Смекни!
smekni.com

Вядучыя напрамкі і плыні ў еўрапейскай і сусветнай літаратуры ХVІ–ХХ ст. (стр. 5 из 8)

Як зазначае А. Гурэвіч, «своеасаблівае выражэнне рамантызм знайшоў таксама ў некаторых літаратурах краін Азіі – Індыі, Кітаі, Японіі. У краінах Лацінскай Амерыкі, што вызваліліся ад каланіяльнага іга Іспаніі, рамантызм з’явіўся першай мастацкай плынню, якая выразіла нацыянальную ідэю. Узнікшы на стагоддзе пазней еўрапейскага, ён стаў носьбітам ідэй нацыянальнага вызвалення ў арабскіх літаратурах і інш.». Дарэчы, апошняе поўнасцю стасуецца і да беларускай літаратуры, толькі, на нашую думку, больш правамоцна ў дадзеным выпадку весці гаворку аб рамантычных рысах ў беларускай, шэрагу арабскіх і некат. інш. літаратурах свету ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. з улікам вылучаемых сучасным літаратуразнаўствам у развіцці сусветнай літаратуры гэтага часу г. зв. «неарамантычных» тэндэнцый. Сутнасць неарамантызму ў тым, што «ён не толькі генетычна і тыпалагічна бярэ пачатак ад рамантызму, але і непасрэдна з ім звязаны, працягвае яго, прычым як у праблемна-тэматычным, так і ў выяўленча-стылёвым планах. Непрыманне рэчаіснасці; моцная асоба, духоўна неўтаймоўная і часта адзінокая, што кіруецца ў сваёй дзейнасці альтруістычнымі ідэаламі; вастрыня этычнай праблематыкі; максімалізм і рамантызацыя пачуцця, страсці; напружанасць фабульных сітуацый; прыярытэт экспрэсіўнага пачатку над апісальным, эмацыянальнага – над рацыянальным; актыўны зварот да падзей мінулага, легенд і паданняў, фантастыкі, гратэску, экзотыкі, культываванне авантурна-прыгодніцкіх і дэтэктыўных сюжэтаў; і г. д. – характэрныя рысы неарамантызму, што дасягнуў росквіту ў 90-я гг. XIX ст.». Разам з тым, зазначае Е. Лявонава, «многае і адрознівала неарамантызм ад рамантызму; напрыклад, нашмат часцей пісьменнікі-неарамантыкі змяшчаюць сваіх персанажаў не ва ўмоўна-прыдуманы асяродак (як гэта рабілі рамантыкі), а ў амаль ці цалкам рэальны, толькі пры гэтым яны змушаюць героя, а разам з ім і чытача, адкрываць у звыклым, будзённым нечаканае і незвычайнае, карцінамі напружана-яркіх падзей процістаяць прозе існавання, «цвілі жыцця» (Гюстаў Флабэр). Героі неарамантыкаў – гэта найчасцей не тытаны і не казачна-міфічныя істоты, а персанажы, спароджаныя канкрэтнай рэчаіснасцю, толькі сапраўды шчодра надзеленыя моцай духу і высокімі памкненнямі. Іх барацьба набывае не столькі сусветна-метафізічны, колькі канкрэтна-сацыяльны або грамадска-палітычны характар».культура літаратура барока рэалізм

Найбольш моцна неарамантычныя тэндэнцыі выявіліся ў творчасці Р. Стывенсана, Р. Кіплінга, Дж. Конрада, А. Конан Дойла, Г. Хагарта, Л. Войніч (Англія), Г. Гаўптмана (Германія), Г. Ібсана, К. Гамсуна (Нарвегія), Дж. Лондана (ЗША), Ф. Гарсія Лоркі (Іспанія), С. Пшыбышэўскага (Польшча), ранняга М. Горкага, Л. Андрэева, М. Гумілёва, К. Бальмонта (Расія).

Рамантызм у беларускай літаратуры ў эпоху яго развіцця ў Еўропе зарадзіўся пад уздзеяннем польскіх рамантыкаў – ураджэнцаў Беларусі. Рамантычныя рысы ў цеснай пераплеценасці з рэалістычнымі, сентыменталісцкімі і нават класіцыстычнымі прысутнічаюць у творчасці Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, А. Рыпінскага, У. Сыракомлі, В. Каратынскага. Адзнакі рамантычнай паэтыкі (фальклорная сімволіка, павер’і, прыкметы) прысутнічаюць і ў вершы П. Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы…». Адзін з самых буйных беларускіх пісьменнікаў ХІХ ст. В. Дунін-Марцінкевіч «вырас на польскай рамантычнай літаратуры і беларускім фальклоры. Ён падводзіў вобраз мастака пад канон рамантычнага нявольніка мар («З-над Іслачы...»), адвольна трактаваў жанры, уводзіў (лібрэта оперы «Ідылія») сатырычныя антыпрыгонніцкія матывы, каб парушыць ідылічнасць настрою, каханню надаваў моц эліксіру, які лечыць героя ад франкаманіі; у вершаванай аповесці «Гапон» чаргаваў кантрастныя малюнкі: вечарынка – карчомная бойка, гратэскавыя сцэны рэкруцкага набору – вясельны абрад, які ўвасабляе вернасць героя бацькоўскім традыцыям. У вершаваных быліцах ідэалізаваў даўніну, у п’есе «Залёты» развенчваў нуворыша Сабковіча (рамантычная рэакцыя на бездухоўнасць буржуазнай цывілізацыі)». Можна таксама весці гаворку аб некаторых, няхай сабе і нязначных, але ўсё-такі рысах рамантычнай эстэтыкі і паэтыкі ў творчасці Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча.

У беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. моцны рамантычны струмень адчуваецца перш за ўсё ў паэзіі Я. Купалы. Рамантычныя рысы таксама даюць аб сабе досыць моцна знаць у творчасці Цёткі, З. Бядулі, К. Каганца, М. Багдановіча, М. Гарэцкага, Л. Родзевіча і нават Я. Коласа (напрыклад, выкарыстанне рамантычных прыёмаў у абмалёўцы вобраза паэта ў паэме «Сымон-музыка», у перадачы духоўнага жыцця персанажаў у «Казках жыцця», у адлюстраванні экзотыкі глухамані ў аповесцях «У палескай глушы» і «У глыбі Палесся»). Наогул жа практычна ўсе беларускія пісьменнікі пачатку ХХ ст. так ці інакш адчулі на сабе ўплыў рамантызму (неарамантызму), прычым, як правіла, станоўчы, дабратворны.

1920-я гг. у беларускай літаратуры таксама пазначаны пэўным культываваннем прыёмаў і прынцыпаў рамантычнага пісьма. Гэта датычыцца ў першую чаргу творчасці маладнякоўцаў (М. Чарот, М. Зарэцкі, У. Дубоўка, Я. Пушча, П. Трус і інш.). У гэтае ж дзесяцігоддзе, а таксама ў наступнае рамантычныя тэндэнцыі даволі моцна выяўляюцца ў паэтычнай творчасці многіх заходнебеларускіх пісьменнікаў (У. Жылкі, Л. Родзевіча, В. Таўлая, М. Танка, М. Васілька, А. Салагуба, А. Іверса і інш.).

У беларускай літаратуры другой паловы ХХ ст. імкненне да выкарыстання сродкаў рамантычнага пісьма адчувальнае ў творчасці Я. Брыля, В. Быкава, М. Стральцова, В. Адамчыка, А. Карпюка, Я. Сіпакова, А. Жука і, канешне ж, У. Караткевіча, рамантычная паэзія, проза і драматургія якога атрымала самае шырокае прызнанне ў сучаснага чытача.

еўрапейскый сусветный мастацкый літаратура

1.5 Рэалізм

1.5.1 Агульнае паняцце аб рэалізме. Шляхі станаўлення і развіцця рэалізму ў сусветнай літаратуры

Рэалізм (ад лац. realis – рэчыўны, сапраўдны) – літаратурна-мастацкі метад, выкарыстоўваючы які, мастак адлюстроўвае жыццё ў вобразах, што максімальна набліжаны да рэчаіснасці, з’яўляюцца адэкватнымі ёй.

Тэрмін «рэалізм» пачаў ужывацца ў крытыцы і літаратуразнаўстве з сярэдзіны ХІХ ст. У Расіі ўпершыню ён быў выкарыстаны П. Аненкавым у 1849 г., але без разгорнутага тэарэтычнага абгрунтавання. У Заходняй Еўропе французскія пісьменнікі Л. Дзюранці і Шанфлеры, спрабуючы асэнсаваць вопыт пісьменніка А. Бальзака і жывапісца Г. Курбэ, вызначылі іх мастацтва як «рэалістычнае». «Рэалізм» – назва часопіса, які выдаваў Л. Дзюранці ў 1856–1857 гг. Гэтак жа імянаваўся і зборнік артыкулаў Шанфлеры (1857). Вядома, што тагачаснае змястоўнае напаўненне тэрміна «рэалізм» не зусім адпавядала яго сённяшняму значэнню.

Перад тым, як распачаць грунтоўную гаворку пра рэалізм, вызначальны творчы метад і стыль еўрапейскай і ўсёй сусветнай літаратуры апошніх двух стагоддзяў, зробім некаторыя тэрміналагічныя і храналагічныя заўвагі і ўдакладненні.

Пачнём з таго, што слова «рэалізм» ужываецца ў сучасным айчынным літаратуразнаўстве ў двух значэннях.

У шырокім сэнсе катэгорыя рэалізму служыць для вызначэння ступені адпаведнасці таго, што адлюстроўваецца ў літаратурна-мастацкіх творах, рэчаіснасці, прычым адпаведнасці не павярхоўнай, а глыбіннай, сутнаснай. У гэтым сэнсе паняцце рэалізму раўназначна паняццю жыццёвай праўды і прымяняецца ў дачыненні да самых шмастайных і розначасавых з’яў літаратуры. Так, напрыклад, гаворачы аб рэалістычнасці Гамера і Дантэ, У. Шэкспіра і Л. Талстога, маюць на ўвазе тое, што для іх твораў з’яўляецца характэрнай глыбокая жыццёвасць і праўдзівасць. Разуменне рэалізму як адлюстраванай у творы праўды жыцця мае, такім чынам, агульнаэстэтычнае значэнне.

У другім і больш вузкім сэнсе тэрмін «рэалізм» абазначае метад, стыль, напрамак, які ў адносна завершаным выглядзе аформіўся ў еўрапейскай літаратуры к 30-м гг. XІX ст. і заняў у ёй цэнтральнае месца.

Наогул жа ў поглядах на рэалізм, а дакладней, на час яго першапачатковага сістэмнага выяўлення ў якасці паўнацэннага і самастойнага літаратурна-мастацкага метаду і стылю няма адзінай думкі. Шэраг даследчыкаў мяркуе, што рэалістычныя прынцыпы мастацкага адлюстравання і асэнсавання жыцця ўзнікаюць яшчэ ў старажытныя часы і праходзяць затым у сваім развіцці некалькі гістарычных этапаў. На гэтай падстве вылучаюць «антычны рэалізм», «рэалізм Адраджэння», «асветніцкі рэалізм», «рэалізм XIX ст.» і, урэшце, «рэалізм XX ст». Частка вучоных звязвае пачатак рэалізму толькі з эпохай Адраджэння. Трэція вядуць адлік ад XVIII ст., калі сфарміраваліся жанры сацыяльна-бытавога і сямейна-бытавога раманаў. Самым жа шырокаўжывальным з’яўляецца ўжо прыведзены намі вышэй пункт гледжання, згодна з якім рэалізм як самастойны і паўнацэнны літаратурны напрамак на аснове адпаведнага метаду і стылю сфарміраваўся к 30-м гадам XIX ст., калі ў еўрапейскіх літаратурах прынцып праўдзівага і ўсебаковага адлюстравання свету ўсталяваўся з найбольшай паўнатой, у найбольш развітых сацыяльна-аналітычных формах. Да гэтага (у антычнасці, пасля ў эпоху Адраджэння, а затым у асветніцкія часы) мелі месца толькі асобныя, хоць і моцныя, але ж усё-такі спарадычныя і фрагментарныя праявы рэалізму.

Непасрэдным папярэднікам рэалізму ў еўрапейскай літаратуры з’явіўся рамантызм канца XVIII – пачатку XIX стст. Зрабіўшы прадметам свайго адлюстравання незвычайнае, ствараючы асаблівы свет уяўных абставін і выключных страсцей, ён, г. зн. рамантызм, адначасова паказаў асобу больш багатую ў душэўных, эмацыянальных адносінах, больш складаную і супярэчлівую, чым гэта было ў барока, класіцызме і сентыменталізме. Таму рэалізм на першапачатковым этапе развіваўся не як антаганіст рамантызму, а як яго саюзнік у барацьбе супраць ідэалізацыі грамадскіх адносін, нацыянальнай і гістарычнай безаблічнасці мастацкіх вобразаў (успомнім «каларыт месца і часу» як адзін з эстэтычных прынцыпаў рамантызму). Па гэтай прычыне паміж рамантызмам і рэалізмам першай трэці XIX ст. іншы раз даволі цяжка правесці дакладныя межы (у якасці прыкладаў нагадаем «Шагрэневую скуру» А. Бальзака, «Пармскі манастыр» Стэндаля, раманы В. Гюго). Разам з тым тыпова рамантычныя матывы ўсё больш выразна трансфармуюцца ў рэалістычныя, знаходзяць грунт, апору ў сацыяльным даследаванні («Чырвонае і чорнае» Стэндаля, «Герой нашага часу» М. Лермантава, шэраг інш. твораў сусветнай класікі).