Смекни!
smekni.com

Царкоўна-палемічная публіцыстыка (стр. 5 из 5)

12 лістапада 1623 г. віцябчане, даведзеныя да адчаю нечалавечымі дзеяннямі Іясафата Кунцэвіча, якога асуджаў нават канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега, забілі яго і кінулі ў Дзвіну (дарэчы, гэты гістарычны факт пакладзены ў аснову фабулы п’есы У. Караткевіча «Званы Віцебска»). Гэта падзея паслужыла штуршком да больш жорсткіх праследаванняў праваслаўных з боку уніяцка-езуіцкага лагера. Сотні праваслаўных дзеячаў былі абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе, кінуты за краты; М. Сматрыцкага абвясцілі галоўным віноўнікам «пралітай крыві Іясафата».

Напалоханы шырокім размахам народных хваляванняў, М. Сматрыцкі ў 1623 г. пакінуў Вільню і накіраваўся на Блізкі Усход. Пасля вяртанння з падарожжа ён фактычна адыходзіць ад барацьбы за інтарэсы праваслаўных і ўсё больш схіляецца ў бок уніі. У 1627 г. Сматрыцкі тайна пераходзіць ва уніяцтва, пацвердзіўшы гэта лістом да Аляксандра Заслаўскага і пасланнямі ў Рым. У гэты ж час ён працаваў над «Апалогіяй» (надрукавана 25 жніўня 1628 г.), у якой не толькі адракаўся ад сваіх праваслаўных твораў, ідэй, але і асуджаў дзейвасць Стафана Зізанія, Хрыстафора Філалета, Клірыка Астрожскага і іншых праваслаўных пісьменнікаў-палемістаў. На жнівеньскім 1628 г. праваслаўным саборы Сматрыцкі апошні раз пад маскай праваслаўнага іерарха выступіў супраць уніі. Напалоханы адносінамі да яго з боку Іова Барэцкага і Пятра Магілы, а таксама казакоў, якія пагражалі яму смерцю, калі даведаюцца пра яго уніяцкія планы, Сматрыцкі публічна адрокся ад «Апалогіі» і пракляў яе, даўшы слова ніколі не вяртацца ў Дзерманскі манастыр. Аднак пасля сабора ён пакінуў Кіеў і адправіўся менавіта туды, дзе і правёў апошнія гады свайго жыцця. Памёр Мялецій Сматрыцкі 27 снежня 1633 г. Ва уніяцкі перыяд Сматрыцкі напісаў таксама «Пратэстацыю» (1628), «Паранезіс» (1629), «Экзатэзіс» (1629). Праваслаўныя з абурэннем сустрэлі яго уніяцкія творы, асудзіўшы іх не толькі ў сваіх публічных адказах – «Аполія Апалогіі» (1628), «Антыдотум» (1629) Андрэя Мужылоўскага, «Антапалогія» (1631) Геласія Дзіпліца і інш., але і ў прыватных лістах. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што некаторыя з уніяцкіх твораў Сматрыцкага напісаны на высокім мастацкім узроўні, насычаны прыказкамі і прымаўкамі, арыгінальнымі словаўтварэннямі. Неабходна таксама адзначыць, што ў многіх сваіх сцверджаннях, асабліва наконт коснасці і непаваротлівасці праваслаўнага духавенства, а з ім і ўсёй праваслаўнай царквы, якая глядзіць больш назад, чым наперад, не ўлічвае павеваў часу, з’яўлення ў жыцці грамадства новага, перадавога, прагрэсіўнага (асабліва гэта датычылася мовы набажэнства: праваслаўная царква ўсё яшчэ чаплялася за царкоўнаславянскую мову, якую к гэтаму часу мала хто разумеў; уніяты ж арыентаваліся на жывую народную мову насельніцтва) М. Сматрыцкі быў поўнасцю праў.

сматрыцкіпалемічны публіцыстыка творчасць


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры: У 2 т. Т. 1: З старажытных часоў да канца XVIII ст. – Мн., 1968.

2. Мальдзіс А.I. На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палавіна XVII–XVIII ст.) – Мн., 1980.

3. Мысліцелі і асветнікі Беларусі (X–XIX стагоддзі): Энцыклапедычны даведнік – Мн., 1995.

4. Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей: У 4 кн. Кн. I. Мн., 1993.

5. Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд / Пад рэд. М.А. Лазарука і А.А. Семяновіча – Мн., 1985; 4-е выд., 1998.

6. Гісторыя беларускай літаратуры ХІ–ХІХ стагоддзяў: У 2 т. Т. 1. Даўняя літаратура: ХІ – першая палова ХVІІІ стагоддзя – Мн., 2006.

Размещен на