Смекни!
smekni.com

Жыццёвы і творчы шлях Кузьмы Чорнага (стр. 1 из 3)

Кузьма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі), якога крытыка яго часу ахрысціла «беларускім Дастаеўскім», нарадзіўся 24 чэрвеня 1900 г. у вёсцы Боркі на Случчыне ў сям'і парабка.

У 1907 г. бацькі яго пераехалі ў фальварак Вінцэнтова. Тут Мікола з дапамогай маці Глікерыі Міхайлаўны, жанчыны простай, але духоўна развітай і дастаткова начытанай, навучыўся чытаць.

Мікола быў здольны хлапчына: добра маляваў, іграў на розных музычных інструментах, меў прыгожы голас, умеў цудоўна апавядаць розныя гісторыі, прадстаўляючы ў асобах, іграў у школьных спектаклях. Бацькі з усіх сіл стараліся даць старэйшаму сыну Міколу адукацыю. Каля маёнтка, дзе яны парабкавалі, школ блізка не было, таму яны кінулі панскую службу і ў 1908 г. вярнуліся на бацькаўшчыну, у мястэчка Цімкавічы, якое знаходзілася акурат на паўдарозе паміж Нясвіжам і Капылём. Вучачыся ў Цімкаўскім народным вучылішчы, Мікола паказаў сябе здольным вучнем. Настаўнік нязменна вылучаў яго сярод іншых і падхвальваў, а перад заканчэннем вучылішча ў 1913 г. рыхтаваў яго разам з іншымі выдатнікамі да паступлення ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.

Два гады Мікалай працаваў на гаспадарцы, хадзіў з бацькам Карлам Феліксавічам па ўсёй акрузе ў пошуках цяслярскай працы, шмат пабачыў за гэты час людскога гора, пазнаёміўся з многімі надзвычай каларытнымі беларускімі тыпамі, наслухаўся мноства цікавых гісторый. У семінарыю ён паступіў у 1915 г., калі непадалёку ад Нясвіжа стаяў фронт і людзі жылі весткамі з вайны і гаворкамі аб вайне. У часе навучання ён праседжваў шмат у семінарскай бібліятэцы, меў магчымасць наведваць і багатую, як на тыя часы, Радзівілаўскую бібліятэку. Да гэтага ж моманту адносяцца і яго першыя спробы ў мастацкай творчасці — вядома, што ён чытаў сваім сябрам апавяданне, сюжэт якога нагадваў раннія творы Максіма Горкага: дробны зладзяйчук-валацуга папаўся на рынку на крадзяжы, яго б'юць без літасці і шкадавання. Чорнага цікавілі перажыванні гэтага чалавека — так пачалася яго вядомая ў пазнейшыя гады павышаная ўвага да пакутаў чалавека на зямлі.

У 1920 г. Мікалай Раманоўскі скончыў вучобу і стаў настаўнікам. Ён прымаў чынны ўдзел у працы мясцовых Саветаў — працаваў сакратаром Цімкаўскага валаснога рэўкома, з вясны да восені 1921 г. быў справаводам Слуцкага павятовага ваенкамата, затым — сакратаром аддзела народнай адукацыі пры Цімкаўскім валасным рэўкоме.

З восені 1922 г. Раманоўскі ўжо настаўнік Цімкаўскай сямігодкі. Аднак настаўніцкая праца мала задавальняла Мікалая Карлавіча, і ён марыў працягваць вучобу. Адчуваў ён патрэбу і ў творчым асяроддзі, якое разумела б яго і ў якім ён мог бы сталець як мастак слова. Акурат у гэты час адкрыўся Беларускі універсітэт, і Мікалай Карлавіч стаў яго студэнтам. Гэта адбылося летам 1923 г., а напярэдадні, у маі і чэрвені, у газеце «Савецкая Беларусь» былі надрукаваны апавяданні маладога празаіка, падпісаныя псеўданімам “Кузьма Чорны”. Так пісьменнік аддаваў даніну павагі свайму дзеду Міхалу Парыбку, па-вулічнаму — Чорнаму, вялікаму працаўніку, вядомаму на цэлую акругу майстру-сурвэтніку. У снежні гэтага ж года, калі ўтварылася літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», Чорны стаў яго сябрам. У гэты час ён шмат друкуецца, а ў 1925 г. выдае адразу два невялікія зборнікі сваіх твораў — «Апавяданні» і «Срэбра жыцця». У гэтым жа годзе ён быў змушаны пакінуць вучобу — пачаўся хваравіты працэс у лёгкіх. Паездка на лячэнне ў Крым памагла. З гэтага часу Чорны працуе ў рэдакцыі газеты «Беларуская вёска», дзе раз-пораз арганізуе літаратурныя публікацыі маладых аўтараў, а таксама друкуе свае кароткія адказы на дасланыя літаратурныя творы, у якіх дае пачынаючым паэтам і празаікам першыя ўрокі літаратурнай творчасці. Творчая актыўнасць Чорнага ў 20-я гады ўражвае.

У адным 1926 г. выходзіць адразу тры зборнікі яго апавяданняў: «Па дарозе», «Пачуцці», «Хвоі гавораць». У наступным 1927 г. пачынае друкавацца яго першы раман «Сястра», а ў 1928 выходзіць асобным выданнем яшчэ адзін раман Чорнага «Зямля». Амаль кожны год у празаіка публікуюцца новыя аб'ёмістыя творы: урыўкі з рамана «Вецер і пыл» (1927–1929), аповесць «Лявон Бушмар» (1929), «Вясна» (1930), першая частка рамана «Ідзі, ідзі» (1930), невялікая п'еса «Лета» (1932). З мая 1926 г. Кузьма Чорны з'яўляецца старшынёй літаратурнага аб'яднання «Узвышша» і адначасова галоўным рэдактарам аднайменнага часопіса, застаючыся на гэтых пасадах ажно да самага скасавання арганізацыі ў 1932 г., калі партыя сваёй спецыяльнай пастановай ліквідавала ўсе існуючыя літаратурныя арганізацыі з мэтаю стварыць Саюз савецкіх пісьменікаў. Чорны вельмі перажываў гэту ломку — мастацкая творчасць вымагае далікатных да сябе адносін і свабоды слова, думкі, друку. Але пасля падзей 1930 г., калі ў адно імгненне былі гвалтоўна адлучаны ад творчай працы многія беларускія пісьменнікі, а сярод іх і самыя блізкія яго сябры, аднадумцы, удзельнікі аб'яднання «Узвышша» Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Андрэй Мрый, Адам Бабарэка, марыць пра свабоду творчасці не выпадала. Застаўшыся хутчэй выпадкова на волі, пісьменніку давялося тэрмінова пераглядаць усе свае вялікія творчыя задумы і планы. Ён раптоўна абрывае працу над раманам «Ідзі, ідзі», задуманым ім як трылогія, але прычына гэтага менш за ўсё творчая: працавітасць яго была шырока вядомая. У гэтым творы Чорны ўздымаў праблему шляхоў беларускай нацыі ў новы час — у першай частцы героі твора горача спрачаюцца па нацыянальнаму пытанню, а гэта ў пачатку 30-х гадоў зрабіць ужо было немагчыма, калі, вядома, не ствараць цалкам свядома шаржыраваныя, фельетонныя вобразы дзеячаў нацыянальна-дэмакратычнага руху, на што Чорны не мог пайсці. Пісьменнік гучна аб'явіў у гэты час у друку аб сваім намеры пісаць «у мастацкіх вобразах гісторыю беларускага народа за часы ад знішчэння паншчыны і да нашых дзён». У выніку з'явіліся раманы «Бацькаўшчына» (1931), «Трыццаць год» (няскончаны, 1934), «Трэцяе пакаленне» (1935), аповесць «Люба Лук'янская» (1937), п'есы «Бацькаўшчына» (некалькі варыянтаў, 1932–1939), «Ірынка» (1940). У 30-я гады Чорны актыўна ўдзельнічаў у літаратурным жыцці Беларусі, быў адным з арганізатараў Саюза пісьменнікаў. З 1934 г. ён кіраваў Кабінетам маладога аўтара пры СП БССР, дапамагаў авалодваць азамі мастацкай творчасці, аб чым сведчаць артыкулы гэтага часу. Пісьменнік рабіў спробы падключыцца да заклікаў, якія чуліся з усіх бакоў, аб неабходнасці пісаць «гісторыю сучаснасці» і выдаў зборнік «Брыгадзіравы апавяданні» (1932), але адразу адчуў штучнасць гэтай задумы. Вялікі «хапун» канца 30-х гадоў яго не абмінуў: 14 кастрычніка 1938 г. Чорны быў арыштаваны. 8 чэрвеня наступнага 1939 г. Чорнага нечакана выпусцілі з турмы: гэта быў час, калі «яжоўшчына» змянялася на «берыеўшчыну» і новае кіраўніцтва НКУС рабіла выгляд абнаўлення палітыкі, выпусціўшы на волю невялікую колькасць нявінна асуджаных людзей. У гэты час Чорны быў вельмі хворы: балела сэрца, апухалі да калень ногі. А галоўнае: ён быў глыбока ўзрушаны ўсім убачаным у сталінскіх засценках, многае зразумеў і пераасэнсаваў, пра што напісаў у апошнія месяцы жыцця ў сваім дзённіку. Адчуваючы, што сіл у яго з кожным годам меншае, празаік спяшаецца ажыццявіць задуманае. Да пачатку вайны з фашызмам ён паспеў напісаць тры раманы, п'есу «Ірынка», вялікую працу пра «Новую зямлю» Якуба Коласа. Разам з бежанцамі Чорны дайшоў да Крычава, развітаўся з сям'ёй і пайшоў у ваенкамат. 10 ліпеня 1941 г. ён уступіў у шэрагі Чырвонай Арміі, але праз некалькі дзён быў адкліканы ў Клімавічы ў групу друку. Разам з групай журналістаў зноў апынуўся ў Крычаве, затым у Магілёве, дзе стаў супрацоўнікам сатырычнай газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну». З гэтага часу ён вандраваў разам з рэдакцыяй гэтага выдання ў Гомель, Добруш, Чэбаксары, Казань. З другой паловы студзеня 1942 г. Чорны жыве ў Маскве, у гасцініцы «Якар», дзе займае цесны нумар разам з сям'ёй. На кавалак хлеба ён змушаны быў зарабляць працай у рэдакцыі часопіса «Беларусь», пішучы і друкуючы ледзь не штодня па артыкулу, вельмі часта пад псеўданімамі: Ігнат Булава з-пад Турава, Раман Талапіла, Арцём Чамярыца, Сымон Чарпакевіч, Максім Алешнік. Сатырычныя фельетоны Чорнага выйшлі асобнай кніжкай «Кат у белай манішцы» (1942). У гады вайны ён здзейсніў сапраўды пісьменніцкі подзвіг, напісаўшы раманы «Пошукі будучыні» (1943), «Млечны шлях» (1944), «Вялікі дзень» (1941–1944), аповесці «Скіп'ёўскі лес» (няскончаная, 1944), «Сумліцкая хроніка» (няскончаная, 1941–1944). Зборнік апавяданняў «Вялікае сэрца» быў апублікаваны ўжо пасля смерці пісьменніка — у 1945 г. Неўзабаве пасля вызвалення Мінска ён прыязджае на Радзіму, а праз два месяцы, 22 лістапада 1944 г., памірае. Пахаваны К. Чорны на Вайсковых могілках. У архіве пісьменніка застаўся дзённік і звыш дзесятка пачатых новых вялікіх твораў, сярод іх раманы і аповесці «Смага», «Лявончыкава Ліда і якубаўскі карчмар Сымон Біруля», «Сыны Хведара Нявады», «Алеся», «Захар Пагуда», «Рэшткі вялікай сялібы» і інш.

Пачынаўся Чорны-празаік, як і многія іншыя пісьменнікі, з апавяданняў. Раннія апавяданні яго — тыповыя для творчасці «маладнякоўцаў» замалёўкі, эцюды, імпрэсіі, своеасаблівыя «вершы ў прозе». Выбар героя ў іх зроблены адразу і без сумненняў — гэта мужык-беларус, бядняк, які ўвесь век марыў аб вольнай працы на ўласнай зямлі. У новы час, калі яму здалося, што мара яго блізкая да ажыццяўлення, гэты герой стаіць «на варце» сваіх інтарэсаў. Менавіта так прачытваецца сэнс першых апавяданняў празаіка «На граніцы» і «На варце» (1923). На мяжы двух светаў адчувае сябе чорнаўскі герой: мінулага і будучыні. Мінулае ў яго свядомасці звязана з жыццём яго братоў-беларусаў, што засталіся пасля падзелу Беларусі паміж Саветамі і Польшчай за «граніцай» (мяжа, якая рэзала жывое цела краіны на дзве часткі, праходзіла побліз ад родных мясцін празаіка). Ён вартуе свет, дзе адбываецца вялікае абнаўленне жыцця: «Мы жывём у цікавы час. Час росквіту думкі, новага жыцця. Час новых людзей» (I, 32). Аўтар разам з героем перакананы ў праўдзе новага часу, а яго настрой выказваецца ў захапленні светам. Перад маладым пакаленнем адкрыліся далягляды «людской маладой жыццёвай радасці», і празаік Чорны спяшае выказаць гэты небывалы энтузіязм чалавека пры дапамозе рытмізаванай прозы, дзе ўсё — дынаміка апавядання, музычнасць фразы, эмацыянальна-экспрэсіўная насычанасць слова, імпрэсіянізм малюнка — падпарадкавана гэтай задачы. Прыўзняты паэтычны настрой выяўлены ў апавяданнях «Будзем жыць», «На беразе», «Жалезны крык», «Максімка», «Быльнікавы межы» (усе — 1924), «Новыя людзі», «Бяздонне» (абодва — 1925). Некаторыя апавяданні вонкава нагадваюць верлібр — свабодны верш («Восень і радасць, «Срэбра жыцця», абодва — 1925). Аднак у кожным чорнаўскім творы за пачуццём бязмежнага захаплення жыццём адчуваецца прысутнасць вялікай думкі аб чалавеку, які жыве надзеяй на змены.