У некаторых творах мастацкай літаратуры (звычайна там, дзе адлюстроўваецца жыццё пэўных сацыяльных, прафесійных і інш. слаёў, груп, калектываў і г. д.) істотна розняцца паміж сабой уласна аўтарская мова і мова персанажаў (г. зв. рознамоўе альбо рознагалоссе). Калі першая, як правіла, унармаваная і ўпарадкаваная, г. зн. з’яўляецца літаратурнай у шырокім сэнсе гэтага слова, дык другая можа мець у сваім складзе элементы прастамоўя, жаргону, дыялектных гаворак і іншых слоў і выразаў з разраду спецыфічнай лексікі. Акрамя таго, мова дзеючых асоб паводле сваёй сінтаксічнай будовы вельмі блізкая да гутарковай.
1.6.2 Паняцце мастацкага тэксту. Тэкст і твор. «Чужое» слова ў тэксце. Інтэртэкстуальнасць
Арганізаваны аўтарам у пэўнай паслядоўнасці і зафіксаваны пісьмова або друкам ланцуг моўных адзінак, адносна цэласны і самадастатковы ў сваёй аснове, імянуецца здаўна ў літаратуразнаўстве тэкстам (ад лац. textus – тканіна, спляценне). У самім тэксце размяжоўваюць асноўны тэкст твора і пабочны. Апошні складаюць назвы і заўвагі, эпіграфы, прысвячэнні, аўтарскія прадмовы і пасляслоўі, абазначэнні дат і месцаў напісання, а таксама пералікі дзеючых асоб і рэмаркі ў драматычных творах.
Дарэчы, тэкст не трэба атаясамліваць з творам. Як зазначае В. Рагойша, «твор літаратурны ўвасабляецца ў тэксце, але не зводзіцца да яго. Тэкст – гэта лінгвістычная матэрыялізацыя, форма існавання духоўна-мастацкай субстанцыі, якой з’яўляецца твор. Доказам таго, што – пры ўсёй блізкасці – тэкст і твор паняцці розныя, служыць, напрыклад, існаванне перакладу мастацкага і інсцэнізацыі».
Звенні-складнікі літаратурна-мастацкага тэксту могуць суадносіцца са свядомасцю аўтара і яго ўласным моўным стылем па-рознаму.
Так, у літаратурных творах (асабліва ў апавядальнай прозе) даволі часта прысутнічае рознагалоссе, г. зн. узнаўляюцца розныя спосабы і формы маўлення. Пры гэтым вялікую мастацкую нагрузку побач з прамым аўтарскім словам выконваюць «чужыя» (М. Бахцін), няаўтарскія словы.
Існуюць групы твораў, дзе «чужое» слова поўнасцю ўладарыць у тэксце. Найбольш моцна гэта выяўляецца ў стылізацыях, у якіх спецыяльна і яўна імітуюцца рысы і ўласцівасці якога-небудзь фальклорнага ці літаратурнага стылю («Вечары на хутары каля Дзіканькі» М. Гогаля, шэраг створаных М. Багдановічам песень розных народаў (украінскага, сербскага, японскага і інш.), «Казкі жыцця» Я. Коласа). Да стылізацый блізкія падражанні (анакрэантычная лірыка ў творчасці многіх паэтаў Новага часу). На працягу ўсёй гісторыі развіцця сусветнай літаратуры ў ёй сустракаюцца пародыі (часта пародыю характарызуюць як «антыжанр»), у якіх аўтар поўнасцю і адназначна аддаляецца ад прадмета імітацыі і займае іранічную пазіцыю ў адносінах да яго («Дон Кіхот» М. Сервантэса, ананімная «Прамова Мялешкі», «Біблія» К. Крапівы, шматлікія вершы-пародыі сучасных беларускіх паэтаў – А. Зэкава, М. Скоблы і інш.).
Асаблівую і даволі істотную разнавіднасць «чужога» слова складаюць рэмінісцэнцыі (ад лац. reminiscentia – успамін) – адсылкі ў тэкстах да папярэдніх фактаў і з’яў: асобных твораў ці фрагментаў з іх, а таксама да груп твораў. Рэмінісцэнцыі – «гэта вобразы літаратуры ў літаратуры». Рэмінісцэнцыі ў адных выпадках уводзяцца ў тэксты (як і прамыя цытаты) свядома і накіравана, у другіх жа, наадварот, з’яўляюцца нечаканымі прыпамінаннямі. «Рэмінісцэнцыі ўвасабляюць культурна-мастацкую і жанрава-стылістычную праблематыку творчасці пісьменнікаў, ажыццяўляюць іх патрэбы ў водгуку на папярэдняе мастацтва».
Тэрмін «тэкст» даў жыццё некалькім вытворным ад яго словам-тэрмінам. Так, прыхаваны сэнс сказанага ў мастацкім творы імянуюць падтэкстам. Прама альбо ўскосна звязаную з мастацкім творам бязмежную сферу літаратурных фактаў і пазалітаратурных з’яў называюць кантэкстам. І, урэшце, на працягу двух-трох апошніх дзесяцігоддзяў у літаратуразнаўстве (дзякуючы намаганням французскіх вучоных постструктуралісцкай арыентацыі Ю. Крысцевай і Р. Барта) выкарыстоўваецца слова-тэрмін «інтэртэкстуальнасць», ужыванне якога, дарэчы, «стала прэстыжным. Ім часта абазначаецца агульная сукупнасць міжтэкставых сувязей, у склад якіх уваходзяць не толькі бессвядомая, аўтаматычная ці самадастатковая гульнявая цытацыя, але і накіраваныя, асэнсаваныя, ацэначныя адсылкі да папярэдніх тэкстаў і літаратурных фактаў». Інтэртэкстуальнасць менавіта ў такой якасці здольная «ўзбагачаць сферу моўнай дзейнасці і арсенал мастацка-моўных сродкаў пісьменніка».
1.6.3 Паняцце стылю твора. Літаратуразнаўчая стылістыка як навуковая дысцыпліна
Размову аб стылі твора хацелася б распачаць наступнай цытатай: «Для сучаснага разумення літаратурна-мастацкага стылю істотнае значэнне мае наступнае: па-першае, стыль з’яўляецца выражэннем глыбокай арыгінальнасці; па-другое, ён валодае эстэтычнай дасканаласцю; па-трэцяе, ён уяўляе сабой змястоўную форму і, нарэшце, з’яўляецца ўласцівасцю ўсёй мастацкай формы твора, а не толькі яго моўнага боку, які, між іншым, мае для літаратурнага стылю важнейшае значэнне».
Пад стылем (ад ст.-грэч. stylos – завостраная палачка для пісьма на васковых дошчачках) падразумяваецца эстэтычнае адзінства ўсіх кампанентаў вобразна-экспрэсіўнай формы твора, якое скіравана на раскрыццё і ўвасабленне цэласнага мастацкага зместу.
Гэта ўстойлівая агульнасць вобразнай сістэмы, сродкаў мастацкай выразнасці, якая валодае, як правіла, пэўнай арыгінальнасцю (у адваротным выпадку можна весці гаворку ці аб бясстылёвасці (эстэтычнай невыразнасці), ці аб эпігонскай стылізацыі альбо эклектыцы (няўменню знайсці свой стыль), г. зн. простым і не адкрываючым новага зместу выкарыстанні ўжо знойдзеных кімсьці прыёмаў).
Адрозненне стылю ад іншых катэгорый паэтыкі, і ў першую чаргу ад мастацкага метаду, з якім стыль найбольш цесна звязаны, – у яго непасрэднай і канкрэтнай рэалізацыі: стылёвыя асаблівасці як бы выступаюць на паверхню твора ў якасці адчувальнага і, нават можна сцвярджаць, бачнага адзінства ўсіх асноўных кампанентаў мастацкай формы. «Стыль у шырокім сэнсе – скразны прынцып пабудовы мастацкай формы, які надае твору адчувальную цэласнасць, адзіны тон і каларыт».
Стыль выступае ў якасці аднаго з самых галоўных крытэрыяў мастацкасці твора. Толькі стылёва завершаныя і стылёва дасканалыя творы валодаюць якасцю моцнага ўздзеяння на чытача і толькі яны могуць прынесці яму сапраўдную эстэтычную асалоду.
Адзінства і цэласнасць стылю як найбольш важныя характаралагічныя яго якасці і рысы выяўляюцца ў сістэме стылёвых дамінант.
А. Есін – аўтар найбольш грунтоўнага, на нашую думку, вучэбна-дапаможнага артыкула, прысвечанага разгляду стылю, з якога мы прыводзілі цытату ў самым пачатку пытання, – вылучае наступны набор стылёвых дамінант.
Мастацкі твор можа будавацца па-рознаму. Асабліва важнае месца ў гэтай пабудове належыць адлюстраванню дынамікі і статыкі, знешняга і ўнутранага. Калі пісьменнік звяртае асноўную ўвагу на статычныя моманты быцця, дык гэтую ўласцівасць стылю можна, лічыць А. Есін, назваць апісальнасцю. Для яе з’яўляецца характэрным падрабязнае апісанне знешняга свету: аблічча герояў, рысаў прыродных пейзажаў, гарадскіх малюнкаў, інтэр’ераў, рэчаў і г. д. Адлюстраваны свет пры апісальнасці падрабязна дэталізаваны, а тыя альбо іншыя падзеі раскрываюць у першую чаргу ўстойлівы ўклад жыцця, г. зн. не тое, што адбываецца адзін раз, а пастаянна мае месца.
Канцэнтрацыю аўтара на ўзнаўленні знешняй (а часткова і ўнутранай) дынамікі А. Есін прапаноўвае імянаваць сюжэтнасцю, якая выражаецца звычайна ў вялікай колькасці перыпетый, у напружанні дзеяння, у яго істотнай перавазе над статычнымі момантамі ў творы і, галоўнае, у тым, што характары герояў і аўтарская пазіцыя выяўляюцца ў першую чаргу праз сюжэт.
Нарэшце, пісьменнік можа канцэнтраваць увагу на ўнутраным свеце персанажа ці лірычнага героя – на яго думках, пачуццях, перажываннях і г. д. Такая ўласцівасць стылю называецца псіхалагізмам.
«У кожным канкрэтным творы, – заўважае А. Есін, – сюжэтнасць, апісальнасць ці псіхалагізм складаюць яго істотную стылёвую прыкмету. Аднак гэтыя катэгорыі могуць спалучацца адна з другой». У якасці прыкладу вучоны прыводзіць спалучэнні псіхалагізму і сюжэтнасці ў раманах Ф. Дастаеўскага, апісальнасці і псіхалагізму – у позніх апавяданнях і п’есах А. Чэхава.
У залежнасці ад тыпу мастацкай умоўнасці А. Есін вылучае дзве супрацьлеглыя стылёвыя дамінанты: жыццепадобнасць і фантастычнасць. Тлумачыць сэнсавае напаўненне іх, думаецца, няма неабходнасці. Разам з тым хацелася б, па-першае, зазначыць, што гэтыя дамінанты распаўсюджваюцца літаральна на ўсё, што мае месца ў свеце, у тым ліку і на псіхалогію, а таксама на прычынна-выніковыя сувязі паміж з’явамі, падзеямі. Па-другое, калі жыццепадобны мастацкі адбітак адназначны ў плане свайго выяўлення, дык фантастычная вобразнасць неаднародная: яна можа выяўляцца ў формах гіпербалы, літоты, гратэску, алагізму.
У галіне мастацкай мовы А. Есін вылучае тры пары стылёвых дамінант: верш і прозу, намінатыўнасць і рытарычнасць, маналагізм і рознагалоссе.
Верш і проза як стылёвыя якасці характарызуюць ступень рытмічнай упарадкаванасці мастацкай мовы, а таксама яе тэмпавую арганізацыю. Яны адыгрываюць істотную ролю ў фарміраванні эмацыянальнага малюнка стылю, бо той альбо іншы тэмпарытм нясе ў сабе, як правіла, пэўны настрой.
Другая пара стылёвых дамінант на аснове мастацкай мовы звязана з мерай, ступенню выкарыстання вобразна-выяўленчых сродкаў. Калі лексіка-фразеалагічныя, сінтаксічныя і інш. моўныя сродкі выкарыстоўваюцца досыць слаба і акцэнт робіцца ў асноўным на прамое значэнне слоў, тады размова ідзе аб намінатыўнасці. Сітуацыя адваротнага характару імянуецца рытарычнасцю.
Трэцяя пара стылёвых дамінант на аснове мовы звязана з моўнай рознаякаснасцю. Маналагізм мае на мэце выкарыстанне адзінай моўнай манеры для ўсіх персанажаў твора. Пры рознагалоссі ці поліфаніі (М. Бахцін) у аўтара твора і персанажаў свая ўласная моўнай манера (манера апавядання, апісання – у аўтара, і манера выказвання – у персанажаў).