Смекни!
smekni.com

Творчасць Лукаша Калюгі (стр. 3 из 3)

Апошнім творам, напісаным на волі, была навела «Вам знаёмае» (1932). Абвінавачванні, якія пасыпаліся на галаву Калюгі пасля з'яўлення першай часткі «Нядолі Заблоцкіх», а затым «Цеснаватай куртачкі», прымусілі пісьменніка пакінуць уласцівы ягонаму мастацкаму пісьму востры жарт, досціп, іронію і пачаць пісаць інакш, без падтэксту, мастацкі малюнак замяняючы плакатам. Але замест плаката зноў атрымліваецца таленавіты твор, дзе проста, па-пушкінску лаканічна і стрымана расказана гісторыя растання і выпадковай сустрэчы маладых, паміж якімі пачало квітнець каханне.

У пачатку 30-х гадоў Калюга плённа працуе і на ніве перакладу. Яму належыць пераклад рамана Ю. Алешы «Зайздрасць» (1931). Разам з Кузьмой Чорным ён пераклаў з украінскай мовы аповесць П. Панча «Блакітныя эшалоны» (1931). З асаблівай любоўю рабіў ён пераклад папулярнага рамана Я. Гашака «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка» (1932). Калюгу, які таксама пранікнёна бачыў у жыцці камічныя бакі, вельмі імпанаваў твор чэшскага празаіка.

З твораў, напісаных ва ўмовах лагернага жыцця і ссылак, дайшлі да нас няскончаныя Калюгавы аповесці — «Дзе косці мелюць», «Зэнка малы ніколі не быў», «Зоры вам вядомага горада» і раман «Пустадомкі».

Назва аповесці «Дзе косці мелюць» навеяна, безумоўна ж, лагернай доляй пісьменніка. Ды і самы пачатак твора выяўляе глыбокую сувязь з тагачасным станам яго душы, яго філасофіяй падзей і часу. Месцамі ўрыўкі аповесці «Дзе косці мелюць» нагадваюць накіды ў запісной кніжцы, створаны як бы ў вялікай спешцы, няроўна, разарвана. Гэта і не дзіўна, бо зразумела, у якіх умовах узнікаў твор. Пачынаў Калюга пісаць свае «творы з-за крат» яшчэ ў мінскай турме, а працягваў у сібірскай высылцы. Жорсткая, страшная пісьменніку сучаснасць і поўная надзей і паэзіі мінуўшчына горка пераплятаюцца літаральна ў кожным з гэтых твораў. Туга па любай сэрцу Беларусі, па растаптаных, а некалі яркіх марах перапаўняе ледзь не кожную іх старонку. У цэнтры аповесці «Дзе косці мелюць» — навучэнцы і настаўнікі гарадскога вучылішча. Аднастайна, нецікава праходзяць у вучылішчы ўрокі роднай мужыцкім дзецям крыўскай мовы, бо вядзе яе настаўніца М. В., што не любіць і не ведае яе. Але вось у Грукаціцкае гарадское прысылаюць прыгожую, зусім маладзенькую настаўніцу, захопленую сваім прадметам, — і адносіны вучняў да роднай мовы адразу мяняюцца. I «сваё тое роднае» адразу сапраўды стала сваім, азарылася святлом сапраўднай паэзіі. З гумарам расказана ў аповесці пра вучняў «другога раздуранага класа», іх рашэнне адсвяткаваць дзень святога гультая, з псіхалагізмам выпісаны некаторыя чалавечыя характары (настаўніцы-пападзянкі М. В., інспектара Віруты і вучня Давыда), аднак аб глыбокім спасціжэнні чалавечых характараў у гэтым творы па прычыне яго незавершанасці гаварыць не даводзіцца.

Назва дзіцячай аповесці «Зэнка малы ніколі не быў», гэтак жа, як і аповесці «Дзе косці мелюць», шмат у чым таксама сімвалічная. Не дзіцячая, але наіўная думка хлапчука аб тым, што ён ніколі не быў малым, паспрыяла з'яўленню гэтай назвы. Іншы, больш глыбокі сэнс укладвае ў яе аўтар: маленства і дзяцінства атрымалася непаўнацэнным, дэфармаваным у вар'яцкім, д'ябальскім свеце 30-х гадоў, калі распальванне варожасці паміж бацькамі і дзецьмі прыкрывалася ідэяй класавай барацьбы. У аповесці ёсць сцэна, калі малы сын даносіць на бацьку, што ён з абагульненае нівы сваёй карове ўночы мяшок канюшыны прынёс. Бацьку пагналі, а маці і сына выгнала за парог. Калюга ўважліва прасочвае шлях свайго маленькага героя да сталасці, выяўляючы пры гэтым дасканалае веданне псіхалогіі маленства. Ён акцэнтуе ўвагу на тым, як паступова прыроджанае ў юным чалавеку перайначваецца пад уплывам існуючага ў грамадстве мікраклімату. На звычайнае прывітанне «Памажы, божа!» нават дзеля ветласці не адказвае Зэнка дзяўчыне, якая да таго ж яму вельмі падабаецца. Становішча абавязвае яго рабіць так: юнак рыхтуецца стаць камсамольцам. Нават у звычайнай суседскай узаемадапамозе бачыць ён цяпер эксплуатацыю, прапануе Марылі, што некалі дапамагала Варонічам, напісаць пра тое, як яе Варонічы эксплуатавалі, а цяпер як яна рада, што няма іхняга варожага класа больш у Далідавічах (Варонічаў выслалі як кулакоў). Аповесць паказвае жыццё сялянства на тым пераломным этапе, калі ўжо не толькі пачалі «заганяць у калгас», але і былі распачаты масавыя ссылкі сапраўдных гаспадароў — «даматураў» — у далёкую Сібір. Ніякага спачування нельга было прачытаць на Зэнкавым твары, калі высылалі яго суседзяў — Варонічаў. Юнак лічыў, што ўсё робіцца справядліва. Калюга ўдумліва ўглядваецца ў тое, што стаіць за такім пунктам погляду. Давер да ўлады? Абыякавасць? Выгадна так лічыць, не разбірацца ў нечай невіноўнасці? У нейкай меры так. Але ж у канчатковым выніку гэтая «выгада» абарочваецца супраць кожнага, у тым ліку і самога Зэнкі, бо абыякаваць параджае абыякавасць. Гэтак жа раўнадушна абыходзіцца з Зэнкам старшыня Пярун Рыжы, помсцячы за карыкатуру ў газеце. Ён упісвае ў графу анкеты аб былым сацыяльным становішчы Зэнкавых бацькоў вызначэнне «заможныя сераднякі», што магло азначаць ажно высылку ў Сібір. Вестка аб высылцы не замарудзіла прыйсці ў Зэнкаў дом. I толькі цяпер малады хлапец упершыню задумваецца над драматызмам жыцця, над уласнымі ўчынкамі. Аповесць багата цудоўньші пейзажнымі замалёўкамі, пададзенымі вачыма хлопчыка Зэнкі, якія запамінаюцца тонкай лірычнасцю.

У будучыя творы Лукаша Калюгі абяцалі шырока ўвайсці элементы фантастыкі. Аб гэтым сведчыць і напісаная ў няволі аповесць «Зоры вам вядомага горада». Гэта твор на «гарадскую» тэматыку. Аповесць з рамантычнай назвай «Зоры вам вядомага горада» прысвечана жыццю творчай моладзі, будучых мастакоў. Праблемы творчай свабоды, праўдзівасці мастацтва, пратэсту супраць дыктату ў мастацтве — галоўныя ў ёй. Цэнтральны герой твора — студэнт мастацкага вучылішча Алесь Сітнік — не хоча пісаць так, як ад яго патрабуюць на сходах, дзе бясконца «гаварылася пра рэалізм, які зацверджаны і прыняты для кіраўніцтва». На гэтым шляху сустракае шмат перашкод і вырашае забраць дакументы з апошняга курса. Жыццё ў горадзе паспела сапсаваць юнака. Выхадзец з вёскі, ён ужо звысоку глядзіць на яе, саромеецца сваёй маці, баіцца, каб сябры не здагадаліся, што «тая абшарпаная жанчына», што прыйшла да яго ў інтэрнат, — яго маці.

Найбольш буйным і найбольш цэласным у плане сюжэтнай пабудовы творам з напісанага Калюгам за кратамі з'яўляецца раман «Пустадомкі». Пісьменнік пазначае час і месца стварэння рамана: «Красавік 1933 — ліпень 1935 г., сутарэнне ў Менску — у Ірбіце на выгнанні». Раман малюе жыццё беларускай вёскі і горада ў пачатку 30-х гадоў. Час калектывізацыі. Вёска жыве напружаным клопатным жыццём. На Вялікдзень яшчэ многія людзі едуць у царкву на ўсяночную. Але багата і такіх, хто бавіць час у народным доме, аддае перавагу спектаклям, чытанню газет. Насцярожвае, выклікае трывогу пачатак рамана, які намякае на драматычны лёс Чугаеўскіх. Трывога, якая ўзнікае з недагаворанасці пра тое, што калі б цыганка паваражыла, то героі яшчэ тады б убачылі свой пусты канец, паступова будзе ўзрастаць у творы, нагнятацца. Пазней у сюжэце рамана з'явіцца яшчэ адзін сімвал бяды — залом каласкоў на полі Чугаеўскіх. Прыкладаў сюжэтнай сімволікі ў рамане Калюгі, як і ў іншых творах, багата. I героі самі «чытаюць» свой лёс па прыкметах. Пустадомкі... Спачатку гэты вобраз мае даволі вузкі сэнс — людзі, якія не маюць гаспадаркі. «Пустадомкамі» адчуваюць сябе ў горадзе інтэлігенты, выхадцы з сялян, што не вельмі прыжыліся ў горадзе. Слову «пустадомкі» супрацьпастаўляецца слова «даматуры» — гаспадарлівыя людзі, людзі, якія маюць сваю гаспадарку. Паступова паняцце «пустадомкі» набывае ўсё больш шырокі сэнс. Многа кулакоў нарабілі ў краіне, іх ссылаюць — яны «пустадомкі». «Пустадомкі» — выгнаныя ў далёкую Сібір або тыя, што трапілі ў турму пісьменнікі (у тым ліку і сам Калюга), аб'яўленыя «ворагамі народа». «Пустадомкі» — бяздомныя, беспрытульныя, усе «людзі кручаных дзён». У рамане добра апісана знаёмае Калюгу па нядаўнім жыцці літаратурнае асяроддзе, з якога ён быў так жорстка вырваны, дадзена іранічнае асэнсаванне тагачасных патрабаванняў да паэта і паэзіі. Праблемы характару і абставін, прыстасавальніцтва і бескампраміснасці, знішчэння чалавека-гаспадара — цэнтральныя ў рамане.

калюга проза пісьменник творчасць


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Драздова З.У. Лукаш Калюга // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. Мн., 1999. С. 690-710.

2. Лукаш Калюга Творы / Лукаш Калюга - Мн., 1992.

3. Адамовіч А. Культура творчасці / Адамовіч А. - Мн., 1959.

1. Лаўшук С.С. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2./ Лаўшук С.С. - Мн., 1999.