Імя Лукаша Калюгі (1909—1937) (Канстанціна Пятровіча Вашыны), ярка засвяціўшыся на літаратурным небасхіле канца 20-х гадоў, праз дзесяцігоддзе ўжо і згасла. Так мала часу адмераў лёс гэтаму шчыраму мастаку слова для працы на ніве беларускай прозы, прычым чатыры гады былі азмрочаны арыштам, турмой і выгнаннем з роднай Беларусі.
Нарадзіўся будучы празаік 26 верасня 1909 г. у вёсцы Скварцы былога Койданаўскага павета, цяперашняга Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. У два гады хлопчык страціў маці, а яшчэ праз чатыры гады і бацьку. Гадавала Кастуся родная цётка — бацькава сястра. Пасля заканчэння Станькаўскай сямігодкі ў 1926 г. стаў студэнтам Магілёўскага педтэхнікума, вучобу ў якім хутка пакінуў і вярнуўся ў родныя мясціны.
У 1927 г. паступіў у Беларускі педагагічны тэхнікум у Мінску і стаў сябрам аб'яднання «Узвышша». Рэкамендаваў яго ў гэтае нешматлікае згуртаванне, якое складалі толькі па-сапраўднаму таленавітыя, прызнаныя майстры слова, Кузьма Чорны.
У 1931 г. Калюга паспяхова скончыў Белпедтэхнікум. Пасля два гады працаваў у Навукова-даследчым інстытуце прамысловасці Вышэйшага Савета Народнай гаспадаркі БССР і нядоўга на Беларускім радыё.
У студзені 1933 г. быў арыштаваны і асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі. Спачатку, у 1933 г., адбываў пакаранне ў Мінскай турме. Пасля быў высланы ў Сібірскі край — горад Ірбіт Свярдлоўскай вобласці. Там знаходзіўся на вольным пасяленні з 1933 па 1937 год. Паўторна быў арыштаваны 2 кастрычніка 1937 г. і прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны пасмяротна ў 1965 г.
Творчы шлях Лукаша Калюгі пачаўся вельмі рана. Яшчэ ў час вучобы ў сямігодцы ён стаў дасылаць у папулярную тады газету «Беларуская вёска» допісы пра жыццё ў родных Скварцах. Неўзабаве паслаў у газету «Чырвоны сейбіт» і першае апавяданне «Выйшлі на цаліну» (1926), прысвечанае жыццю беззямельных сялян, «галоце», што на злосць хутаранцам будуюцца на цаліне. Аўтара пахвалілі за цікавую тэму, параілі пісаць больш, адзначыўшы яго літаратурныя здольнасці, але твор не надрукавалі. Першым апублікаваным творам празаіка стала апавяданне «Вясна» (Чырвоны сейбіт. 1927. № 13). У ім, як і ў многіх творах «маладнякоўцаў», расказваецца пра класавыя канфлікты на вёсцы, кантрастна малюецца жыццё сялян. Вясна. У бедняка Тодара бляюць у хляве галодныя авечкі, рыкае карова, просяць есці дзеці. У шляхціца ж Вінцэся, наадварот, усе сытыя, у таку поўна саломы і зялёнага сена, нібы толькі што прывезенага з лук. Ён са злараднасцю слухае скаргі галадранца Тодара, здзекліва абяцае дапамагчы. Аднак не Вінцэсь, а бядняцкі камітэт дапамагае Тодару справіцца з бядой. «Маладнякоўская» і назва апавядання, якая звыкла сімвалізуе пачатак новага, светлага жыцця, вясёлае абуджэнне духоўных сіл у чалавеку, якія дасюль драмалі ў ім. Падкрэсліваецца, што вясна — гэта зорны час такіх сялян, як Тодар, а не Вінцэсь.
Час вучнёўства ў Калюгі не быў доўгім. Ён амаль адразу прыйшоў у літаратуру сталым, удумлівым майстрам, які ва ўсім сцвярджаў сваю непаўторнасць, сваё непадабенства да іншых. Арыгінальнасць пісьменніка кінулася ў вочы Кузьме Чорнаму, які і падтрымаў гэты талент на самым яго пачатку. Нават тэматыка першых апавяданняў Калюгі, надрукаваных пасля «Вясны» ў наступным, 1928 г., у тым жа «Чырвоным сейбіце» («Краўцы і чаляднікі», «Лук'ян — капераціўскі сабака», «Трахім з Пагулянкі», «Баркаўцы — добрая вёска і баркаўчане — вясёлыя людзі»), сведчыць пра яго адметнасць. Пісьменніка найбольш цікавіць тое, што на пэўны час у літаратуры 20-х гадоў (асабліва ў першай палове) нібы адышло на другі план — прыроджанае, псіхалагічнае ў чалавеку, а не сацыяльнае, класавае. У полі зроку Калюгі — тое, што розніць чалавека ад іншых, выяўляе яго унікальнасць. Пісьменніка вабіць жывы, супярэчлівы характар, фарміраваны ў глыбінях народных.
У першых апавяданнях ужо дэманструецца добрае ўменне ствараць псіхалагічныя партрэты цэлай групы людзей. У цэнтры ўвагі твора «Краўцы і чаляднікі» — сфера ўзаемаадносін багата адораных прадстаўнікоў народа краўца Аляксандры, яго настаўніка «ухвалёнага краўца Вінцэнтага» і чалядніка Міхалюка. Кожны з іх — індывідуальнасць, характар яркі і неардынарны. Аляксандра — па-хрысціянску ціхмяны, сціплы, маўклівы, працавіты. Сваёй цярплівасцю здзіўляў свайго старшага майстра. Вінцэнты аж прабаваў «калі за нішто добра-такі прыскабліць — ану, можа сваю натуру пакажа. Дык ці то па ім, ці па сцяне — каб вокам маргануў». Сам да ўсяго даходзіў Аляксандра, спадцішка прыглядваючыся да кравецкай працы, бо нічога не паказваў яму настаўнік. А праз чатыры гады выпраўлены быў ён «невукам» дадому. Адцёр таленавітага канкурэнта Вінцэнты з-за боязі згубіць кавалак хлеба. Аднак талент Аляксандры сам сцвердзіў сябе: спачатку ў войску, а пасля і ў роднай вёсцы ўсе даведаліся, што Аляксандра — першакласны майстар, абагнаў нават свайго старога настаўніка.
Філасофскае асэнсаванне чалавечага лёсу, яго працы знаходзіць працяг ў апавяданні «Трахім з Пагулянкі». «Валачашчай натуры чалавек» селянін Трахім не цураецца ніякай земляробчай і гаспадарскай працы, усё робіць спрытна і якасна, аднак стараецца «баржджэй з рук работу, а з галавы клопат збыць». Іранізуе над тымі, хто свету за ёй не бачыць, лічыць вольны час за найвялікшую каштоўнасць. Любіць расказваць пра «смешнага» шляхціца, што вельмі ж баяўся, каб яго найміты «лішне не думалі», каб у іх часу не было на гэты занятак, таму стараўся займаць іх любой работай, часта бязглуздай. У гэтым устаўным апавяданні пра шляхціца, якога пры зручным выпадку то смехам, то ўсур'ёз успамінае Трахім, знаходзіцца ключ да разумення ідэі твора. Працаўнік на зямлі — сцвярджае аўтар — мае права на свабоду ад цяжкай працы, часам манатоннай і аднастайнай, якая ніяк не садзейнічае ўзбагачэнню душы. У апавяданні праводзіцца ідэя адмаўлення бессэнсоўнай працы, працы дзеля працы.
У цэнтры першых калюгавых твораў — характары моцныя, нестандартныя. Не толькі да працы на зямлі здатныя яго героі — сяляне. Але яны валодаюць і мноствам іншых талентаў. Селянін Лук'ян (апавяданне «Лук'ян — капераціўскі сабака») умее, напрыклад, даць выдатную рэкламу тавару, прымусіць пакупніка зацікавіцца ім. Капераціўшчык Сцёпка — свой, баркаўскі (апавяданне «Баркаўцы — добрая вёска, і баркаўчане — вясёлыя людзі»), але спрыцен для гандлю: «Лепшага за яго капераціўшчыка і з-за меж не выпішаш, а не то, што з горада выпатрабуеш».
З самага пачатку творчага шляху Калюга зарэкамендаваў сябе як пісьменнік эпічнага таленту. У літаратуры 20-х гадоў якраз наспела неабходнасць паказу эпохі праз эпічны спосаб стварэння характараў і шырокі разварот падзей. Так што празаік рэалізаваў узнікшую патрэбу ў эпічных прынцыпах спасціжэння мінулага і сучаснага яму жыцця.
Мова першых твораў Калюгі адрозніваецца выкарыстаннем наватвораў, характарыстычна-экспрэсіўных дыялектызмаў, цікавых моўных выразаў, замешаных на сакавітай народнай гаворцы.
У тым жа 1928 г. пабачыў свет і першы буйны эпічны твор Лукаша Калюгі — аповесць «Ні госць ні гаспадар». Яна належыць да ліку так званай юнацкай аповесці, нараджэнне якой звязана ў беларускай літаратуры з імем Я. Коласа, яго аповесцю «На прасторах жыцця» (1926). Узвышавец Калюга, другі пасля Коласа, здолеў стварыць значны твор пра маральна-духоўнае аблічча моладзі 20-х гадоў, пра першых камсамольцаў, чаго не ўдалося нікому з «маладнякоўцаў». Прычына поспеху была, відаць, не толькі ў асабістай перажытасці (твор аўтабіяграфічны: аўтар, як і галоўны герой аповесці Хвядос Чвардоўскі, пасля заканчэння сямігодкі нейкі час жыў у роднай вёсцы, дзе дапамагаў дзядзьку па гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй, разам з камсамольцамі бавіў час на сходах і ў спрэчках), але і ва ўменні пісьменніка ўзняцца над жыццёвым матэрыялам, па-філасофску асэнсаваць працэсы, што адбываліся ў змененым грамадстве. Калюга не паўтараў рыс характару моладзі, адкрытых Коласам. Само жыццё «паўтарала», тыпізавала лёсы і паводзіны сялянскіх сыноў. Колас заклікаў моладзь да ведаў, «на прасторы жыцця», сімвалам якіх стаў для моладзі горад. Сапраўдную навуку, лічыць ягоны герой Сцёпка, можна пазнаць толькі ў горадзе. Падрыхтаваўшыся сам, Сцёпка едзе вучыцца ў Мінск. Калюгаў жа герой, выпускнік сямігодкі, вырашае ісці іншым шляхам: застаецца на вёсцы, мяркуючы, што «за гаспадарства шчыра возьмецца, але й кнігі не выпусціць з рук». Юнак спадзяецца заняцца ў вольную хвіліну самападрыхтоўкай, маючы ўзор для пераймання — «Мон университеты» М. Горкага. Сябры Хвядоса ўсе, як адзін, выбіраюць сабе іншы шлях: хто хоча падацца ў настаўнікі, хто — у каморнікі, меліяратары. Рашэнне застацца ў роднай вёсцы абумоўлена перш за ўсё тым, што дома пакінуць няма каго. Але не менш важна тут і тое, што мілы яму «родны кут — бацькава хата». Да таго ж прымешваецца яшчэ і голас свядомага грамадзяніна: «А хто зямлю капаць будзе? Хто без вас застанецца хлеб рабіць?», — спрачаецца ён у думках з сябрамі. Але з цягам часу пачынае трывожыцца Хвядос, што гэта праца «ўвесь час глыне, нельга будзе кніжку ў рукі ўзяць, газету час ад часу прагледзець. Маладыя гады яго марна загінуць. Нічога ён не будзе ведаць на свеце, не будзе ведаць. Ноччу піліпаўскаю павісне цемра над ім. «Што ён ведае?! Над чым вярэдзіцца яго кудлатая мужычая галава?» — будуць думаць чужыя яму і яго ўкладу жыцця людзі аб ім. За стоптаны падносак будуць яны яго мець. Стане сваё будучае жыццё меркаваць — і жаласна зробіцца, ценжар успадзе». Гэтыя шчырыя роздумы героя на адзіноце з самім сабой вельмі важныя для разумення сапраўдных памкненняў і жаданняў Хвядоса. Не гэтак зямля, як кніга вабіць юнака. Больш ахвотна ўдзельнічае ён і ў пасяджэннях, на сходках, у спектаклях (майстар Хвядос ставіць п'есы). Палавінчатасць, мітусня паміж земляробчай працай і самаадукацыяй непазбежна спараджаюць унутраны канфлікт героя з самім сабой, што пранікнёна ўбачыў пісьменнік, хоць і не вельмі засяродзіў на ім увагу. Ды і знешне ён, гэты канфлікт, ужо пачынае праяўляцца, бо бацька не-не ды і зазлуецца на сына, што той валочыцца ў бібліятэку ці на рэпетыцыю, марнуе рабочы час. Пры бацьку юнак так і застаецца памагатым — «ні госць ні гаспадар», — як трапна акрэсліў яго месца і ролю на вёсцы аўтар. Хвядосу яшчэ належыць прыняць канчатковае рашэнне — быць гаспадаром або госцем на роднай зямлі. Увесь ход падзей падводзіць героя да думкі аб неабходнасці далейшай вучобы. Мабыць, у другой частцы аповесці, якая да нас не дайшла, Хвядоса чакаў такі ж лёс, што і коласаўскага Сцёпку або самога Калюгу — прататыпа Хвядоса. У дадзеным творы закранаецца паралельна і шэраг іншых праблем, вельмі важных для рэчаіснасці 1920-х гг. Так, напрыклад, рэальны ўклад камсамольцаў у жыццё вёскі бачыць ён хутчэй разбуральным, чым стваралыным. Апроч частых сходаў, пасяджэнняў ды спектакляў, яны не робяць нічога карыснага. Нават такая дробязная справа, як папраўка маста, і то не рухаецца з месца, аб ёй толькі спрачаюцца да ночы на сходах. Куды больш, чым канкрэтныя справы, цэніцца ўменне прыгожа, складна гаварыць. «Словагаварыльня», «слоўная гімнастыка», як трапна ахарактарызаваў частыя і бессэнсоўныя гаворкі камсамольцаў герой Я. Коласа Барута Сцяпан, затапіла сваім размахам патрэбныя справы і дзеянні. Многія старонкі аповесці «Ні госць, ні гаспадар», асабліва тыя, дзе паказваюцца працоўныя будні селяніна і малююцца карціны прыроды, асветлены лірычным пачуццём, уражваюць багаццем уяўленняў, здольнасцю аўтара да свежых і разнастайных назіранняў. Вось замалёўка таго, як выглядае агарод у час, калі «апала раса дажджавая»: «У градах агуркі гараць. Галоўкі капусты панямі сядзяць, бы ў пярыне, у шырокіх лапушыстых лістох знізу. Гарбузнік адзін-адным далёка выкаціўся з град на скошаных паўмежках, адзінока павыстаўляў на пякучае сонца свае шурпатыя лісты» (112). Падобных прыгожых паэтычных малюнкаў, рознакаляровых, адухоўленых чалавечым пачуццём, у Калюгі багата. Разам з тым аповесці крыху не стае дынамічнасці дзеяння, шкодзіць празмерная апісальнасць, зацягнутасць некаторых сцэн. Ёсць і «наіўнасць», аб якой пісаў Алесь Адамовіч як аб неад'емнай якасці «юнацкай аповесці». Аднак у дадзеным выпадку гэта якраз тая «наіўнасць прастаты, непасрэднасці», якая «можа падабацца чытачу любога ўзросту», наіўнасць, якая мяжуе з мудрасцю. Недарэмна ж Максім Гарэцкі лічыў з'яўленне аповесці «Ні госць, ні гаспадар» выдатнай падзеяй у беларускай літаратуры.