Смекни!
smekni.com

Царкоўна-палемічная публіцыстыка (стр. 3 из 5)

Натуральна, што абаронцы праваслаўнага веравызнання не маглі не даць належнага адпору уніятам. Разгарэлася вострая рэлігійна-палітычная барацьба. На новую кнігу Скаргі пасыпаліся шматлікія рукапісныя і друкаваныя адказы з Вільні, Львова, Астрога, Афонскага манастыра і нават ад усходніх патрыярхаў. Кожны з апанентаў Скаргі імкнуўся даць сваё разуменне уніі, адстаяць свой пункт гледжання і схіліць да яго думку не толькі праваслаўнага насельніцтва, але і дзяржаўных колаў.

Першым, найбольш значным і пераканаўчым адказам на выступленне П. Скаргі з'явілася кніга Хрыстафора Філалета на польскай мове «Апокрисис, албо Отповедь на книжкы о соборе Берестейском…» (Вільня, 1597). У 1598 г. яна была перавыдадзена ў Астрозе ў перакладзе на царкоўнаславянскую мову. «Апокрысіс» X. Філалета (пад гэтым псеўданімам, як мяркуюць даследчыкі, выступіў па даручэнні князя Канстанціна Астрожскага валынскі пратэстант Марцін Бранеўскі) – выдатны твор антыуніяцкай публіцыстыкі. Напісаны чалавекам вялікай эрудыцыі, ён вылучаецца сваёй энцыклапедычнай фундаментальнасцю, кампазіцыйнай зладжанасцю, лагічнасцю выкладу і высокімі мастацкімі вартасцямі. Апіраючыся на факты, аўтар «Апокрысіса» пераканаўча паказаў, што царкоўны саюз уніяцкіх епіскапаў з «рымскімі рыбаловамі» быў абумоўлены чыста зямнымі інтарэсамі, а менавіта настойлівым жаданнем епіскапаў дабіцца гарантаваных матэрыяльных выгод, высокіх дзяржаўвых пасад, рэлігійных прывілей і палітычных правоў. Філалет падкрэслівае, што уніяцкіх епіскапаў, як і самога папу рымскага, цікавіла не царкоўна-рэлігійная ісціна, не пытані веравызнання і маралі, не рэлігія сама па сабе, а перш за ўсё тая крыніца даходаў, з якой можна і «есть што скубти». Добра ведаючы царкоўную і свецкую гісторыю, Філалет у сваім выкрыцці Ватыкана шырока выкарыстаў меркаванні, разважанні многіх лацінскіх і грэчаскіх аўтараў – агульнапрызнаных аўтарытэтаў. Ён пісаў перакаваўча, ярка і вобразна. Каб зрабіць мову свайго твора больш жывой, аўтар часта выкарыстоўваў багаты арсенал літаратурных і фальклорных мастацкіх сродкаў. Ён заўсёды да месца ўключаў у тэкст авекдатычныя гісторыі, байкі, сатырычныя бытавыя замалёўкі, прыказкі і прымаўкі, афарызмы, ёмістыя эпітэты і параўнанні. З літаратурнага пункту гледжання «Апокрысіс» – адна з цікавых і яркіх старонак антыуніяцкай публіцыстыкі канца XVI ст. Невыпадкова ндаследчыкі лічаць яго адным з лепшых твораў сатырычнай літаратуры таго часу. Востры сваім выкрывальным пафасам і пераканаўчы логікай падачы матэрыялу «Апокрысіс» прынёс шмат непрыемнасцей апалагетам уніяцка-каталіцкага лагера. Вось чаму, каб нейтралізаваць уплыў «Апокрысіса» на народныя масы і выратаваць царкоўвую унію ад развалу, яе ідэолагі пачалі скупляць і знішчаць кнігу. У выніку такога ўзаемнага знішчэння кніг значная частка твораў палемічнай публіцыстыкі канца XVI – першай паловы XVII ст. вядома толькі па назвах.

Значны след у развіцці палемічнай публіцыстыкі першай чвэрці XVII ст. пакінуў архімандрыт віленскага Святадухаўскага манастыра, рэктар брацкай школы Лявонцій Карповіч (1580–1620). Нарадзіўся ён на Піншчыне ў сям'і свяшчэнніка. Адукацыю атрымаў, відаць, дзесьці ў адной з валынскіх школ князя Астрожскага. Яго імя ў літаратуры стала вядома з 1610 г., калі ён адрэдагаваў і выдаў на польскай мове знакаміты «Трэнас» М. Сматрыцкага. За выданне гэтай антыуніяцкай кнігі ён па дэкрэце караля Сігізмунда III Вазы быў зняволены на два гады ў турму. Пяру Л. Карповіча належаць тры выдадзеныя ў свой час брацкай друкарняй «казанні» – «Казанье двое» (Іўе, 1615) і «Казанье на погребенне князя В.В. Голицина» (у перакладзе на польскую мову выдадзена ў Вільні ў 1619 г.). Акрамя таго, ён напісаў прадмову да выдадзенай у 1620 г. у Вільні кнігі інака Фікарыя «Вертоград душевный» і прадмову да перакладу тлумачэнняў Златавуста на «Отче наш». З рукапісных твораў Карповіча вядомы казанне «В неделю пред рождеством Христовым» і некалькі лістоў за 1619 г., пасланых ім ад імя віленскага брацтва львоўскаму брацтву і манахам на Афон. Казанні, гэта значыць словы, Карповіча вылучаюцца ўзвышаным, напышлівым, тыпова барочным стылем. Яны глыбока эмацыянальныя і прасякнуты духам царкоўнай ідэалогіі. Катэхізісная форма пытальна-адказнай падачы матэрыялу, рытарычныя фігуры, анафарычныя пачаткі сказаў, шырокае выкарыстанне рэлігійнай сімволікі, вобразных параўнанняў надавалі творам дынамічнасць і эмацыянальна ўздзейнічалі на чытача і слухача. Пісьменнік імкнуўся выклікаць у чытача глыбокія разважанні пра сэнс жыцця і змагаўся з пункту гледжання хрысціянскіх ідэалаў за маральную чысціню чалавека. Адсюль у яго такая цяга да царкоўнай і свецкай дыдактыкі як сродку грамадскага выхавання.

За час свайго існавання царкоўна-палемічная публіцыстыка, якая ўключала адкрытыя лісты, звароты, памфлеты, палемічныя трактаты і іншыя віды творчасці, прайшла складаны і супярэчлівы шлях развіцця. У ёй наглядаліся ўзлёты і спады, ідэйна-мастацкі рост і таптанне на месцы вакол адных і тых жа багаслоўска-дагматычных пытанняў. I тым не менш, будучы накіраванай супраць экспансіянісцкіх імкненняў Ватыкана, супраць польска-каталіцкай агрэсіі, якія б формы тая ні прымала, царкоўна-палемічная публіцыстыка адыграла станоўчую ролю ў гісторыі. Узнікшы ва ўмовах абвостранай антыфеадальнай і антыкаталіцкай барацьбы беларускага і ўкраінскага народаў у канцы XVI ст., яна стала на абарону іх нацыянальна-рэлігійных правоў, упісала яркую старонку ў развіццё іх грамадска-палітычнай думкі і літаратуры. На працягу больш чым паўстагоддзя яна карысталася вялікай папулярнасцю ў шырокіх колах грамадскасці, для якой яна выконвала функцыю вострай ідэалагічнай зброі ў нялёгкай і няроўнай барацьбе. Царкоўна-палемічная публіцыстыка канца XVI – першай паловы XVII ст. – гэта цэлы перыяд у развіцці беларускай літаратуры. Будучы яшчэ сінкрэтычнай па змесце і ў значнай ступені звязанай з сярэдневяковай ідэалогіяй, яна пракладвала шляхі для дэмакратызацыі і гуманізацыі літаратуры, садзейнічала ўзмацненню яе крытычнага пафасу і сувязей з фальклорам, узбагачала яе новымі мастацка-выяўленчымі сродкамі.

2. Мялецій Сматрыцкі

Творчасць Мялеція (свецкае імя Максім Герасімавіч) Сматрыцкага займае адно з вядучых месц у літаратурным працэсе Беларусі канца XVI – першай паловы XVII ст.

Сматрыцкі нарадзіўся ў першай палове 1577 г. у сям'і гарадскога пісара Герасіма Данілавіча Сматрыцкага ў невялікім мястэчку Смотрыч на Падоллі. Бацька Мялеція быў для свайго часу чалавекам вельмі адукаваным, ведаў некалькі замежных моў, таму і звярнуў на сябе ўвагу князя Канстанціна Астрожскага, які прапанаваў яму месца рэктара ў Астрожскай школе. Пачатковую адукацыю Мялецій атрымаў пад непасрэдным кіраўніцтвам бацькі і грэка Кірыла Лукарыса, які скончыў Падуанскі універсітэт, быў выдатным грамадскім і рэлігійным дзеячам, а з 1612 г. – канстанцінопальскім патрыярхам. Князь Астрожскі заўважыў выдатныя здольнасці Максіма Сматрыцкага да навукі і ў другой палове 90-х гг. XVI ст. накіраваў яго на філасофскі факультэт у Віленскую езуіцкую акадэмію, якую ён і скончыў каля 1601 г. (па іншых меркаваннях, Сматрыцкі вучыўся там у 1601–1604 гг.). У 1601 г. па пратэкцыі князя Астрожскага Максім становіцца настаўнікам маладога беларускага магната Багдана Саламярэцкага, якога дагэтуль вучыў Л. Зізаній. Для паглыблення ведаў вучань з настаўнікам едуць за мяжу. Як сведчыць сам Сматрыцкі ў «Апалогіі», ён «правёў маладыя гады пры грабніцы Лютэра ў Лейпцыгскім і Вітэмбергскім універсітэтах», якія ў тыя часы былі запалонены рэфарматарскімі ідэямі Лютэра, Кальвіна, Цвінглі. Такім чынам, Мялецій Сматрыцкі быў рознабакова адукаваным чалавекам, які пазнаёміўся са здабыткамі еўрапейскай культуры, меў шырокі светапогляд і багаты навуковы багаж. Вярнуўшыся на радзіму каля 1607 г., Мялецій некаторы час правёў у маёнтку князя Саламярэцкага, часта наведваў Мінск, дзе, як сведчаць яго сучаснікі, карыстаўся аўтарытэтам сярод простага люду, «які сыходзіўся да яго, як да аракула». У хуткім часе Мялецій накіроўваецца ў віленскае праваслаўнае брацтва. Тут ён знаёміцца з выдатным дзеячам беларускай культуры, пісьменнікам-палемістам Лявонціем Карповічам, становіцца яго верным паплечнікам.

Першым друкаваным творам пісьменніка-палеміста, які дайшоў да нашага часу, быў «Антыграфі» (1608) – твор, накіраваны супраць кніг уніяцкага мітрапаліта Іпація Пацея «Ерасі» і «Гармонія» (1608), у якіх не толькі закраналіся пытанні рэлігійнай дагматыкі, але і падымаліся праблемы дзяржаўна-палітычнага характару. «Антыграфі» пачынаецца эпікграмай на герб князёў Астрожскіх, дзе аўтар удала выкарыстоўвае багатую метафарычвую сімволіку зор, прамянёў, а таксама паэтычную тропіку стылю барока. Зыходзячы з тагачасных палітычных умоў, Сматрыцкі прысвяціў свой твор уніяту Янушу Астрожскаму. Гэта было выклікана тым, што звычайна творы, напісаныя супраць таго ці іншага лагера, скупляліся апазіцыяй і знішчаліся. Такім чынам, прысвячэнне адыгрывала ролю не толькі ўслаўлення таго ці іншага князя – гэта, перш за ўсё, быў неабходны ў той час крок дзеля захавання кнігі.