Смекни!
smekni.com

Жыццё і творчасць Міхася Зарэцкі (1901—1937) (стр. 2 из 3)

Неспрыяльная для сапраўднай творчасці атмасфера 1930-х гг. наклала заканамерны адбітак на апавяданні М. Зарэцкага гэтага часу. Так, творы малой эпічнай формы «Пачатак шчасця», «Петрык і Пятрусь» (абодва — 1932), «Навела пра каханне» (1935) сваім зместам і мастацкім узроўнем саступаюць творам 1920-х гадоў. У іх няма ні вострага канфлікту, ні смелага павароту ў раскрыцці тэмы. Не знойдзем мы тут і ўласцівай ранейшым творам заглыбленасці ва ўнутраны свет героя, у яго псіхалогію.

К сярэдзіне 1920-х гг. у творчасці М. Гарэцкага наспявала тэндэнцыя ўмацавання эпічнасці, мела месца ўзбуйненне жанру. Так, шэраг твораў — «Ворагі», «Бель», «На маладое», «Кветка пажоўклая», «Радасць», «Ой, ляцелі гусі...» — з поўным правам можна назваць аповесцямі. Тут дзеянне ахоплівае досыць вялікі прамежак часу, шмат разнастайных сюжэтных калізій, а некаторыя героі праходзяць складаную эвалюцыю ў поглядах на свет і чалавека. Адчувалася, што пісьменніку стала цесна ў звыклых жанравых рамках «малой прозы», што яны пэўным чынам стрымліваюць яго творчыя магчымасці, не адпавядаюць цалкам новым творчым задумам. Таму заканамернае з’яўленне “паўнацэннай”, паўнафарматнай аповесці, якой стаў твор «Голы звер» (1926) — рэч адметная шмат у якіх адносінах. Істотна перш за ўсё тое, што ў цэнтры аповесці — адмоўны персанаж (індывідуаліст і эгаіст Віктар Яроцкі) і людзі, унутрана яму блізкія. Выбарам героя пісьменнік недвухсэнсоўна выказаў свой погляд на мэты і задачы мастацтва. Ён не наводзіў глянец на рэчаіснасць новага часу, не займаўся апалагетыкай існуючых грамадскіх адносін, а лічыў патрэбным сказаць сучаснікам мужную праўду пра негатыўныя з'явы новага жыцця і тую небяспеку, якую неслі з сабой людзі тыпу Віктара Яроцкага.

Характар галоўнага героя раскрыты па-мастацку пераканальна, доказна, у выразных праявах. Яроцкі пададзены як істота актыўная, дзейсная. Але яго неўтаймаваная энергія скіравана на задавальненне эгаістычных патрэб, нізкіх інстынктаў. I ў ажыццяўленні сваіх намераў Яроцкі не спыняецца ні перад чым, ідзе на падман, ігнаруе пісаныя і няпісаныя законы чалавечага грамадства. «Я, я хачу жыць, маё жыццё, толькі маё, мне дарагое. I я жыву. I ні да кога мне дзела няма. Сумленне, закон... Ха-ха-ха!.. Гэта ж для дурняў, для асталопаў, для тых, хто сілы не мае ўзяць сваю долю! А я — вышэй за ўсіх гэтых дрындушак... Я — сам сабе пан...» — вось які лозунг напісаў герой аповесці на сваім сцягу і няўхільна праводзіць яго ў жыццё. Каштоўнасць аповесці як мастацкага твора — не толькі ў праўдзівай абмалёўцы вобраза Яроцкага, але і ў майстэрстве, з якім пісьменнік раскрыў вытокі жывучасці героя як сацыяльнага тыпу. Прыкметнае месца ў вобразнай сістэме аповесці займаюць персанажы, якія воляю лёсу апынуліся на сацыяльным дне. На гэтую катэгорыю людзей беларуская паслякастрычніцкая літаратура амаль не звяртала ўвагу, і М. Зарэцкі выступаў тут першаадкрывальнікам.

Ёсць у аповесці і спробы творчага пераймання вопыту Ф. Дастаеўскага, што выклікае асаблівую цікавасць як момант ідэйна-мастацкай эвалюцыі пісьменніка. Маецца на ўвазе матыў літасці, даравання і нават спачування добрымі, так бы мовіць, “нармальнымі” людзьмі таму, хто быццам бы спазнаў усю глыбіню маральнага падзення, але на самой справе зноў гатовы хлусіць і здраджваць (такой даверлівай і спачувальнай асобай у аповесці высупае падманутая Яроцкім дзяўчына Лідачка).

У першым нумары часопіса «Полымя» за 1927 г. пачаў друкавацца раман «Сцежкі-дарожкі», які стаў значнай падзеяй літаратурнага жыцця. Гэты твор закладваў плённыя традыцыі праўдзівага мастацкага асваення тэмы рэвалюцыі. Аўтарам рамана прынцыпова не прымалася ўстаноўка на прыхарошванне гістарычных падзей, на ідэалізацыю рабочага класа і спрошчаны, тэндэнцыйны паказ «варожага» лагеру.

Заслугай М. Зарэцкага было тое, што складаны працэс барацьбы і драматызм шляхоў, якім у рэвалюцыю ішла інтэлігенцыя, раскрыты па-мастацку пераканальна, праз лёс канкрэтных герояў — Васіля Лясніцкага, Нікадзіма Славіна, Халімы, Ніны, Матруніна. У адлюстраванні падзей М.

Зарэцкі ішоў ад непасрэдных уражанняў, ад асабіста ўбачанага і перажытага. Светапоглядная сталасць, памножаная на талент і вопыт папярэдняй працы над апавяданнямі, якраз і паспрыяла ўдаламу вырашэнню тэмы. Раман пазначаны выразнай пячаткай наватарства, якое забяспечвалася перш.за ўсё глыбінёй і маштабнасцю задумы і майстэрствам яе вобразнага ўвасаблення, згарманізаванасцю зместу і формы.

Маладому пісьменніку ўдалося падпарадкаваць разнастайны жыццёвы матэрыял, укласці яго ў кампактныя жанравыя рамкі. Заслугоўвае быць адзначаным уменне аўтара чаргаваць агульны і буйны планы, панарамныя апісанні і непасрэднае сутыкненне герояў. У «Сцежках-дарожках» М. Зарэцкі даў надзвычай перспектыўную жанравую мадэль рамана, дзе герой і абставіны існуюць у арганічнай узаемасувязі, а характар героя выяўляецца ў дзеянні, у працэсе грамадскай практыкі і адначасова — праз рэфлексію, праз няспынны роздум, сумненні, перажыванні, праз самапазнанне. У рамане шырока выкарыстана форма дыялогу, тут шмат спрэчак, палемікі, вострых інтэлектуальных сутыкненняў.

Часопіс “Полымя” пачаў у 1929 г. друкаваць раман М. Зарэцкага «Крывічы». Аднак убачылі свет толькі чатыры раздзелы 1-й часткі, далейшае ж друкаванне твора было афіцыйна забаронена. А між тым раман абяцаў быць значнай з'явай літаратурнага і грамадска-культурнага жыцця Беларусі. Новы твор дэманстраваў высокі ўзровень раманнага мыслення М. Зарэцкага. Апублікаваныя раздзелы «Крывічоў» прасякнуты думкай пра гістарычна абумоўленую заканамернасць актывізацыі вызваленчага руху, які грунтуецца на ўсенароднай падтрымцы.

У 1932 г. з’явіўся раман М. Зарэцкага «Вязьмо». Гэты твор не толькі знаменаваў далейшае развіццё самабытнага таленту пісьменніка, але і стаў выдатнай з'явай усёй беларускай літаратуры. Думаецца, невыпадкова ён доўгі час заставаўся недаацэнены: крытыка, якая кіравалася прынцыпамі партыйнасці, не магла спасцігнуць сэнс гэтага глыбокага твора. I нават пасля рэабілітацыі пісьменніка (1957) у трактоўках «Вязьма» адчувалася спрошчанасць, павярхоўнае разуменне аўтарскай задумы. Зрэшты, падобнага роду выдаткі былі заканамернымі, бо даследчыкі зыходзілі з пераканання, што масавая калектывізацыя — гэта прагрэсіўны і найболей эфектыўны сродак перабудовы старой, аднаасобнай вёскі на сацыялістычных асновах, а лявацкія перагібы непажаданыя, але непазбежныя з'явы ў працэсе сацыяльна-эканамічнай рэвалюцыі. У сапраўднасці ж галоўная вартасць рамана не толькі ў тым, што аўтар з гуманістычных пазіцый выкрываў небяспеку «пацяробаўшчыны», незаконнае высяленне вяскоўцаў. Логікай сюжэтнага развіцця пісьменнік паставіў пад сумненне неабходнасць суцэльнай калектывізацыі і паказаў, якімі трагедыямі ў жыцці народа, маральнымі стратамі яна суправаджалася.

Праз вобразную сістэму М. Зарэцкі пераканальна раскрыў глыбіню сацыяльных супярэчнасцей пачатку 30-х гадоў, трагедыю рассяляньвання вёскі, разбурэнне яе традыцыйных бытавых і духоўных асноў. І. Мележ у 1969 г. назваў «Вязьмо» самым глыбокім творам тых часоў пра калектывізацыю», падкрэсліўшы менавіта «суровы рэалізм і мужную глыбіню», уласцівыя «лепшаму твору М. Зарэцкага».

Пяру Зарэцкага належаць п'есы «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—1929), якія і да нашага часу невядомыя грамадскасці, бо фактычна яны не ставіліся на прафесійнай сцэне і рэдка бачылі старонкі друку. I іх ацэнка ў канцы 20-х гадоў, а таксама даследчыкамі пазнейшай пары як твораў нібыта неглыбокіх па змесце і невыразных у жанравых адносінах не адпавядае аб'ектыўнаму стану рэчаў. Ацэнка гэта прадузятая, несправядлівая, беспадстаўна заніжаная. У сапраўднасці ж прыгаданыя творы — значны крок па шляху ідэйна-творчай эвалюцыі пісьменніка. Яны каштоўныя вастрынёй пастаноўкі актуальных праблем часу, смелым, наватарскім падыходам мастака да іх вырашэння.

У п'есе «Віхор на балоце» М. Зарэцкі раскрывае беспадстаўнасць прэтэнзій маладых герояў (рабочы Даніла, камсамолка Ганна, піянер Юзік) лічыць іх будаўнікамі новага жыцця, носьбітамі перадавой калектывісцкай маралі. У сапраўднасці гэтыя персанажы з'яўляюцца новымі мяшчанамі, болей небяспечнымі, чым мяшчане традыцыйныя, бо яны ўмела спекулююць на высокіх грамадзянскіх ідэалах, прыкрываюцца гучнай рэвалюцыйнай фразеалогіяй у імя ўласных эгаістычных мэтаў. Дастаткова сказаць, што Ганна і закаханы ў яе Даніла прыспешваюць трагічную развязку жыцця хворай Данілавай жонкі, так і не ўсведамляючы да канца амаральнасці і цынізму сваіх паводзін. Як рэвалюцыйныя пераўтваральнікі сацыяльнай рэчаіснасці і вешчуны светлай будучыні Даніла і Ганна перакананы, што ім не патрэбны дабрыня, пачуцці літасці і спачування, бо гэта адзнака слабых духам. А слабых, як ім уяўляецца, павінен змесці магутны віхор рэвалюцыйнага абнаўлення. У раскрыцці аўтарскіх поглядаў на новае мяшчанства значную ролю адыгрывае сюжэтная лінія піянера Юзіка і яго бацькі. Нягледзячы на дзіцячы ўзрост, Юзік заўзята крытыкуе старыя парадкі, несправядлівы эксплуататарскі лад і бацькаву прыватнаўласніцкую мараль. Аднак пафас гэтага выкрыцця фальшывы, штучны, бо хлапчук не жыў пры старым рэжыме, яго ўяўленні — гэта плён дагматычна ўспрынятых кніжных ведаў. П'еса «Віхор на балоце» цікавая і ў жанрава-стылявых адносінах.

Пісьменнік рамантычнага светаўспрымання М. Зарэцкі звярнуўся да паэтыкі, да выяўленчых сродкаў меладрамы з яе традыцыйным любоўным трохкутнікам, экзальтаванымі героямі, з момантамі празмернай афектацыі, праявамі рэўнасці, помсты і трагічнымі ахвярамі як выніку непадзельнага кахання.

Наватарскімі рысамі пазначана таксама і п'еса «Белыя ружы», вытрыманая ў рамантычным ключы з выкарыстаннем элементаў прыгодніцтва. Гэтыя структурныя асаблівасці і стылявая адметнасць недастаткова ўлічваліся даследчыкамі, што і прыводзіла да неаб'ектыўных ацэнак. Падзейны бок галоўнай сюжэтнай лініі — змаганне партызанскага атрада з багатым уладальнікам маёнтка панам Сомскім, які спачатку знаходзіўся пад надзейнай абаронай кайзераўскіх, а затым польскіх вайскоўцаў. Але гэта — сацыяльна-бытавы фон, на якім разгортваюцца вострыя сутыкненні паміж героямі п'есы. Увогуле сюжэт твора багаты на нечаканыя павароты, вострыя калізіі.