Заснавальнікі літаратурнага аб’яднання “Маладняк”
“Маладняк” – гэта беларускае аб'яднанне пісьменнікаў, паэтаў якое існавала з лістападу 1923 да лістападу 1928 гг. Аб'яднанне ўзнікла як гурток маладых паэтаў пры часопісе «Маладняк». Яго заснавальнікамі лiчацца: Чарот, Я. Пушча, А. Вольны, А. Дудар, А. Александровіч, А. Бабарэка.
Кіравальным органам аб’яднання спачатку з`яуляуся Прэзідыум, потым з лютага 1925 г. — Цэнтральнае Бюро, якое у розныя гады ўзначальвалі М. Чарот, П. Галавач, А. Вольны, У. Дубоўка.
З цягам часу ў аб'яднанні выспеў крызіс, вынікам якога стаў выхад з яе складу ў маі 1926 многіх удзельнiкаў. Пазней аб'яднанне было рэарганізавана ў БелАПП.
Міхась Чарот
чарот маладняк часопіс паэт
Міхась Чарот (сапраўднае прозвішча — Міхаіл Сымонавіч Кудзелька) нарадзіўся 7 лістапада 1896 г. у вёсцы Рудзенск Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) у сям'і малазямельных сялян. Першую адукацыю Міхась атрымаў у наёмнага «дарэктара», потым скончыў двухкласную пачатковую школу, а ў 1913 г. паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. У гады першай сусветнай вайны семінарыя эвакуіравалася ў Смаленск. Тут прайшлі два апошнія гады навучання будучага пісьменніка. Семінарыю М. Чарот закончыў у 1917 г., але настаўнічаць яму не давялося: быў мабілізаваны ў армію. Служыў афіцэрам запаснога палка ў Расіі, там намагаўся разам з іншымі афіцэрамі-землякамі стварыць беларускі гурток. Вясною 1918 г. М. Чарот вярнуўся ў Мінск, пачаў настаўнічаць у беларускай школе, паступіў на вучобу ў педагагічны інстытут. У гэты ж час ён далучыўся да культурна-нацыянальнага жыцця: маючы прыгожы барытон, спяваў у хоры В. Тэраўскага пры «Беларускай хатцы», стаў старшынёй тэатральнага гуртка «Маладзік». У 1919 г. М. Чарот спрабуе ўступіць у Беларускае войска, якое стваралася пры Беларускім нацыянальным камітэце, што існаваў як выканаўчы орган Усебеларускага з'езда 1917 г. Гэта быў час польскай акупацыі на Беларусі, і М. Чарот стаў у шэрагі барацьбітоў за нацыянальнас вызваленне, што ў далейшым знойдзе водгук шмат у якіх яго паэтычных творах. Восенню 1923 г. здарылася знамянальная падзея ў літаратурным жыцці Беларусі — утварылася першая масавая літаратурная арганізацыя «Маладняк». М. Чарот, які быў ужо вядомым паэтам, шмат друкаваўся, выдаў некалькі кніг, стаў яе аўтарытэтным кіраўніком. У 1927 г. пасля «другога расколу» арганізацыі ён выйшаў з «Маладняка» і далучыўся да «Полымя», затым, у 1928 г., стаў членам БелАППа. У гэты час ён — рэдактар «Савецкай Беларусі» і кандыдат у члены ЦК КП(б)Б. У 1930-я гг. М. Чарот працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, кансультантам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Творчая актыўнасць яго ў гэты час прыкметна знізілася па вядомых грамадска-палітычных прычынах. У 1937 г. М. Чарота спасціг трагічны лёс многіх беларускіх творцаў: ён быў арыштаваны і расстраляны.
Даследчыкі зусім правамерна называюць Міхася Чарота адным з лідэраў беларускай савецкай літаратуры 20-х гадоў. Яго творчасць адбіла ў сабе рамантычныя парыванні, супярэчнасці і вялікія ілюзіі свайго часу.
Першыя паэтычныя спробы М. Чарота належалі да часоў вучобы ў семінарыі і не захаваліся. Сталая творчасць яго пачынаецца з 1919 г., калі некаторыя з вершаў — «Пад крыжам», «Звон», «Песня беларуса» — з'явіліся ў газетах «Беларусь» і «Звон», іншыя пазней увайшлі ў зборнік «Завіруха» (1922). Гэты пачатковы этап творчасці М. Чарота адметны нацыянальна-патрыятычным гучаннем вершаў. У вершы «Ахвярую Беларускаму хору Тэраўскага» (1919) са шчырым узрушэннем паэт заклікаў спяваць «родную, пекную песню» і будзіць край свой ад цяжкага сну. Верш «Памяці Алеся Гаруна» (1920) — паэтычнае смуткаванне над ахвярным лёсам нацыянальнага песняра, які «спевам разбудзіў народ свой на прадвесні» і народу ж «на алтар свой дыямэнт прынёс...» Матывы вершаў «Звон», «Песня бсларуса», «Пад крыжам», «Чужына» былі далёка не новымі для беларускай паэзіі, аднак настальгічны настрой і пачуццё любові да свайго краю, асабліва абвостранае ўдалечыні ад яго, — з шэрагу вечных тэм мастацтва. Калі ў вершы «Чужына», напісаным у Кузнецку Саратаўскай губерні ў 1917 г. у час вайсковай службы, настальгічнае пачуццё выяўлялася стыхійна-эмацыянальна: «Чужая краіна... Дзень цэлы ў сумоце, // I думкі да дому ляцяць, // Дзе хата старэнька стаіць пры балоце, // I вербы над рэчкай шумяць», — то ў вершы «Пад крыжам» Чарот паэтызуе прыклад свядомага самаахвярнага патрыятызму:
О, краю мой родны, усімі забыты!
Я сын твой, цябе не забыў,
Хай буду я куляй варожай забіты,
Ня кіну таго, хто паіў і карміў.
Пасля 1921 г. творчыя арыентацыі М. Чарота мяняюцца, нацыянальна-патрыятычныя матывы саступаюць месца рэвалюцыйнай патэтыцы. Яго першы паэтычны зборнік «Завіруха» стаў выніковым (разам з паэмай «Босыя на вогнішчы») у творчай эвалюцыі паэта за тры-чатыры гады, калі ідэйна-тэматычныя і вобразна-паэтычныя прыярытэты ўжо досыць выразна вызначыліся. Для М. Чарота і яго літаратурнага пакалення рэвалюцыя ўяўлялася той канкрэтна-гістарычнай падзеяй, якая «зазямліла» мастацкі ідэал папярэднікаў, вывела яго са сферы недасягальнай, прарочай і наблізіла да рэальнага ажыццяўлення. Такое светаразуменне адпаведным чынам паўплывала на паэтыку, якая характарызуецца сваімі ўстойлівымі вобразамі-сімваламі. Яны ўмоўна падзяляюцца на дзве групы: вобразы, якія ўвасабляюць старое кепскае жыццё, ад якога варта адмовіцца і якое варта закрэсліць, і вобразы, што ўвасабляюць шчасліную светлую будучыню, пачатак якой пакладзены рэвалюцыяй. Апантаная вера ў тое, што новае грамадства вядзе наперад прыгожая, светлая мэта і нават святая ідэя, якая робіць апраўданымі любыя ахвяры, становіцца пануючым пафасам твораў. Адмаўленне старога антаганістычнага ладу жыцця звязваецца ў Чарота з такім шэрагам вобразаў, як «вечная ноч», «чорная ноч», «сцюжа», «зіма», «гразь балот», «жывое балота», «стары ланцуг», «могілкі», «пакрыўджаныя вузнікі», «босыя», — гэта колішнія абяздоленыя жыхары «дрыгвы», якія спалі «цяжкім сном». Але «светлая раніца волі» — тыповы вобраз з другога шэрагу мастацкіх апазіцый — перамагае «цемру ночы», настае новы час і новае жыццё. Следаванне такім устаноўкам даводзіла паэтычную ідэю да празмернай гіпербалізацыі. Паміж матывамі адмаўлення старога і апявання новага прысугнічае матыў стыхіі («буралом», «завіруха»), якая бязлітасна нішчыць стары лад і расчышчае шлях «яскравай дзённіцы» новых дзён. Матывам «вечнай буры» прасякнуты ўвесь чаротаўскі зборнік «Завіруха». Падобная мадэль свету прысутнічае ў вершах М. Чарота «А я іду», «Вокліч мой», «Гром», «Вечная бура», «Буралом», «Заціхне бура, і сонца гляне...», «Свінцовы дождж мые ўсходы вясны...» і інш. Вобразны лад «буралому-завірухі» дапаўняецца ў Чарота «дымам-пажарам» — таксама ўстойлівым сімвалам знішчэння старога дзеля пабудовы новага.
У 1929 г. выйшаў з друку чарговы (і апошні) зборнік вершаў М. Чарота «Сонечны паход». У вершах гэтага зборніка побач са старымі тэматычнымі апазіцыямі — супрацьпастаўленне мінулага гаротнага жыцця і светлай вялікай будучыні, шлях да якой адчыніўся пасля рэвалюцыі — з’явіліся і новыя, а менавіта: Захад — чорны і змрочны, дзе «працоўныя ў цяжкім палоне», Захад, які трэба яшчэ апавіць пажарам з Усходу. Як і раней, часта выкарыстоўваў Чарот у вершах гэтага зборніка вобразы прыродных з'яў: вясны, восені, зімы. Так, вясна — гэта найперш май, сімвал рэвалюцыйнага абнаўлення, новага жыцця, радасці і шчасця. Восень мае два вобразныя значэнні. Настроі суму і жалю, восеньскай маркоты — гэта сімволіка «старога» свету. Восень — Кастрычнік, рэвалюцыйнае вогнішча, вобразны прадспеў вясны — гэта сімвалічная «вясновая восень». У ключы пераважна такіх вобразаў раскрыта Чаротам і тэма Заходняй Беларусі. Адзін з вершаў гэтай тэмы названы «Зіма» (1926), і гэты назоў, ужо сам па сабе сімвалічны, настройвае на ўспрыняцце жыцця «там» у змрочных «сцюдзёных» фарбах. Гіпербалічная метафорыка ў вершы таксама выводзіць паэта на матыў «сусветнай восені», і ён сцвярджае: «Вясенняй восені чакаюць там штодзённа...».
Адной з асаблівасцей паэтыкі М. Чарота, што яскрава адбілася ў зборніку «Сонечны паход», з'яўляецца «блочная» стылістыка. «Блочная» пабудова страфы выяўляецца ў тым, што радкі верша існуюць паасобку, існуюць як бы самі па сабе, іх з'ядноўвае толькі нейкі самы агульны сэнс. У вершах такога плана мноства няскончаных фраз, што стварае адчуванне, быццам у фразе шмат прапушчана, застаюцца толькі «звязачныя ланцужкі», якія і ўтвараюць тэматычныя і стылявыя «блокі» (верш «Атаман», 1925). Прыкметы «блочнай» стылістыкі ўласцівыя і аднаму з праграмных дэкларатыўных вершаў Чарота «Камсамолія» (1926), дзе ён імкнуўся паяднаць Беларусь (нацыянальны традыцыйны пачатак) і Камсамолію (рэвалюцыйны, абнаўленчы пачатак).
У 30-я гады М. Чарот практычна адышоў ад літаратурнай дзейнасці. Пасля працэсу 1930 г., калі ўсе праявы нацыянальнага жыцця былі асуджаны як «нацыянал-дэмакратызм», Чарот, на жаль, прычыніўся да асуджэння тых пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў, з кім не так даўно разам тварыў літаратуру і змагаўся за Беларусь у 1919 г. У вершы «Суровы прыгавор падпісваю першым» ён называў іх «ваўкамі лютымі... ў авечай скуры» і сцвярджаў: «А справа вашых рук і ваша «незалежнасць» — Гандлярства дзікае загубленым сумленнем». Як пісьменнік ён вычарпаўся ў 20-я гады. Чаротавы нешматлікія вершы 30-х гадоў («Чырвонаармейская», «Завод і зямля», «Калгас «Бязбожнік», усе — 1931; «Мы заклікаем», «Агітцягніку», абодва — 1933) страчваюць мастацкую навізну і тую своеасаблівую паэтыку, якою поўніліся нават апалагетычныя ранейшыя вершы Чарота, бо іх сагравала натхнёная вера ў будучыню і ідэал — то прагматычна заземлены, як трактар і электраплуг, то адцягнены, як «прыгожа-светлая даль».
Не толькі ў лірыцы, але і ў паэмах М. Чарот імкнуўся знайсці новыя вобразныя сродкі, каб адлюстраваць блізкія яго сэрцу рэвалюцыйныя перамены жыцця.
Самай вядомай і першай па часе стварэння з’яўляецца паэма «Босыя на вогнішчы» (1921) — вобразна-алегарычнае адлюстраванне рэвалюцыйных падзей на Беларусі. Твор складаецца з дваццаці раздзелаў — па сутнасці дваццаці асобных вершаў, звязаных агульнасцю падзей і матываў (дарэчы, гэта дало падставы даследчыкам параўноўваць паэму са славутымі “Дванаццацю” А. Блока). Сюжэта як такога ў паэме няма, кожны верш-раздзел з'яўляецца паэтычнай ілюстрацыяй да зменлівых гістарычных падзей, што ўплывалі на лёс Беларусі ў час рэвалюцыйнай віхуры. «Босыя», галоўны калектыўны персанаж твора, — адна з форм эстэтычнай гіпербалізацыі. У 1920-я гг. крытыкай было шмат “зламана коп’яў” наконт сутнасці і прызначэння сімволікі твора. Сучаснае прычытанне паэмы «Босыя на вогнішчы» дае магчымасць, зыходзячы з тэксту, інтэрпрэтаваць твор як метафару рэгіянальнага распаўсюджвання рэвалюцыі. Гэта ілюстрацыйныя паэтычныя абразкі да мясцовых гістарычных падзей. З эстэтычнага боку «босыя» — абагульнены мастацкі вобраз абнядоленай часткі грамадства («Гэй, за намі ў новы свет, хто убогі, хто раздзет!»), «беднаты», антыподам якому, відавочна, з'яўляюцца «абутыя». Такім чынам, канфлікт паэмы характарызуецца як сацыяльна-класавы. Калі параўнаць «тутэйшых» Купалы і «босых» Чарота, то можна заўважыць, што аснову эстэтычнай дамінанты вобраза «тутэйшых» складае матыў этнічны, нацыянальны, «босых» жа — сацыяльны, прычым дастаткова люмпенізаваны.