Смекни!
smekni.com

Заснавальнікі літаратурнага аб'яднання "Маладняк" (стр. 2 из 3)

«Чырванакрылы вяшчун» (1922) — паэма-фантазія, як вызначыў асаблівасці жанру яе сам аўтар, была напісана неўзабаве пасля «Босых на вогнішчы» і працягвала вобразную распрацоўку сімвалаў «полымя», «пажарышча». У аснове сюжэта і кампазіцыі паэмы — традыцыйны матыў падарожжа: палёт на аэраплане над рознымі краінамі з місіяй распаўсюджвання «вызвольнага агню рэвалюцыі» там, «дзе працоўныя ў няволі» (мастацкая ідэалізацыя вобраза «ўсясветнай камуны»).

Паэма «Ленін» (1924) у апалагетычным стылі ўслаўляла правадыра пралетарскай рэвалюцыі. «Блочная» стылістыка, эмацыянапьны экстаз, наяўнасць вобразных паэтычных супрацьпастаўленняў у рэчышчы «мінулая няволя» і шлях да «будучага шчаслівага свету», які адкрыў і па якім павёў правадыр пралетарскай рэвалюцыі, — асноўныя стылеўтваральныя рысы твора.

Паэма «Беларусь лапцюжная» (1924) вытрымана ў стылістычным ключы, блізкім да «Босых на вогнішчы», аднак у ідэйна-тэматычным плане закранае ўжо іншы гістарычны этап: збліжэнне горада і вёскі як новую фазу паслярэвалюцыйнага абнаўлення жыцця. Калектыўны вобраз «босых» у гэтай паэме трансфармаваны ў вобраз «лапцюжнікаў», а Беларусь малюецца паэтам абноўленай менавіта таму, што вясковая бедната пачынае асвойваць «дымны горад»:

— Гэй, лапцюжнікі, слухай!..

Наша вёска не будзе больш плакаць...

Па бруку гораду,

Бач, рухае,

Рухае горда

Побач з ботам лазовы лапаць!..

Кампазіцыйнае адзінства твора будуецца вакол ідэі ўсталявання новага жыцця ў былым заняпалым краі. Асобнымі фрагментамі стварае паэт эмацыянальны малюнак «абноўленай» рэчаіснасці. Ён прымае гэтае абнаўленне не толькі як грамадскую ідэю роўнасці і шчасця, але апраўдвае і прымае нават тыя жорсткія сродкі, якімі дасягаецца ў пралетарскай дзяржаве гэтае «ўсеагульнае шчасце», уключаючы нават тэрор «надзвычаек»:


Новы край... Замоўклі спевы жалю,

Лавай грознаю прайшла чырвоных раць...

I ў мяне, бач, рукі не дрыжалі

Загад пісаць: «Не наш хто — рассталяць!»

У гэтым этапным творы М. Чарот жадаў адлюстраваць той гістарычны пералом, на якім знаходзілася Беларусь, і сцвердзіць слушнасць яе новага шляху. Пераломны момант гістарычнага змагання за Беларусь ён сімвалічна ўвасабляе ў вобразах чырвонага каня з усходу (на ім едзе «працы рыцар») і белага заходняга каня, якому «надломаны капыты» і на якім «хістаецца яздок». Роля гістарычнага мінулага ў адраджэнні Беларусі і шлях яе нацыянальнага самасцвярджэння свядома аспрэчваюцца паэтам: «Беларусь болей слухаць не хоча аб Рагнедзе і Ізяславе». «Беларусі лапцюжнай слава» бачыцца паэту толькі ў сувязі з перамогай «рыцара працы» на чырвоным кані з усходу. Арыентацыі пісьменніка, такім чынам, былі відавочныя. Для параўнання: прыкладна ў гэты ж час Купалам у п'есе «Тутэйшыя» былі створаны вобразы Заходняга і Усходняга вучоных, з іх аднолькава чужымі і варожымі для Беларусі інтарэсамі.

Паэма «Марына» (1925) у адрозненне ад папярэдняй паэмы мае класічны сюжэт. У ёй ёсць цэнтральны персанаж, хоць роля яго ў творы хутчэй статычная, чым дынамічная. Апісанне гераіні, яе кахання, яе долі вытрымана ў форме фальклорнай стылізацыі з уласцівымі фальклорнай паэтыцы рэгулярнымі паўторамі («Цвіце кветкай, Цвіце і не вяне», «Пакахала сэрданькам дзяўчыны, Пакахала Марына Івана», «Паглядзеў Іванка на Марыну, Паглядзеў — ды годзе...»), спеўнымі інтанацыямі, ужываннем адмоўных паралелізмаў і эмацыянальна афарбаваных зваротаў («Не ад ветру бары гамоняць, Не ад буры заскрыпелі сосны... ; «Ой, Марына, ой, Марына, 3 вочкамі блакітнымі! Ты жыла у той краіне, што слязьмі аблітая...»).

Паэма «Карчма» (1925) з прысвячэннем Я. Купалу набыла пэўнае аблічча паўлегальнасці, бо доўгі час не перадрукоўвалася і была як бы выкрэслена з Чаротавай спадчыны. Аднак гэты своеасаблівы твор не дужа разыходзіўся з асноўнай светапогляднай устаноўкай Чарота, таксама як і стылістычныя прыёмы, выкарыстаныя ў ім, не выбіваліся з рэчышча Чаротавай паэтыкі.

На мяжы паэзіі і драматургіі знаходзіцца вершаваны абразок М. Чарота “Сон на балоце” (1924), блізкі многімі сваімі момантамі (сюжэтам, стылістыкай, вобразамі) да купалаўскай драматычнай паэмы “Сон на кургане”.

М. Чарот выступаў як празаік і драматург. Яго навелы былі выдадзены асобнай кнігай «Веснаход» (1924) і затым два разы перавыдаваліся (1926, 1928). Напачатку кнігі — апавяданні «Да сонца» (1921) і «Пасля буры» (1923), якія можна назваць вершамі ў прозе: па форме яны працягваюць традыцыю, закладзеную ў апавяданні Цёткі «Прысяга над крывавымі разорамі». Матывы гэтых твораў Чарота блізкія матывам яго лірыкі, і яны яшчэ раз падкрэсліваюць сацыяльна-палітычныя арыентацыі пісьменніка, сімвалы якіх у навеле «Пасля буры» — «чароўная шапка з чырвонаю звяздою», а ў навеле «Да сонца» — «чырвоны шлях пад вольнымі штандарамі». У іншых навелах («Самалёт», «Саматканая світка», «Галя», «Талачка-шкрабалачка» — усе 1923) М. Чарот адыходзіць ад чыстай апалагетыкі, узіраецца ў характары людзей, у псіхалогію іх учынкаў і іх побыт, прасочвае, як праз лёсы яго герояў праходзяць рэальныя гістарычныя перамены, перайначваючы «ўвесь папярэдні лад жыцця». Сярод персанажаў яго прозы ёсць характары як паўнакроўныя, псіхалагічна абгрунтаванвія (Галя, Талачка, Сцяпан з апавядання «Саматканая світка»), так і рупары пэўных ідэй, падпарадкаваныя волі аўтара (Сцяпан з апавядання «Непатрэбны чалавек»). Аднак у любым выпадку яго проза дае магчымасць неадназначнага прычытання, што пэўным чынам узвышае пісьменніка ў вачах чытача. Так, нельга сказаць, што Чарот асуджаў самагоншчыкаў (а на вёсках бадай усе гналі самагон) ці папоў, хоць у многіх апавяданнях ён з дасціпным гумарам, сакавітай гутарковай моваю апісаваў і першых і другіх («Споведзь самагоншчыка», «Кірмаш», «Бацюшка»). Ён паказвае, расказвае, але не ацэньвае. Проза М. Чарота надзвычай багатая на гумар: ён ратуе творы ад апалагетычнай аднамернасці (чаго не ўдалося яму пазбегнуць у лірыцы).

Спрабаваў свае сілы М. Чарот і ў прыгодніцкай прозе, аб чым сведчыць яго аповесць для юнацтва “Свінапас” (1925). Гэтая аповесць лічыцца няскончанай. У цэнтры сюжэта твора — шэраг падзей, звязаных з героем-юнаком Грышкам, якога дражнілі на вёсцы Свінапасам. Чаротам задумваўся вобраз маладога і прыгожага змагара за народнае шчасце, падобнага да легендарнага Робін Гуда. Грышка як станоўчы персанаж уяўляў сабой, аднак, статычную мадэль, дзеянні якога — шэраг своеасаблівых прыгодніцкіх авантур на гістарычным фоне грамадзянскай вайны. У цэлым твор атрымаўся кампазіцыйна рыхлым, яму не хапала моцнай захапляльнай інтрыгі. Аднак паводле сюжэта аповесці ў 1926 г. быў створаны першы беларускі мастацкі фільм пад назвай “Лясная быль”.

Удзел у тэатральным гуртку «Беларуская хатка» і разуменне таго, што беларускай сцэне не хапае сучасных драматычных твораў, натхнілі М. Чарота на стварэнне дзіцячых п'ес «Пастушкі», «Данілка і Алеська», агітп’есы-жарта “Дажынкі”, камедыі-вадэвіля «Мікітаў лапаць», фальклорна-этнаграфічнай драмы «На Купалле» (апошняя была вельмі папулярнай ў сярэдзіне 1920-х гг., яе паставілі ў БДТ-І (сучасны тэатр імя Я. Купалы); п’еса з вялікім поспехам ішла ў Маскве ў 1923 г. у пастаноўцы беларускіх артыстаў з БДТ-І; на, жаль, аўтэнтычны тэкст гэтай п’есы не захаваўся). Вадэвіль «Мікітаў лапаць» напісаны ў традыцыі камедыйных сцэнічных твораў В. Дуніна-Марцінкевіча і Я. Купалы. У аснову сюжэта пакладзена любоўная калізія, калі закаханыя — суседскія хлопец і дзяўчына — не могуць пабрацца з-за сваркі паміж іх бацькамі. У рэшце рэшт справа ўладжваецца дзякуючы нечаканай акалічнасці — лапцю вясковага дзівака Мікіты. Менавіта лапаць тут становіцца сімвалічнай арганізуючай сюжэт дэталлю, праз якую высвечваюцца характары і паводзіны герояў. П'еса насычана таксама каларытнымі сцэнамі з народнага жыцця. Персанажы гавораць жывой гутарковай мовай, а іх сутыкненні маюць камічны эфект, што забяспечвала п'есе нязменны поспех у гледачоў у 1920-я гады, калі яна ставілася тэатрам У. Галубка, і забяспечвае зараз, калі яна ідзе на сцэне Купалаўскага тэатра.

Язэп Пушча

Язэп Пушча (сапр. прозвішча і поўныя ініцыялы — Плашчынскі Іосіф Паўлавіч) нарадзіўся 7(20).5.1902 г. у в. Каралішчавічы Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер Мінскі раён) у сялянскай сям'і. Бацькі, Павел і Антаніна Плашчынскія, былі непісьменнымі. Жылі ў клопаце пра гаспадарку, пра тое, каб пракарміць і паставіць на ногі шасцёра дзяцей — чатырох хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак. Трыццатыя гады раскідалі па свеце вялікую сям'ю Плашчынскіх, усіх дзяцей адлучылі ад зямлі. Брат Ізідар (Язэп Гуткоўскі) вучыўся ў БДУ, займаўся літаратурнай творчасцю, памёр у 1986 у ЗША. Нават самі бацькі — сумленныя працаўнікі — памерлі не ў сваёй хаце. Я. Плашчынскі быў пятым сынам у сям'і. Ён рана далучыўся да працы і ў дванаццаць гадоў, па яго словах, «у касьбе амаль не адставаў ад дарослых». Будучы паэт вучыўся ў Каралішчавіцкім народным вучылішчы (1910—13), у жніўні 1915 г. быў залічаны вучнем 2-га класа Мінскага вышэйшага пачатковага вучылішча. З-за набліжэння фронту і падрыхтоўкі да эвакуацыі вучоба доўга не пачыналася. Вучыцца ў Мінску давялося і ў перыяд Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, а таксама грамадзянскай вайны. З 1918 г. да жніўня 1921 г. Пушча вучыўся ў Мінскім рэальным вучылішчы. У 1918 г. будучы паэт прачытаў першую беларускую кнігу — «Шляхам жыцця» Я. Купалы, а праз два гады ў сваёй вёсцы пазнаёміўся з М. Чаротам, сяброўствам з якім даражыў усё жыццё. Скончыўшы рэальнае вучылішча, Я. Плашчынскі вучыўся на дзевяцімесячных курсах беларусазнаўства Наркамасветы БССР (1921—22), дзе слухаў Я. Купалу, Я. Коласа, З. Бядулю. Пасля курсаў працаваў інспектарам беларускай культуры ў Мазырскім райаддзеле народнай асветы, інспектарам школ Мінскага пав. У 1925—27 гг. вучыўся на педфаку БДУ. Увосень 1927 г. перавёўся ў Ленінградскі універсітэт, але на чацвёртым курсе пакінуў вучобу. У 1929 г. вярнуўся ў Мінск, працаваў стыльрэдактарам у Белдзяржвыдавецтве. 25.7.1930 г. па ілжывым абвінавачванні як член уяўнага «Саюза вызвалення Беларусі» асуджаны на 5 гадоў высылкі. У перыяд блукання па пакутах Я. Пушча працаваў бухгалтарам у г. Шадрынску на Урале (1931—35), восем месяцаў (1935—36) у саўгасе «Джэмтэ» каля Анапы. У 1937—41 гг. Пушча загадвае навучальнай часткай, працуе дырэктарам Манакоўскай сярэдняй школы Мурамскага р-на Уладзімірскай вобл. У пачатку вайны ён мабілізаваны ў армію, вучыўся ў 2-м Маскоўскім пяхотным вучылішчы. Пасля вайны працаваў настаўнікам, дырэктарам Чаадаеўскай сярэдняй школы Мурамскага р-на. У 1955 і 1956 гг. наведаў Беларусь. 19.7.1958 г. з сям'ёй вярнуўся ў Мінск, дзе жыў да апошніх дзён.