Самым буйным мастацкім творам В. Ластоўскага з'яўляецца аповесць «Лабірынты». Мяркуючы па перапынку ў публікацыі на старонках часопіса «Крывіч» (1923. № 2, 3, 6), можна зрабіць выснову, што твор і быў напісаны ў 1923 г. Прынамсі, дапісваўся, дапрацоўваўся адначасова з публікацыяй. Гэта самая яркая мастацкая рэч у літаратурнай спадчыне В. Ластоўскага. Апавяданне ў аповесці вядзецца ад аўтарскага імя. «Ад некалькіх гадоў стала ў мяне звычаем выязджаць на тыдзень-два ў які-колечы закутак Беларусі для пазнання роднае старасвеччыны», — так пачатковым сказам акрэсліў Ластоўскі галоўнае захапленне свайго героя. Яно і прыводзіць няўрымслівага шукальніка сівой даўніны ў старажытны Полацк, дзе ён знаёміцца з сябрамі так званай Археалагічнай Вольнай Контэрфратэрніі — заўзятымі аматарамі роднай старасветчыны. З характарыстык іх можна меркаваць, што падзеі ў творы адбываюцца ў канцы XIX — пачатку XX ст. Прынамсі, у дарэвалюцыйныя часы. «Адзін з іх быў мясцовы чыноўнік, абруселы немец, якога я знаў з брашуры, напісанай ім калісь, калі было яшчэ моднае і паплатнае для чыноўніцкае кар'еры русіфікатарства. У гэтай брашуры ён задаваўся мэтай давесці, што па-расейску трэба пісаць названне горада не «Полоцк», а Полотск» і што быццам у гэтым перайменаванні старой назовы крыўся сам цэнтр «абрусення краю». Душою гуртка гісторыкаў-краязнаўцаў з'яўляўся аматар-археолаг Іван Іванавіч, на запрашэнне якога і прыехаў у Полацк галоўны герой. Размовы ўдзельнікаў гуртка захапляюць сваімі глыбокімі пазнаннямі з гісторыі роднай зямлі. Што толькі не закранаюць яны! I перасяленне плямёнаў яцвягаў, і культуру Старажытнай Грэцыі, Індыі, Рыма, Егіпта, і скарбы знакамітай полацкай бібліятэкі, якую, «здабываючы Полацк у 1572 годзе, шукаў Іван Грозны і не знайшоў».
Сярод манускрыптаў, апраўленых ў шырокія, драўляныя, абцягнутыя скурай пераплёты, нібыта захаваліся і летапіс Полацкага княства, пісаны рукой Св. Ефрасінні, і «праўдзівы экземпляр «Аповесці мінулых часоў», і «ўласнаручныя пісанні братоў Кірыла і Мяфодзія, Візантыйскія хранографы...».
Сярод суразмоўнікаў глыбокімі ведамі вылучаўся «мясцовы полацкі мешчанін Грыгор Н., маўклівы, сівавусы старац, які ўпарта гаварыў толькі па-беларуску, а часам прытвараўся, што не разумее некаторых слоў па-расійску і, па некалькі разоў перапытаўшы, паўтараў слова ў перакладзе на беларускую, з асаблівым на яго націскам».
Калегі надзялілі яго мянушкай «Падземны Чалавек», бо «ніхто не мог так заварожліва апавядаць дзівосныя легенды аб падземных хадах і дзівах, скрытых у іх». Гамонка бяседнікаў зацягнулася да позняй ночы, але, развітаўшыся з усімі і вярнуўшыся ў свой нумар атэля, галоўнаму герою не суджана было спакойнага адпачынку. Першы ягоны сон стрывожыў ціхі стук у акно. Гэта быў «Падземны Чалавек», які таямніча прызнаўся, што даўно ведае ход у схаваную бібліятэку і прапанаваў пайсці агледзець падземныя скарбы. Калі нарэшце начныя вандроўнікі дабраліся да першага шырокага падзямелля, дзе стаяла дубовая труна-корст, яны прачыталі на ёй надпіс, зроблены «глаголіцкімі» літарамі. «Я, Ярамір, ходы гэтыя працай многай утварыў і дэманаў пяці, моцай слоў тайных, на пілнаванне давечнае ўвязаў тут. Хай унасячага сюды прапусцяць, а на вынасячым споўніцца слова». Праваднік запатрабаваў ад галоўнага героя ўрачыстай прысягі: «Акром мяне, з жывых, ніхто не ведае аб гэтым ходзе. Ты другі будзеш ведаць аб ім і перадасі патомным». Калі ў гулкім падзямеллі гучалі хвалюючыя словы, раптоўна патухае свечка. Пасля вялікіх намаганняў, адшукаўшы сернікі і запаліўшы агонь, перад вачыма аўтара-героя паўстала крывавая сцэна смерці «Падземнага Чалавека».
У пошуках выйсця з падзямелля галоўны герой сустракае... жывую постаць з абліччам... Івана Іванавіча. Высвятляецца, што і цяпер у глыбокіх падзямеллях жывуць далёкія продкі. Далейшыя дзівосныя прыгоды і аповеды пра падзямельнае жыццё паўстаюць нібы працяг дзённай размовы на кватэры ў Івана Іванавіча і выглядаюць досыць рэалістычнымі. Пераканаўчасць ім надаюць глыбокія веды аўтара, якімі валодаў слынны ідэолаг нацыянальнага адраджэння. Твор, насычаны нястрымнай гістарычнай фантазіяй, — бясспрэчная вяршыня творчасці Ластоўскага-празаіка. Такім чынам, феномен Уладзіміра Караткевіча ў беларускай літаратуры быў запраграмаваны і праз дзесяцігоддзі ўвасобіўся.
Новае, што наогул прынёс Ластоўскі ў беларускую літаратуру, — глыбокае веданне айчыннай гісторыі, распрацоўка гістарычных сюжэтаў («Каменная труна», «Разбойнік», «Князёўна Рагнеда», «Часы былі трывожныя», «Векавечная мяжа», «Бяздоннае багацце»). Гістарычныя рэмінісцэнцыі моцна гучаць у шматлікіх творах Ластоўскага: «Беларускі радавод», «Паншчына», «Мікалай Галубовіч», «Троцкі замак», «Брацкія кнігі». Багацтва задум і тэм, якія ўводзіў ва ўжытак Ластоўскі, узбагачвала іншыя жанры айчыннага мастацтва. Пачынаючы драматург Францішак Аляхновіч на падставе апавядання «Каменная труна» (1917) стварыў гістарычную драму «Бутрым Няміра», якая не адно дзесяцігоддзе мела вялікі поспех на сцэне.
Лета 1915 г. з наступам кайзераўскай арміі спарадзіла забарону расійскай вайсковай цэнзурай выдання «Нашай Нівы». Вільню пакінулі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Лявон Гмырак, Змітрок Бядуля, Канстанцыя Буйло, Хведар Чарнышэвіч. З былой нашаніўскай кагорты на віленскім бруку ўтрымаліся лічаныя асобы.
Кайзераўскія акупацыйныя ўлады выявілі пэўную талерантнасць да распаўсюджвання беларускага слова, упершыню дазволіўшы афіцыйны, публічны ўжытак беларускай мовы як адрознай ад рускай, дазволіўшы не толькі функцыяніраванне пачатковых школак, але і перыёдыкі. Віленская беларуская газета «Гоман», якую ўзначаліў Ластоўскі, апублікавала невядомыя аўтографы Максіма Багдановіча (пераважна з асабістага архіва яе рэдактара), выцягнула з небыцця імя Альгерда Абуховіча, змяшчаючы з нумара ў нумар ягоныя каларытнейшыя і беспрэцэндэнтныя (бо адзіныя для XIX ст.) беларускамоўныя «мемуары», упершыню шырока пазнаёміла беларускага чытача з постаццю К. Каліноўскага і ягонымі «Лістамі з-пад шыбеніцы» (апошні матэрыял быў апублікаваны пад яшчэ адным пісьменніцкім псеўданімам Сваяк). Рэдактар працягваў публікацыю гістарычных матэрыялаў («Лісоўшчыкі»: «Сялянскія «рэспублікі» канца XVIII ст. у Беларусі і Літве»; «Абычаёвае права беларускага сялянства»; «Рэфармацкі рух на Беларусі» і інш.), падаў запісаную ім «народную гістарычную песню» «Абарона Крычава».
Гады кайзераўскай акупацыі сталіся адмысловай школай для Ластоўскага-палітыка, калі даводзілася пакладацца на ўласную інтуіцыю і светапогляд, уваходзячы ў кіраўніцтва грамадскіх суполак.
Першай палітычнай арганізацыяй, дзе вылучыўся талент ідэолага Ластоўскага, стала «Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі». Гэта і ад яе імя на міжнароднай канферэнцыі ў швейцарскай Лазане прагучаў «Мемарандум прадстаўнікоў Беларусі» (1916). Менавіта ідэяй Ластоўскага — «мы хочам быць незалежныя ў сваіх этнаграфічных межах» — кіраваліся беларускія дзеячы, склікаючы на 25—27 студзеня 1917 г. у Вільні канферэнцыю беларускіх арганізацый, дзе ўтварылі віленскую Беларускую Раду на чале з А. Луцкевічам.
Роўна за тыдзень да нараджэння БНР пісьменнік быў кааптаваны ад Віленскай Беларускай Рады ў склад Рады БНР. 23.03.1918 г. прыехаў з Вільні ў Мінск, удзельнічаў у пасяджэнні Рады БНР, на якім раніцай 25 сакавіка была прынята трэцяя Устаўная грамата Рады БНР і абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.
У кастрычніку 1918 г. В. Ластоўскі выдаў 1-ы нумар часопіса «Крывічанін» (Кrywicanin. Belaruski palityzna-literaturny miesiacnik), на першай старонцы якога красаваўся «Памятнік» М. Багдановіча («пераклад з Гарацыя асклепідаўскім вершам»). На жаль, 1-ы нумар «Крывічаніна» стаў і адзіным. Наогул канец 1910-х — пачатак 1920-х гадоў у творчым даробку Власта малаплённы: за два гады (1920—1921) за Ластоўскім лічацца ўсяго дзве публікацыі: артыкул «Вялікі патрыёт — Васіль Цяпінскі» (Часопісь. 1920. № 1) і апавяданне «Вішанька» (Еднасць. 1921. 15 жн.). Аднак артыкул пра Цяпінскага папярэдне друкаваўся ў «Беларускім календары на 1919 год». Аўтарства ж апавядання спрэчнае (яно апублікавана пад псеўданімам «Вацлаўскі»). У гэты перыяд пісьменнік шчыраваў на пасадзе прэм'ер-міністра Беларускай Народнай Рэспублікі (1919—1923), наведваючы з дыпламатычнымі місіямі Бельгію, Германію, Ватыкан, Італію, Чэхаславакію, Францыю, Швейцарыю і іншыя краіны, актыўна змагаючыся за правы беларускага народа.
Да ўласна паэтычнай творчасці В. Ластоўскі звярнуўся амаль у 40 гадоў. Перад тым ён паэзіяй не займаўся і, можна смела сцвярджаць, нават не захапляўся. Найбольшае, што ён мог, — прызнаваць яе існаванне. Але, звярнуўшыся да паэзіі, выявіў сябе нетрадыцыйным майстрам вершатэхнікі. I ў ёй працягваў сцвярджаць ідэю змагання за незалежную Беларусь. Ластоўскі-паэт дэбютаваў на пачатку 1922 г., у першым нумары часопіса «Беларускі сцяг»:
Наперад, змагарна наперад!
Да волі цярэбячы троп,
Штодзённа ўскіпаем мы гневам
I помсту шлюбуем па гроб!
Нахрапнаю крыўдай не ўздзержыць
Вам вольны ў кайданах прастор:
З дум горкіх, з сэрц нашых гартоўны
Скуем мы з праклёнам тапор.
Часопіс «Крывіч», выдаваны ім у Коўна — тагачаснай сталіцы Летувы, — таксама неаднойчы аздаблялі вершы нястомнага сейбіта беларушчыны ў далёкай эміграцыі. У паэзіі, як і ва ўсёй яго літаратурнай творчасці, скразным лейтматывам праходзіць ідэя служэння роднай Бацькаўшчыне.
Вершаў у творчым даробку Ластоўскага параўнаўча няшмат — каля чатырох дзесяткаў. Але ўсе яны пазначаны пячаткай адмысловасці, арыгінальнасці.
Наватарства матываў, настрою і літаратурных прыёмаў абумоўлена мастацкім крэдам В. Ластоўскага.
У Коўна В. Ластоўскі працягваў выдаваць падручнікі і школьныя дапаможнікі. На гэтай дзялянцы нечакана выявіліся філалагічныя схільнасці пісьменніка. Найперш у сааўтарстве з К. Душ-Душэўскім ён выдаў «Слоўнік геаметрычных і трыганаметрычных тэрмінаў і сказаў» (1923), а праз год выйшаў «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» памерам каля 17 тыс. слоўнікавых артыкулаў. Некаторыя з іх мелі не толькі перакладны, але і этымалагічны і энцыклапедычны характар.