Стылёвай дамінантай можа станавіцца таксама і характар мастацкай кампазіцыі. У самым агульным выглядзе можна выдзеліць два тыпы кампазіцыі: простую і складаную. У першым выпадку функцыя кампазіцыі зводзіцца да аб’яднання частак і элементаў твора ў адзінае цэлае, што ажыццяўляецца заўсёды самым простым і звычайным спосабам: сюжэт разгортваецца ў прамой храналагічнай паслядоўнасці; на працягу ўсяго твора вытрымліваецца адзін тып мастацкага апавядання; гэтак жа і з хранатопам (дзеянне адбываецца ў адным месце і ў адзін час). Пры складанай жа кампазіцыі «ў самой пабудове твора, у парадку спалучэння яго частак і элементаў увасабляецца спецыфічны мастацкі сэнс і дасягаецца эстэтычны эфект».
Нарэшце, істотнай уласцівасцю стылю з’яўляецца аб’ём твора.
Пры аналізе мастацкага твора звычайна выяўляюцца ад адной да трох дамінант. «Пры гэтым трэба ўлічваць, што дамінанты стылю праяўляюць сябе як тэндэнцыі стылеўтварэння і не носяць абсалютнага характару: так, пры агульнай намінатыўнасці не выключана з’яўленне тропаў і фігур; элементы псіхалагічнага адлюстравання могуць мець месца ў тых творах, дзе псіхалагізм не з’яўляецца дамінантай; і г. д. Падначаленне дамінанце ўсіх элементаў і прыёмаў і ёсць прынцып стылёвай арганізацыі твора».
Наогул жа, лічыць А. Есін, «цэласнасць стылю ствараецца не толькі наяўнасцю дамінант, што кіруюць пабудовай формы. У канчатковым выніку гэтая цэласнасць, як і само з’яўленне той альбо іншай стылёвай дамінанты, дыктуецца прынцыпам функцыянальнасці стылю, г. зн. яго здольнасцю адэкватна выражаць той альбо іншы змест».
Стыль таго альбо іншага твора не ўзнікае, так бы мовіць, на пустым месцы. Ён абумоўліваецца цэлым шэрагам стылеўтваральных фактараў. «Важную ролю ў фарміраванні стылю іграюць асаблівасці таленту, асабісты вопыт пісьменніка, аб’ект творчасці, жыццёвы матэрыял, блізкасць, сувязь яго з біяграфіяй пісьменніка, а таксама ўнутраная арыентацыя на чытача. Стыль залежыць ад светаразумення пісьменніка, яго поглядаў і перакананняў, ад жанравай прыроды твора».
Катэгорыя стылю ў сучасным літаратуразнаўстве дастасоўваецца не толькі да асобнага твора, творчасці таго альбо іншага пісьменніка, але і да больш шырокіх з’яў і аб’ёмаў. Так, даволі часта вядзецца гаворка аб стылях плыні (футурызму, сюррэалізму і інш.), напрамку (барока, класіцызму, рамантызму і інш.) і нават цэлай мастацкай сістэмы ў межах пэўнай эпохі (Адраджэння, Асветніцтва і інш.). Наколькі гэта правамоцна і правільна наогул, лічыць цяжка. Разам з тым нельга не пагадзіцца з меркаваннем А. Есіна, які піша, што «найбольш рэальны і канкрэтны стыль асобна ўзятага твора, што і робіць яго аналіз першачарговай задачай».
Стыль твора, а таксама больш буйных літаратурных адзінак, з’яў і ўтварэнняў, аб якіх гаварылася крыху вышэй, вывучае спецыяльная літаратуразнаўчая дысцыпліна, якая імянуецца стылістыкай, а больш дакладна, літаратуразнаўчай стылістыкай. Літаратуразнаўчую стылістыку неабходна адрозніваць ад стылістыкі лінгвістычнай, якая даследуе склад лексіка-сінтаксічных сродкаў і асаблівасці іх функцыянавання ў пэўнай нацыянальнай мове. Вядома, з пэўным улікам рэалізацыі гэтых сродкаў у складзе твораў мастацкай літаратуры. Такім чынам, момант судакранання паміж гэтымі дзвюма дысцыплінамі досыць яўны і відавочны. Разам з тым літаратуразнаўчую стылістыку нельга ні ў якім разе падначальваць стылістыцы лінгвістычнай, поўнасцю выводзіць з яе, бо і сам прадмет даследавання літаратуразнаўчай стылістыкі, і тыя мэты і задачы, якія яна перад сабой ставіць, досыць спецыфічныя.
1.7 Кампазіцыя
Кампазіцыя (ад лац. compositio – будаванне, паяднанне, кампанаванне) – размяшчэнне і суаднесенасць кампанентаў мастацкай формы твора, уся складаная (знешняя і ўнутраная, бачная і нябачная) яго пабудова. Кампазіцыя «ўключае ў сябе і расстаноўку персанажаў – іх сістэму, і размяшчэнне ўзнаўляемых падзей у тэксце, і асаблівасці «падачы» прадметна-псіхалагічнай рэальнасці (партрэтаў, пейзажаў, інтэр’ераў, дыялогаў і маналогаў), і дынаміку форм (спосабаў) апавядання, і суаднесенасць уласна моўных адзінак, у тым ліку элементаў вершаванай формы».
Кампазіцыя абумоўлена мастацкім зместам твора, у значнай ступені жанравымі традыцыямі. Накладваюць адбітак на кампазіцыю і некаторыя іншыя моманты і фактары, сярод якіх на першым месцы знаходзяцца асаблівасці творчага таленту, даравання пісьменніка, а таксама прыкметы яго мастацкага почырку (стылю). Як слушна зазначае прафесар А. Казлоў, «мастацтва кампазіцыі – адзін з абавязковых кампанентаў мастацкага таленту, прычым веданне законаў кампазіцыі, дэтальна распрацаваных сучасным літаратуразнаўствам, не служыць гарантам напісання дасканалых твораў».
Кампазіцыя – рэч даволі мнагагранная і шматсастаўная. Адбітак на яе ў любым мастацкім творы накладваюць самыя розныя моманты: ад агульнай стратэгіі пабудовы твора да змяшчэння ў ім нейкіх нязначных (на першы погляд) дэталей, што таксама ў пэўнай меры і ступені працуюць на агульную вобразна-выяўленчую сістэму твора.
Адным з важных кампазіцыйных момантаў, на які звычайна адразу ж звяртаецца ўвага даследчыкаў пры аналізе твора, з’яўляецца парадак і прынцып расстаноўкі ў ім персанажаў, што могуць кантрасціраваць адзін з другім, адцяняцца, узаемадапаўняцца і г. д.
Кампазіцыя надзвычай цесна звязана з сюжэтам твора. Менавіта яна вызначае паслядоўнасць выяўлення ў творы ўсіх этапаў сюжэта (як асноўных, так і дапаможных), а таксама пазасюжэтных элементаў (лірычных, філасофскіх, публіцыстычных адступленняў, устаўных апавяданняў ці навел, легенд і г. д.).
Характар і адметнасці кампазіцыі звязаны ў першую чаргу з агульнымі падыходамі да арганізацыі дзеяння ў творы. Паводле асаблівасцей сюжэтнай арганізацыі дзеяння ў творы вылучаюць некалькі разнавіднасцей кампазіцыі.
Аднапланавы тып кампазіцыі «практыкаваўся ў першых беларускіх раманах, дзе фігура цэнтральнага героя была вызначальнай, яна канцэнтравала вакол сябе дзеянне і пазбаўляла іншых персанажаў самастойнай ролі ў сюжэце». Найбольш яскравым прыкладам такога твора з’яўляецца трылогія Я. Коласа «На ростанях».
Шматпланавы тып кампазіцыі арганізуюць некалькі галоўных герояў і сюжэтных цэнтраў. Дадзены тып кампазіцыі характарызуе многія творы беларускай прозы другой паловы ХХ ст., у прыватнасці раманы І. Мележа, І. Шамякіна, А. Чарнышэвіча і шэрагу інш. пісьменнікаў.
Навелістычны тып кампазіцыі прадугледжвае расчляненне аўтарскага апісання (вядома, у межах твора, аб’яднанага агульнымі персанажамі) на сцэны (малюнкі), што ўспрымаюцца як адносна завершаныя мастацкія адзінкі. Як зазначаюць А. Пяткевіч і І. Шпакоўскі, «такая арганізацыя перабівае дзеянне паўзамі, робіць твор больш даступным для чытача і часцей практыкуецца ў дзіцячай і юнацкай літаратуры». У якасці прыкладу твора з такім тыпам кампазіцыі беларускія вучоныя прыводзяць аповесць М. Лынькова «Міколка-паравоз».
Да навелістычнай пэўным чынам блізкая мантажная кампазіцыя. Толькі ёй аб’ядноўваюцца ў адзінае цэлае не асобныя эпізоды з агульнымі персанажамі, а, як правіла, рознатэмныя мастацкія рэчы, у кожнай з якіх свая персанажная сфера. На першы погляд сувязі паміж гэтымі творамі быццам бы няма. І толькі пасля ўважлівага знаёмства з усімі рэчамі, што ўтвараюць у выніку адзінае мастацкае цэлае, пабудаванае па прынцыпу мантажнай кампазіцыі, вымалёўваецца яго агульная думка-ідэя.
Наогул навелістычная кампазіцыя, якая прыйшла ў літаратуру з кіно ў першай трэці ХХ ст., рэч даволі своеасаблівая. Многія яе крытыкуюць, адвяргаюць за пэўную раскіданасць. А вось В. Халізеў лічыць, што «мантажная кампазіцыя раскрывае перад мастаком слова шырокія перспектывы. Яна дазваляе вобразна адлюстроўваць непасрэдна нябачныя, сутнасныя ўзаемасувязі з’яў, паглыблена спасцігаць свет у яго рознаякаснасці і багацці, супярэчлівасці і адзінстве. Мантажнай пабудове, інакш кажучы, адпавядае бачанне свету, што адрозніваецца шматпланавасцю і эпічнай шырынёй».
Сустракаецца ў літаратурных творах і вяршынная кампазіцыя. «Пры такой арганізацыі сюжэт раскрываецца толькі ў тых момантах, якія адыгрываюць рашаючую ролю ў лёсе герояў, а ўсе прамежкавыя звёны апускаюцца. Вяршынная кампазіцыя часта сустракаецца ў драматургіі, у рамантычных паэмах, у некаторых раманах».
Кампазіцыя ўдзельнічае таксама ў арганізацыі накірунку развіцця дзеяння ў творы. Згодна з гэтай яе функцыяй і асаблівасцю вылучаюць прамую альбо хранікальную кампазіцыю, а як пэўную супрацьлегласць ёй – рэтраспектыўную альбо інверсійную.
У творах з прамым (хранікальным) тыпам кампазіцыі жыццё ўзнаўляецца строга ў часавай паслядоўнасці. Такі тып кампазіцыі вызначаецца схільнасцю да дэталізаванага і разгорнутага адлюстравання, якое перадае суцэльную плынь жыцця.
Ёсць свае адназначныя станоўчыя моманты і ў рэтраспектыўнай (інверсійнай) кампазіцыі. «Перарыў прамога дзеяння рэтраспектыўнымі малюнкамі, перадгісторыямі герояў, мантаж розных часавых і прасторавых планаў драматызуе сюжэт, садзейнічае больш глыбокаму раскрыццю характараў».
Прасторавая і часавая арганізацыя дзеяння ў творах таксама істотна ўплывае на асаблівасці іх кампазіцыі. Так, сюжэтны час у творы можа сціскацца з-за ўшчыльнення мастацкага матэрыялу, у выніку чаго прасторавае дзеянне цэнтралізуецца і канцэнтруецца вакол якой-небудзь адной кропкі (раманы К. Чорнага «Пошукі будучыні» і «Млечны шлях», аповесць В. Быкава «Знак бяды»). Можа таксама знаходзіць месца ў творах момант пэўнага расцягвання, затрымлівання руху часу, што звязана з хранікальнай разгорнутасцю, панарамнасцю адлюстравання, бытавой дэталізацыяй сцэн і карцін. Адзін з прыкладаў – вядомы ваенны цыкл раманаў І. Чыгрынава.