Смекни!
smekni.com

Жыццёвы і творчы шлях Кузьмы Чорнага (стр. 2 из 3)

Герой многіх ранніх апавяданняў Чорнага вельмі ўражлівы. Звычайную з'яву ён нярэдка здольны ўспрымаць трагічна як вялікую драму ледзьве не сусветнага значэння. Цэлая пакута, напрыклад, для маці, якая будзіць малога хлапчыну-сынка ранкам, каб ён выганяў кароў на пашу («Начлег у вёсцы Сінегах», 1927).

Праз усю творчасць Чорнага праходзіць вобраз трапяткога, палахлівага гаваруна, вечнага трапетуна, гарапашніка-мужыка, які толькі ў новы час адчуў сябе чалавекам, беларусам. А гаваркі ён і часам непрыемна балбатлівы таму, што яго голасам загаварыла яшчэ нядаўна без'языкая, асуджаная каланіяльнай сістэмай да векавечнага маўчання шматмільённая сялянская маса. Міхалка Сляпенькі («Максімка», 1924), Кірылка («Мельнікі», 1925) радуюцца любой нагодзе пабыць сярод людзей, у грамадзе, пагаварыць, хоць часам усё ўжо даўно сказана і паўторана на розныя лады іншымі. Той жа Міхалка, трапіўшы на вясковы сход (Чорны наогул любіў паказваць сялянскую грамаду «агульным планам», вылучаючы пры гэтым асобныя каларытныя постаці), адчувае сябе так, быццам без яго «дзела не робіцца»: «Шмыгаючы ў грамадзе, падлазячы мужчынам пад локці, усім замінаючы, ён стараўся ўсіх перашчабятаць, паўтараючы за кожным словам сваю звычайную прыказку — «тым часам, браткі мае». Чорнага захапляе ў гэтым чалавечку тое, што ён усіх і ўсё на свеце вымярае мераю чуласці, чалавечнасці, дабраты, справядлівасці, хрысціянскага міласэрдзя, якое з умацаваннем сталінскага рэжыму ўсё больш выветрывалася з людскіх узаемадачыненняў, а яму на замену прыходзілі страх, недавер, падазронасць, шпіёнаманія, пошукі «ворагаў» і інш. Гэтага героя-трапетуна, як своеасаблівы «мечаны атам», мы заўважаем у многіх творах Чорнага. Ад твора да твора ўдакладняецца яго псіхалагічная характарыстыка, герой паступова вырастае ў вобраз-тып, што ўвасабляе лепшыя якасці беларуса.

Увагу Чорнага прыцягваў і вобраз маладога беларуса, які прадстаўляе новае пакаленне. Калі вобраз «трапетуна» ствараўся пераважна сродкамі знешняй характарыстыкі (партрэт, дзеянне, рухі, жэсты, гаворка), то вобразы юнакоў і дзяўчат малююцца больш знутры, сродкамі апісання іхняга ўнутранага свету. Гэта людзі, якія ўмеюць выказваць у словах тое, што адчуваюць, пра што думаюць і мараць. Яны схільны да самааналізу і рэфлексіі. Начытаныя, адукаваныя, гэтыя маладыя беларусы — кніжнікі і летуценнікі, якія выяўляюць сябе ўжо і як дзейсная сіла, мэтанакіравана і ўпарта. Самае цікавае ў апавяданні «Вечар» (1925) не назіранні Віктара Зеніча, студэнта, чулага да падзей і людзей, не малюнкі гарадскога побыту, убачаныя яго вачыма, а найперш яго рэакцыя на вонкавыя раздражняльнікі, роздум, імкненне зрабіць філасофскія высновы. Жыццярадасны юнак, бадзёры і поўны жадання перарабіць ледзь не ўвесь свет на новы лад паводле законаў хараства, Зеніч у той жа час глыбока разумее, якое складанае чалавечае жыццё, як шмат у ім неразгаданага, колькі навокал драматычных людскіх лёсаў. чорны апавядання драматычны творчы

Што адбываецца «на мяжы пачуццяў і думак»? Як растлумачыць «чалавечыя зломы» ў псіхіцы, характары, паводзінах, лёсе? Што азначае «духоўны разлад чалавека, скалечанага бурным рухам гістарычных падзей»? Гэтыя пытанні пісьменнік ставіць у апавяданнях «узвышэнскага» перыяду, такіх, як «Па дарозе», «Буланы», «Парфір Кіяцкі» (усе — 1925), «Хвоі гавораць» (1926). У гэтых творах даецца своеасаблівая псіхаграма ўнутранага жыцця беларуса ў паслярэвалюцыйнае дзесяцігоддзе, па якой можна ўзнаўляць карціну гістарычнага быцця народа.

На мяжы дзесяцігоддзяў, а таксама ў 1930-я гг. з’явіліся такія арыгінальныя апавяданні К. Чорнага, як «Ліст Якуба Малькевіча», «Справа Віктара Лукашэвіча», «Нянавісць» (усе — 1929), «Спатканні з васпаватым чалавекам», «Сям'я Юрыя Гарэйкі» (абодва — 1930), «Макаравых Волька» (1938). У 1932 г. выйшаў зборнік «Брыгадзіравы апавяданні», дзе Чорны паспрабаваў быць у ладзе з афіцыйнай ідэалогіяй, сумленна намагаўся авалодаць сакрэтамі «вытворчай тэмы», шукаць у сваіх героях прыкметы класавай і партыйнай прыналежнасці, але вынік быў мала плённым.

У час ВАв Чорным былі напісаны апавяданні «Бацька», «Маленькая жанчына», «Аксініны сляды» (усе — 1942), «Прасторны дом», «Вялікае сэрца» (абодва — 1944), у якіх пісьменнік узнаўляў асобныя эпізоды вайны, што паказвалі паводзіны беларусаў, іх нацыянальны характар у часы цяжкіх выпрабаванняў.

Сярэдняя эпічная форма найперш прадстаўлена ў К. Чорнага такімі творамі, як «Лявон Бушмар» (1929) і «Люба Лук'янская» (1936).

У аповесці «Лявон Бушмар», напісанай у той гістарычны момант, калі ўласніцтву ў Савецкім Саюзе быў аб'яўлены «апошні і рашучы бой» і пачаўся наступ на яго натуральнае асяроддзе — сялянскую «дробнабуржуазную стыхію», адлюстроўваецца драма селяніна-хутараніна. Лясны хутар у аповесці «Лявон Бушмар» здаецца апошнім астраўком, які сімвалізуе такую нязрушнасць векавечнага побыту беларускага мужыка. Гаспадар хутара Лявон Бушмар з усяе сілы абараняе сваю крэпасць. Але новае жыццё наплывае на яго хутар з усіх бакоў: з'яўляюцца новыя людзі, даходзяць, хоць і прыглушана, новыя ідэі. Лявон трывожыцца, нутром чуючы небяспеку. Ён гатоў жыць наводшыбе сам-на-сам, але без усялякіх зносін з вялікім светам жыць немагчыма. А за гэта ўжо трэба нечым ахвяраваць, і найперш — сваёй адзінотай, нелюдзімасцю. Магутная постаць Бушмара, якая ўнушае ўсяму наваколлю страх і змушаную павагу, адзінока ўзвышаецца сярод апошніх тубыльцаў, якіх пакуль яшчэ не закранулі рэвалюцыйныя змены. Пад націскам новых парадкаў Бушмар паволі адступае, здае пазіцыю за пазіцыяй, усё больш нервуецца, траціць спакой і робіць недарэчнасць за недарэчнасцю. Нарэшце ён адважваецца на падпал новых калгасных будынкаў, якія ў яго вачах сімвалізуюць новы лад, і тут яго «гісторыя» завяршаецца. Пісьменнік спрабуе разгадаць феномен, якому сам дае назву «бушмараўшчына». Адкуль у чалавека такая дэфармаваная прагавітасць у адносінах да ўласнасці? Што робіць гэтага чалавека такім нелюдзем? Чаму яго прырода, сама натура супраціўляецца ўсялякім зменам? У прамове абвінаваўцы гучыць адназначнае асуджэнне «бушмараўшчыны». Але ці згодзен з гэтым безапеляцыйным прысудам сам пісьменнік-псіхолаг і філосаф? Мастацкая тканіна аповесці сведчыць аб тым, што Чорны з увагай прыглядаўся да гэтага чалавечага тыпу, а ў наступных творах не раз вяртаўся да паказу вобразаў, блізкіх па жыццёвай пазіцыі Бушмару.

У аповесці «Люба Лук'янская» (1936), што ўваходзіць у цыкл задуманай Чорным мастацкай гісторыі, пісьменнік паказаў, як быў растаптаны лёс і шчасце галоўнай гераіні, а таксама была загублена вера ў чалавека Валі Іваноўскай — беларускіх жанчын, народжаных для таго, каб быць шчаслівымі і прыносіць радасць і шчасце іншым. Аўтар аповесці, напісанай напярэдадні страшнага 1937 г., упарта стаяў на сваім, сцвярджаючы чалавечнасць, маральнасць у чалавеку, лічачы, што менавіта гэта і ёсць мера прагрэсу.

У 1940 г. К. Чорным была напісана аповесць для дзяцей «Насцечка», у якой пісьменнік закрануў праблемы ўзаемаадносін паміж дзецьмі, іх правільнага выхавання, месца і ролі дарослых у гэтым працэсе.

Надзвычай вялікі ўклад унёс К. Чорны ў станаўленне і развіццё буйной эпічнай формы ў беларускай літаратуры.

У рамане «Зямля» (1928) празаік апавядае пра тое, як адбываецца франтальны паварот беларускай вёскі да новага, якія праблемы пры гэтым паўстаюць, што радуе, а што насцярожвае. Аўтар, паказваючы мацярык сялянства, як бы папярэджвае, што працэс змен на вёсцы павінен ісці эвалюцыйным шляхам, асцярожна і што спадзявацца на хуткія змены ў псіхалогіі селяніна не варта, нават небяспечна. Сялянскае жыццё ў рамане нагадвае шыракаплынную раку, якая мала-памалу ўваходзіць у новае рэчышча, і ў гэтай плыні мноства супярэчлівых тэндэнцый, што ўрэшце і складаюць паралелаграм грамадскіх сіл, які вырашае ўсё ў жыцці. Новае і старое, вясёлае і сумнае, высокае і нізкае ў жыцці дакалгаснай вёскі, апошняга аплоту нацыі, — усё гэта разам стварае асаблівую атмасферу маральных адносін пісьменніка да людзей. Чорны дэталёва ўзнаўляе панараму беларускай вёскі напярэдадні «вялікага пералому», свядома фіксуючы ўвагу на глыбіннай задуме, што акіян народнага жыцця падпарадкоўваецца сваім, шмат у чым неспазнаным унутраным законам і абыходзіцца з гэтай жывой і рухомай стыхіяй усякім «эксперыментатарам» трэба вельмі і вельмі асцярожна.

У пачатку 30-х гадоў Чорны, як ужо адзначалася, паставіў перад сабой грандыёзную задачу — напісаць цыкл твораў пра гісторыю беларусаў на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Яго ўвагу прывабліваюць ужо не асобныя постаці або народныя тыпы, а жыццё народа на вялікім адрэзку часу. Першай спробай узняць глыбінныя пласты нацыянальнай рэчаіснасці, звярнуцца з многімі пытаннямі, прадыктаванымі бурнай сучаснасцю, да самой гісторыі быў незавершаны раман «Ідзі, ідзі» (1930). Пісьменнік адразу сутыкнуўся з мноствам ідэйных і творчых праблем. Па-першае, час не спрыяў адкрытай пастаноўцы такіх складаных пытанняў, як чалавек і рэвалюцыя, лёс Бацькаўшчыны, класавае размежаванне, ідэалагічнае змаганне і месца ў ім нацыянальнай інтэлігенцыі: твор пісаўся ў момант, калі «нацыянальная эліта», за выключэннем адзінак, была выслана за межы Беларусі, маральна знішчана, адлучана ад навуковай і мастацкай творчасці, творчае аб'яднанне «Узвышша» падвяргалася ярасным нападкам з боку вульгарызатараў і даносчыкаў. Па-другое, Чорны, як і ўся тагачасная беларуская літаратура, стаяў перад задачай стварэння шматпланавага эпасу, які павінен быў уключаць у сябе гісторыю народа, яго псіхалогію, філасофію «беларускага шляху». Нягледзячы на прыкметны рост пісьменніцкага прафесіяналізму і набыты празаічны вопыт, Чорны не здолеў справіцца з маштабнай задумай. Раман так і застаўся ў гісторыі літаратуры і ў творчасці самога празаіка мастацкім эксперыментам: аб'яўлены ў друку намер аўтара дапісаць гэты твор, дапоўніўшы яго наступнымі часткамі, якія павінны былі называцца «Раскрыжаванне» і «Захаду і Усходу», застаўся няздзейсненым.