Для беларускай літаратуры 1920-х гг., рамантычны струмень у якой быў вельмі важным складнікам, адной са стылёвых дамінант, з’яўлялася вельмі важным не дазволіць рамантычнаму пачуццю адарвацца ад зямных патрэб, скіраваць яго на людскія інтарэсы. М. Лынькоў, каб «завярнуць» рамантычнае пачуццё да людскіх патрэб, не даць яму ўзляцець у абстрактныя вышыні, ахвотна карыстаўся гумарам. Апавяданне «Чыгунныя песні» (1927) пачынаецца з узнёслага апісання пачуцця кахання, якое было любімай тэмай усіх рамантыкаў.
Апісанне вытрымана ў тыповым рамантычным стылі. Шмат у ім яркіх эфектных параўнанняў, метафар, лад апавядання экспрэсіўны, усхваляваны: «I кажуць – зімой любоў не цвіце, бо стыгне кроў, мароз пацалункаў не любіць, робіць блядымі губы чырвоныя, тушыць агні ў шэрых і сініх вачох і робіць іх празрыста-халоднымі, падобнымі на шкло туманаў вясенніх, а завеі, віхуры снежныя блытаюць думкі, наганяюць сіняга суму і чорнай жуды. Хіба тут пра любоў ды пра карую цвецень воч дарагіх успомніш, калі няма ні пахучага бэзу, ні майскіх зор прамяністых, ні срэбных песень салаўя. Дзе там... Мо і так, мо і не так, – аднаму адно падабаецца, другому – другое... А я ўсё ж ткі люблю: у марозы, у снежні, у лютым, калі замярзаюць сонечныя вёслы, як кажуць паэты». Верыцца пакуль што ў сур'ёзнасць слоў пісьменніка, верыцца, што ён піша пра каханую. Насцярожвае хіба што адзін толькі гумарыстычны штрых, вось гэта «замярзаюць сонечныя вёслы, як кажуць паэты». I вось пісьменнік робіць нечаканы паварот: «Я гляджу на мілую вокам улюбёным, я дам мілай бярозавых трэсак, запяе яна песні дзіўныя, запяе голасам залацістым, гарачым... Мая мілая, мая радасць – печка чорная, печка чугунная».
Аказваецца, такую прыгожую рамантычную серэнаду аўтар пяе печцы, якая грэе яго ў лютую сцюжу. Гумар у рамантычным творы быў, такім чынам, «лазутчыкам» рэалізму, сведчыў аб павароце творчасці пісьменніка і ўсёй літаратуры да гэтага метаду.
Наогул усе апавяданні М. Лынькова другой паловы 20-х гадоў насуперак «маладнякоўскай» схеме ўзрыўной эмацыянальнай хвалі паступова насычаюцца жывым зместам рэальнага жыцця. Д. Бугаёў справядліва адзначае, што ў апавяданні «Гой» ёсць, відаць, аўтабіяграфічная аснова. А выкарыстанне аўтабіяграфізму несумненна сведчыла пра пашырэнне эпічна-рэалістычных імкненняў беларускай прозы той пары. Масціўся шлях да адкрыцця новых даляглядаў праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці, ракурс мастацкага бачання свету станавіўся ўсё болып і больш акрэслена дакладным.
Паглыбляецца псіхалагічнае раскрыццё характару персанажаў. Гэта асабліва заўважаецца ў змесце аднаго з лепшых апавяданняў М. Лынькова «Над Бугам» (1927).
У «чыста» маладнякоўскім творы не магло быць такой сітуацыі, каб два чалавекі неаднолькавых жыццёвых поглядаў, як Васька Шкетаў і Іван разанскі, сябравалі і натуральна адчувалі душэўную прывязанасць адзін да другога. I там маглі сысціся на мімалётны час людзі палярна адрозных перакананняў і арыентацый, але часцей за ўсё падобныя ўзаемаадносіны неслі ў сабе патэнцыю сацыяльнай трагедыі, выкліканай ідэйным супрацьстаяннем ў грамадстве. Трагічна заканчваецца і апавяданне «Над Бугам», але гэта ўжо трагедыя самой рэчаіснасці, трагедыя вайны. Вельмі шмат у гэтым апавяданні каларытных, настраёвых, але праўдзівых дэталяў пры апісанні апошняга дня адпачынку чырвонаармейцаў перад начным боем. Наогул «Над Бугам» – адна з несумненных мастацкіх удач М. Лынькова, а таксама ўсёй беларускай літаратуры 1920-х гг.
У цяжкія і страшныя 30-я гады М. Лынькоў дэманструе ў многіх выпадках увасабленне ранейшага прынцыпу сумленнага рэалізму. У апавяданні «Саўка-агіцірнік» (1932) закранута актуальная і балючая для таго часу праблема калектывізацыі, прычым у шырокім сацыяльна-маральным плане, што разам са шчырасцю пісьменніцкай пазіцыі проста ўражвае. Устаноўлена ўсеагульная калектывізацыя. Саўка, звычайны селянін, з беднякоў, як ён лічыць, бо меў усяго тры дзесяціны зямлі, ахвотна запісаўся ў калгас і працаваў там без хітрыкаў. Аднак менавіта ён аказаўся выключаным з калгаса за доўгі язык. Калі Саўка бачыў дзе непарадкі, ён гаварыў пра іх смела і адкрыта. Жонка папракае яго: «З такім языком дабра не прычакаеш. Праз язык пакутуеш, няма на яго ўгамонку. Так да смерці ўжо і прабадзяешся непрыкаяным, пудзіла языкастае...». Наступіў такі час, калі сказаная чалавекам праўда стала небяспечнай для яго самога. Якраз такая сітуацыя ляжыць у сюжэтнай аснове апавядання «Саўка-агіцірнік». Ужо знешняя характарыстыка нядаўняга калгасніка, які хоча вярнуцца ў калгас, далёкая ад афіцыйна-плакатнага ўяўлення, якім павінна быць аблічча калгасніка: «Узялі чалавека ды сціснулі. I ўсе духі выціснулі, засталася адна хударлявіна. Ходзіць – усё да зямлі хіліцца, шкробае лапцямі, пыл заграбае, шапка-лапавушка набок, з вентыляцыяй. Ды пад шапкай вочы ў ямінах заняпалых, чорных. I ў вачах сум, ззяе ён ліхаманкавымі агеньчыкамі». Чалавека не проста пакрыўдзілі за праўду, а жорстка пакаралі, прычым кара такая, што, можна меркаваць, абяцае яшчэ болылыя непрыемнасці. Саўку могуць прыпісаць палітычную агітацыю супраць калгасаў (нездарма ён «агіцірнік»), і тады яго лёс можа павярнуцца трагедыяй. Саўка бачыць, як раскрадаецца калгаснае дабро хеўрай людзей, аб'яднаных сваяцкімі сувязямі, і ніводнае злачынства не выходзіць наверх, а пакрываецца ўзаемавыручкай тых, хто камандуе калгасам. Апавяданне заканчваецца на аптымістычнай ноце – непрымірымая пазіцыя Саўкі падтрымліваецца на агульным сходзе калгаснікаў, дзе прысутнічаюць прадстаўнікі вышэйшых улад. Аднак, па ўсім відаць, пісьменнік ужо адчуваў і ведаў, што адной з адмоўных з'яў калгаснага жыцця аказалася падаўленне чалавечай індывідуальнасці і фактычная немагчымасць сказаць праўду.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны М. Лынькоў знаходзіўся ў дзеючай арміі ў якасці работніка друку. І паралельна пісаў мастацкія рэчы – апавяданні. Змест апавяданняў М. Лынькова ваенных гадоў – тыповае эмацыяльна-публіцыстычнае выяўленне глыбокіх узрушэнняў савецкага народа і яго літаратуры таго часу, асабліва першага перыяду вайны. Ён увесь вычэрпваўся канцэнтраваным патрыятычным заклікам да бязлітаснай барацьбы з захопнікамі. Калі ў паэзіі ідэя закліку часцей за ўсё выказваецца адкрыта і непасрэдна, праз аўтарскі голас, то ў прозе – найчасцей праз абвастрэнне сюжэтных сітуацый, калі герой сустракаецца з ворагам твар у твар. Задача ў дадзеным выпадку заключалася ў тым, каб выклікаць бурную і пратэстуючую хвалю спачування да барацьбіта і ахвяры, а г. зн. і нястрымную нянавісць да ворага. Падобная задача дасягалася найлягчэй выбарам выключнасці падзей – напрыклад, ствараліся эпізоды, у якіх у адкрытую баявую схватку з ворагам уступаюць дзеці або старыя людзі. Акрамя таго, баявы подзвіг патрабавалася паказваць маштабным і гучным, найлепш – узрыў, на меншае пісьменнікі рэдка згаджаліся. Усё гэта павінна было нашмат павысіць эмацыянальны тонус спачування, а спачуванне, само сабой, пераўтварыцца ў заклік да барацьбы.
Апавяданні М. Лынькова «Васількі» (1942) і «Астап» (1943) якраз і з'явіліся творчым увасабленнем прасцейшых мастацкіх прынцыпаў у адлюстраванні вайны на першым этапе яе літаратурнага асэнсавання. У апавяданні «Васількі» подзвіг сапраўды здзяйсняецца надзвычай гучна. Яго здзяйсняе трынаццацігадовы хлопчык Міколка. Ён гранатай знішчыў не абы каго, а цэлую машыну эсэсаўцаў, помсцячы за смерць маці і малой сястрычкі. Як бачна, усё тут падпарадкавана ідэі закліку да барацьбы, бо хіба можна заставацца абыякавым ці баязліўцам, калі ворагі забіваюць малых дзяўчынак, ды яшчэ хворых. Кожнае добрае сэрца павінна балюча скалануцца ад жаху і жалю і пераплавіць іх у гераічную гатоўнасць змагацца. Уражлівасць падзеі ўзмацняецца яшчэ і іншымі пачуццёва насычанымі дэталямі: каля забітага Міколкі валяецца «яго торбачка з раструшчаным пад салдацкім ботам пеналам. Ды выпалі з-за пазухі і ляжалі ў пылу запазнелыя восеньскія васількі». Гэтак просталінейна ў той час праводзілася літаратурай думка аб непрымірымасці двух светаў – чорна-забойчага чужога і светла-змагарнага свайго.
Па ідэйнаму прызначэнню і па аднатыпнасці паэтыкі да «Васількоў» прымыкаюць апавяданні «Ірына», «Дзіцячы башмачок», «Недапетыя песні», «Пацалунак» (усе – 1942).
У апавяданнях «Ірына» і «Астап» подзвігу герояў папярэднічаюць асабістыя трагедыі: злой варожай рукой забіты малы сынок Ірыны, а ў Астапа карнікі спалілі хату разам з нявесткай і ўнукамі. Самі па сабе гэтыя факты клічуць да помсты. I яна адбываецца. Ірына ўзрывае мост на чыгунцы, а Астап у якасці правадніка заводзіць карнікаў, якія шукаюць партызан, у непралазныя балотныя нетры, адкуль няма звароту і дзе гіне сам.
Першым буйным творам М. Лынькова стала аповесць (часта яе даследчыкі вызначаюць як раман) «На чырвоных лядах» (1933). Жанрава-стылявая будова аповесці – мазаічная. Кожны яе раздзел нібы асобная навела. Такая форма не дазваляе развіць дзеянне ў хуткіх тэмпах бягучага часу. Але гэта і не патрэбна пісьменніку, бо жыццё ў глухой правінцыі цячэ марудна і шмат у чым стыхійна. Тут літаратурная форма якраз адэкватная самой плыні жыцця. Затое ў кожным мазаічным раздзеле-малюнку – асобная, глыбока раскрытая падрабязная побытава-сацыяльная сітуацыя, непаўторныя, каларытныя характары местачковых людзей з іх жывой наддняпроўскай гаворкай (прататыпам адлюстраванага мястэчка стала добра знаёмае аўтару мястэчка Свержань). Пісьменнік захапляўся экзатычнымі народнымі слоўцамі: «вылівак», «збязуліць» (разысціся, расперазацца, здурнець), «шуядзь» (зброд, дробяза), «бучны» (натапыраны), «знецікі» (знянацку), «задыхнеча» (душная атмасфера), «цанавацца», «пашлакатаваць» (пацешыць), «ніціцца» (прыгінацца). Шмат у аповесці арыгінальных народных прымавак. Некаторыя з іх стварыў, магчыма, сам пісьменнік па законах народнага ладу. Адметнасць моўных і стылявых рэсурсаў у аповесці «На чырвоных лядах» звярнула на сябе ўвагу Якуба Коласа, які ў артыкуле «Мова М. Лынькова па раману «На чырвоных лядах» (1934), адзначыўшы, што «М. Лынькоў выдатны майстар слова», усё ж крытыкаваў пісьменніка за празмернае захапленне правінцыялізмамі, якія яшчэ не сталі «стабільнымі словамі». На жаль, аповесць засталася незакончанай. Да ўсяго яшчэ, у ёй больш, чым у творах 1920-х гг., адчуваецца схематызм і зададзенасць, абумоўленыя нарастаннем прэсінгу з боку ідэалагічных органаў на літаратуру.