Смекни!
smekni.com

Вядучыя напрамкі і плыні ў еўрапейскай і сусветнай літаратуры ХVІ–ХХ ст. (стр. 6 из 8)

Новы этап у развіцці еўрапейскага рэалізму, адзначаны прынцыповым разрывам з рамантычнай традыцыяй, пачынаецца ў сярэдзіне XIX ст. (найбольш яскравыя прыклады – творчасць Г. Флабера і У. Тэкерэя). У Расіі, дзе асновы рэалізму былі закладзены яшчэ ў 1920–1930-х гг. творчасцю А. Пушкіна («Яўген Анегін», «Капітанская дачка», «Барыс Гадуноў», позняя лірыка), а таксама некат. інш. пісьменнікаў (п’еса «Гора ад розуму» А. Грыбаедава, байкі І. Крылова), гэты этап звязаны з імёнамі І. Ганчарова, І. Тургенева, М. Някрасава, А. Астроўскага і шэрагу інш. аўтараў.

Рэалізм XIX ст. прынята называць у айчынным літаратуразнаўстве крытычным рэалізмам. Дадзены тэрмін прымяніў упершыню М. Горкі, ўжыўшы яго з мэтай падкрэслівання антысаслоўнай накіраванасці большасці твораў сусветнай рэалістычнай класікі і адпаведнага крытычнага пафасу ў іх. У гэтым сэнсе тэрмін амаль што поўнасцю адпавядае свайму прызначэнню, паколькі рэалізм і сапраўды паказвае пэўную неадпаведнасць тагачаснага грамадскага ладу нормам чалавечнасці, гуманістычнай маралі, крытычна аналізуючы і асэнсоўваючы ўсю сістэму грамадскіх адносін. Разам з тым тэрмін «крытычны рэалізм» крыху аднабаковы і адналінейны. У сувязі з гэтым яго нельга разумець літаральна, бо рэалізм ХІХ ст. зусім не пазбаўлены сцвярджальнага пачатку. Нават наадварот, пафас сцвярджэння на аснове крытычнага адмаўлення характарызуе практычна ўсю вялікую сусветную рэалістычную літаратуру. Ён даволі яскрава выражаны не толькі ў пазіцыі аўтара, але і ў вобразах герояў, надзеленых маральнай стойкасцю і здольных у вышэйшыя моманты жыцця ўзняцца над уласным эгаізмам. Паказваючы істотнае, а то і поўнае здрабненне асобы ў буржуазным грамадстве, літаратура рэалізму адлюстравала разам з тым і супраціўленне разлагаючаму ўздзеянню гэтага грамадства на чалавека, увасобіла высокія маральныя каштоўнасці, імкненне да сацыяльнай справядлівасці. Абазначэнне рэалізму ХІХ ст. як «крытычнага рэалізму» не зусім дакладнае і ў тых адносінах, што, робячы акцэнт на канкрэтна-гістарычнай значнасці твора, яго сувязі з сацыяльнымі задачамі моманту, яно пакідае па-за ўвагай філасофскі змест і агульначалавечае значэнне шэдэўраў рэалістычнага мастацтва.

ХІХ ст. выявіла ўсе асноўныя эстэтычныя прынцыпы і тыпалагічныя ўласцівасці рэалізму. Вернасць рэчаіснасці, сапраўднасці становіцца вядучым крытэрыем мастацкасці твораў. Адлюстраванне свету поўнасцю губляе абстрактна-умоўны, адцягнена-алегарычны характар, адначасова падымаючыся і над натуралістычнай дэталізацыяй. Яно нярэдка набывае такую ступень жыццёвасці, што аб літаратурных героях гавораць як аб жывых людзях.

Развітым формам рэалізму ўласціва, як правіла, імкненне да непасрэднай дакладнасці адлюстравання, да мастацкага ўзнаўлення жыцця ў формах самога жыцця. Гэта, аднак, не значыць, што названыя прыкметы ёсць усеагульныя і абавязковыя. Для рэалізму з’яўляецца характэрнай якраз вялікая шматстайнасць мастацкіх форм; ён прымае самае разнастайнае аблічча не толькі ў літаратуры розных краін, але часам і ў творчасці аднаго і таго ж пісьменніка. Валодаючы ў цэлым імкненнем да жыццепадобнасці вобразаў і сітуацый, рэалізм нават у самых спелых, развітых формах не адказваецца ад іншых, скажам так, нерэалістычных спосабаў мастацкага выражэння – міфа, сімвала, гратэску, алегорыі, якія, аднак, падначалены рэалістычным прынцыпам творчасці, пазнанню душы чалавека, адлюстраванню яе шматстайных сувязей з грамадствам.

Рэалістычная тыпізацыя вызначаецца падрабязнымі і дакладнымі апісаннямі асоб з абавязковай псіхалагічнай матывіроўкай іх дзеянняў і ўчынкаў, абмалёўкай прадметнага свету, адлюстраваннем канкрэтнага і рэальнага месца дзеяння, апісаннем гістарычных і часавых рэалій, дакладным узнаўленнем асаблівасцей побыту, нораваў і мовы жыхароў пэўнай мясцовасці, прадстаўнікоў таго альбо іншага сацыяльнага асяроддзя. Усё гэта садзейнічае стварэнню жывога вобраза рэальнасці, параджаючы адчуванне «раўназначнасці» паміж адлюстраваным у творы і рэчаіснасцю. Для развітых форм рэалізму з’яўляецца паказальнай злітнасць агульнага, тыповага і індывідуальнага, непаўторна-асабовага: жыццёвая сіла і пераканальнасць рэалістычнага характару знаходзяцца ў прамой залежнасці ад ступені індывідуалізацыі, дасягнутай мастаком.

У апошнія дзесяцігоддзі XIX ст. лёс рэалізму вызначаецца складаным узаемадзеяннем супрацьлеглых грамадскіх і культурных тэндэнцый. Мастацкае засваенне свету ў літаратуры рэалізму распаўсюджваецца на ўсё новыя і новыя сферы грамадскага і асабістага жыцця. У сусветную літаратуру ўключаюцца новыя нацыянальныя літаратуры, якія ў большасці сваёй менавіта на аснове рэалізму прыходзяць да мастацкіх дасягненняў, атрымаўшых міжнародны рэзананс. Пачаўшыся з рамана і аповесці, развіццё рэалізму распаўсюджваецца на іншыя віды і жанры, а таксама роды літаратуры. Так, напрыклад, адным з буйнейшых наватараў рэалізму ў паэзіі з’явіўся амерыканец У. Уітмэн, які зрабіў здабыткам філасофскі маштабнай лірыкі шырокую сферу паўсядзённай чалавечай практыкі. Класік бельгійскай літаратуры Ш. дэ Кастэр стварыў узор рэалістычнага гістарычнага рамана, які ўключаў у сябе яшчэ і нацыянальна-легендарны гераічны элемент. П’есы Г. Ібсана, адлюстраваўшы своеасаблівасць нарвежскага жыццёвага ўкладу, разам з тым востра і трывожна паставілі вялікія сацыяльна-маральныя пытанні эпохі. Паспяхова разгортваецца рэалізм у еўрапейскіх славянскіх літаратурах (І. Вазаў, Б. Прус, Я. Нэруда, Б. Нушыч), а таксама ў шэрагу літаратур народаў, што насялялі тагачасную Расію (І. Франко, М. Кацюбінскі, Ф. Багушэвіч, Жэмайтэ, І. Чаўчавадзе і інш). У канцы XIX – пачатку XX стст. рэалістычны накірунак замацоўваецца і ў найбольш развітых літаратурах Усходу – японскай (Ф. Сімэй), індыйскай (Р. Тагор), кітайскай (Лу Сінь). Заўважым, што ў кожнай краіне рэалізм набываў індывідуальна-своеасаблівыя формы.

ХІХ ст. можна ўмоўна імянаваць першым і наогул класічным этапам у развіцці рэалізму.

Другі этап рэалізму ў літаратуры ў межах самастойнага і паўнацэннага накірунку пачынаецца з ХХ ст. Адназначна, што ён больш складаны ў параўнанні з першым, таму што ў гэты перыяд на авансцэну літаратурна-мастацкага жыцця ў Еўропе і наогул у свеце выходзіць мадэрнізм. У выніку судакранання гэтых двух метадаў адбываюцца істотныя змены ў выяўленчай сістэме рэалістычнага мастацтва. «Прынцып імітацыі, узнаўлення, адлюстравання жыцця ў мастацкіх формах, адпаведных самому жыццю, выкарыстоўваецца многімі пісьменнікамі і цяпер, аднак ва ўсё большай меры ён суправаджаецца ці нават выцясняецца міфам і сімвалам, замест канкрэтных вобразаў аўтары ўсё часцей звяртаюцца да абагульнена-сімвалічных, замест падрабязна, дакладна акрэсленых абставін і характараў выкарыстоўваюць умоўна-фантастычныя, алегарычныя, гратэскавыя. Літаратурныя творы ўсё часцей набываюць характар прыпавесці, прытчы. Іншымі становяцца і спосабы сюжэтапабудовы: напластоўваюцца, узаемапранікаюць мінулае, сучаснае і будучае, падзеі лучацца самымі рознымі сродкамі – ад мантажу да нязмушана-асацыятыўнага расповеду. Надзвычай паглыбляецца псіхалагізм рэалістычнага мастацкага слова, пісьменнікі ўключаюць у сферу свайго спасціжэння не толькі свядомасць, але і падсвядомасць чалавека. На другі план адсоўваецца сацыяльна-побытны пачатак, асноўная ж увага скіроўваецца на душэўна-духоўнае, унутрана-асобаснае жыццё персанажа».

Перажывае пэўную трансфармацыю жанравая сістэма. Так, поруч з вялікімі, маштабнымі, манументальнымі літаратурнымі палотнамі, што ахопліваюць значныя адрэзкі часу і ўвасабляюцца ў раманах ці раманах-эпапеях, з’яўляюцца творы невялікія і камерныя. Востра стаіць праблема жанравай дэфініцыі твораў: вельмі часта ў іх прысутнічаюць розныя жанравыя рысы і прыкметы. Наогул жанравая неакрэсленасць – адна з галоўных адзнак рэалістычнай літаратуры ХХ ст.

Істотна пашыраецца тэматычны дыяпазон рэалістычнай літаратуры, хоць раней, заўважым, ён таксама быў не бедным. Інтэнсіўна распрацоўваюцца гістарычны, навукова-фантастычны, сацыяльна-псіхалагічны, палітычны, філасофскі (інтэлектуальны) пласты мастацкай праблематыкі. Зараджаецца такі цікавы і своеасаблівы жанр, як антыутопія.

Атрад пісьменнікаў-рэалістаў ХХ ст. даволі вялікі і прадстаўнічы. У яго складзе К. Абэ, Ч. Айтматаў, А. Барбюс, Г. Бёль, Р. Брэдберы, М. Булгакаў, І. Бунін, В. Быкаў, К. Вонегут, Дж. Галсуорсі, Г. Грын, С. Лем, Т. Ман, Г.-Г. Маркес, Дж. Олдрыдж, Р. Ралан, Э.-М. Рэмарк, А. Салжаніцын, А. дэ Сент-Экзюперы, У. Фолкнер, А. Франс, О. Хакслі, Э. Хэмінгуэй, А. Цвейг, К. Чапек, М. Шолахаў і цэлы шэраг інш. аўтараў, творы якіх стала прапісаліся ў чытацкай аўдыторыі і ўвайшлі ў скарбонку шэдэўраў сусветнага прыгожага пісьменства.

1.5.2 Рэалізм у беларускай літаратуры

Рэалістычныя тэндэнцыі ў беларускай літаратуры ўпершыню далі аб сабе моцна знаць яшчэ ў пачатку XVI ст. у паэме М. Гусоўскага «Песня пра зубра». Затым яны ў той альбо іншай ступені выяўляліся ў палемічнай літаратуры канца XVI – пачатку XVII стст., у беларускіх інтэрмедыях, у «Камедыі» К. Марашэўскага, у бурлескных паэмах «Два д’яблы», «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе». Парэформенная творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча пазначана істотным развіццём і ўзмацненнем рэалістычнага пачатку ў нашай літаратуры.