Ластоўскі раскрываўся і як фалькларыст, і як этнограф, і як мовазнаўца. Паводле ўласнага прызнання, як мовазнаўца ён бярэ пачатак «ад 1902 году», калі стаў занатоўваць «цікавыя» словы. Напачатку запісвае іх для сябе, бо вельмі ж «асабіста цікава было слова само па сабе». На жаль, адсутнасць спецыяльнай філалагічнай адукацыі адбілася на слоўнікавай структуры. Толькі прыроджанае моўнае чуццё і яркія літаратурныя здольнасці Вацлава дапамаглі яму стварыць даведнік шмат у чым аўтарскі, з выразнымі індывідуальна-творчымі рысамі.
У творчым даробку Власта «Расійска-крыўскі» слоўнік стаўся важкім коласам. Як колісь «Кароткай гісторыяй...», так цяпер «падручным» слоўнікам» Ластоўскі спяшаўся задаволіць надзённы попыт. Больш нарматыўныя «Беларуска-расійскі слоўнік» і «Расійска-беларускі слоўнік», складзеныя М. Байковым і С. Некрашэвічам, з'явяцца на колькі гадоў пазней. Як мовазнаўца В. Ластоўскі выявіў сябе і ўвосень 1926 г., пад час правядзення Інбелкультам навуковай канферэнцыі па праблемах рэформы беларускага правапісу.
Працуючы над беларускімі перакладнымі слоўнікамі, Ластоўскі і сам шмат перакладаў. Яшчэ ў 1910-я гады ў ягоным перакладзе выйшлі: «У зімовы вечар: Сцэна з сялянскага жыцця» Э. Ажэшкі, апавяданне К. Тэтмаера «Спалгіны», «жарт» Л. Валодскага «Як яны жаніліся» (усе з польскай мовы) і інш. Не ведаючы еўрапейскіх моў, пісьменнік тым не менш уводзіў у сілавое поле роднай літаратуры здабыткі сусветнай культуры. Маем на ўвазе перакладзеныя ім казкі Г. Андэрсена «Свінапас», «Каралеўна на гарошыне», стараісландскую легенду «Страхапалох» (усе апублікаваны ў газ. «Гоман» за 1916 г.), апавяданне Р. Кіплінга «Мы ўсе трое — адно» (Крывіч, 1923). Наогул у перакладчыцкім актыве пісьменніка значацца пераклады (найчасцей адаптаваныя) з ангельскай, дацкай, «індыйскай», ісландскай, польскай, рускай, фінскай, эстонскай моў. Усе пералічаныя вышэй пераклады — празаічныя. На пачатку 1920-х гадоў Ластоўскі звярнуўся і да паэзіі.
У сталым узросце Вацлаў Ластоўскі апроч іпастасі паэта і перакладчыка раскрыў сябе і як мемуарыст. Ягоныя каларытныя ўспаміны пра ўласнае маленства і вучобу жыва і ярка дапаўняюць воблік беларускага мястэчка канца XIX ст., даносяць шматлікія звычаі, абрады, якія цяпер не захаваліся («Старабеларуская вясковая школа» (1923), «Успаміны з нядаўняй мінуўшчыны» (1925)). Літаратурныя ўспаміны пра Янку Купалу і М. Багдановіча ўзнаўляюць нам ужо легендарную атмасферу, у якой працаваў калектыў «Нашай Нівы». Жывой паўстае з-пад пяра Власта постаць вялікага Купалы («Успаміны пра Янку Купалу»). Загадка Максіма Багдановіча набліжаецца да нас ва ўсёй велічы таленавітага паэта («Мае ўспаміны аб М. Багдановічу»).
Сам В. Ластоўскі як кніжны летапісец здолеў пазначыць і «вынесці на шырокі свет» шляхі беларускай рукапіснай і друкаванай кнігі, вярнуць у гісторыю Бацькаўшчыны выданні, занесеныя ў чужыя аналы. Складзены ім пад адной вокладкай агляд «звыш 1000 важнейшых рукапісных кніг, грамат, старадрукаваных кніг з пачатку зараджэння беларускага пісьма (X ст.) аж да XIX стагоддзя» выйшаў у Коўна ў 1926 г. як капітальнае даследаванне — «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі».
Зразумела, як і ў выпадку са слоўнікам, матэрыялы да якога збіраліся на працягу 20 гадоў, так і падрыхтоўцы «крыўскай» кнігі Ластоўскі аддаў не адно дзесяцігоддзе свайго неспакойнага жыцця. Перад тым ім былі напісаны шматлікія грунтоўныя нарысы пра айчыннае кнігадрукаванне.
Яшчэ ў 1924 г., калі з «друкарні Сакалоўскага і Лана» не выйшлі карэктурныя адбіткі ўсіх аркушаў «Крыўскага» слоўніка, Вацлаў ужо гарэў ідэяй годна адсвяткаваць 400-годдзе беларускага друку ў Вільні (1525—1925). З гэтай мэтай ён узначаліў «Камітэт 400-летняга юбілею беларускага друку» (разам з К. Душ-Душэўскім, А. Ружанец-Ружанцовым).
Да юбілею В. Ластоўскі напісаў выдатнае даследаванне «Доктар Франціш Скарына» — першы ў беларускай культуры XX ст. грунтоўны агляд пра кнігадрукара. Прыкладна тады ж пад ягоным пяром паўстаў сцэнічны «эпізод з жыцця Ф. Скарыны» («Адзінокі»). Гэтым творам пісьменнік выявіў яшчэ адну грань свайго багатага таленту — драматургічную. Ужо тады ва ўяўленні Ластоўскага ўзвышаўся важкі том «Гісторыі беларускай кнігі», аднак адужаць яго з налёту даследчык не меў ніякай магчымасці. А пакуль (1925), нібы размінаючыся-трэніруючыся перад тытанічным узлётам, гісторык публікуе «Летапісец Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» паводле спісу Рачынскага, перадрукоўваючы твор з «Поўнага збору рускіх летапісцаў», т. XVII. Тэкстолаг і выдавец, даследчык-палеограф — ён у літаральным сэнсе прымяраўся да будучай лебядзінай песні.
Цалкам адысці ад палітычнай дзейнасці экс-прэм'ер БНР не здолеў, што сталася прычынаю эміграцыі Ластоўскага з Летувы ў Мінск у красавіку 1927 г. Тут ён працуе дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі Інбелкульта.
У 1928 г. рэдагаваў «Працы Катэдры Этнографіі» ІБК, дзе змясціў дослед «Прочкі і разлучы», артыкул «Верш 1702 года». З пачаткам масавых рэпрэсій, якім быў пазначаны 1930 г., Ластоўскага арыштавалі, пазбавілі звання акадэміка і ў красавіку 1931 г. выслалі на 5 гадоў у Саратаў.
На Беларусь ён ужо не вярнуўся. Акадэміка Вацлава Ластоўскага расстралялі 23 студзеня 1938 г. у Саратаве па прысуду Ваеннай Калегіі Вярхоўнага Суда СССР (згодна версіі Я. Дылы, запісанай А. Мальдзісам у 1960-х гадах, Ластоўскі загінуў у Магадане ад выбуху падчас пракладкі горнага тунэля для чыгункі).
ластоўскі грамадскі дзяржаўны дзеяч
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Янушкевіч Я.Я. Вацлаў Ластоўскі // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 1. Мн., 1999. С. 427-446.
2. Мушынскі М.І. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. - Мн., 1999.
3. Тычына М. Эвалюцыя мастацкага мыслення / Тычына М. — 2-е выд., выпр. і дап. — Мн., 2004.
4. Гісторыя беларускай літаратуры ХІ—ХІХ стагоддзяў: У 2 т. - Мн., 2006.