Смекни!
smekni.com

Творчая дзейнасць Вацлава Ластоўскага (стр. 1 из 3)

Творчая дзейнасць Вацлава Ластоўскага


Вацлаў Ластоўскі, паплечнік Янкі Купалы і Максіма Багдановіча, якія прысвяцілі яму свае вершы, стаяў у самым цэнтры беларускага нацыянальнага руху, народжанага на хвалі рэвалюцыйнага ўздыму 1905—1907 гг.

На працягу амаль чвэрці стагоддзя імя Власта не сыходзіла са старонак перыядычнага друку (не кажучы пра «Нашу Ніву», дзе з 1909 г. ён працаваў адказным сакратаром). У тых больш чым трох сотнях публікацый дзеяч беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння, адзін з ідэолагаў утварэння незалежнай Беларусі, Ластоўскі паўстае як выдатны пісьменнік, крытык, публіцыст, гісторык, мовазнаўца. Пазней Ластоўскі выявіць сябе як паэт, філолаг, этнограф, выдавец, перакладчык, бібліёграф.

У нацыянальнай гісторыі Вацлаў Ластоўскі застанецца і як актыўны грамадскі і дзяржаўны дзеяч.

Ён з'яўляўся прэм'ер-міністрам (1919—1923) абвешчанай у 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі, быў адным з першых дырэктараў Беларускага дзяржаўнага музея, правадзейным членам Інстытута беларускай культуры (1927) і адным з першых акадэмікаў Беларускай Акадэміі навук (1928), працаваў яе неадменным сакратаром (1928—1929).

Вацлаў Ластоўскі нарадзіўся 27 кастрычніка 1883 г. паводле старога стылю, а паводле новага 8 лістапада, у засценку Калеснікі Задарожскай парафіі Дзісенскага павета Віленскай губерні (да 1982 г. хутар у Пліскім сельсавеце Глыбоцкага раёна) у сям'і Юстына і Ганны Ластоўскіх.

У хроснай метрыцы бацькі названы мяшчанамі, гэта значыць, хутчэй за ўсё паходзілі з беззямельнай шляхты. Першую навуку чытаць-складаць хлопчык лёгка адолеў дома, і бацькі аддалі сына ў Старапагосцкую школу (1898—1902).

Пасля заканчэння парафіяльнай школкі ў 1894 г. здольны падлетак спрабаваў, па няпэўных звестках, атрымаць адукацыю ў Дзісенскай павятовай вучэльні. Ці скончыў яе — невядома.

Юнацтва Ластоўскага праглядаецца пункцірна і непаслядоўна: хлопчык на паслугах у адной з віленскіх вінных крамак; канцылярыст нейкай казённай установы ў Шаўлях. Але да ўсяго гэтага душа аніяк не гарнулася. Па-ранейшаму вабіла навука. Юнак дапяў да Пецярбурга, дзе ўладкаваўся бібліятэкарам прыватнай студэнцкай бібліятэкі, шмат чытаў і адначасова крадком зазіраў у аўдыторыі універсітэта паслухаць лекцыі славутых прафесараў. Пакрыёмасць выклікана хутчэй за ўсё не так цяжкім матэрыяльным становішчам, колькі адсутнасцю належнага дыплома, які даваў права на паступленне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

У 1902 г. дзевятнаццацігадовы юнак стаў сябрам Польскай сацыялістычнай партыі Літвы і Беларусі, а летам 1903 г. Вацлаў узяў шлюб з Марыяй Іваноўскай (Іванаўскайтэ, 1872—1957), пазней вядомай пад агульным са старэйшай сястрой Зосяй псеўданімам летувіскай пісьменніцай Лаздзіну Пяледай. Нейкі час маладыя жылі на жончынай радзіме ў мястэчку Парагяй (поўнач Летувы).

Пажыў Вацлаў і ў Рызе. Там у 1906 г. спрабаваў здаць экзамены на атэстат сталасці, аднак, паводле ўласных слоў, «зрэзаўся» на рускай мове. Рыжская няўдача паклала канец безвыніковым спробам атрымаць пацверджанне сваім ведам у выглядзе дыплома. Хлопец моўчкі і зацята працягвае паглыбляць веды нястомнай самаадукацыяй.

Акурат з Рыгі даслаў Ластоўскі першы вядомы допіс у «Нашу Ніву» («Ліст да рэдакцыі «Нашае Нівы», у «сааўтарстве» з Эдвардам Будзькам), апублікаваны 22 траўня 1908 г., з якога вынікала, што рыжскія беларусы збіраюцца «выдаваць зборнікі пісьма краёвага, найбольш творы нашых краёвых пісараў». Выданне кніг, па ўсяму відаць, наладжана не было. Аднак кіпучая энергія Ластоўскага шукала выйсця. Вельмі лагічна, што менавіта ў Вільню, старадаўнюю сталіцу краю, а цяпер сталіцу культурнага жыцця Беларусі-Літвы прывялі ўрэшце Ластоўскага жыццёвыя шляхі. Ён з'явіўся ў старажытнае места ў сакавіку 1909 г., куды быў запрошаны на пасаду сакратара рэдакцыі «Нашай Нівы» (Апроч сакратарства ў «Нашай Ніве» (1909—1914), паводле ўласнага сцверджання, рэдагаваў выданні: «Саха» (1911—1912), «Гоман» (1916—1917), «Беларускі сцяг» (1922), «Крывіч» (1923—1927)). Менавіта з пераездам у Вільню, дзе блізка пазнаёміўся з выдаўцом Аляксандрам Уласавым, братамі I. і А. Луцкевічамі, С. Палуянам, звязаны пачатак сталай літаратурнай працы. Праз пэўны час на старонках «Нашай Нівы» мільганула публікацыя за подпісам «Власт» — першым вядомым псеўданімам Вацлава Ластоўскага. Подпіс «Власт» быў пастаўлены пад артыкулам у рэдактарскай калонцы «З нашага жыцця». Нізку гэтую распачаў ці не Сяргей Палуян, дасылаючы допісы з далёкага Кіева.

19 лістапада 1909 г. «Наша Ніва» надрукавала апавяданне-абразок В. Ластоўскага «Нарадзіны», а ў наступным нумары лірычную замалёўку «Зайчык».

«— Лаві, Ганька, хутчэй лаві!.. Вось, вось дзе блізенька ўжо каля цябе зайчык!

Ганька кідалася і ручонкамі прыціскала светлую лапінку сонца, каторая падала з люстэрка.

Старац смяяўся з дзіцячай веры, пахіляў люстэрка, і зайчык, здавалася, ужо злоўлены, уцякаў з-пад Ганьчыных ручак. Тады ізноў пачыналася лоўля светлага зайчыка. Ганька топала каля сцяны і хватала ручонкамі светлую лапінку, лапінка ўцякала і так бясконца.

...Сколькі ж такіх зайчыкаў лавіў кожны з нас?!..»

«Зайчык» — гэта не толькі дэбют В. Ластоўскага-празаіка, але і адзін з пачаткаў, першавыток беларускай дзіцячай літаратуры XX ст. Маленькаму чытачу пазней будуць прысвечаны асобныя казкі пісьменніка «Князь Барыс і чорт», «Дзед і ўнук», «Певень і гуся», «Вуж куртаты і мужык багаты» і цэлыя чытанкі, складзеныя ім пад час кіраўніцтва Беларускім выдавецкім таварыствам у Вільні (Кnizyca dla bielaruskich dzietak dzela nawuki cytannia; Rodnyje Ziarniaty: Кnizyca dla skolnaha cytannia; абедзве Вільня, 1916).

Першыя празаічныя Ластоўскага вылучаліся музычнай настраёвасцю, лірызмам, пранікнёнасцю, што сведчыла пра несумненны талент маладога літаратара. Параўноўваючы раннюю творчасць Власта з празаічнымі творамі Коласа, Бядулі, Гарэцкага, Цёткі, заўважаецца, што рэвалюцыйныя падзеі 1905—1907 гг. як бы закранулі Ластоўскага менш за астатніх. Пісьменнік намацаў сваю тэму — пераважна гістарычную, хоць мог па-мастацку адгукнуцца «на злобу дня» («Панас гуляе», «Мост у Кутах»). Тады ж ён выступіў з польскамоўным юбілейным гістарычным артыкулам «Гадавіна Грунвальда» (Rocznica Grunwaldska // Litwa. 1909. № 19; пад псеўданімам Wlast). У лепшым сваім апавяданні «Лебядзіная песня» (1910), якое па праву можна назваць хрэстаматыйным не толькі ў творчым даробку Власта, пісьменнік адным з першых у нашай літаратуры паказаў вобраз беларуса-селяніна, што пайшоў на заробкі ў горад, але не здолеў там прыжыцца. У сэрцы галоўнага героя Рыгора Лежні невылечна залягла туга па вясковых каранях, ён не прымае меставую рэчаіснасць з конкамі і фабрыкамі і ўсімі фібрамі душы прагне вярнуцца дадому. I штодня вяртаецца ў прызабытую, даўнюю, але такую яркую сялянскую маладосць. Аднойчы салодкая мройлівасць трагічна абарвецца: Грыгора пераехала карэта...

Рост Власта як літаратара адбываўся неверагодна шпарка. Першага студзеня 1910 г. сваім навагоднім нумарам «Наша Ніва» распачала друкаваць ягоную «Кароткую гісторыю Беларусі». Затым яна пабачыла свет асобным выданнем у слаўнай друкарні Марціна Кухты.

Апроч манаграфічнага выдання шырокія звесткі пра Беларусь Ластоўскі падаваў у сваіх публікацыях «Дзе мы жывем і колькі нас?», «Якога мы роду-племені». Яны пазней складуць асобнае выданне «Што трэба ведаць кожнаму беларусу?» (1918).

Гістарычнаму мінуламу Беларусі прысвечаны шматлікія публікацыі на старонках «Нашай Нівы», дзе адказны сакратар завёў спецыяльную рэдактарскую калонку «З нашай мінуўшчыны»: «Колькі слоў аб даўнай веры беларусаў»; «Станы ў старой Беларусі»; «Копныя суды»; «Гарадэльская унія»; «Наша старая слава»; «Хлебаробства на Беларусі ў даўныя часы» і інш. Сярод іх вылучаецца «Беларускі радавод» (1913), у якім літаратурна апрацавана паходжанне 160 «радоў нашых».

Власт, аднак, узрастаў не толькі як «старасвецкі» даследнік. Толькі за адзін 1910 г. ён публікуе апавяданні «Слёзы», «Апаўшыя лісці», «Ёсць боль», «Краскі», «Мары», «Мост у Кутах», «Лебядзіная песня», «Панас гуляе». Таму не дзіўна, што Максім Багдановіч у крытычным «Аглядзе беларускай краснай пісьменнасці 1910 г.» (падзагаловак артыкула «Глыбы і слаі»), гаварыў выключна пра мастацкі ўзровень Ластоўскага-празаіка, ані не спыняючыся на бясспрэчнай «кніжцы года» — «Кароткай гісторыі Беларусі». Асабістае знаёмства двух літаратараў адбылося пад час прыезду М. Багдановіча з Яраслаўля ў Вільню (1911). Ластоўскі прыняў дзейсны ўдзел у падрыхтоўцы да выдання паэтавага зборніка «Вянок» (1913).

Вацлаў Ластоўскі — ініцыятар першай у Беларусі XX ст. шырокай дыскусіі пра шляхі развіцця, творчы метад, кірунак і стыль будучай літаратуры. У 1913 г. «Наша Ніва» надрукавала артыкул Ю. Верашчакі «Сплачывайце доўг». Далёка не ўсе чытачы-падпісчыкі віленскай газеты ведалі, хто схаваўся за такім псеўданімам.

Крытыка і публіцыстыка В. Ластоўскага выразна пазнавалася на старонках «Нашай Нівы» сваёй праніклівасцю, пераканаўчасцю, вялікімі гістарычнымі ведамі, бескампраміснасцю, баявітасцю і разам з тым шчымлівым пачуццём сыноўняй любові, прагі хутчэй пабачыць родны край і люд не ў рабскім ярме.

У 1912 г. Власт напісаў і апублікаваў аповесць «Прыгоды Панаса і Тараса». Яна выйшла ў Пінску пад псеўданімам Арцём Музыка. Сюжэт яе няхітры: «Нядзеляю ў аднэй з вёсак Піншчыны Панас і Тарас, седзячы на прызбе, гутарылі аб тым, як дзе жывуць людзі і аб іхніх звычаях і парадках», і вырашылі праехацца, каб паглядзець уласнымі вачыма на жыццё суседзяў — «мазуроў». Убачанае імі і склала аснову твора — бліскуча, з тонкім і добрым гумарам напісанага.

У аповесці бывалыя сяляне вучаць «бесталковых» суседзяў, як здабываць сонца ў хату, як замяшаць талакно, як пілаваць бэльку, як папарыцца ў лазні. I нават смяротныя выпадкі, пра якія гаворыць аўтар, выходзяць з-пад пяра празаіка бяскрыўдныя, без насміхання і жорсткасці. Лагоднасць, міралюбнасць і разам з тым глыбінная мудрасць прасвечваюцца ў кожнай фразе гэтых простых людцаў. Мова іх перасыпана трапнымі прымаўкамі, прыказкамі.