У беларускай літаратуры футурызм не аформіўся (ды і наўрад ці змог бы аформіцца) у самастойную плынь. Аднак яго асобныя тэндэнцыі ў пэўнай ступені паўплывалі на творчасць П. Шукайлы, Я. Відука, Я. Скрыгана. Большасць жа беларускіх літаратараў даволі крытычна ставілася да футурызму, абвінавачваючы яго ў падмене мастацтва рамесніцтвам.
1.6 Дадаізм
Дадаізм (франц. dada – конік, драўляная палачка, у пераносным сэнсе – нешта няскладнае, дзіцячы лепет) узнік у Швейцарыі ў 1916 г. і ўвайшоў у гісторыю культуры, літаратуры і мастацтва як адна з самых разбуральных плыней. Яго стваральнікамі сталі ў асноўным маладыя пісьменнікі, мастакі, якія збеглі са сваіх ваюючых краін у нейтральную Швейцарыю. Менавіта тут, у Цюрыху, і была заснавана літаратурная група «Дада», у якую ўвайшлі немцы Х. Баль, Р. Хюльзэнбек, Г. Арп і інш. Кіраўніком групы стаў француз румынскага паходжання, паэт і эсэіст Т. Тцара.
Дадаісты ўспрымалі рэчаіснасць як царства хаосу і абсурду, таму рэальнымі, на думку прыхільнікаў дадзенай літаратурна-мастацкай канцэпцыі, могуць быць толькі гукі ў іх шматстайных спалучэннях, бясконцыя паўторы фраз і слоў, якія пазбаўлены ўсякага сэнсу і логікі. На аснове дадзеных тэарэтычных пастулатаў дадаісты стварылі «вершы без слоў», «гукавыя паэмы» і г. д. «Такога татальнага непрымання рэчаіснасці,– піша Е. Лявонава,– непрызнання якой бы то ні было традыцыі, рэалістычнай ці нерэалістычнай, такога культывавання абсурду, імкнення разбурыць усё, што ўжо ўсталявалася, мастацтва яшчэ не ведала. У той жа час,– зазначае даследчыца,– расцэньваць дадаізм толькі як выклік таксама было б несправядліва, асабліва напачатку руху. Пры ўсёй няпэўнасці, расплывістасці мэтаў і задач сярод апошніх адна асабліва вабіла дадаістаў: стварэнне новай літаратурнай мовы, з самага пачатку, са слова. Дзеля гэтага трэба было, на думку дадаістаў, адмовіцца ад мовы агульнапрынятай, «сцёртай» ад доўгага выкарыстання, ад усіх літаратурных нормаў».
Большасць рысаў і прыкмет творчасці прыхільнікаў новай плыні былі акрэслены ў калектыўным «Дадаісцкім маніфесце 1918 года». Гэта «бруіцкі» або «шумавы верш», «сімультанны верш», «сумбурныя перазовы ўсяго на свеце», а таксама іншыя прыёмы, прызначаныя перадаваць жыццё з усёй яго жорсткасцю, гвалтам, напружанасцю, усяісным адмаўленнем.
Пэўным чынам апаціравалі публіку і тэатралізаваныя прадстаўленні, на якіх дадаісты дэкламавалі свае «фанетычныя паэмы»: словы, склады ці нават толькі гукі падбіраліся тут і ставіліся побач не па сэнсу, а па гукавой афарбоўцы. Карысталіся дадаісты і такімі метадамі «напісання» твораў, як калаж; наклейванне на паперу розных выразак з газет ці часопісаў; калектыўнае пісьмо, пры якім у якасці абавязковай умовы было тое, што кожны наступны аўтар не павінен быў ведаць напісанае папярэднікам; і г. д.
У 1918 г. намаганнямі Р. Хюльзэнбека і шэрагу яго аднадумцаў была створана берлінская група дадаістаў. Дзейнасць гэтай групы адносіцца ўжо да першых пасляваенных гадоў, калі небяспека мабілізацыі ў войска знікла і з’явілася магчымасць пакінуць Швейцарыю. Не толькі ў Германіі, але і ў Францыі дадаісты яшчэ працягвалі нейкі час (прыкладна да 1924 г.) працаваць; тут да іх далучыліся Л. Арагон, П. Элюар і шэраг інш. французскіх паэтаў.
1.7 Сюррэалізм
Сюррэалізм (франц. surréalite – звышрэалізм альбо надрэалізм) – плынь у літаратуры і мастацтве, якая аформілася ў пачатку 1920-х гг. у Францыі, а затым хутка распаўсюдзілася па многіх краінах еўрапейскага кантынента і за яго межамі, у прыватнасці, у ЗША, Мексіцы, Японіі і інш.
«Вытокі сюррэалізму, па сведчанню яго стваральнікаў, бяруць свой пачатак яшчэ ў рамантызме, але асабліва цеснай была яго сувязь з сімвалізмам. Імкненне сімвалістаў стварыць сваю рэальнасць, іх пошукі свету ідэальнага, незямнога з дапамогай намёкаў, сімвалаў – усё гэта было блізкім новай плыні. Эксперыменты сімвалістаў у галіне мовы, іх спробы зрабіць слова нейкім знакам, што намякае на схаваную тайну, адарваць слова ад кантэксту – гэтыя і многія іншыя прыёмы будуць падхоплены і развіты сюррэалістамі. У той жа час рэальнасць у сюррэалістаў носіць адкрыта натуралістычны характар. Інтуітывізм і натуралізм у сюррэалістаў спалучыліся самым фантастычным чынам, імкнучыся падняцца і над матэрыялізмам, і над ідэалізмам».
Сам тэрмін «сюррэалізм» быў вынайдзены Г. Апалінэрам (прадмова да п’есы «Грудзі Тэрэсія», 1917), які тлумачыў яго як «вяртанне да прыроды». Тэарэтычна ж абгрунтаваў сюррэалізм прызнаны кіраўнік гэтай плыні – французскі паэт, празаік і псіхіятр А. Брэтон, былы дадаіст, які ў 1924 г. апублікаваў працу «Першы маніфест». Прычым у само паняцце «сюррэалізм» А. Брэтон і яго аднадумцы (П. Элюар, Р. Дэснос, П. Рэвердзі, С.-Ж. Перс, Ж. Както, Ф. Супо, Р. Вітрак, А. Арто і інш.) пачалі ўкладваць іншы сэнс у параўнанні з тым, што меў на ўвазе стваральнік тэрміна Г. Апалінэр (дарэчы, далёкі родзіч беларускага пісьменніка К. Каганца).
Сферай мастацтва для сюррэалістаў стала ў першую чаргу тое, што знаходзіцца па-за кантролем розуму. Яны «арыентаваліся на выяўленне падсвядомасці, паталагічных адхіленняў псіхікі, кашмарных сноў, назойлівых прывідаў, выпадковых і фантастычных асацыяцый, спалучэнне трагічнага з агідным, нізкім і смешным. У літаратуры (галоўным чынам у паэзіі) для сюррэалізму з’яўляецца характэрным «аўтаматычнае пісьмо» (запіс слоў, вобразаў і фрагментаў маўлення, якія ўзніклі ў выніку спантанных асацыяцый), адказ ад фабулы, лагічнага сюжэту, традыцыйных выяўленчых сродкаў, рыфмы, рытмікі і метра; у кінематографе і тэатральным мастацтве – выяўленне абсурднасці быцця ў гратэскавых формах, падкрэсленая рэчавасць асобных сцэн і кадраў, матэрыялізацыя метафар і гіпербал, татальнае абсмейванне грамадскага жыцця; у выяўленчым мастацтве – арыентацыя на калаж, імітацыя першабытнай творчасці, наўмыснае злучэнне метафарычнасці з элементамі натуралізму, спалучэнне рэальных, але лагічна несумяшчальных з’яў і аб’ектаў прыроды і грамадскага жыцця».
Сюррэалізм меў сваю базу ў філасофскіх тэорыях. Так, у прыватнасці, вялікі ўплыў на яго фармаванне аказалі філосафы А. Шапэнгауэр і А. Бергсан, якія лічылі неабходным спалучэнне ў мастацтве элементаў рэальнасці і алагічнай фантастыкі, а ў творчым акце велізарную ролю адводзілі інтуітыўнаму. Акрамя таго, «адчувальным было ўздзеянне на сюррэалістаў аўстрыйскага філосафа і псіхіятра З. Фрэйда з яго тэорыяй і метадам псіхааналізу. А. Брэтон, сам урач-неўрапатолаг, пазнаёміўся з вучэннем З. Фрэйда ў час першай сусветнай вайны і карыстаўся яго метадамі лячэння, а пазней з З. Фрэйдам перапісваўся. У вучэнні З. Фрэйда сюррэалістам імпанавалі ўвага да падсвядомасці, канстатацыя адсутнасці прынцыповай розніцы паміж псіхічнай нормай і паталогіяй <...>, імкненне вытлумачыць паводзіны і ўчынкі людзей як спецыфічны працяг падзей, увасобленых у сне, і інш.».
Літаратурны сюррэалізм – гэта толькі частка агульнага мастацкага сюррэалізму. Не намнога слабей, а, магчыма, яшчэ і мацней, сюррэалізм выявіўся ў жывапісе. Аб гэтым сведчыць творчасць шэрагу буйных мастакоў ХХ ст., і ў першую чаргу С. Далі, які, дарэчы, даволі часта любіў паўтараць, што сюррэалізм – гэта не толькі яго карціны, але і ён сам.
У канцы 1930-х – пачатку 1940-х гг. цэнтр сюррэалізму перамясціўся ў ЗША, куды ў сувязі з вайной у Еўропе эмігравалі А. Брэтон, І. Тангі, С. Далі і інш. мастакі. Спробы поўнасцю адрадзіць пасля заканчэння вайны сюррэалізм у Францыі былі малапаспяховымі. Тым не меней дадзены метад праіснаваў аж да самага пачатку 1960-х гг. і аказаў уплыў на такія плыні ў еўрапейскім і сусветным мастацтве сярэдзіны – другой паловы ХХ ст., як абстракцыянізм, поп-арт, «новы раман», тэатр абсурду і інш.
1.8 Экзістэнцыялізм
Экзістэнцыялізмам (ад лац. exsistentia – існаванне) імянуецца своеасаблівы філасофска-эстэтычны рух ХХ ст., які адносна моцна выявіў сябе таксама і ў мастацкай літаратуры.
Як літаратурная плынь экзістэнцыялізм пачаў фарміравацца ў французскай літаратуры ў сярэдзіне 1930-х гг. у творчасці філосафаў і пісьменнікаў Ж.-П. Сартра, А. Камю, С. дэ Бавуара. Разам з тым яго філасофскія вытокі ляжаць раней, у самым пачатку ХХ ст., у працах нямецкага філосафа К. Ясперса, датчаніна С. К’еркегора, рускіх мысліцеляў Л. Шастова і М. Бярдзяева. Падкрэслім, што менавіта ў пачатку ХХ ст. пачалося філасофскае асэнсаванне чалавечай «экзістэнцыі» і пабудова на гэтай аснове цэлай светапогляднай сістэмы. Мастацкія ж вытокі асэнсавання «экзістэнцыі» (г. зв. «экзістэнцыяльныя матывы» ў творчасці пісьменнікаў і мастакоў наогул) ляжаць вельмі-вельмі глыбока, літаральна ў самых першых кроках сталага мастацтва і праходзяць «чырвонай ніткай» праз творчасць многіх буйных пісьменнікаў. Адной з ключавых фігур у гэтым плане стаў у сусветнай літаратуры Ф. Дастаеўскі з яго цяжкімі маральна-філасофскімі пошукамі ў творчасці.
«Філасофія існавання» аперыруе такімі катэгорыямі, як «клопат», «трывога», «роспач», «адчай», «закінутасць», «адзінота», «варожасць свету», што перадаюць надзвычай складаны і супярэчлівы стан асобы ў дастаткова моцнай ступені выяўленых антыгуманістычных варунках грамадскага развіцця чалавецтва ў ХХ ст. (татальнае нівеліраванне асобы, адчужэнне яе ад грамадства; зністажальныя вынікі дзвюх сусветных войнаў; пагроза ядзернай катастрофы; шматлікія прыродныя катаклізмы,). Ды, урэшце, на думку многіх экзістэнцыялістаў, сама трагічная існасць чалавечага жыцця ў выніку непазбежнай смерці напрыканцы яго з’яўляецца нічым іншым, як абсурдам.
Назіраючы «крызіс эпохі», экзістэнцыялісты фіксуюць незваротную страту ў ёй духоўнага сэнсу і каштоўнасцей. Асноўная афарбаванасць стану быцця чалавека ў варожым яму свеце – гэта страх, пачуццё адзіноцтва, пакуты сумлення. Разам з тым экзістэнцыялісты «імкнуліся не толькі адлюстраваць і асэнсаваць сітуацыю, у якой аказаўся сучасны чалавек, але і даць яму магчымасць глянуць у твар цяжкой ісціне свету, знайсці свой асабісты шлях».