Смекни!
smekni.com

Царкоўна-палемічная публіцыстыка (стр. 1 из 5)

1. Агульная характарыстыка царкоўна-палемічнай публіцыстыкі

Палемічная публіцыстыка як своеасаблівы від пісьменства вядома яшчэ з часоў Кіеўскай Русі, калі ў барацьбе за манаполію ў духоўным жыцці старажытнарускіх плямён сутыкнуліся місіянеры праваслаўнага і каталіцкага веравызнання. Самы ранні адгалосак гэтай канкурэнтнай барацьбы занатаваны ў «Аповесці мінулых гадоў», дзе летапісец апавядае, як і калі адбывалася прыняцце хрысціянства на Русі.

Рэлігійная барацьба ў канцы XVI ст. набыла вастрыню і злабадзённасць таму, што яна з'яўлялася формай праяўлення глыбокіх сацыяльна-палітычных супярэчнасцей у грамадскім жыцці Рэчы Паспалітай. Апіраючыся на падтрымку каталіцкай царквы, польскія феадальныя вярхі пасля Люблінскай уніі пачалі ўмацоўваць свае пазіцыі на землях Вялікага княства Літоўскага, узмацняць феадальны прыгнёт і паслядоўна праводзіць палітыку дэнацыяналізацыі беларускага і ўкраінскага народаў, што выклікала пратэст.

У развіцці і працяканні царкоўна-палемічнай публіцыстыкі можна вылучыць два этапы.

Першым даволі моцным штуршком да аднаўлення перапыненых у часы Рэфармацыі старадаўніх палемічных спрэчак паміж каталіцызмам і праваслаўем з'явіўся выхад з друку кнігі на польскай мове вядомага дзеяча Рэчы Паспалітай езуіта Пятра Скаргі (1536–1612) «Аб адзінстве царквы боскай пад адзіным пастырам». Выдадзена яна была ў 1577 г. Віленскай друкарняй Мікалая Крыштофа Радзівіла і прысвечана буйнейшаму магнату і найбольш уплывоваму па тых часах патрону праваслаўнага веравызнання кіеўскаму ваяводзе князю Канстанціну Астрожскаму з тым разлікам, каб заручыцца яго падтрымкай у ажыццяўленні езуітамі царкоўнага аб'яднання праваслаўных з католікамі. Кніга выйшла ў той час, калі праваслаўная царква страціла многіх сваіх магутных апекуноў і пачала сістэматычна цярпець уціск з боку польскага каралеўскага ўрада. Перш за ўсё Скарга імкнуўся давесці, што сапраўднае веравызнанне ідзе ад рымска-каталіцкай царквы, якая з'ўляецца пераемніцай і носьбітам апостальскіх традыцый і таму мае законнае права быць галоўнай. Ён сцвярджаў, што толькі гэтая царква, захаваўшы спрадвечную маральную і духоўную чысціню, пазбегла ерэтычных памылак праваслаўнай царквы. Абгрунтоўваючы ідэю кіруючай ролі рымскага папы ў хрысціянскай царкоўнай арганізацыі, Скарга прыніжаў значэнне канстанцінопальскага патрыярха для праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай. Ен паказваў яго як раскольніка ў царкоўных справах і як турэцкага палоннага, які вымушаны за грошы купляць сваю духоўную ўладу ў султана. Заклікаючы праваслаўных Вялікага княства Літоўскага да царкоўнай уніі, Скарга настойліва перасцерагае іх, каб яны не аглядаліся ні на грэкаў, якіх загубіла прыродная ўпартасць і «буянасць розуму», ні на «варварскую Масковію», якая і сама, на думку Скаргі, вымушана будзе ўрэшце пайсці на унію па прыкладзе ўкраінскага і беларускага праваслаўнага насельніцтва. Такім чынам, маючы на ўвазе дзяржаўна-палітычныя мэты, Пётр Скарга ў сваёй кнізе па сутнасці выклаў ідэалагічнае абгрунтаванне царкоўнай уніі. Навязваючы праваслаўнаму насельніцтву ідэю рэлігійнага аб'яднання, ён замахнуўся не столькі на аўтарытэт праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай, колькі на права нацыянальнай самабытнасці праваслаўнага насельніцтва ў гэтай дзяржаве. Вось чаму выхад яго кнігі ў свет узняў цэлую буру ў праваслаўным лагеры. Тыраж быў вельмі хутка раскуплены і, па сцверджанні самога аўтара, амаль поўнасцю знішчаны найбольш багатай часткай беларускага і ўкраінскага праваслаўнага насельніцтва. На кнігу П. Скаргі адразу ж з'явіліся адказы, але ні адзін з іх не быў тады надрукаваны.

У канцы 1580-х гг. палемічную публіцыстыку супраць каталіцызму і уніі ўзначалілі палемісты Астрожскай школы (горад Астрог на Украіне). Важную ролю ў гэтай патрыятычнай справе адыграў валынскі магнат князь Канстанцін Астрожскі, які ў 70-х гг. XVI ст. у сваёй рэзідэнцыі адкрыў першую грэка-славянскую, праваслаўную школу і арганізаваў пры ёй друкарню. З дапамогай удала падабраных педагогаў, прапаведнікаў, друкароў і літаратараў князь Астрожскі ў хуткім часе ператварыў сваю школу ў фарпост ідэалагічнай барацьбы супраць каталіцызму і уніі. Менавіта тут узнікла і пайшла ў свет друкаваная антыуніяцкая публіцыстыка, аўтары якой ставілі сваёй мэтай шчыра служыць нацыянальва-культурным інтарэсам украінскага і беларускага народаў, змагацца за іх права мець уласную веру, незалежную ад Рыма царкву, школы, кнігі і быць гаспадарамі свайго лёсу. З дзейнасцю Астрожскай школы быў цесна звязаны першы стан развіцця палемічнай публіцыстыкі, значная частка якой з'яўляецца агульным здабыткам беларускай і ўкраінскай літаратур таго часу. Найбольш значнымі творамі, з якімі выступілі ў друку палемісты Астрожскай школы, былі «Ключ царства небесного» з дадаткам «Календаря римского нового» Герасіма Сматрыцкага (1587) і кніга Васіля Суражскага «О единой истинной православной вере и о святой соборной апостолской церкви» (1588). У іх упершыню дадзены яркія замалёўкі вострых і непрымірымых сацыяльных канфліктаў, якія нельга было абысці палемістам, што ўзяліся абвяргаць абразлівыя для нацыянальнай годнасці праваслаўнага насельніцтва выпады і сцверджанні Скаргі і іншых абаронцаў уніі. Выступаючы ў абарону праваслаўнага люду, Г. Сматрыцкі і В. Суражскі праяўляюць шчырую заклапочанасць яго лёсам і часам нават узнімаюцца да пастаноўкі і разумення некаторых вострых сацыяльных праблем свайго часу. Найбольш паказальнымі ў гэтых адносінах з'яўляюцца творы рэктара Астрожскай школы Г. Сматрыцкага (асабліва яго «Календарь римски новы»), прасякнутыя спагадай і павагай да прыгнечанага і зняважанага яго ўладарамі селяніна-працаўніка. Гуманнае стаўленне да селяніна, уменне пранікнуцца яго думкамі і ўяўленнямі, пачуццямі і імкненнямі яскрава выявіліся і ў мове твораў Г. Сматрыцкага. Пісьменнік знарок пазбягае царкоўнаславянскага акадэмізму. Народвы гумар, іронія, сарказм, афарызмы, трапныя прымаўкі і прыказкі тут сустракаюцца на кожнай старонцы. I гэта невыпадкова, бо самі творы былі разлічаны ў першую чаргу на шырокага і нават «неадукаванага» чытача-слухача. Творы Г. Сматрыцкага і В. Суражскага ўжо самім фактам свайго з'яўлення абвяргалі тэндэнцыйныя сцверджанні Скаргі аб нізкім інтэлектуальным узроўні праваслаўнага насельніцтва, аб адсутнасці ў яго асяроддзі вучоных, здольных разбірацца ва ўсіх тонкасцях кананічнай і дагматычнай багаслоўскай навукі, і, нарэшце, аб непрыгоднасці іх пісьмовай мовы для абслугоўвання розных сфер духоўнага жыцця народа. Разам з тым яны выразва паказалі сапраўдны сэнс і мэту ідэі царкоўвай уніі, якую прапагандавалі езуіты.

Пётр Скарга не чакаў, што яго ідэя царкоўнай уніі выкліча такі рашучы пратэст з боку шырокіх народных мас Беларусі і Украіны і стане аб'ектам гарачых літаратурных дыскусій. Аднак, ён не збянтэжыўся і ў імя ажыццяўлення сваёй ідэі вырашыў звярнуцца да самога караля Сігізмунда III Вазы. З гэтай мэтаю Скарга выпускае ў свет у 1590 г. сваю кнігу другім выданем, крыху змяніўшы яе назву – «Аб уладзе і адзінстве царквы боскай», – і адрасуе каралю. Цяпер Скарга даказваў неабходнасць царкоўнай уніі ўжо не рэлігійнымі, а выключна палітычнымі матывамі і схіляў польскага караля да рашучых дзеянняў. Кароль не застаўся абыякавым да парад свайго духоўнага пастыра і пасля тайных перагавораў з праваслаўнымі іерархамі, якія былі гатовы прыняць унію, даў згоду на правядзенне ў Брэсце спецыяльнага сабора з мэтаю ажыццявіць царкоўнае аб'яднанне праваслаўных з католікамі.

А тым часам, пакуль ішла скрытая падрыхтоўка да гэтага сабора, у Вільні ад імя большасці прадстаўнікоў праваслаўнага епіскапата была выдадзена ў 1596 г. прасякнутая уніяцкімі ідэямі Скаргі кніга ва тагачаснай беларускай мове «Уния, альбо Выклад преднейшых артыкулов, ку зьодначевью греков з костелом рымским належащых». Аўтарам яе быў адзін з галоўных ініцыятараў жыццяўлення царкоўнай уніі Уладзіміра-брэсцкі епіскап Іпацій Пацей (1541–1613), які крыху пазней, у 1599 г., стаў уніяцкім мітрапалітам. Высокаадукаваны, але непаслядоўны ў адносінах веравызнання, Пацей здраджвае праваслаўю. Каб як-небудзь абгрунтаваць пераход свой і сваіх аднадумцаў да уніяцтва, ён выступіў у друку з вышэй названай кнігай. У ёй перш за ўсё Пацей імкнуўся даказаць, што розніца паміж каталіцкім і праваслаўным веравызнаннямі толькі ўяўная і склалася ў выніку прапаведніцкай дзейнасці «неуков-простаков», якія, не будучы дасведчанымі ў справах царквы і гісторыі яе развіцця, узяліся за пяро. Развіваючы гэту думку, Іпацій Пацей досыць аб'ектыўна паказвае цяжкае становішча праваслаўнай царквы, неадпаведнасць яе духавенства свайму прызначэнню, уводзіць чытача ў атмасферу жорсткай рэлігійнай, нацыянальнай і антыфеадальнай барацьбы праваслаўнага насельніцтва Беларусі і Украіны, выказваючы свае адмоўныя адносіны да яе. Тут жа Пацей выклікае прадстаўнікоў праваслаўнага лагеру – праціўнікаў уніі – на спрэчку.

Чакаць адказу на свой выклік Пацею давялося нядоўга. Такі адказ быў надрукаваны ў Віленскай брацкай друкарні ў 1595 г., і аўтарам яго з'явіўся адзін з найболып папулярных і відных дзеячаў гэтага брацтва Стафан Зізаній. Біяграфічных звестак аб С. Зізанію захавалася вельмі мала. Невядома, калі і дзе ён нарадзіўся, якую, дзе і калі атрымаў адукацыю. Першыя дакладныя звесткі аб ім прыпадаюць толькі на 1586 г., калі ён упамінаецца як адзін з першых свецкіх настаўнікаў «словенского писма» заснаванай у Львове брацкай школы. Відаць, прымаючы пад увагу выключныя здольнасці С. Зізанія і просьбу братчыкаў, мітрапаліт Рагоза ў пачатку 1591 г. з мэтай умацавання брацкай апазіцыі уніяцкім захадам прызначыў С. Зізанія царкоўным казнадзеем-прапаведнікам. У гэтым званні Зізаній і пераехаў у 1593 г. у Вільню, куды яго як папулярнага і актыўнага змагара супраць уніяцтва запрасіла «на поратунок» віленскае брацтва. У Вільні ён разгарнуў шырокую педагагічную дзейнасць настаўніка брацкай школы і царкоўнага прапаведніка. А праз два гады брацкая друкарня выдала на беларускай і польскай мовах напісаны ім папулярны першапачатковы курс хрысціянскага багаслоўя ў пытаннях і адказах – праваслаўны «Катэхізіс». Кніга, на вялікі жаль, да нашага часу не захавалася, але аб ёй можна меркаваць па тых водгуках, якія пакінулі праціўнікі Зізанія як з лагера каталіцкага, так і з лагера праваслаўнага духавенства.