«Катэхізіс» С. Зізанія, відаць, моцна закрануў каталіцкае духавенства. Для абвяржэння довадаў Зізанія яно ў спешным парадку надрукавала на польскай мове зласлівую брашуру езуіта Жаброўскага, які абвінавачваў аўтара «Катэхізіса» ў актыўным супраціўленні уніі і распаўсюджванні ерасі. Не засталіся абыякавымі да «Катэхізіса» і вышэйшыя праваслаўныя іерархі на чале з мітрапалітам Рагозам. Яны былі незадаволены тым, што Зізаній адкрыта і публічна ў сваіх казаннях у цэрквах, на гарадскіх плошчах і вуліцах выкрываў іх двурушніцкую пазіцыю, называў вераадступнікамі, што тайна ад народа рыхтуюцца да аб'яднання з каталіцкай царквой. Праваслаўныя іерархі склікалі ў пачатку 1596 г. сабор у Навагрудку, на якім асудзілі «Катэхізіс» і адлучылі Зізанія ад царквы як ерэтыка. Больш таго, яны звярнуліся за дапамогай да караля, і той 28 мая 1596 г. у падтрымку мітрапаліта і яго паплечнікаў выдаў грамату, у якой строга забараняў абывацелям Вялікага княства Літоўскага мець сувязі з Зізаніем і яго аднадумцамі, называючы алошніх дзяржаўнымі злачынцамі.
Карыстаючыся падтрымкай брацтва і гарадскога насельніцтва, Зізаній у 1596 г. выдае і прысвячае князю Астрожскаму кнігу «Казанье святого Кирилла, патриарха Йерусалимского, о антихристе и знакох его». «Казанне», як і «Катэхізіс», надрукавана ў двух паралельна размешчаных тэкстах, адзін з якіх пададзены на польскай мове гатычным шрыфтам, а другі, прызначаны для праваслаўнага чытача, кірыліцай. Гэты твор С. Зізанія – надзвычай удалая літаратурная перапрацоўка вельмі аўтарытэтнага як для праваслаўных, так і католікаў «15-го огласительного поучения св. Кирилла Иерусалимского», пабудаванага на тлумачэннях 25-га раздзела Евангелля ад Мацвея. Для маскіроўкі сваіх выпадаў супраць рымскай курыі і вярхоў праваслаўнай царквы Зізаній умела выкарыстаў не толькі само імя св. Кірылы, але і знешнюю форму яго багаслоўскага трактата. Тэкст «Казання» складзены так, што ў ім цяжка адрозніць напісанае самім Кірылам ад дабаўленага ў якасці разгорнутага каментарыя Зізаніем. Хаваючыся за аўтарытэт «айца царквы», пісьменнік у мэтах «аб'ектыўнасці» і пераканаўчасці сваіх довадаў знарок імкнуўся зрабіць такую кантамінацыю тэксту, у якой бы яго ўласныя тлумачэнні не адрозніваліся ні стылем ні тонам ад выкарыстанага ім арыгінала. У гэтай таленавітай падробцы пад «Казанье святого Кирилла» бязлітасна выкрываецца «смраднае балота» афіцыйнага каталіцызму, развенчваецца «святасць» папы рымскага і асуджаюцца яго прыспешнікі, незалежна ад таго, якую веру яны прызваюць. Для Зізанія важна з пазіцый плебейскіх мас паказаць і абгрунтаваць, што духоўныя феадалы, прыкрываючыся іменем Хрыста, дзейнічаюць не ў інтарэсах якойсьці абстрактнай ісціны, клапоцяцца не пра бедных і ўбогіх, а толькі пра свае карыслівыя саслоўна-класавыя інтарэсы. Кніжка Зізанія хутка набыла выключную папулярнасць не толькі ў Вялікім княстве Літоўскім, але і ў Маскоўскай дзяржаве, дзе яна ў 1644 г. была перавыдадзена і ўключана ў так званую «Кириллову книгу». У кнізе Зізанія нас цікавяць не яго багаслоўскія аргументы і іх абгрунтаванне, а тое рацыянальнае ў яго светапоглядзе, што дазваляе ставіць Зізанія ў адзін рад з прагрэсіўнымі дзеячамі еўрапейскага маштабу. Крытыкуючы некаторыя рэлігійныя догматы афіцыйнай царквы, Зізаній выказваў думкі, якія ішлі ў напрамку атэізму і асветніцтва. Так, у прыватнасці, яго погляды на Зямлю як толькі адзіную кроплю сярод мноства іншых астральных сусветаў пераклікаюцца з ідэямі Джардана Бруна. У гэтай сувязі цікавым з'яўляецца сцверджанне Зізанія, што «земля, на которой живем, не едина точка впосредку неба, а пред ся колкое мает множество, а небеса небесные егце болше безмерную мают личбу». Прапагандуючы царкоўную ідэю «о вторичном пришествии Христа» і надыходзе тысячагадовага царства, у якім не будзе «змордованных и обтяженных», абражаных і заняволеных, паноў і рабоў, а будзе роўная для ўсіх свабода і справядлівасць, С. Зізаній пераклікаўся з ідэолагам Сялянскай вайны ў Германіі Томасам Мюнцэрам.
Натуральна, што такая ярка выражаная ваяўнічая пазіцыя Зізанія не магла застацца па-за ўвагай тых, хто рыхтаваўся нанесці рашучы ўдар па свабодалюбівых настроях і імкненнях беларускага і ўкраінскага народаў. З'явілася поўная лаянкі, абразы і палітычных пагроз у адрас Зізанія брашура на польскай мове езуіта Жаброўскага «Высеўкі Стафана Зізанія, ерэтыка з царквы рускай выклятага». А ў хуткім часе з санкцыі караля пагрозы гэтага езуіта былі прыведзены ў дзеянне, у выніку чаго Зізанію, ратуючыся ад езуіцкай расправы, прыйшлося, «аж через комин вытиснувшися», уцякаць з Вільні «в одном кожушку».
Новы, другі этап у развіцці палемічнай публіцыстыкі пачаўся, калі ў Брэсце восенню 1596 г. была абвешчана царкоўная унія. Да гэтага літаратурная палеміка праваслаўных была накіравана на развенчванне і дыскрэдытацыю самой ідэі царкоўнай уніі, вось чаму яна насіла некалькі адцягнены, пераважна багаслоўскі характар. Цяпер жа, калі езуітам з дапамогай каралеўскай улады ўдалося ажыццявіць сваю ідэю, арганізацыйна аформіць рэлігійна-палітычны раскол праваслаўнага лагера і стварыць у Рэчы Паспалітай уніяцкую царкву, багаслоўска-дагматычная праблематыка ў антыуніяцкай публіцыстыцы адышла на задні план, уступіўшы месца пытанням палітычным і агульнакультурным. Антыуніяцкая публіцыстыка пасля 1596 г. набыла больш востры характар. Яе стваральнікі, жадаючы растлумачыць грамадскай думцы краіны прычыны, якія прымусілі іх пратэставаць і змагацца, актыўна распаўсюджвалі свае творы сярод народных нас, нягледзячы на рэпрэсіі і жорсткую атаку варожага лагера.
Брэсцкая унія надала літаратурнаму руху шырокі размах, яна выклікала да жыцця мноства як друкаваных, так і рукапісных палемічных трактатаў, пропаведзей, пасланняў, памфлетаў, адкрытых лістоў з абодвух супрацьлеглых лагераў, стала ў цэнтры ўвагі тагачаснай грамадскай думкі.
Варта таксама зазначыць, што Брэсцкая царкоўная унія 1596 г. незалежна ад волі і памкненняў яе ініцыятараў спрыяла дэсакралізацыі (зняццю покрыва таямнічасці, містыкі) існаваўшых стагоддзямі асвячоных догматаў афіцыйнай канфесіі і, што самае важнае, садзейнічала духоўнай кансалідацыі беларускага народа перад тварам польска-каталіцкай экспансіі, рашучаму адстойванню ім нацыянальных традыцый, нацыянальнай культуры, садзейнічала актывізацыі літаратурнага жыцця на беларускіх землях, з'яўленню новых імён беларускіх літаратараў, большасць з якіх актыўна выступалі супраць палітыкі акаталічвання і апалячвання праваслаўнага насельніцтва з боку дзяржаўных лідэраў Рэчы Паспалітай і Ватыкана.
Неабходна мець на ўвазе і тое, пгго, апрача заходняй, польска-каталіцкай экспансіі, існавала ў той час і ваенная пагроза беларускім землям з Усходу, пра што сведчаць частыя войны паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім княствам Літоўскім, а затым Рэччу Паспалітай. Нельга не адзначыць таксама, што ў пэўнай меры негатыўньі ўплыў на нацыянальнае жыццё Беларусі мела тады і духоўна-рэлііійная экспансія з Усходу, у прыватнасці дзейнасць вышэйшых маскоўскіх іерархаў, якія імкнуліся праводзіць русіфікатарскую палітыку шляхам выдання і распаўсюджвання на беларускіх і ўкраінскіх землях царкоўнай літаратуры, адпраўлення царкоўных абрадаў, набажэнства ў праваслаўных храмах выключна на царкоўнаславянскай мове. (Зазначым, што ва уніяцкіх цэрквах набажэнства адбывалася на тагачаснай беларускай мове.) Усё гэта садзейнічала правядзенню кіраўнікамі Маскоўскай дзяржавы імперскай палітыкі ў адносінах да свайго заходняга суседа.
Такім чынам, тэрыторыя Беларусі некалькі стагоддзяў знаходзілася паміж двух агнёў. Усё гэта не магло не ўплываць на тагачаснае грамадскае і нацыянальна-культурнае жыццё Беларусі. Здаровыя сілы беларускага народа, у першую чаргу інтэлігенцыі, рабілі ўсё магчымае, каб у такіх непамерна цяжкіх і складаных умовах адстаяць і захаваць нацыянальныя і духоўныя здабыткі роднага краю, яго мову, народныя традыцыі, звычаі, культурную спадчыну.
Стойкая і паўсюдная апазіцыя праваслаўнага насельніцтва рашэнням уніяцка-каталіцкага Брэсцкага памеснага сабора прымусіла яго натхніцеляў даваць тлумачэнне прычын прыняцця царкоўнай уніі. Уніяты ў мэтах апраўдання свайго краху і рэлігійна-палітычнай дыскрэдытацыі праваслаўнага сабора, які адбыўся таксама ў Брэсце восенню 1596 г. і не прыняў унію, неўзабаве выдалі ў Вільні без указання прозвішча аўтара кнігу Іпація Пацея «Справедливое описанье поступку и справы сынодовое и оборона згоды и едности свершенное, которая ся стала на сыноде Берестейском в року 1596». Мяркуючы па загалоўку, кніга гэта была адказам на выдадзеную праваслаўнымі ў Кракаве ў 1597 г. на польскай мове пратакольную справаздачу аб чатырохдзённай рабоце антыуніяцкага сабора. Кніга Пацея была раскуплена і знішчана праваслаўнымі.
Адначасова з Іпаціем Пацеем Скарга ў мэтах юрыдычнага абгрунтавання царкоўнай уніі выдаў на польскай мове кнігі «Брэсцкі сінод» (Вільня, 1596) і «Абарона Брэсцкага сінода» (Кракаў, 1597), якія Пацей адразу ж пераклаў на беларускую мову і выдаў у Вільні ў 1597 г. пад агульным загалоўкам «Описанье и оборона собору руского Берестейского». У іх П. Скарга выказвае радасць з выпадку царкоўнага аб'яднання і абараняе уніяцкі сабор з тэарэтычнага, гістарычнага і практычнага пунктаў погляду. У тэарэтычным аспекце ён зноў абгрунтоўвае каталіцкае веравучэнне аб гегемоніі папы рымскага ў хрысціянскай царкве; у гістарычным – імкнецца даказаць пераемнасць каталіцкіх традыцый у праваслаўнай царкве і разам з тым прадставіць заключаны царкоўны саюз як аднаўленне даўнейшага царкоўнага адзінства, якое ў апошні раз было дэкларавана Фларэнтыйскім саборам (1439). А таму і Брэсцкая унія ў яго інтэрпрэтацыі паказваецца як працяг Фларэнтыйскай, а не штосьці новае. Што датычыцца практычнага аспекту, то тут Скарга, не шкадуючы абяцанняў, малюе унію як праяўленне бескарыслівай пастырскай апекі папы рымскага над занядбанымі і трапіўшымі ў бяду па віне візантыйскіх патрыярхаў праваслаўнымі. Ён красамоўна дэкларуе маральныя і матэрыяльныя выгоды, якія, на яго думку, будзе мець ад уніі праваслаўнае насельніцтва, абяцае не парушаць яго нацыянальных звычаяў і царкоўных абрадаў. Намагаючыся апраўдаць унію і рэнегацтва праваслаўных епіскапаў, Скарга абвінавачвае праціўнікаў уніі не толькі ў ерасі, але і ў непаслушэнстве каралеўскай уладзе, у схільнасці іх «до бунтов на урады, от Бога постановеные».