Смекни!
smekni.com

Міхась Лынькоў i Пятрусь Броўка як адны з самых выдатных творчых постацей у літаратурным працэсе Беларусі савецкага часу (стр. 4 из 5)

Многія лірычныя вершы П. Броўкі ваеннага часу поўняцца верай у хуткае вяртанне воінаў да сваёй былой мірнай працы. Тэма гэта асабліва выразна загучада ў вершах, напісаных у 1945 г. Адзін з іх з характэрнай назвай «Возьмем сеўні!..» поўны радасці вяртання да зямлі і працы, выяўляе патрыятычны, светлы настрой героя, яго ўзрушанасць. Як часта бывае ў творах Броўкі, і тут прырода ажывае, прымае актыўны ўдзел у дзеянні, стварае агульную ўрачыстую атмасферу:

Грайце ж вы, вятры-гарністы,

Шмат герояў стрэнуць хаты,

Зернем чыстым,

Зернем чыстым

Загудзіць наш край багата.

Лепшымі пасляваеннымі лірычнымі творамі П. Броўкі з’яўляюцца «Помнік» (1946), «Шпак» і «Дзяўчына з Палесся» (абодва – 1947), «Ківач» (1948), «Сонца грэе» (1949). У іх сцвярджаецца гуманістычная думка пра тое, што народныя ахвяры ў гады вайны – залог лепшага, мірнага жыцця, што чалавечая праца – аснова існавання, паэтызуецца радасць паяднання чалавека з прыродай. Броўка імкнецца пераадолець дэкларатыўнасць і агульшчыну, якія прынеслі столькі шкоды пасляваеннай літаратуры.

Апошнія два з паловай дзесяцігоддзі склалі ў творчасці паэта якасна новы этап, які засведчыў паглыбленне ідэйна-тэматычных асноў яго паэзіі. Шматграннай і ў жанравых адносінах становіцца паэзія сталага П. Броўкі. Паэт здолеў узняцца да знітавання трох часавых вымярэнняў, надаўшы тым самым сваёй творчасці адзнакі маштабнасці і філасафічнасці. З другой паловы 50-х гадоў яго творчасць стала болып даверлівай і шчырай, яшчэ больш рашуча пазбавілася штучнай напышлівасці і афектацыі. Броўка працуе з вялікай творчай аддачай, натхнёна. Адзін за адным выходзяць зборнікі вершаў «Пахне чабор» (1959), «Не пытайся пра гэта...» (1959), «Далёка ад дому» (1960), «Высокія хвалі» (1962), «Між чырвоных рабін» (1969), «Калі ласка» (1972), «I ўдзень і ўночы...» (1974), «Што сэрца праспявала» (1979). Талент паэта к гэтаму часу набыў адзнакі сапраўднага лірызму. Вельмі характэрныя для новага перыяду творчасці П. Броўкі вершы «Сэрца», «Як ліст дубовы...» (абодва – 1956), «Праца», «Журавы», «Пахне чабор...» (усе – 1957). Кожны з іх уяўляе сабой усхваляваны лірычны маналог, прасякнуты роздумам над праблемамі жыцця. Голас аўтара гучыць даверліва і шчыра. Броўка не збіваецца на рыторыку, канстатацыю фактаў, яму важней разабрацца ў гаме складаных унутраных перажыванняў, суаднесеных з трывогамі эпохі.

У творчай біяграфіі П. Броўкі нямала вершаў, прысвечаных праблемам літаратуры, якія з'яўляюцца эстэтычным крэда («Паэзія», «Аб крытыцы», абодва – 1958; «Родныя словы», 1959; «Ля помніка Райнісу», 1960; «Я любіў за ўсё найболей...», 1962; «Усё апісалі паэты», 1963; «Слава», «Радок габлюеш і стругаеш...», абодва – 1964; «Вось узялі, падсумавалі...», 1965; «Ну я, вядома, не герой...», «Паэт, часоў сваіх дазорца...», «Спачатку выблісне жаданне...», усе – 1967; «Калі ты ўдала дзень пачнеш...», 1970; «Першы верш», 1971; «Паэт паэзіі вянкі...», 1972; «Відаць, што доля ўжо такая...», 1974; «Калі з яе глыбінь напіцца...», 1975). Ад жадання вызначыць у чалавеку самае істотнае і характэрнае, раскрыць яго вялікія духоўныя магчымасці, набыткі, паказаць яго высакародства, уменне ахвяраваць сабою ў імя вышэйшай ісціны ідзе аўтарская павышана-эмацыянальная самаацэнка, аўтарскі неаслабны зварот да перадачы сваіх унутраных перажыванняў. Адсюль шматлікія ў П. Броўкі вершы-паверкі, што складаюць большасць напісанага ў 60–70-я гады. Сярод іх вылучаюцца такія творы, як «Вернасць» (1967), «Наперакор» (1968), «Люблю начысціню размовы...», «I нехта ўспомніць пра мяне», «Як той перадатчык...» (усе – 1969), «Мне да ўсяго сягоння справа...» (1970), «Зялёным полымем шугае...» (1971), «Людское сэрца», «Дабро» (абодва – 1972), «Роздум» (1973), «Споведзь сабе самому» (1975). Пазіцыя аўтара ў іх актыўная, бескампрамісная, адкрытая падзеям веку. Душа паэта поўніцца клопатамі і перажываннямі пра ўвесь свет. Паэт застаеца максімалістам у выяўленні сваіх пачуццяў, як і ў даваенныя гады. Адсюль вынікаюць такія паэтычныя формулы, як «усё, што поўна, сэрцу люба»; «мне да ўсяго сягоння справа», «не меў спакойнага жыцця».

Адмаўляючыся ад ілюстрацыйнага паказу чалавека і акаляючага жыцця, ад аблегчанага погляду на свет, паэт адчуваў неабходнасць аналітызму, філасофскай засяроджанасці на распрацоўцы важнейшых праблем чалавечага быцця. Адсюль яшчэ адна асаблівасць яго позняй лірыкі – філасафічнасць. Позні Броўка валодае цудоўным уменнем «у кроплі бачыць цэлы свет». У вершах філасофскага плана «***А ўсё яно ідзе з малога...» (1967), «Усё жыццё – адно імгненне...», «***Мы на зямлі сваёй шукаем...», «***Наперад – промень праз морак рання...» (усе – 1969), «Хваляванне» (1970), «Натура ўжо, відаць, такая...» (1975) паэт узвышае вечны абавязак чалавека хвалявацца і непакоіцца, шукаць праўду і дабро.

П. Броўка – аўтар больш дзесятка паэм.

З ліра-эпасу П. Броўкі даваеннага часу («Цэхавыя будні» (1930), «Прамова фактамі», 1930; «Праз горы і стэп», 1932; «1914», 1933; «Кацярына», 1938) вылучаецца паэма «Праз горы і стэп». Яна прысвечана грамадзянскай вайне. На гэтую тэму ў 20-я і 30-я гады з'яўлялася шмат твораў рознага жанравага ўвасаблення. Аднак большасць з іх – мажорныя па танальнасці, з плакатнай, аднабаковай паэтызацыяй гераізму. Паэма П. Броўкі ў літаратуры 30-х гадоў вызначаецца праўдзівым паказам вайны з усімі яе жахамі і трагедыямі. Пры савецкай уладзе хрэстаматыйным творам лічылася паэма «Кацярына», пабудаваная на распаўсюджаным, але даволі схематычным сюжэце ўзыходжання сумленнага чалавека-працаўніка да вышынь грамадскага прызнання і славы, хоць вобразна-стылявое майстэрства ў паэме даволі высокае. Цялятніцу Кацярыну выклікалі ў Маскву на нараду, дзе яна выступала з прамовай. Яе ўзнагародзілі высокім ордэнам, а калі яна вярнулася дамоў, яе чакаў сюрпрыз. На месцы старой хаты-развалюхі стаяў «новы пяцісценны дом». Даволі абстрактнай, агульнай па задуме была і незакончаная паэма «Прамова фактамі» – пра выспяванне рэвалюцыйных падзей у краіне, пра барацьбу народа за сацыяльнае вызваленне. Такія ж недахопы ўласцівыя і паэме – «Цэхавыя будні».

У гады вайны пошукі П. Броўкі ў паэтычным эпасе ішлі паралельна з пошукамі ў лірыцы і былі даволі плённыя. За гэты час ім напісаны «Паэма пра Смалячкова» (1942), «Беларусь» (1943), «Ясны кут» (1944), «Паланянка» (1945). Агульнае для ўсіх іх – патрыятычны пафас, вера ў гарманічны пачатак жыцця, сыноўняя любоў да Радзімы. Але ў адным выпадку гэтая любоў выказана ў мажорным тоне і бярэцца ў строгія рамкі кантаты, урачыстай сімфоніі (паэма-кантата «Беларусь»), у другім – у элегічнай форме, праз паказ сумнай, трагедыйнай гісторыі (лірычная паэма «Ясны кут»), у трэцім – гэтыя дзве формы арганічна пераплятаюцца («Паэма пра Смалячкова»). Жанравая шматграннасць паэм П. Броўкі сведчыць пра пастаянныя пошукі ім формы, найбольш прыдатнай для выражэння гераічнага зместу трагічнай эпохі, пра яго глыбокае разуменне задач літаратурнай творчасці ў гэты час.

«Паэма пра Смалячкова», заснаваная на дакументальным матэрыяле, апавядае пра звычайнага беларускага юнака, які на вайне становіцца героем. П. Броўка ўзводзіць апісанне на ўзровень рамантычнай легенды, паэтычнага рэквіема. Пачынаецца паэма запеўкай пра асілка «з зоркімі вачыма», які прайшоў «праз полымя боек у жоўтыя дні лістапада», «гадзінамі стыў на марозе, схаваны між гурб снегавых» і, нарэшце, «паў, разганяючы хмары, бліснуўшы маланкай між іх». Пасля рамантычнага ўступу ідзе апісанне жыцця Федзі Смалячкова, паказваецца яго ўзмужненне і станаўленне як асобы. Нялёгкі франтавы шлях героя, яго смерць у суровую завейную зіму апісаны рамантычнымі, яркімі фарбамі, у стылі быліннай фальклорнай творчасці:

Журботна схіліўшы галовы,

Пра Федзю раскажуць бары.

Сустрэнуць народ, у якога узяў ён арліныя крыллі,

Пазнаюць, чаму ён асілак і зоркія вочы чаму,

Якая зямля ўзгадавала, якія крыніцы паілі,

Якія дубровы спявалі ваяцкую песню яму.

Аўтар уводзіць у тканіну твора і пейзажныя замалёўкі, асабліва выразныя ў другім раздзеле паэмы.

У паэме-кантаце «Беларусь» П. Броўка стварыў паэтычны вобраз краіны – не заняволенай палонніцы, а грознай паўстанкі, што ўзнялася на барацьбу з ненавісным ворагам. Краіна гэтая мае сваю велічную спадчыну, сваю прыроду і непаўторную гісторыю. Як яблыкі, падаюць начамі яе зоры, плывуць, «як аблітыя сонцам чаўны», быліны былога, старыя паданні. І спадчыну гэтую, і святую прыгажосць рашуча і мужна бароняць «непахісныя ў бойцы сыны». Паступова аўтар пераходзіць да паказу гістарычных старонак усенароднай барацьбы, яркіх і непаўторных эпізодаў яе, да адлюстравання народнага подзвігу. Паэт стварае шырокае эпічнае палатно, стараецца засяродзіць увагу чытача на тых старонках гісторыі, якія сталіся вытокам гераічнай сучаснай рэчаіснасці. Голас аўтара гучыць надзвычай урачыста, і ўрачыстасць гэтую ствараюць гіпербалічныя вобразы, шматлікія эмацыянальна насычаныя рамантычным настроем эпітэты, асвечаныя такімі непадробнымі і яскравымі вобразамі-дэталямі, як «граі-вяснянкі», «звон вясёлак», «гуслі вятроў». Саму Радзіму паэт параўноўвае з паэмай, якая складзена «з бурштынавых слоў». Неад'емнай рысай паэмы «Беларусь» з'яўляецца шырыня аўтарскага гістарычнага мыслення. Паэт імкнецца спалучыць ваенныя падзеі і далёкія мінулыя часы, вывесці сутнасць подзвігу, галоўныя рысы характару беларусаў са старадаўніх традыцый. Хоць і даволі адналінейна, у гарызантальнай праекцыі, але раскрывае ён повязь нашагага часу з часамі мінулымі. Паэт прыгадвае найбольш кульмінацыйныя ўзвышэнні нацыянальнай гісторыі – змаганне беларусаў сумесна з братамі-славянамі супраць псоў-крыжакоў пад Груннальдам і на Чудскім возеры, подзвігі Вашчылы, Хвясько і Каліноўскага, апавядае пра першадрукара Францішка Скарыну і пра ваайну з Напалеонам, пра падзеі Кастрычніка і мірную даваенную працу. Паэма прасякнута адной цэнтральнай ідэяй – народ беларускі ніколі не скараўся і не скорыцца чужынцам. У паэме таксама выразна выяўляецца сувязь з фальклорам. Яна – і ў гераізацыі падзей і герояў у форме быліннага ды песеннага стыляў, і ў пастаянным імкненні выкарыстаць фальклорныя сродкі мастацкай выразнасці: «палі-бары», «не рэкі гамоняць, а зброя звініць», «гэта ж не вецер, а смерці музыка», «як ветры тужылі, як рэкі рыдалі», «чорныя варожыя косці», «бор грозны», «шаўковая зара».