Смекни!
smekni.com

Міхась Лынькоў i Пятрусь Броўка як адны з самых выдатных творчых постацей у літаратурным працэсе Беларусі савецкага часу (стр. 5 из 5)

Паэмы «Ясны кут» і «Паланянка» шмат у чым канкрэтызуюць абагульнена-філасофскі роздум паэта, што выявіўся ў паэме «Беларусь». Яны маюць просты сюжэт, але грунтуюцца на перадачы складаных і драматычных гісторый, што адбыліся на акупаванай фашыстамі тэрыторыі. Найбольш значнай і дасканалай з'яўляецца першая паэма – пра далучэнне былых франтавікоў да стваральнай працы. Яна прасякнута глыбокім пачуццём гуманізму, любові да роднага краю, да блізкіх, што ў суровы час вынеслі столькі пакут. Герой паэмы – былы салдат – вяртаецца ў родныя мясціны, да пасаджанага да вайны клёна, які ён яшчэ ў мірны час разам з сынам прынёс з лесу. Гэты клён праз усю вайну быў для салдата радасным успамінам-сімвалам радзімы, роднага дома, асабістага шчасця, які дапамог яму выжыць. I вось ён вярнуўся, а клёна – няма. Няма і сына. Няма яго маці. А вакол віруе вясна, правісае над галавой «сіняе неба, як шкло», бруяцца «крыніцы, як срэбра». Ды вочы салдата не бачаць гэтай вечнай прыгажосці – іх засцілае туман горычы, бяды, перад ім – спаленая вёска, мёртвае папялішча.

Лепшы твор П. Броўкі пасляваеннага дзесяцігоддзя – паэма «Хлеб» (1946). Тэма працы – цэнтральная ў паэме. Лірычная, рамантычна-ўзнёслая інтэрпрэтацыя яе дыктуе адпаведныя мастацкія сродкі. Голас паэта гучыць то на высокай хвалі публіцыстычнасці, то становіцца прачула-інтымным. Паэма «Хлеб» выяўляе пачуцці, настрой і самога аўтара, які зусім нядаўна скінуў з плеч вайсковы шынель, і лірычнага героя, які праз усю вайну пранёс затоены сум і смутак па хлебаробскай працы. У пасляваенны перыяд П. Броўкам напісаны таксама паэмы «Родныя берагі» (1948) і «Чырвон-Гарадок» (1950)

У апошнія два з паловай дзесяцігоддзі сваёй творчай дзейнасці П. Броўка напісаў такія паэмы, як «Заўсёды з Леніным» (1956), «Голас сэрца» (1960) (першая публікацыя пад назвай «Маўчаць не магу я...»); «Кірыл Пракопавіч» (1964), «Дума аб бессмяротнасці» (1970), «Марат Казей» (1976).

Сярод іх па сіле лірычнага перажывання, высокасці грамадзянскіх пачуццяў вылучаецца паэма «Голас сэрца», прысвечаная памяці паэтавай маці, якая загінула ад рук фашыстаў у Асвенціме, арыштананая за сувязь з партызанамі. Паэма напісана на адным дыханні, «ад душы», што і перадвызначыла яе жанравую адметнасць – лірычная споведзь з эпічнымі ўстаўкамі, а таксама кампазіцыю – свабодную, якая дапускае чаргаванне розных па часе падзей і эпізодаў, апісальных і спавядальных частак. Акрамя гэтага, на ўсхваляванасць, узрушанасць інтанацыі «працуюць» і рытміка-інтанацыйныя асаблівасці, абумоўленыя спецыфікай паэтычнага сінтаксісу, словаўжывання. Радкі ў творы як бы наплываюць адзін на адзін, узнёслыя і ў адначассе трагедыйныя па свайму зместу. Дактылічны вершаваны памер, сумежная рыфмоўка, шматлікія паўзы ствараюць напружаную інтанацыю, якая высвечвае трывожную душэўную настроенасць паэта. Такім чынам, пачаўшыся з апісання асабістай трагедыі, асабістай невымернай страты, паэма ператвараецца ў палымяны заклік да барацьбы за «мір ва ўсім свеце».

Спрабаваў свае творчыя сілы П. Броўка і ў прозе.

Жыццю вёскі ў часы калектывізацыі прысвечана аповесць «Каландры» (Каландры – машына, што складаецца з сістэмы валоў, паміж якімі прапускаецца тканіна, папера або гума, каб надаць ім глянцавітасць, гладкасць ці атрымаць лісты, пласціны) (1931). Пісьменнік выбраў традыцыйны канфлікт, абумоўлены паказам дзейнасці «шкоднікаў», «шпіёнаў», У сувязі з чым і вызначаюцца недахопы твора – ілюстрацыйнасць, апісальнасць, акцэнтацыя ўвагі чытача на вытворчых сцэнах, а не на псіхалагічных характарыстыках герояў.

У пасляваенныя гады П. Броўка працуе над раманам «Калі зліваюцца рэкі» (1952–1956). Твор гэты быў станоўча ацэнены крытыкай за сучаснасць тэматыкі. У цэнтры ўвагі пісьменніка – аднаўленчая праца, будаўніцтва гідраэлектрастанцыі на возеры Дрысвяты трыма калгасамі-суседзямі: беларускім, літоўскім і латышскім. Такім чынам, гэты раман з’яўляўся своеасаблівым водгукам на распаўсюджаны ў савецкі час лозунг «дружбы народаў». У прозе П. Броўка застаецца, аднак, паэтам, лірыкам. Бадай, адны толькі лірычныя сцэны і аказаліся найбольш мастацкімі: малюнкі беларускай прыроды, побытавыя сітуацыі. Больш-менш удаліся і рамантызаваныя характары Алеся Іванюты, яго маці Агаты, Анежкі. У рамане, як і ў многіх творах савецкіх пісьменнікаў таго часу, аблегчана паказана суровае, гаротнае жыццё, не раскрыта складанасць пасляваеннай явы, не зроблена спроба разабрацца ў прычынах той драмы, якую перажываў народ-пераможца.

Відаць, самымі ўдалымі ў празаічных спробах П. Броўкі з’яўляюцца яго апавяданні, такія як «Пачатак» (1960), «Спакуса» (1971), «Разам з камісарам», «З драўляным сажнем», «Перапыненая вечарынка», «Вінчэстэр», «Анэтка» (1972), «Кантрабандысты» (1974), «Чырвоны аловак», «Зайздрасць і заспакаенне» (абодва – 1973); аповесць «Донька-Даніэль» (1972). Свой зборнік прозы «Разам з камісарам» (1974) па назве аднайменнага апавядання П. Броўка спачатку хацеў назваць «Вяртанне ў юнацтва». Гэтыя творы наскрозь прасякнутыя жыццярадасным настроем, напоўнены гумарам, гуманістычныя па зместу. У іх простая кампазіцыя, у іх аснове – маральна-этычная праблематыка. I мова твораў каларытная, блізкая да жывой гутарковай. Шмат дабрыні ў іх змесце. У аснове кожнага апавядання – канкрэтныя жыццёвыя выпадкі і эпізоды. Аўтар добра ведае вясковае жыццё і ўдала перадае яго непаўторны каларыт.


Спіс выкарыстаных крыніц

лынькоў броўка твор пісьменнік

1. Мішчанчук М.І. Пятрусь Броўка // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. – Мн., 1999. С. 413-453.

2. Броўка П. Зб. тв.: У 7 т. – Мн., 1975-1978. Т. 1-7.

3. Каваленка В.А. Міхась Лынькоў // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. – Мн., 1999. С. 370-412.

4. Лынькоў М. Зб. тв.: У 8 т. – Мн., 1981-1985. Т. 1-8.

5. Чыгрын І.П. // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік: У 6 т. – Мн., 1993.