаактоўка «П.С.X.», за якую пісьменнік атрымаў прэмію Беларускага грамадзянскага сходу ў Вільні. З самага лепшага боку характарызуе Л. Родзевіча і той факт, што ён клапаціўся аб выданні твораў маладых, пачынаючых аўтараў. У прыватнасці, менавіта дзякуючы яго клопатам і старанням у 1923 г. у Вільні былі надрукаваны паэтычныя зборнікі «Строма» У. Дубоўкі, «Уяўленне» і «На ростані» У. Жылкі.

У Мінску Л. Родзевіч доўга не затрымаўся. У хуткім часе ён быў накіраваны ў Маскву на вучобу. Там, у Камуністычным універсітэце нацыянальных меншасцей Захаду, Л. Родзевіч, не будучы яшчэ фармальна камуністам (пагадняльная канферэнцыя паміж БРА і КПЗБ адбылася толькі ў снежні 1923 г.), пачынае грунтоўна знаёміцца з самым папулярным вучэннем і ідэалогіяй XX стагоддзя. «Смакую і паважаю марксізм. Паглядай, браце, і ты ў гэты бок», – раіць ён У. Жылку. Не пакідае Л. Родзевіч і творчасці. Піша вершы, апавяданні (дарэчы, адно з іх пад назвай «Пакой №184» адлюстроўвае заняткі і быт тагачасных маскоўскіх студэнтаў, да якіх можна было залічваць і Л. Родзевіча), друкуецца ў альманахах і зборніках. Сустракаецца з беларускімі літаратарамі, і асабліва часта з У. Дубоўкам.

Летам 1924 г. Л. Родзевіч вяртаецца ў Мінск, адкуль яго адразу ж накіроўваюць на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь. Леапольда Іванавіча абіраюць першым сакратаром Гродзенскага акружкама КПЗБ, акрамя таго, кааптуюць у склад ЦК КПЗБ, тым самым ліквідоўваючы пэўную несправядлівасць у дачыненні да яго як да аднаго з арганізатараў і духоўных бацькоў БРА. Аднак сакратаром акружкама быць доўга Л. Родзевічу не давялося, бо яго як прафесійнага журналіста накіроўваюць на працу ў Цэнтральную рэдакцыю КПЗБ у Вільні. Дадзены горад даўно ўжо стаў для Л. Родзевіча родным, аднак на гэты раз яму па канспіратыўных прычынах прыйшлося знаходзіцца тут у пэўнай ізаляцыі ад тутэйшага беларускага інтэлігенцкага асяродку. Пайшла праца над артыкуламі, дакументамі, адозвамі, тлумачэннямі тэкстаў і г. д. Родзевіч-пісьменнік паступова ператвараецца ў палітычнага функцыянера. Займацца літаратурай, вядома, не перастаў, аднак сапраўдная творчасць пачала пакрысе адыходзіць на задні план.

3 1926 г. і да самага арышту Л. Родзевіч жыве і працуе ў Мінску. Асноўнай з'яўлялася праца ў замежнай рэдакцыі ЦК КПЗБ; акрамя таго, на грамадскіх пачатках ён узначальвае Камісію па вывучэнні Заходняй Беларусі пры Акадэміі навук БССР. Л. Родзевіч становіцца фактычным кіраўніком рэдакцыі, рэдагуе цэнтральныя друкаваныя органы КПЗБ «Бальшавік», «Чырвоны сцяг» і іншыя, рэгулярна змяшчаючы ў іх уласныя матэрыялы адпаведнага характару і зместу пад псеўданімамі Сталевіч, Ігнат, Антось, Васіль, Васіль Бедны, Васіль Касагар. Публіцыстычныя артыкулы, а часам і апавяданні, вершы Л. Родзевіча на заходнебеларускую тэматыку даволі часта друкуе перыёдыка Савецкай Беларусі. Пачынаючы з 1924 г., Л. Родзевіч удзельнічае ва ўсіх партыйных форумах КПЗБ, выступае на іх з дакладамі і паведамленнямі, бярэ ўдзел у дыскусіях. Зазначым, што ў апараце ЦК КПЗБ даволі высока цанілі Л. Родзевіча як спецыяліста па пытаннях заходнебеларускай культуры, друку, аграрнай палітыкі. Разам з тым і яму прыйшлося выпраўляць уласныя светапоглядныя «памылкі», каяцца ў неіснуючых грахах, нават у пэўным сэнсе закрэсліць сваё юнацтва: «У цягнік, які імчыць па сацыялістычнаму шляху, нельга ўлезці з нашаніўскім багажом. Кампартыя, якая кіруе гэтым цягніком, рашуча выкідвае нашаніўскі, буржуазны баласт пад колы цягніка».